Перайсці да зместу

Беларускі працэс у Латвіі (1926)/3

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Першы дзень Абвінавачывальны акт
Дакумант

1926 год
Абвінавачываныя не вызнаюць сябе віннымі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Абвінавачальны акт.

Робячы рэвізію ў беларускай пачатковай школе Капінскае волосьці, у вёсцы Дудалі, 1924 г. 2 сакавіка, інспэктар народных школ Дзьвінскага Вокругу Л. Озолін угледзеў, што на гэографічнай карце, якая вісела на сьценцы, была адзначана Беларусь, якая абыймала частку абшараў цяперашняе Расеі, як і Польшчы, Літвы і Латвіі. На карце мяжа Латвіі йшла ад Корсаўкі на Люцын, Асьвейскае возера, Краслаўку, Ілукшты і адтуль у напрамку Літоўскае мяжы; іншымі словамі кажучы, Беларусь ахапляла часткі Люцынскага павету, пачынаючы ад Корсаўкі з горадам Люцынам, частку Дзьвінскага павету, пачынаючы Асьвейскага возера, з Дзьвінскам, і частку Ілукштанскага павету з горадам Ілукштамі.

Па тлумачэньню кіраўніка школы Аляксандра Махноўскага, гэтую карту прыслаў школе Беларускі Прасьветны Аддзел. Такую-ж карту Л. Озолін пасьля некалькіх дзён зноў знайшоў у беларускай школе Капінскае воласьці, у вёсцы Станкевічы. Аб знойдзеных картах Л. Озолін паведаміў Аддзел пачатковых школ Міністэрства Прасьветы.

У зьвязку з гэтым Палітычнае Ўпраўленьне навяло спраўкі і атрымала весткі, што ў Латгаліі працуе беларуская арганізацыя, якая паставіла сабе мэтай утварыць незалежнае беларускае гаспадарства і што правадырамі гэтае арганізацыі ёсьць вучыцялі беларускіх школ В. Корці, А. Якубецкі, П. Мядзёлка-Грыб і К. Езавітаў, былы шэф вайскова-дыплёматычнае місыі Беларусі, які, пасьля ліквідаваньня беларускае дыплёматычнае ўстановы ў Латвіі, у кароткі час стаў Латвійскім падданым. Правяраючы гэтыя весткі, высвятлілася, што ў Дзьвінску ўжо з 1921 году па ініцыатыве К. Езавітава закладзена беларускае культурна-прасьветнае Таварыства пад назвай „Бацькаўшчына“.

Таварыства „Бацькаўшчына“, як гэта відаць з яго статуту, рэгістраванага Латгальскім Вакружным Судзе, мела мэтай развіцьцё беларускае культуры і прасьветы ў Латгаліі.

У 1921 годзе на адным са сходаў „Бацькаўшчыны“ К. Езавітаў сказаў у сваёй прамове, што тут, г. ё. у Дзьвінску, Бацькаўшчына — Беларусь і што кожны расеец, які арадзіўся ў Дзьвінску, ужо сам па сабе беларус. На тым жа сходзе Езавітаў распаўсюджываў карту Беларусі, якая была надрукавана на паштовых картках і на тых картках Беларуская дзяржава ахапляла г. Дзьвінск, частку Рэжыцкага павету і ўвесь Люцынскі павет. Па выражэньням сябры Таварыства, Дырэктара Дзьвінскае расейскае сярэдняе школы Г. Садоўскага, ён у Таварыства ўвайшоў па прапанове Езавітава па вяртаньні ў Латвію ў 1921 г. Азнаёміўшыся з дзеяльнасьцю правадыроў Таварыства, ён знайшоў, што агульныя сходы сяброў Таварыства ня склікаліся, што з аднаго боку прымушала думаць, што Таварыства самавольнае, з другога боку, гэта выклікала рожныя чуткі і падазрэньні. Пачалі гутарыць аб беларускай самастойнасьці, пра якіясь нямецкія грошы. Гэтыя свае пярэчнасьці ён выказаў раз на агульным сходзе сяброў, але не спаткаў згоды і спачуцьця і таму выйшаў з „Бацькаўшчыны“.

Па сьведчаньням некаторых вучыцялёў да зьяўленьня Я. Краскоўскага і В. Пігулеўскага ў Дзьвінску, беларускае жыцьцё кацілася ціхім шляхам і яны, вучыцялі, займаліся выключна прасьветнай справай. Са зьяўленьнем Краскоўскага і Пігулеўскага, да якіх прылучыліся вучыцялі беларускіх школ Прыдруйскага району Э. Вайводзіш і М. Талерка, паміж беларусамі пачаліся інтрыгі. Утварылася некалькі груп і пачалася паміж мясцовымі беларусамі патаёмная агітацыя і прапаганда аб стварэньні самастойнае Беларусі, і хадзілі чуткі, што тыя Латвійскія правінцыі, якія населены беларусамі, будуць зноў аб‘яднаны ў адну беларускую дзяржаву тады, калі створыцца самастойная Беларусь. Мэта агітатараў была тутака ў Латвіі падрыхтаваць прымежных жыхароў у Латгаліі беларусамі і пасьля з дапамогай гэтае масы дасягнуць далучэньня Латгаліі і часткі Ілукштанскага павету да непадзельнае Беларусі.

У Я. Краскоўскага знойдзена: 1) ліст Прэзыдэнта Беларускае Рады Пятра Крачэўскага да таго самага Краскоўскага, напісаны 25.6.23 году, у якім Крачэўскі паміж іншым кажа, што „ўсход просіць нас трымацца, на колькі толькі магчыма і дапамагчы ім далучыць усходнія землі да іх хутара, што навокол цэнтру трэба аб‘яднаць усё, што ў нас ёсьць, і аб‘яднаным фронтам дасягнуць незалежнасьці“; 2) ліст міністра-прэзыдэнта Беларускае Народнае Рэспублікі да таго самага Краскоўскага, пісаны 12 сьнеж. 1923 г., у якім паміж іншым сказана, што са ўсіх цэнтраў Дзьвінск таксама мае значэньне цэнтру і што пасьля паўгоду будзе адзіны фронт Вільня — Прага — Дзьвінск — Коўна.

В. Пігулеўскі ў пачатку 1924 году быў у Рызе ў Расейскім Радавым пасольстве за кнігамі праф. Карскага і там яму было прапанавана заняць у Маскве адказнае мейсца.

Курсантке К. Мікалаевай Я. Краскоўскі сказаў, што мейсца вучыцеля атрымае толькі той, хто набярэць больш дзяцей у беларускую школу. Так як яна гэтага зрабіць не магла, дык і вучыцельскага мейсца не атрымала.

У восень 1923 году, калі А. Васільеў умясьцёх з Э. Асанавым і беларускім палітычным дзеячом Балдоўскім нелегальна перайшлі літоўска-латыскую мяжу і явіліся ў Дзьвінск да В. Корці, апошні Васільеву сказаў, што ў іх, г. ё. у Корці і ў другіх яго таварышоў ёсьць свая беларуская арганізацыя, у якой працуе і паўкоўнік Езавітаў. Уся прапаганда беларускага руху праходзіць праз беларускія школы пад маскай разьвіцьця культуры.

Стараньнямі таго-ж Езавітава для беларускіх школ запрошаны з Літвы нацыянальна-сьвядомыя беларусы, памянёныя П. Мядзёлка-Грыб, А. Якубецкі, як і Я. Краскоўскі, С. Казека і П. Жэрдзі. Школьны пэрсанал акрамя тых папаўняўся яшчэ мясцовымі таксама сьвядомымі беларусамі. Так былі прыняты Э. Вайводзіш, А. Махноўскі, М, Іваноў, Г. Сушынская і Л. Габран. Каб атрымаць сабе такіх надзейных і сьвядомых працаўнікоў, мясцовыя правадыры беларускага руху, як К. Езавітаў, Я. Краскоўскі і В. Пігулеўскі, які таксама як і Езавітаў у кароткі час ператварыўся ў Латвійскага падданага, стварылі беларускія вучыцельскія курсы, якія пачаліся ўжо з 1921 году.

На гэтых курсах, на якія хадзіла значная частка вучыцялёў расейскае нацыянальнасьці, было ўведзена і навучэньне гэографіі Беларусі. На курсах, як і ва ўсіх беларускіх школах, нават да канца красавіка месяца 1924 году, аб Беларусі навучалі па падручніку гэографіі Беларусі А. Смоліча, каторы лектар гэографіі А. Якубецкі радзіў курсантам мець. У памянутай кнізе паміж іншым гаворыцца, што „кожны ведае, што для нас, беларусаў, Бацькаўшчынай ёсьць беларуская зямля, на якой мы самі жывём, дзе жывець беларускі народ, да якога мы належым. Гэографія Бацькаўшчыны ёсьць гэографія Беларусі.“

На 4-ай старонцы ў стацьці „карта Беларусі“ сказана: „Праз паўночную Беларусь цячэ Дзьвіна. Праплыўшы міма Полацку, гэтае калыскі старое беларускае дзяржаўнасьці, ды міма грознае крэпасьці Дзьвінску, яна ўваходзе ў зямлю Латышоў.

Умовы міру, якімі скончылася ўсясьветная вайна, што вялася праз 6 годаў на нашай зямле, падзялілі Беларусь паміж 5-ма дзяржавамі. Латвія атрымала пагранічныя землі, Дзьвінскі, Ілукштанскі, Дрысенскі, Себежскі паветы, усяго прыблізна 6.000 квадратных вёрстаў са 150.000 беларускага насяленьня. Такі палітычны падзел не апіраецца ні на якія гэографічныя асновы. Межы новых дзяржаў праведзены па жывому целу Беларусі. Гэты штучны палітычны падзел мы ў далейшым выкладзе ня будзем браць пад увагу.“

Як ілюстрацыя, да гэтай стацьці дададзена карта, пад якой напісана: „Палітычны падзел Беларусі ў 1920 годзе“. На гэтай карце відаць, што ў межы Беларусі ўключаны часткі сучаснае Латвійскае зямлі, часткі Люцынскага, Дзьвінскага і Ілукштанскага павету.

Акрамя таго на тых жа курсах знаходзілася на сьценцы і была ў карыстаньні А. Якубецкага і Я. Кастылюка карта Беларусі 1919 году, на якой у межы Беларусі была таксама ўключана частка Латвійскае зямлі. Паміж курсантаў пашыралася часопісь „На чужыне“, у якой надрукавана карта Беларусі, на якой межы Беларусі ў адносінах да Латвіі праведзены так, што ад сучаснае Латвіі ў беларускую тэрыторыю ўключаны часткі Люцынскаго, Дзьвінскага і Ілукштанскага паветаў. К. Езавітаў, В. Пігулеўскі і Я. Краскоўскі на курсах казалі аб жаданьні незалежнае і самастойнае Беларусі.

Як пасьля вытлумачылася „Бацькаўшчына“, акрамя сваёй культурна-прасьветнай працы, увайшла ў зносіны з беларускімі нацыянальнымі палітычнымі арганізацыямі і нават дэлегавала сваіх прадстаўнікоў на беларускую нацыянальную палітычную канфэрэнцію ў Празе ў 1921 годзе 25—30.IX. К. Езавітава і Дварчаніна. На гэтай канфэрэнціі, як відаць з паперы, знойдзенай у абвінавачанага В. Корці, паміж іншымі рэзалюцыямі прынята таксама, што „Беларусь павінна быць непадзельнай“, што „канфэрэнцыя рашыла аб‘яднаць навокал Ураду Беларускае Народнае Рэспублікі ўсе сілы беларускіх палітычных партый, арганізацый і груп дзеля будаваньня беларускага гаспадарства“, што канфэрэнцыя грунтуецца на дэклярацыі Рады Беларускае Народнае Рэспублікі 25/3 1918 году, якая абвесьціла незалежную Беларусь у тых межах, дзе дамініруе большасьць беларускага народу.

Памянутая канфэрэнція заклікае беларускі народ, каб унікнуць дарэмнага кравапраліцьця, устрымацца ад неарганізаваных выступленьняў і моцна аб‘яднаць свае сілы да таго моманту, калі праб‘е гадзіна рэвалюцыйнае барацьбы ўсіх народаў за права кожнага народу быць гаспадаром на сваёй землі.

Рэзалюцыя пра „Рыскі трактат“ гэткага зьместу:

„1) Беларускі народ вядзе, вёў і будзе вясьці барацьбу за Незалежную і непадзельную Беларусь;

2) Беларуская нацыянальная палітычная канфэрэнцыя заклікае ўсе актыўныя беларускія сілы да вызначанай рэвалюцыйнай барацьбы ўсімі, якія маюцца ў іх распараджэньні, сродкамі проці падзелу Беларусі і прапануе глядзець як на ворага беларускага народу на кожнага, хто прызнае Рыскі мірны трактат. У канцы ўсіх гэтых рэзалюцый ёсьць гэткае паведамленьне: „Прэзыдыум беларускае нацыянальнае палітычнае Праскае канфэрэнцыі, грунтуючыся на рэзалюцыях, выказываючых жаданьне ўсіх беларускіх партый і арганізацый, абвяшчае, што адзіны поўнапраўны законадаўчы ворган на тэрыторыі Беларусі ёсьць Рада Беларускае Народнае Рэспубікі і яе прэзыдыум на чале з Крачэўскім“.

Таварыства „Бацькаўшчына“, падтрымліваючы зьвязак з вышэйпамянутай канфэрэнцыей, працавала і кіравалася ўвесь час ня толькі па статуту, зарэгістраванаму ў Латгальскім вакружным судзе, але і па статуту, які ў свой час быў выпрацаваны і прапанаваны Менскай „Бацькаўшчынай“. Такія статуты Менскай „Бацькаўшчыны былі знойдзены пры вобыску ня толькі ў дзелаводстве Дзьвінскае „Бацькаўшчыны“, але і ў дзелаводстве Люцынскае „Бацькаўшчыны“ ў сэкрэтара Таварыства Міхала Іванова. Мэты Менскае „Бацькаўшчыны“ відаць з выдадзенай ёю карты Беларускае Народнае Рэспублікі, якая надрукавана на жоўтых паштовых картках і на якой як складныя часткі Беларусі паказаны часткі Ілукштанскага, Дзьвінскага і Люцынскага паветаў. Такія карткі пашыраў і ў Латвіі К. Езавітаў.

У канцы 1923 году ці ў пачатку 1924 году па прапанове дырэктара беларускае гімназіі Я. Краскоўскага, да яго явіліся В. Корці, В. Пігулеўскі, А. Якубецкі, П. Мядзёлка-Грыб, П. Жэрдзі. Памянёным асобам Я. Краскоўскі прачытаў ліст, атрыманы ад беларускага грамадзкага і палітычнага працаўніка Цьвікевіча з Прагі, у якім прапануецца беларускім грамадзкім працаўнікам у Празе, Латвіі і другіх дзяржавах утрымліваць кантакт у беларускай грамадзкай працы, і з якога можна зразумець, што трэба стварыць аб‘яднаны фронт дзеля развіцьця беларускага вызваленчага руху.

На кватэры сэкрэтара Дзьвінскага Таварыства „Бацькаўшчына“ Пятра Паўчара ў 1920 годзе калісь быў значны лік беларускае літаратуры, у тым ліку былі таксама кніжкі пад назвай „Беларусы і палякі“ — Езавітава, часопісь „Бацькаўшчына“, шмат газэт, карта ў расейскай і францускай мовах пад назвай „Карта Беларусі“ і паштовыя карткі, на якіх намалявана карта Беларускае Рэспублікі, гэрбы і штандары Беларусі. На гэтых картках „Беларускае гаспадарства абыймала горад Дзьвінск, частку Рэжыцкага і ўвесь Люцынскі павет.

Па словам П. Паўчара гэтую літаратуру і карты ён атрымаў у Рызе ад К. Езавітава, які даручыў яму яе распаўсюджываць.

Калі ў красавіку месяцы 1923 году К. Езавітаў быў назначаны дырэктарам Люцынскае беларускае гімназіі, туды, працай апошняга, была ўнесена палітыка. Ен зайшоў так далёка, што ў клясе у часе лекцый вучні чыталі беларускія газэты, каторыя ён ім даваў.

24 сакавіка 1923 году Дзьвінская беларуская „Бацькаўшчына“ атрымала ад Праскага беларускага студэнства гэткую тэлеграму: „Сьвяткуючы 25-ае сакавіка, шчыра вітаем. Хай жыве Незалежная Непадзельная Беларусь!“

З ведама кіраўніка Беларускага Аддзелу пры Міністэрстве Прасьветы С. Сахарава ў часе 1922/23 году і нават пазьней, беларускім школам у Латгаліі была выслана і тамака 2 гады ва ўсіх беларускіх школах была ў карыстаньні, як вучэбная дапамога, памянутая карта Беларусі, падручнік гэографіі Беларусі А. Смоліча і кніжка „Беларускі календар на 1922 год“, у якім паміж іншым сказана, што да Беларусі належыць разам з другімі і Віцебская губэрня.

У 1922 годзе, увосень, у Люцыне карту Беларускае Народнае Рэспублікі, друкаваную на жоўтых паштовых картках, распаўсюджываў С. Сахараў. Такія ж карты ён у памянуты час даў у памятку І. Паўлоўскаму, Л. Тамашыцкаму і іншым. У С. Сахарава бачылі беларускі календар на 1922 год і брашуру Доўнар ЗапольскагаАсновы дзяржаўнасьці Беларусі“, якую ён, па яго тлумачэньню, атрымаў ад К. Езавітава.

Каляндар памянутага абразцу Сахараў у 1922 годзе прадаваў жыхарам Янавольскае воласьці. У К. Езавітава бачылі падручнік гэографіі Беларусі Смоліча і ў вялікім ліку часопісь „На чужыне“ 1921 г., якую ён распаўсюджываў у Дзьвінску, куды прыехаў для закладаньня „Бацькаўшчыны“, таксама як і прыблізна 20-30 паштовых картак, на каторых была намалявана карта Беларусі з надпісам „Беларуская Народная Рэспубліка“.

У ліпеню 1922 году К. Езавітаў даў вучыцелю беларускае школы Граверскае воласьці вёсцы Дудалі для школьнай бібліотэкі кніжкі, між якімі знаходзілася гэографія Смоліча і пазьней пры вобыску адабрана карта Беларусі.

Акурат такую-ж карту у канцы 1922 г. Езавітаў даў вучыцелю беларускае школы Прыlруйскае воласьці ў вёсцы Зяленчыкі А. Цімаховічу.

К. Езавітаў у гутарцы выказаўся, што будучая Беларусь абойме Люцынскі, Рэжыцкі, Дзьвінскі і Ілукштанскі паветы.

На агульным сходзе сяброў „Бацькаўшчыны“ ў Люцыне як Езавітаў, так і С. Сахараў казалі, што цэнтр „Бацькаўшчыны“ знаходзіцца ў Менску. У бібліатэцы Люцынскае беларускае сярэдняе школы у 1924 годзе была часопісь „На чужыне“ і „Беларускі календар на 1922 г.“

У концы лета 1923 году Я. Краскоўскі ў Дзьвінску даручыў К. Багінскай прадаваць вучням рожныя падручнікі, між каторымі знахадзіўся і падручнік гэографіі Смоліча, пры чым прададзена прыблізна 50 кніжак.

На вучыцельскіх курсах і лекцыях у Люцынскай сярэдняй школе К. Езавітаў у 1924 годзе паказываў часопісь „На чужыне“ і казаў, што Беларусь абойме часткі тэрыторыі Латвіі, Літвы і Польшчы, што трэба імкнуцца аб‘яднаць усе вокругі, насялёныя беларусамі і браць прыклад з Латвіі, якая дасягла самастойнасьці.

Гэографію ён навучаў па падручніку Смоліча і пры гэтым тлумачыў, што Беларусь падзелена паміж многімі дзяржавамі і што Латвія адабрала ў Беларусі Дзьвінск, Ілукштанскі, Люцынскі і Рэжыцкі паветы, якія павінны быць далучаны да складу Беларусі. Адзін экзэмпляр часопісі „На чужыне“ ў пачатку 1924 году К. Езавітаў даў С. Казека.

На лекцыях гэографіі ў Люцынскай гімназіі вучыцель С. Казека ў 1923 годзе пры выкладаньні гэографіі па падручніку Смоліча тлумачыў вучням, што ў будучыне Беларусь ахопіць часткі Люцынскага і Рэжыцкага паветаў і ўвесь Дзьвінскі павет.

Я. Краскоўскі на вучыцельскіх вучыцельскіх курсах у 1923 годзе ў сваіх лекцыях па гісторыі Беларусі шмат разоў казаў, што пажадана стварыць самастойную Беларусь і ў часе лекцыяў выказываў сваю думку, што Беларусь ёсьць там, дзе жывуць беларусы.

На вучыцельскіх курсах у 1923 годзе А. Якубецкі чытаў гэографію Беларусі па падручніку Смоліча і растлумачываў, што Беларусь пасьля вялікае вайны падзелена паміж 5-ма дзяржавамі і што Латвія адабрала ў яе тэрыторыю Ілукштанскага, Дзьвінскага, Люцынскага і Рэжыцкага паветаў, што для такога разьдзелу Беларусі няма ніякіх гэографічных падставаў і што вышэйпамянутая тэрыторыя павінна належаць да Беларусі. Беларускай мяжы па словам Якубецкага, у аднашэньні да Латвіі трэба было йсьці ад Нова-Аляксандраўска на крэпасьць Дзьвінск, ад туль на Краслаўку і ад апошняе на Корсаўку і, што Латвія адабрала частку Беларусі.

Пры выкладаньні гэографіі ў часе 1922-1924 году, калі Якубецкі карыстаў, як вучебную дапамогу, карту Беларусі 1919 году (якая пры вобыску знойдзена ў яго), на якой ня зроблены ніякія папраўкі. Па гэтай карце, што знаходзіцца ў падручніку Смоліча, вучням трэба было маляваць карту Беларусі.

У канцы 1922 году і ў пачатку 1923 году вучыцелька Дзьвінскае беларускае сярэдняе школы П. Мядзёлка-Грыб дала вучыцелю Прыдруйскае пачатковае школы на патрэбы школы некалькі кніжак і 2 карты 1919 году па гэографіі Беларусі; у ліку дадзеных кніжак была тая-ж гэографія Смоліча.

Вучыцель беларускае школы Прыдруйскае воласьці ў вёсцы Шнёкава М. Талерка у 1923-24 гадох на лекцыях гэографіі карыстаў карту Беларусі 1919 году, каторая вісела на сьцяне, і тлумачыў вучням, што хутка тутака будзе Беларусь, і што Латвія дабрахоць аддасьць тэрыторыю, належучую Беларусі.

Вучыцель сьпеваў Люцынскае пачатковае і сярэдняе школы М. Іваноў навучаў беларускаму рэвалюцыйнаму гімну:

„Адвеку мы спалі і нас разбудзілі.
Мы знаем, што трэба рабіць:
Што трэба свабоды, зямлі чалавеку,
Што трэба зладзеяў пабіць!

Што гэта за марная доля няшчасная,
Бяз хлеба, бяз грошаў працуй.
Усюды ганяюць, усюды сьмяюцца,
Ну проста хоць крыкні „ратуй!“

Сьмяюцца над намі багатыя людзі,
Здаецца панамі іх зваць;
Мы доўга цярпелі, цярпець больш ня будзем
І пойдзем мы долі шукаць.

Мы дружна паўстанем з касамі, з сярпамі,
Прагонім зямлі палачоў,
Няхай нас спаткаюць палямі, лясамі,
Грамады працоўных людзёў.“

У 1923-1924 г.г. ён паказываў вучням часопісь „На чужыне“ і на лекцыях казаў вучням, што кожны расеец ці паляк, які радзіўся ў Латгаліі — беларус.

21 лістападу 1921 году ён заклаў у Люцынскім павеце ў вёсцы Старая Слабада Т-ва „Бацькаўшчыну“.

Вучыцялі А. Махноўскі, Э. Вайводзіш і Г. Сушынская дзеяльна агітавалі паміж вучнямі і казалі, што тутака нашая Бацькаўшчына, нашая матка Беларусь, што Пустынская воласьць і Дзьвінск будуць уключаны ў Беларусь і што ў гэтай воласьці будзе Беларусь, аб чым Г. Сушынская нават адчынена казала ў Пустынскай валасной радзе.

Вучыцелька Талоеўскае беларускае школы Прыдруйскае воласьці Л. Габран у 1924 годзе гэографію выкладала па падручніку Смоліча і па карце Беларусі 1919 году, павешанай у клясе, і тлумачыла вучням, што на карце намалявана Беларусь, што Прыдруйская воласьць належыць Беларусі, — што тутака хутка будзе Беларусь, якая сюды прыйдзе з вайной, і што Дзьвінскі і Люцынскі паветы будуць належаць Беларусі.

В. Пігулеўскі і таксама другія з правадыроў беларускага руху, казалі, што стварэньне самастойнае Беларусі больш ня ёсьць зданьне, што ўжо цяперака Радавая Расея дала аўтаномію тэй частцы Беларусі, якая знаходзіцца пад Радавай Расеей, што таксама ўжо ў Польшчы дасягнута некаторая свабода і што гутараць ужо аб беларускай аўтаноміі і ў Польшчы.

Робючы вобыскі ў падазраваных знойдзена:

1. У дырэктара Люцынскае беларускае гімназіі К. Езавітава ў яго кватэры у Люцыну, Латгальская вуліца № 64:

a) Беларуская народная этнаграфічная карта, у каторай у адносінах да сучаснае дзяржаўнае Латвійскае тэрыторыі межы праведзены так, што ў межы этнаграфічнае Беларусі залічаны гэткія часткі Латвіі: уся ўсходняя частка Люцынскага павету, пачынаючы ад Корсаўкі і канчаючы Асьвейскім возерам, далей усходняя частка Рэжыцкага і Дзьвінскага павету з мястэчкам Корсаўкай і местам Дзьвінскам, і нарэшце ўсходняя частка Ілукштанскага павету з местам Ілукштамі.

b) Стацьця, напісаная ў расейскай мове, падрыхтаваная на складзеных старонках белае паперы; на першай старонцы стацьці напісана: „Змагайся — пераможаш“, покліч прыгнечанай Беларусі. Выданьне Замежнай Беларускай Вызваленчай Дэлегацыі. Покліч прызначаўся беларусам у Амэрыцы і Канадзе, каб тыя складалі ахвяры сколькі магчыма на справу вызваленьня беларускага народу з пад чужацкага ярма, і каб можна было-б закласьці спэцыяльны фонд, г. зн. „Беларускі Фонд Вызваленьня“. У концы стацьці сказана, што нас (г. ё. беларусаў) лічуць пасыўнымі, дабрадушнымі, цярплівымі.

„Гэта так, беларус дабрадушны, ён цярплівы, ён церпіць да часу, пакуль мерка мукаў не пераліецца цераз бераг, але тады — сякеру ў рукі і з ёй у бойку (напралом). Цяпер такі момант надыйшоў. Мы доўга цярпелі, больш ня можам. Мы паўсталі, каб дабіцца свабоды і зямлі і ў нашых руках зьяе грозная народная сякера. Памажыце яе трымаць моцна ў руках. Хай жыве вызваленьне Беларусі! Эўропейскі Аддзел дэлегацыі вызваленьня Беларусі. Старшыня Росіч. Сэкрэтар Пушча. Па ўсім справам беларускага вызваленчага хаўрусу зьвяртацца па адрэсу: Whiterussian National Committie 1632 N. Robeu Striet. Chicago Ill.“

c) Ліст, датаваны 19.XII. 1923 г., які пачынаецца зваротам: „Паважаны К. Б.“ і прадаўжаецца так: „Ваш ліст, датычучы вучыцялёў, я перадаў Камітэту Беларускае Прасьветы (Наркомсьвет Беларусі), што пасьля яго будзе прапанавана, сказаць цяжка, хоць сьвядомыя вучыцялі на платформе беларускага Радавага ўраду таксама патрэбны, у зьвязку з далучэньнем да Беларусі Магілёўскае і Віцебскае губэрняў. Магілёўскі вокруг далучаны ўжо ў часе канфэрэнцыі, а пра Віцебскі вокруг яшчэ не вядома, дзе той застанецца“.

d) Падручнік гэографіі Беларусі А. Смоліча. 2-ое выданьне.

e) Рожная перапіска палітычнага характару, з якой паміж іншым відаць, што Езавітаў перапісываўся з Т. Грыбам у Празе, катораму прапанаваў склікаць у Празе беларускі палітычны нацыянальны кангрэс, каб разглядзець непаразуменьні, што зьявіліся паміж беларускімі правадырамі.

2. У вучыцеля тэй-жа школы У. Корці ў Дзьвінску, Жытомірская вуліца 33-а кв. 1. — рожныя матар‘ялы аб беларускім руху:

a) Брашура Цьвікевіча „Беларусь“, якая зьмяшчае ў сабе агляд аб стварэньні беларускага народу і яго гістарычнага разьвіцьця, палітычнага і гэографічнага палажэньня, пачынаючы з IX. веку і канчаючы 1919 годам. У памянутай брашуры межы Беларускае Рэспублікі адзначаны па этнаграфічнаму прынцыпу.

b) Часопісь „Беларускі Сьцяг№ 1, 1922 году, за красавік і травень месяцы, у каторай у стацьці „Чатыры гады“ 1918. 25.III. 1922 г. паміж іншых сказана: Мінулыя чатыры гады з поўнай яснасьцю сьцьвярджаюць падставы беларускага руху. Барацьба за вызваленьне Беларусі ёсьць барацьба за яе самастойнасьць.

У памянутай часопісі на 22-23 старонцы надрукавана дэклярацыя Ўраду Беларускае Народнае Рэспублікі аб абвешчаньні незалежнасьці Беларусі з поваду чацьвертых угодак 1918—1922 г., у якой паміж іншым сказана, што, ня гледзючы на ўвесь нячуваны тэрор акупантаў, беларускі народ ні на хвіліну ня спыняў сваю ўпартую барацьбу. Беларускі народ жадае быць вольным; Урад, абраны Радай Беларускае Народнае Рэспублікі, увесь час моцна трымаў у сваіх рукох сьцяг барацьбы за сваю незалежнасьць і непадзельнасьць. Мацней яднайце свае рады пад сьцяг барацьбы за свабоду і незалежнасьць сваёй Бацькаўшчыны. Аб‘яднаная і арганізаваная грамада дасьць моцны адпор сваім ворагам;

c) Папера Рады Беларускага нацыянальнага Хаўрусу 1921 г. 10.VIII. № 87, зьмест якой гэткі: „Пры гэтым маю гонар пераслаць Цэнтральнаму Кіраўніцтву Таварыства „Бацькаўшчына“ ў Латвіі тэкст паведамленьня Беларускага Нацыянальнага Хаўрусу аб скліканьні нацыянальнае палітычнае нарады ў Празе (Чэхія) 25.IX. г.г. Сэкрэтар (подпіс).“

d) Рэфэрат Т. Грыба, прачытаны 15-16.І. 1922 г.; дзе паміж іншым сказана, што беларуская соцыал-рэволюцыйная партыя моцна трымала ў сваіх руках сьцяг барацьбы за незалежнасьць і непадзельнасьць Беларусі і будзе нясьці гэты сьцяг і далей;

e) Папера Рады Беларускага Нацыянальнага Хаўрусу ад 15.III. 1923 году, падпісаная тым-жа самым заступнікам старшыні Рады і адрэсаваная Кіраўніцтву беларускага Таварыства „Бацькаўшчына“ ў Дзьвінску, гэткага зьместу: „У пятыя ўгодкі абвешчаньня незалежнасьці Беларусі, Рада Беларускага нацыянальнага Хаўрусу шлець Вам сваё прывітаньне. Пяць гадоў мінулай барацьбы даказалі, што ў барацьбе растуць і яднаюцца нашыя сілы і яднаюцца беларускія погляды ва ўсіх напрамках, у такім выпадку з моцным духам і верай крычым умясьцёх з Вамі „Хай жыве Незалежная і непадзельная Беларусь!“

3. У вучыцеля Люцынскае беларускае школы С. Казека ў ягонай кватэры ў м. Люцыну, Вакзальная вуліца № 23/28:

a) Статуты беларускага культурна-прасьветнага Таварыства „Бацькаўшчына“, выпрацаваныя і прапанаваныя аддзяленьням Цэнтральным Кіраўніцтвам у 1918 г. 1.X. у Менску. У § 1 статутаў, сказана што Т-ва „Бацькаўшчына“ пашырае сваю дзеяльнасьць ня толькі на беларускую тэрыторыю (Віцебская, Магілёўская, Смаленская, Горадзенская і часткі Віленскае і Чарнігаўскае губэрні), але і на тыя мейсцы, дзе стала ці часова знаходзюцца беларускія калёніі. У § 14 сказана, што дзеяльнасьць аддзяленьняў і іх кіраўніцтваў рэвізуецца Цэнтральным Кіраўніцтвам Т-ва „Бацькаўшчына“.

b) Часопісь „На чужыне“, у якой надрукавана карта Беларусі. На гэтай карце праведзены межы ў адношаньні да Латвіі так, што ад сучаснае Латвіі ў тэрыторыю Беларусі ўключаны часткі Люцынскага, Дзьвінскага і Ілукштанскага паветаў, хаця-ж Дзьвінск, Ілукшты і Люцын не азначаны паміж іншымі, азначанымі на карце гарадамі. На першай старонцы сказана: „З часу вялікае вайны прайшло чатыры гады, а для Бацькаўшчыны сонца яшчэ ня ўзыйшло, як у іншых народаў. Над нашымі галавамі яшчэ ўецца смурод. Мы сонца яшчэ ня бачым. Нам яшчэ трэба змагацца з нашымі ворагамі за сваю сьветлую будучыню. Цяжка працаваць над родным будынкам застаўшымся на Бацькаўшчыне беларусам. Крок за крокам яны адваёвываюць родную зямлю і баронюць свае правы на яе. У гэтай барацьбе мы ня можам застацца толькі сьведкамі. У гэты цяжкі момант мы павінны памагчы сваім братом, усім чым можам: маральнай падтрымкай, грашмі і ўзброеннай сілай. Першыя крокі ў гэтым напрамку ўжо зроблены. У нас ёсьць свае нацыянальныя ўстановы, але гэта толькі першы крок“. На 11-ай старонцы ёсьць карта Эўропы з надпісам: „Беларусь паміж сваймі суседзямі“. На карце, якая зроблена ў відзе нямой карты, адзначана Беларусь і ў яе межы ўключаны невялікія часткі Латвійскае тэрыторыі. На 12-ай старонцы часопісі намалявана карта Беларусі і чорнай рысай абведзены прастор, каторы названы Беларусьсю. У адношаньні да Латвіі паказаная рыса дзяржаўных межаў Беларусі йдзе па тэрыторыі сучаснае Латвіі і ўключае ў Беларусь тэрыторыяльныя часткі Люцынскага, Дзьвінскага і Ілукштанскага паветаў. „Беларусь яшчэ дасканальна не разьмежавалася са сваімі суседзямі, і таму, кажучы пра межы Беларусі, разумеем тыя яе межы, у якіх, як усе з тым згодны, жывець беларускі народ. Магчыма, што пры правядзеньні межаў, які-небудзь кавалачак беларускае зямлі і адпадзе каму-небудзь з суседзяў, ці наадварот, дзеля таго, каб выпрастаць межы“.

4. У дырэктара Дзьвінскае беларускае гімназіі І. Краскоўскага ў Дзьвінску, Варшаўская 16, рожная перапіска палітычнага характару, каторая паказывае, што ён меў зносіны з арганізацыямі беларускага руху ў Коўне, Празе і Варшаве:

a) Дзьве, маляваныя вучнямі, карты на белай паперы вялікага памеру. На абедзьвюх картах надпісы „Беларускія ўзвышшы і раўнядзі“. Межы Беларусі маляваны так, што бязсумлеву відаць, што тэрыторыя Беларусі абыймае Дзьвінскі і Люцынскі паветы і часткі Ілукштанскага і Рэжыцкага паветаў.

b) Ліст, адрэсаваны яму, Краскоўскаму. У памянутым лісту паміж іншым сказана: „Атрымаў ліст з Вены і Львова, у якім пішуць, што дух і настрой вельмі добрыя, шмат надзей. У што гэта толькі ўсё выльецца.“

c) Кавалак лістовае паперы, вялічынёй у 1/4 аркуша, на якім рукой чорнымі чэрнямі ў беларускай мове напісана: „Вільня. Віленская, 8. Луцкевічу. Вітаем з нацыянальным сьвятам. Шчыра з Вамі. Краскоўскі, Мядзёлка, Якубецкі, Корці, Пігулеўскі і Жэрдзі. Варшаўская вуліца, 16. Краскоўскі“.

d) Ліст атрыманы з Коўны, пісаны 25.VII. 1923 г., падпісаны нейкім Пятром і адрэсаваны Яну і Ўладзімеру, у каторым паміж іншым сказана, што „Ўсход просіць нас трымацца, толькі магчыма, і далучыць усходнія землі да іх хутара. Вільня гіне пад польскім ботам. На суседзяў кепскія надзеі, трэба бараніцца самім. Трэба заснаваць сваю незалежную базу і вясьці барацьбу моцна і ўпарта. Гэтай базай павінна быць Амэрыка. Цяпер усю сваю ўвагу трэба зьвярнуць на яе. Цэнтр цяперака знаходзіцца ў Літве. Калі-б толькі яго не папрасілі выехаць. Гэта яго справа, але дзе-б ён ня быў, ён застанецца незалежным ні ад каго. Навокал асяродку трэба нам аб‘яднаць усё, што ў нас ёсьць і ядыным фронтам дабіцца незалежнага існаваньня і на Бацькаўшчыне. На гэтых днях будзе выдадзена дэклярацыя нашае далейшае дзеяльнасьці, a пакуль што пасылаю Вам покліч сябрам Рады і беларускім арганізацыям, які зараз-жа пашліце ў Вільню.“

e) Нейкая папера на трох старонках, у якой паміж іншым сказана, што „латышы ўсё-ткі ўбачылі, што акрамя Езавітава да беларускага руху далучыліся яшчэ Краскоўскі, Якубецкі, Паўлінка[1], я, і навокал нас, праўда невялічкая, затое сьвядомая, грамада вучыцялёў Дзьвінскага павету, каторая знаходзіцца ў сфэры нашага ўплыву. Тыя 27 чалавек, якіх мы выпусьцілі з сярэдняе школы і гадовых вучыцельскіх курсаў былі, можа быць, і ня зусім цэнныя з боку педагагічнага, але затое яны былі срога нацыянальным элемэнтам; і так трэба было зрабіць ампутацыю: звольніць 20 вучыцялёў ворагаў, з якіх 11 нават па пашпартам ня хочуць лічыцца беларусамі, і на іх мейсца прызначыць новыя сілы. Сахараў прапанаваў правясьці гэта гэткім чынам: з‘арганізаваць летнія курсы, на чале якіх стаю я[2]. За лета мы высьвятлім самы найгоршы элемэнт і пасьведчаньні аб сканчэньні курсаў выдадзем сьвядомай нацыянальна частцы. Беларускае Ўпраўленьне, каторае кожны год выдае пасьведчаньні — дазволы працаваць у беларускіх школах, — гэтыя дазволы выдасьць толькі тым вучыцялям, у каторых будуць пасьведчаньні нашых курсаў. Каб было фармальна, юрыдычнай падставай для нявыдачы пасьведчаньня аб сканчэньні курсаў мы прызначылі ўсім іспыты па прадметам беларусаведаньня. Такім чынам увесь цяжар гэтае апэрацыі Сахараў усклаў на нашую групу.“

5. У кіраўніка Дзьвінскае беларускае пачатковае школы А. Якубецкага ў яго кватэры ў м. Дзьвінску, Менская вуліца, 74:

a) Карты Беларусі, такія-ж, якую знайшоў інспэктар пачатковых школ Дзьвінскага павету і места Л. Озолін у сваім інспэкцыйным падарожжы 22./III. 1924 г., у беларускай пачатковай школе Дзьвінскага павету, Капінскае воласьці, у вёсцы Дудалі.

b) Некалькі карт Беларусі, маляваных ад рукі вучнямі, на якіх бязсумлеву залічаны ў межы Беларусі часткі Дзьвінскага Ілукштанскага і Люцынскага паветаў.

6. У вучыцельцы беларускае сярэдняе школы П. Мядзелка-Грыб, у яе кватэры ў Дзьвінску, Варшаўская вуліца № 17, рожная перапіска палітычнага характару, якая паказывае, што ў яе былі зносіны з арганізацыямі беларускага руху за межамі. Паміж іншым копія з нейкага ліста, пісанага Цьвікевічу, каторы падпісаны дырэктарам тэй-жа школы I. Краскоўскім і вучыцялямі Жэрдзі, Корці, Якубецкім і Мядзёлка-Грыб.

7. 1.V. 1924 г. ў кватэры кіраўніка беларускае пачатковае школы Прыдруйскае воласьці, у вёсцы Шнёкава, М. Талеркі: брашура Доўнар-Запольскага „Асновы Дзяржаўнасьці Беларусі“, у якой паміж іншым сказана, што Беларусь ёсьць вялікі абшар зямлі, што скадаецца з Менскае, Магілёўскае, Смаленскае (цалком) і амаль усяе Віцебскае губэрні, выключаючы Рэжыцкі і Люцынскі паветы.

8. 10.V. 1924 г. у вучыцеля Люцынскае беларускае пачатковае школы М. Іванова ў Люцыну, Вакзальная вуліца, № 67, брашуры са статутамі беларускага культурна-прасьветнага Т-ва „Бацькаўшчына“, каторыя выпрацаваны і прапанаваны Цэнтральным Кіраўніцтвам „Бацькаўшчыны“ аддзяленьням Т-ва і выдадзены 1.X. 1918 г. ў Менску.

9. 26 красавіка 1924 году ў памешканьні беларускае пачатковае школы Дзьвінскага павету, Гравёрскае воласьці, у вёсцы Дудалі, у кіраўніка гэтае школы А. Махноўскага ў яго кватэры — карта Беларусі па вонкаваму выгляду і істоце, акурат такая-ж, якая была знойдзена інспэктарам Дзьвінскага павету Озоліным у сваім інспэкцыйным падарожжы 22 сакавіка 1924 году.

10. 3 травеня 1924 году ў вучыцелькі беларускае пачатковае школы Прыдруйскае воласьці, у вёсцы Талоева, Л. Габран — падручнік гэографіі Беларусі А. Смоліча, выданьня 1919 году. На 77, 78, 79 і 83 стар. ёсьць артыкул аб падзеле Беларусі на вокругі і паветы, пры чым на 82 стар. ў артыкулу „Полацак і Прыдзьвінскі вокруг“ сказана: „Гэты вокруг складаецца з 7 паветаў: Дзісьненскага, Дрысенскага, Полацкага, Лепельскага, Ілукштанскага і Дзьвінскага (Дынабургскага)“. Далей на 90-ай старонцы названы і апісаны гарады Полацкага і Прыдзьвінскага вокругаў, пры чым паміж гэтымі гарадамі названы і гэткія: Ілукшты, Дзьвінск, курорт Пагулянка і Краслаўка. Стацьця пад назовам „Вокруг Задзьвінскіх узвышшаў“ (Віцебская губэрня), каторая надрукавана на 177-185 старонцы, падзелена на некалькі частак, пры чым у частцы пад назовам „Галаўнейшыя мейсцы“ (184 стар.) названы паміж іншым гарады: Люцын і Корсаўка, аб становішчы жыхароў каторых дадзена невялічкае апісаньне. У адносінах да Корсаўкі сказана, што ў гэтым горадзе жывуць беларусы, латышы і расійцы і што гэтым горадам канчаюцца беларускія землі і пачынаюцца латыскія.

29 красавіка 1924 году кіраўнік I. Прыдруйскае пачатковае школы А. Озолін аддаў паліцыі 2 карты Беларусі такія ж, якую інспэктар Дзьвінскага павету Озолін знайшоў у Дзьвінскім павеце ў Гравёрскай воласьці, у вёсцы Дудалі. У бібліотэцы II. пачатковае школы Прыдруйскае воласьці знойдзена гэографія Беларусі А. Смоліча і „Асновы Дзяржаўнасьці Беларусі“ проф. Доўнар-Запольскага.

8 і 15 травеня 1924 году ў Дзьвінску ў памешканьні дзяржаўнае беларускае гімназіі, Жытомірская вуліца № 4, пры вобыску знойдзена:

а) 3 экз. „Гэографіі Беларусі А. Смоліча“, Беларуская прырода (Фізычная Географія) 2-ое выданьне Віленскага беларускага выдавецтва Б. Клецкіна.

б) Беларускі календар на 1917 год, у якім паміж іншым сказана, што: „праводзючы нашыя межы мы будзем прытрымлівацца нашае мовы: дзе народ гутарыць пабеларуску, тыя мейсцы далучаюцца да Беларусі, адкідываючы тыя мейсцы, дзе народ гутарыць мяшанай пераходнай мовай. Дык тады нашая мяжа на захадзе пойдзе прыблізна ад Корсаўкі (Паўночн. Заходняя чугунка) на Дзьвінск і Кашадары… такім чынам абведзеная мяжа абойме… невялічкую частку Курляндыі… Віцебскай губэрні: Дзьвінскі, Рэжыцкі і Люцынскі паветы.“

28 чэрвеня 1924 году сьведкай па памянутай справе Н. Стаймаковым аддадзена:

а) 7 экз. такіх-жа брашур са статутамі беларускага культурна-прасьветнага Т-ва „Бацькаўшчына“, якія знойдзены ў М. Іванова.

б) Друкаваная ў беларускай мове часопісь „Крывіч“. На 56 старонцы гэтае часопісі ў артыкулу „з Расіі“ паміж іншым сказана: „Адбылася XII конфэрэнція беларускае камуністычнае партыі. Галоўным пытаньнем конфэрэнцыі было пытаньне аб далучэньні ўсяе ўсходняе этнаграфічнае Беларусі да Радавае Беларусі. У 1-м пункту прынята пастанова аб аб‘яднаньні Віцебскае і Гомельскае губэрняў з Менскам… Як чуваць, дык клопаты аб аб‘яднаньні ўсяе этнаграфічнае Беларусі ў Менску адбываюцца ўжо даўно.“

б) Брашура, друкаваная ў беларускай мове, пад назовам „Беларусы і палякі“. Аўторам гэтае брашуры адмечаны К. Езавітаў. У брашуры сабраны дакумэнты аб польскай чыннасьці ў 1918-19 г. гэта ёсьць у той час, калі Беларусь знаходзілася пад польскай акупацыяй. У сваіх выводных словах аўтор брашуры паміж іншым выказываецца так: „Што рабіць беларусам? — Застаюцца два шляхі: не пакладаючы ні на каго надзей і не чакаючы ні ад каго дапамогі, узяцца за аружжа, ці, ігнаруючы ўціскі і кару, упарта вясьці сваю нацыянальную працу, падыймаючы народную самасьвядомасьць“.

У лісту, адрасаваным В. Пігулеўскаму ад Цьвікевіча 27 сакавіка 1924 году з Коўны „Высокапаважанаму таварышу“, паміж іншым сказана, што: „кожнаму зразумела, што тады, калі я рэфэрыраваў да асяродку зямлі (ў Краёвы Цэнтр) аб становішчы ў Данцыгу, Бэрліну, Баўгарыі, Югаславіі, Балтыцы і іншых мейсцах, дык гэтым я разумеў палітычную і офіцыяльную дзяржаўную працу ў вызначаных асяродках, але ніякім чынам ня культурную працу, якой заняты ў Дзьвінску. Барацьбой у Латгаліі ў сваім нутраным фронту можаце пахваліцца ня толькі вы, але і мы тутака ў Літве. Вельмі прашу, наколькі можна хутчэй адказаць на ліст з Прагі, бо прыходзе час, калі так ці інакш, але аканчальна трэба вырашыць пытаньні. Адказ на свой рэфэрат Краёваму Цэнтру я чакаю штодня і аб усім тым, што будзе датычацца Латвіі наагул і Латгаліі ў прыватнасьці, я Вам зараз-жа паведамлю“.

З паперы № 2357 ад 27 чэрвеня 1924 году, адрасаванай Аддзелу пачатковых школ Школьнага Дэпартамэнту і дашытай да справы, відаць, што падручнік гэографіі „Гэографія Беларусі“ А. Смоліча Беларускае Прасьветнае Ўпраўленьне Міністэрства Прасьветы падавала ў цэнзуроўку Таварышу Міністра Прасьветы з просьбай дазволіць карыстаць яе ў беларускіх школах, на што Таварыш Міністра Кіраўніку Беларускага Аддзелу вусна сказаў, што гэты падручнык у няпраўленым відзе ня можа быць у карыстаньні. Дазволу карыстацца ў беларускіх школах картай, якую знайшоў інспэктар Озолін, рэвізуючы Дудальскую пачатковую школу, Міністр Прасьветы не даваў. Той-жа самы Школьны дэпартамент у сваёй паперы, ад 22 ліпеня 1924 году, № 2724, паведаміў, што Міністэрства Прасьветы не давала свайго дазволу ўвясьці ў беларускіх школах навучэньне гісторыі і гэографіі Беларусі і плян лекцыяў у Люцынскай 2-ой беларускай школе ў 1923-24 вучэбным годзе зацьверджаны ў Школьным Дэпартамэнту без вышэйпамянутых прадметаў. Плян лекцыяў на 1923-24 вучэбны год для Дзьвінскае беларускае сярэдняе школы Міністэрства Прасьветы не зацьвярджала, а таму і ўведзеныя прадметы ў гэтай школе, беларуская гэографія і гісторыя, разглядаюцца, як недазволеныя.

Закліканыя да адказу К. Езавітаў, У. Корці, У. Пігулеўскі, І. Краскоўскі, А. Якубецкі, П. Мядзёлка-Грыб, П. Жэрдзі і М. Іваноў у паднятым супроць іх абвінавачаньні сябе вінаватымі ня прызналі і растлумачылі.

К. Езавітаў — наколькі яму вядома, што Мядзёлка-Грыб у 1918 годзе састаяла ў партыі соцыял-рэволюцыянероў, у той групе, якую рэпрэзэнтаваў яе муж Т. Грыб, каторы ў гэты час жывець у Празе і адведывае ўнівэрсытэт. Соцыял-рэволюцыйная партыя паставіла сабе мэтай дабіцца незалежнасьці нацыянальнай Беларусі. Ен, Езавітаў, быў, за час ад пачатку 1918 году да вясны 1919 году, у палітычнай партыі беларускіх соцыял-фэдэралістаў, якая мела мэтай заснаваньне нацыянальных дзяржаў усіх народаў Эўропы і пасьля аб‘яднаць іх у адну Эўропейскую фэдэрацыю. У склад гэтае фэдэрацыі павінна была вайсьці самастойная нацыянальная Беларусь. У праграме гэтае партыі ня былі прадугледжаны акрэсьленыя рубяжы Беларусі, але толькі было прадугледжана, што ў склад яе павінны былі вайсьці тыя абводы, дзе большасьць жыхароў — беларусы. Соцыял-фэдэратыўную партыю ў гэты час рэпрэзэнтуе П. Крачэўскі ў Празе, з якім ён, Езавітаў, перапісываецца нават да гэтага часу. З П. Крачэўскім і Л. Зайцам у яго была перапіска і на палітычныя тэмы, г. ё. у тых выпадках, калі ім у якім-небудзь палітычным пытаньні патрэбна была рада яго, Езавітава, ці знаць яго погляды. У лютым гэтага году ён атрымаў некалькі лістоў ад рожных асобаў, а мяноўна: ад былога члена соцыял-фэдэратыўнае партыі Ластоўскага, былога Старшыні Рады Беларусі Крачэўскага, былога Міністра Замежных спраў Беларусі Цьвікевіча і Т. Грыба, у якіх яны паведамлялі яго аб нязгодах і сварках у палітычных партыях, што зьявіліся паміж імі. У зьвязку з гэтым ён паслаў у лютым ці сакавіку гэтага году адказ Т. Грыбу, каб яны лепш склікалі конгрэс і на ім высьветлілі ўсе спрэчныя пытаньні.

Карту Беларусі, выдрукаваную на паштовых картках жоўтага колеру, ён атрымаў у ліку 20-30 экзэмпляраў у 1921 годзе ад кнігарні Міністэрства Беларускіх Спраў Літоўскага Ўраду ўмясьцёх з другімі кніжкамі. Гэтыя кніжкі і карткі ён прывёз у Дзьвінск і тутака частку аддаў кніжным крамам на камісію. Карту Беларусі ён атрымаў у 1922 годзе ад Беларускага Ўпраўленьня Міністэрства Прасьветы. Ен дапушчае магчымасьць, што паміж памянутымі кніжкамі, каторыя прыслала Ўпраўленьне, быў таксама і календар на 1922 год. Пад назовам „Бацькаўшчына“ было некалькі таварыстваў. Агульная мэта іх было старацца аб‘яднаць Беларусь, падняць нацыянальную сьвядомасьць і культуру. Паміж чынных членаў гэтага Т-ва домініравала мэта дабіцца незалежнасьці і самастойнасьці Беларусі. Па яго асабістаму перакананьню, у будучую незалежную Беларусь паветы, — Рэжыцкі, Люцынскі, Дзьвінскі і Ілукштанскі, — ня войдуць таму, што ў іх толькі некаторыя воласьці, як Пасінская, Прыдруйская і Борнаўская населены большасьцю беларусаў, хаця ёсьць яшчэ другія воласьці, як: Міхалоўская, Янавольская, Стара-Слабодзкая, Лянскаронская і Скрудалінская, але ў іх беларусаў менш, чым іншага жыхарства. Такім чынам пытаньне аб паветах само па сабе адпадае і можа быць толькі пытаньне выключна аб памянутых валасьцях. Часопісь „На чужыне“ была выпушчана толькі першым нумарам у колькасьці 1.000—2.000 экзэмпляраў. Гэтая часопісь была пашырана ў 1920 годзе ў беларускіх колёніях у Рызе, Рэвеле і Лібаве. Каля 100 экзэмпляраў гэтае часопісі ён пакінуў сабе, пры чым пераховываў іх у сябе ў кабінэце; хто да яго прыходіў і цікавіўся часопісьсю, таму ён і даваў. Ен прыпамінае, што паміж іншым ён даваў гэтую часопісь, таксама Казека і Корці. Да часу ягонага арышту, г. ё. да 21 красавіка 1924 году, гэтая часопісь была ў ягонай кватэры яшчэ ў ліку 20-30 экзэмпляраў. Ен прыпамінае, што ў 1920 г. гэтая часопісь па загаду тагачаснага Міністра Ўнутраных спраў Бэрга была сканфіскавана з-за карты, каторая была зьмешчана ў часопісі.

Ен ведае, што ў прадмове часопісі быў покліч да аружнай барацьбы. Гэты покліч ня меў аднашэньня да беларусаў, латвійскіх падданых. Гэтая аружная барацьба разумелася пад выступленьнем арміі Балаховіча, супроць тых ворагаў Беларусі, каторыя ў той час занялі тэрыторыю Беларусі. У жнівеню 1921 году Дзьвінская „Бацькаўшчына“ атрымала ад Кіраўніцтва Беларускага Нацыянальнага Хаўрусу запрашэньне паслаць прадстаўнікоў на Беларускую НацыянальнаПалітычную Конфэрэнцыю, што склікалася ў той-жа год у Празе. У зьвязку з гэтым, Дзьвінская „Бацькаўшчына“ зрабіла пастанову дэлегаваць яго i Дварчаніна на памянутую конфэрэнцыю, як прадстаўнікоў Дзьвінскае „Бацькаўшчыны“. У той-жа час Дзьвінская „Бацькаўшчына“ атрымала таксама мандаты ад Люцынскага і Рыскага Аддзяленьняў „Бацькаўшчыны“. Ен, Езавітаў, і Дварчанін былі ўпаўнамочаны толькі для культурна-прасьветных пытаньняў.

Па пытаньням грамадзкае палітыкі быў дэлегаваны прадстаўнік Рыскае беларускае колёніі — Цвяткоў, каторы ў той час быў у складзе Кіраўніцтва колёніі.

Удзел Езавітава у Праскай беларускай конферэнцыі, быўшай у 1921 г., выразіўся ў тым, што ён выпрацаваў рэзолюцыі культурна-прасьветнае сэкцыі і конферэнцыя іх прыняла. Асабіста ён са ўсімі ў гэтай конферэнцыі прынятымі рэзолюцыямі быў згодны з другімі ўдзельнікамі конферэнцыі і прэтэнзіяў проці гэтых рэзолюцыяў не рабіў. Аднак, ён, як прадстаўнік Латвійскае „Бацькаўшчыны“ ад галасаваньня па пытаньням палітычным устрымаўся. Прынятыя на конфэрэнцыі рэзолюцыі былі прысланы і Дзьвінскай „Бацькаўшчыне“, якая гэтыя рэзолюцыі атрымала ў 1921 г., 22 кастрычніка. Аказаная яму ў папярэдным сьледзтве папера Кіраўніцтва Беларускага нацыянальнага Хаўрусу — № 87 ад 10 жнівеня 1921 году i рэзолюцыі беларускае нацыянальна-палітычнае конферэнцыі — тыя-ж самыя, што былі прысланы Дзьвінскай „Бацькаўшчыне“. Кажучы аб адміністратыўным і палітычным падзеле Беларусі, ён ніколі нікому, ні вучню, ні каму-небудзь другому не казаў і не апавядаў аб падзеле Беларусі, як гэта сказана ў Гэографіі Беларусі Смоліча, у 2-ім выданьні.

Уладзімер Корці — што ён ніколі паміж сваймі знаёмымі або членамі „Бацькаўшчыны“ ня чуў такіх гутарак, што будучая Беларусь улучыць частку Латвіі, што Дзьвінск ёсьць горад Беларусі, што тутака — Бацькаўшчына. Таксама ён ня чуў гутарак і аб межах будучай Беларусі. У хаце Якубецкага ён бачыў на сьцяне карту Белалусі, каторая ня была спраўлена. Брашуру Доўнар Запольскага, „Асновы Дзяржаўнасьці Беларусі“ ў школе чыталі вучні, але дзе яны атрымалі гэтую кнігу, ён ня ведае. Памянутую кнігу ў 1921/22 вучэбным годзе чыталі ў Дзьвінску курсанты мясцовых вучыцельскіх курсаў. Вясною 1923 году прыслаў са сваёй кватэры часопісь, выдадзеную ў беларускай мове пад назовам „На чужыне“, № 1. У гэтай часопісі была зьмешчана карта Беларусі, з каторай было відаць, што ў межы Беларускае Рэспублікі ўваходзе таксама Дзьвінск. Гэтая часопісь адзін час знаходзілася ў школе, у бібліотэчнай шафе, і аб ёй ведалі вучыцялі. Ен, Корці, пэўны ў тым, што часопісь фактычна была выдадзена Езавітавым пад маскай Казячага. У той жа часопісі была зьмешчана яшчэ другая карта пад назовам „Этнографічная карта Беларускае Рэспублікі“. Тутака межы Беларусі былі адзначаны па тром варыацыям: па польскай, нямецкай і беларускай. Па першым двум варыацыям межы Беларускае Рэспублікі ня ўлічалі ні адну частку сучаснае Латвіі, наадварот — па беларускаму варыанту ў межы гаспадарства ўлічаны Дзьвінскі павет. У архіву Дзьвінскае „Бацькаўшчыны“ ён паміж іншым знайшоў брашураваную кніжку пад назовам „Статут Беларускага Культурна-прасьветнага Т-ва“. На яе першай старонцы было адзначана, што статут выдадзены Цэнтральным Праўленьнем „Бацькаўшчыны“ і прапануецца ўсім Аддзелам, як статут зарэгістраваны ў 1918 годзе ў Менскім Вакружным судзе. Ці былі ў Латвійскай „Бацькаўшчыне“ палітычныя зносіны з іншымі палітычнымі арганізацыямі за рубяжом, яму гэта акрэсьлена не вядома, але, судзячы па паказаным яму пісьмам, такія зносіны былі. Колькі яму вядома, Першая Беларуская Рада прагалосіўшая Незалежнае Беларускае Гаспадарства, акрасьляла яго межы на падставе этнаграфічнае карты проф. Карскага, па каторай частка Дзьвінскага і Люцынскага паветаў войдуць у межы Беларусі. З гутарак з Мядзёлка-Грыб і судзячы па паперам, якія знаходзяцца ў гэтага яе распараджэньні, ён ведае, што за рубяжом істнуюць яшчэ другія беларускія палітычныя арганізацыі, канцовая мэта каторых дабіцца незалежнасьці Беларусі. Пігулеўскі нават да апошняга часу няўстанна і часта перапісываўся з Прагай, а Краскоўскі да апошняга часу атрымліваў вялікую колькасьць лістоў з за-рубяжа. З лістоў Сяргеева ён даведаўся, што ў мінулым паўгодзьдзі соцыялістычныя партыі, што знаходзіліся ў Празе, акрэсьлена сталі на той пункт гледжаньня, што ім трэба аб‘яднацца з камуністамі. Пры Дзьвінскай беларускай сярэдняй школе існуе склад беларускіх кніжак. Кніжкі з гэтага складу галоўным чынам былі прададзены Латгальскім мястовым управам для беларускіх пачатковых школ. Памянутыя кніжкі выпісываліся з Вільні. У канцы 1923 году ці ў пачатку 1924 году дырэктар школы Краскоўскі ў адзін дзень загадаў усім зьявіцца да яго на кватэру для абгаварываньня нейкага грамадзкага пытаньня. У памянуты час да Краскоўскага прыйшлі: Пігулеўскі, Мядзёлка-Грыб, Якубецкі і Жэрдзі. Краскоўскі прачытаў прыйшоўшым ліст Цьвікевіча, у каторым прапануецца беларускім грамадзкім працаўнікам у Празе, Латвіі і другіх дзяржавах вясьці кантакт у беларускай грамадзкай працы. Чыннейшымі працаўнікамі беларускага вызваленчага руху ёсьць жывучыя ў Чыкаго, Амэрыцы, Варонка і Чарапук, з каторымі Езавітаў да гэтага часу часта перапісываўся. Праглядаючы архіў Дзьвінскае „Бацькаўшчыны“, ён знайшоў у ім паміж іншым паперу, прысланую Старшынёй Беларускага нацыянальнага Хаўрусу гэтаму Т-ву, якая атрымана ў сакавіку мінулага году. Гэтую паперу, у якой паміж іншым сказана „Хай жыве незалежная непадзельная Беларусь!“, Краскоўскі прачытаў на паседжаньні Праўленьня „Бацькаўшчыны“. Тэлеграму зьместу: „Сьвяткуючы 25 сакавіка, шчыра вітаем. Хай жыве незалежная і непадзельная Беларусь! Беларускае студэнства“, насколькі ён памятае, Краскоўскі прачытаў на нейкім сходзе Дзьвінскае „Бацькаўшчыны“ ў 1923 годзе. На тым сходзе акрамя яго, Корці, былі яшчэ: Пігулеўскі, жонка Краскоўскага, Якубецкі, Мядзёлка-Грыб і вучыцель Александровіч. Насколькі яму, Корці, вядома, дык станоўча ўсе беларускія грамадзка-палітычныя працаўнікі пад непадзельнай Беларусьсю разумеюць усе тыя землі, каторыя заселены беларусамі, і таму ён выводзе, што ў гэтую непадзельную Беларусь войдуць і часткі сучаснае Латвіі.

У. Пігулеўскі — што соцыял-фэдэратыўная партыя ў пытаньні аб дзяржаўных межах Беларусі прытрымлівалася таго погляду, што дзяржаўная мяжа сучаснае Латвійскае тэрыторыі не нарушаецца і ні якія часткі Латвіі да Беларусі не далучаюцца. Гэтага погляду трымаецца таксама і ён і ягонае акрэсьленае перакананьне такое-ж. На агульных сходах членаў „Бацькаўшчыны“ ён ніколі ня быў. На паседжаньнях Праўленьня Т-ва казалася і абгаварывалася выключна аб справах, якія проста адносіліся да Т-ва і ніколі ніякія палітычныя гутаркі на паседжаньнях Праўленьня не падыймалася і пра палітыку не казалася. Карта Беларусі, каторую яму паказалі на папярэдным сьледзтве, ён бачыў першы раз. Ніколі і нікому ён не казаў, што Дзьвінск павінен стаць горадам Беларусі. В. Паланевіч лічыць яго вінаватым у звальненьні яе ад пасады вучыцелькі. Паланевіч шмат разоў пагражала яму помстай, г. ё. казала, пасадзіць яго ў турму. Ніколі ніхто яму не прапановываў ніякага адказнага мейсца ў Маскве. Аб тым, што ў Дзьвінскай „Бацькаўшчыне“ былі зносіны з беларускімі грамадзкімі ці палітычнымі арганізацыямі за мяжой, або з працаўнікамі гэткіх арганізацый, яму нічога не вядома. У такой нарадзе, дзе абгаварывалася пытаньне аб заснаваньні аб‘яднанага фронту для беларускага вызваленчага руху, ён удзелу ня прыймаў і аб такой нарадзе нічога ня ведае. Тэлеграмы беларускага студенства з Прагі і паперы Старшыні Беларускага Нацыянальнага Хаўрусу на імя Дзьвінскае „Бацькаўшчыны“ ён ня бачыў.

І. І. Краскоўскі — што ён ніколі ні ад каго ня чуў, каб „Бацькаўшчына“ служыла палітычным мэтам. Карту Беларусі і жоўтыя паштовыя карткі з надпісам, што гэтыя карткі выдадзены Менскай „Бацькаўшчынай“ ён бачыў у першы раз. Ніколі ён не казаў і ніколі таксама ня чуў, што Дзьвінск беларускае места і што кожны расіец, які арадзіўся ў Дзьвінску, сам па сабе ўжо беларус. У Дзьвінскай беларускай сярэдняй школе гэографію Беларусі выкладаў вучыцель Якубецкі па падручніку гэографіі Беларусі А. Смоліча. Такая кніга была і ў некаторых вучняў Гімназіі, каторую яны набылі за грошы з тых кніжных складаў, якія былі ў Гімназіі. Выкладаньне па гэтай кнізе было дазволена Беларускім Аддзелам Міністэрства Прасьветы. Паказаныя кніжкі гэографіі ён па свайму запатрабаваньню атрымаў з Вільні ад кніжнага выдавецтва Клецкіна. Этнаграфічная карта Беларусі, выдадзеная ў Вільні, з дазволу Віленскае вайсковае цэнзуры ў 1919 годзе, у даручанай яму Гімназіі ў карыстаньні, як вучэбная дапамога ня была. Такую карту ён бачыў у Якубецкага, калі той прынёс яе з сабой у школу. Усе вучэбныя дапамогі былі пасланы ў Беларускі Аддзел Міністэрства Прасьветы і ім не рабілася ніякіх перашкод, таму ён і думаў, што ўсе гэтыя кніжкі дазволены, як вучэбныя дапамогі.

З беларускімі грамадзка-палітычнымі дзеячамі за рубяжом ён зносіны меў, але выключна па пытаньням культурна-нацыянальным, але ніяк не палітычным, бо ён зараз наагул палітыкай не займаецца. Выраз, скарыстаны ў лісту Цьвікевіча, што „пасля паўгоду будзе адзіны фронт ад Вільня — Прага, Дзьвінск — Коўня да Менску“, трэба разумець як культурна-нацыянальны беларускі фронт, а ніяк не палітычны. На адным са звычайных сходаў вучыцялёў ён паведаміў іх аб атрыманьні ліста і аб зьместу апошняга, пры чым прасіў прысутных выказаць свае думкі. На гэтым сходзе былі: ён (Краскоўскі), Якубецкі, Корці, Пігулеўскі, Жэрдзі і Мядзёлка-Грыб. Дзьве знойдзеныя ў яго карты ёсьць клясовыя працы вучняў і на іх адзначана тая тэрыторыя, якая населена беларусамі. Выраз „беларускі ці вызваленчы рух Беларусі“ ён разумае як нацыянальна-культурнае адраджэньне беларускага народу. З Т. Грыбом ён ня меў ніякіх зносінаў на палітычным полі, ніколі і нідзе і нікому ён не казаў, што некаторыя абводы Латвіі ці Латгаліі далучуць, або іх трэба далучыць, да Беларускага гаспадарства, тады калі яно будзе заснавана. Нейкага загаду, каторым забараняецца карыстаньне Дзьвінскай Беларускай Гімназіі картай Беларусі ці падручнікам гэографіі А. Смоліча, ён не атрымліваў. Пытаньне аб непадзельнай Беларусі ў навукова-грамадзкіх беларускіх колах яшчэ ня вырашана і таму ён, Краскоўскі, ня можа нічога пра гэта растлумачыць, наадварот, што датычыцца паняцьця „Непадзельная Беларусь“ ён можа сказаць тое, што тутака разумеецца заходняя Беларусь, каторая ў гэты час знаходзіцца пад Польшчай. Ліст з подпісам „Пятро“ ён, Краскоўскі, атрымаў ад Пятра Крачэўскага, каторы жыў у той час у Коўне. Што П. Крачэўскі разумее пад выразам у сваём лісту пра нейкі хутар і ўсход ён, Краскоўскі, ня ведае.

Мікалаевай, якая ёсьць стараверка, ён казаў, што, калі пры перарэгістраваньні вучняў зьбярэцца давольны лік вучняў-старавераў, дык тады яна мейсца атрымае. Пазней яна атрымала мейсца вучыцелькі ў расійскай школе.

А. Якубецкі ягоная асабістая і глыбокая пэўнасьць па пытаньням аб межах будучай Беларусі ёсьць тое, што ў склад Беларускага гаспадарства ня можа вайсьці ні адна частка сучаснае Латвійскае тэрыторыі. Яму зусім нічога ня ведама аб тым, на якім пункту гледжаньня трымаліся і трымаюцца ўсе беларускія грамадзкія і палітычныя арганізацыі па пытаньню аб будучай Беларусі. Гэографію Беларусі ў сярэдней школе ён выкладаў па падручніку гэографіі А. Смоліча, II выданьне, 1922 г. Гэты падручнік гэографіі быў таксама ў вучняў. Гэографію А. Смоліча, II выданьне 1922 г. ён бачыў у складзе Гімназіі ў 1923 годзе ў невялікім ліку экзэмпляраў. Па гэтай гэографіі ён не выкладаў. 8 маляваных ад рукі карт запраўды знойдзены ў яго пры вобыску. Гэтыя карты ёсьць клясовая праца вучняў сярэдняе школы і на іх намалявана па ягонай прапанове тая тэрыторыя, каторую насяляюць беларусы, але частка вучняў, відочна, не зразумелі ягонай задачы і скапіравалі карту з тэй карты, якая знаходзіцца ў падручніку гэографіі А. Смоліча. Паперу Старшыні Рады Беларускага Нацыянальнага Хаўрусу ад 14 сакавіка 1923 году на імя Праўленьня Дзьвінскае „Бацькаўшчыны“, у якой кажацца пра непадзельную Беларусь, ён бачыў у 1923 годзе ў Краскоўскага.

П. Мядзёлка-Грыб, — што ў 1922 годзе летам яна явілася ў Латвію з Берліну, адкуль яе запрасіў Беларускі Аддзел Міністэрства Прасьветы Латвіі з прапановай заняць мейсца вучыцелькі ў беларускай школе. Ужо да прыезду ў Латвію з 1919 году без перарыву да гэтага часу яна была членам у беларускай соцыял-рэволюцыйнай партыі. Памянутая партыя мае сваёй канцовай мэтай дабіцца заснаваньня Беларускае Рэспублікі. Па яе асабістаму перакананьню ні адна частка сучаснае Латвійскае тэрыторыі, дзе жывуць беларусы, або якія небудзь другія народы, ня можа і не павінна быць далучана да будучага Беларускага гаспадарства. Ніколі яна ня чула гутарак і ніколі нікому сама не казала, што Дзьвінск павінен стаць беларускім горадам, што тутака Беларусь, і што Езавітаў ёсьць беларускі правадыр у Латвіі. Часопісь „На чужыне“ ў канцы 1922 году бачыла тутака Дзьвінску ў Езавітава.

П. Жэрдзі, — што ён ўспамінае, што ў пачатку гэтага году Краскоўскі апавядаў вучыцялям, што атрымаў з Коўны ад нейкага Цьвікевіча ліст, у каторым апошні ўмешываўся ў беларускую культурную працу, што недапушчальна. Тады прысутныя вучыцялі пастанавілі адказаць Цьвікевічу такім чынам, каб таму было зразумела, што ён наперад ня можа адважывацца непакоіць такімі лістамі. Ліст састаўлены Пігулеўскім, а падпісалі: ён (Жэрдзі), Краскоўскі, Якубецкі, Пігулеўскі, Корці і Мядзёлка-Грыб. Аб нейкім адзінным фронту ён, Жэрдзі, нічога больш ня памятае і ня можа таксама ўспомніць, ці было аб тым пісана ў лісту Цьвікевіча ці не. Ні ў якім злачынным хаўрусе, які нібыта паставіў сабе мэтай адлучыць часткі ад Латвійскае тэрыторыі, ён ня быў і ня прыймаў удзелу ні ў якіх палітычных сходах адносна заснаваньня адзіннага беларускага фронту.

М. Іваноў, — што К. Езавітаў адноўчы быў дэлегаваны, але па якой прычыне — яму не вядома. Таму-ж Езавітаву ён, Іваноў, выпісываў камандыровачнае пасьведчаньне, што той камандыруецца ад Люцынскага Аддзелу „Бацькаўшчыны“, як дэлегат. На падставе загаду дырэктара Езавітава ён, Іваноў, у школе вучыў вучняў сьпяваць беларускі рэволюцыйны гімн. Ен, Іваноў, асабіста ні якога ўдзелу ў беларускім руху ня прыймаў.

На падставе ўсяго вышэйпаказанага Латвійскія падданыя: К. Б. Езавітаў 29 гадоў, У. А. Корці 23 гадоў, У. В. Пігулеўскі 34 гадоў, Літоўскія падданыя: І. І. Краскоўскі 42 гадоў, А. П. Якубецкі 30 гадоў, П. В. Мядзёлка-Грыб 29 гадоў, назваўшы сябе Украінскім падданым П. М. Жэрдзі 30 гадоў і Латвійскі падданы М. І. Іваноў 49 гад. абвінавачываюцца:

К. Езавітаў, У. Корці, У. Пігулеўскі, І. Краскоўскі, А. Якубецкі, П. Мядзёлка Грыб і П. Жэрдзі, што яны з 7 лістападу 1922 году да красавіка 1924 году прыймалі ўдзел у злачынным таварыстве ў Латгаліі, якое паставіла сабе мэтай, сілай адарваць ад Латвійскага гаспадарства тэрыторыю Дзьвінскага, Рэжыцкага, Люцынскага і часткова Ілукштанскага паветаў і далучыць іх да Беларускае Дзяржавы, дзеля чаго яны:

1) завялі зносіны з рожнымі істнуючымі за мяжой, у Празе і іншых мясцох, і маючымі тыя-ж мэты, т-вамі;

2) агітавалі на карысьць гэтае мэты, распаўсюджываючы друкаваныя гэографічныя карты, на каторых частка Латвійскае тэрыторыі ўлучана ў тэрыторыю Беларусі, пашыраючы падручнік гэографіі паміж вучнямі і другімі асобамі і навучаючы вучняў на лекцыях, што Латвія сілком захапіла частку беларускае тэрыторыі, каторая ў блізкай будучыне будзе адабрана, і пашыралі часопісь „На чужыне“, у каторай ёсьць покліч да беларускага жыхарства з аружжам у рукох паўстаць на барацьбу з акупантамі Беларускага гаспадарства, паміж імі і з Латвійскім Урадам, г. зн. у цяжкім злачынстве, прадугледжаным 21 пункту 1 частцы 102 артыкулу Ўлажэньня аб карах.

М. Іваноў, што ён у 1923-24 вучэбным годзе ў Люцынскай беларускай сярэдняй школе вучыў вучняў сьпяваць беларускі рэволюцыйны гімн паказываў ім вышейпамянутую часопісь „На чужыне“, у каторай зьмешчаны покліч да беларускага жыхарства з аружжам у рукох паўстаць на барацьбу і сілай адабраць ад Латвійскае Дзяржавы тэрыторыю Дзьвінскага, Рэжыцкага, Люцынскага і часткова Ілукштанскага паветаў і далучыць іх да Беларускае Дзяржавы, г. зн. абвінавачываецца ў злачынстве, прадуглежаным у 1 пункту 1 часткі 130 артыкулу.

На падставе 200 артыкулу закону аб крымінальных працэсах, выдадз. у 1914 годзе, і закону аб Латгальскіх судах ад 14 лістападу 1920 г., судовы разгляд гэтае справы належыць Латгальскаму Вакружному Суду.

Складзены 4 сьнежаня 1924 г., Дзьвінск.
Таварыш Пракурора (подпіс).


  1. Мядзёлка-Грыб. Увага Рэдакцыі.
  2. Як высьвятлілася на судзе, ліст гэты быў пісаны гр. У. Пігулеўскім, які быў Кіраўніком летніх вучыцельскіх курсаў. Увага Рэдакцыі.