Перайсці да зместу

Беларусі ордэнаноснай (1937)/Крым

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Украіна Крым
Верш
Аўтар: Янка Купала
1937 год
Дзе крыўда адвечная спела
Іншыя публікацыі гэтага твора: Крым (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КРЫМ

1

О, Крым, нязведаная казка
Жыцця мінулага вякоў,
Адным якія былі ласкай,
Для іншых — скрыгатам акоў!

У шумным пробегу сталеццяў
Нішто цябе, Крым, не згняло, —
Таксама цягнуць рыбу сеці,
Таксама птушка мкне, ў сіло.

Адвечным ладам шуміць мора,
А з ім — магнолія, платан…
Аб чым яны з сабой гавораць, —
Спытайся ночку ды туман!

2

На узбярэжжы крымскіх вод
У неба сінь глядзіць Ай-Петры, —
Над ёй аблокаў карагод,
Пад ёй прапасцістыя нетры.

Глядзіць Ай-Петры ў дол з вышын —
На белы хаты, на палацы,
На стужкі каменных пуцін —
Плады нявольніцкае працы.

А я — з далёкіх ніў пясняр —
Па Гаспры з кута ў кут снуюся,
Гняце мне думкі Крыма чар,
Маркотна мне без Беларусі.

3

Гаспра, мілы мой прыпынак!
Я ўжо скончыў свой спачынак
І цябе я пакідаю,
Да свайго імкнуся краю.

Будзь прыветна, будзь здарова,
Як татарка чорнаброва!
Жыві доўга, як Ай-Петры,
Хоць і веюць буйны ветры!

Вам, магноліі, платаны,
Кіпарысы і каштаны,
Шлю я шчыра на прашчанне
Ад бярозак прывітанне!

16-IX 1923 г.
Крым. Гаспра.