Села пад пушчаю восень,
Вочы ўтаропіўшы ўдаль;
Жаль ёй павяўшых дакосін,
Спетых дажынак ёй жаль.
Пацеры шчыра шапоча,
Нудную шэпча мальбу;
Творыць паціху уночы
Свету сваю варажбу.
Склікала вецер і хмары,
Кожнаму дзела дала:
Вецер завыў на папары,
З хмары павісла імгла.
Вецер, убраўшыся ў сілы,
Лесам, як вехцем, трасе,
Крыж вырывае з магілы,
Круціць салому ў страсе.
Хмара, упіўшыся морам,
Хвошча і хвошча дажджом,
Плача нязмераным горам,
Жаліць душу, як нажом.
Вецер і хмара да хаты
Просяцца, лезуць смалой:
Вецер дзьме ў комін заўзята,
Хмара лье ў вокны залой.
У шчылінах свіст не сціхае,
Муціць, варожыць, кляне,
Як-бы жывы хто ўздыхае
Ў слёзнай поўяве, поўсне.
Мокрыя каплі па шыбах
Плюскаюць, хлюпчуць, бубняць,
Быццам людцоў у сялібах
Мецяць патопай даняць.
— Скуль вы? Што трэба вам, госці,
Зваў вас які гаспадар? —
З хаты пытаецца хтосьці
Буйнага ветру і хмар.
— Восень сюды вам за кару
Выгнала нас на папас! —
Гэтакі вецер і хмара:
Кідаюць хаце адказ.
І ўзноў завыў вецер жудка,
Дождж пачаў сцёбаць сільней…
А там пад пушчай ціхутка
Моліцца восень далей.
Знізвае пацеры восень,
Вочы ўтаропіўшы ўдаль;
Жаль ёй павяўшых дакосін,
Спетых дажынак ёй жаль.
24/VIII 1919 г.
|