Зараза ў Севіллі, ў Грэнадзе,
На трупы плююць генералы,
Іспанія корчыцца ў здрадзе,
Бушуе фашыстаў навала.
Шалее разгул інтэрвентаў,
Зладзейскія цягнуцца лапы,
Рэспубліку, волю дашчэнту
Утрупіць мяркуюць сатрапы.
Італія шле самалёты,—
Хай гінуць іспанцы, іспанкі,—
Германія шле кулямёты,
Падводныя лодкі і танкі,
У Лондане лорды Плімуты
Разводзяць свае працэдуры.
Смяюцца з народнай пакуты,
Спраўляюць народу хаўтуры.
Лунае крывавае сонца,
Крывёй абліліся загоны.
Да бою ўстаюць каталонцы,
Стальныя ідуць батальёны,
Выходзяць з Астурыі горнай
У бой гарнякі за свабоду.
Народ не падставіць пакорна
Сваіх плеч фашысцкаму зброду.
А рэжа і дзетак і матак
Мяцежнікаў чорная зграя.
О, смерць вам, бандыты і каты,
Магілы вам помста капае.
Гатовы Мадрыд к абароне
За шчасце, за ясную долю.
Рэспубліка ў горы сягоння,
Рэспубліка выйдзе на волю.
Змяце інтэрвентаў навалу,
Змяце мецяжы гнеў народны;
Расквецяцца долы і скалы,
Іспанія будзе свабоднай!
|