Перайсці да зместу

Беларусі ордэнаноснай (1937)/Здаецца-ж, было гэта ўчора

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Самалёту „Максім Горкі“ Здаецца-ж, было гэта ўчора
Верш
Аўтар: Янка Купала
1937 год
Вялікаму Кастрычніку
Іншыя публікацыі гэтага твора: Здаецца ж, было гэта ўчора…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЗДАЕЦЦА-Ж, БЫЛО ГЭТА ЎЧОРА…

Здаецца-ж, было гэта ўчора, —
Як сёння, шумелі бярозы, —
Калі на няплодных разорах
Кацілася гора і слёзы.

Аб цяжкіх начлегах напевы
Каціліся з краю да краю;
Былі неўраджайны засевы,
Было галаданне ў звычаю.

Здаецца-ж, было ўчора гэта, —
Плылі воды ў мора, як сёння, —
Калі ты не бачыў прасвету,
Што збудзецца заўтра на гонях.

Стаяў перад будучым свечкай,
Якая згасае без следа;
Плыла слепата мутнай рэчкай
Да бацькі, да ўнука ад дзеда.

Было-ж гэта ўчора, здаецца, —
Як сёння, шумеў бор зялёны, —
Сабе не знаходзячы месца,
У процьму ішлі міліёны,

Ішлі. Ад крыві ныла цела.
Чакалі збаўленчага цуда:
Нядоля, няволя гудзела,
Адвечным гула перагудам.

*

Забурліла сіне мора
Ад віхроў,
Вышлі Волгі, Дняпры вышлі
З берагоў.

Разбудзіла мора спячых —
Уставай!
Вазьмі свой ад ліхадзеяў
Каравай!

Цячы, кроў, жывой крыніцай
Па зямлі,
Каб па-людску дзеці, ўнукі
Жыць маглі!

Вее, вее ўсходні вецер,
Вее ўдаль,
Векавечнае пракляцце
Біць не жаль.

І разбілі пераможнай
Барацьбой.
Байцы сёння ўспамінаюць
Быўшы бой.

Загасціла прасвятленне
І цвіце,
Няма думак аб нядолі,
Аб кнуце.

Зашумелі над ракою
Трыснягі,
Аквяціла ясна зелень
Берагі.

Па сялібах непрабудны
Згінуў сон,
Прад вачыма шлях у сонцы
Новых дзён.

Ляўкі. Аршаншчына.
Чэрвень 1935 г.