Перайсці да зместу

Беларускі працэс у Латвіі (1926)/2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Беларускі працэс у Латвіі Першы дзень
Публіцыстыка
Аўтар: Кастусь Езавітаў
1926 год
Абвінавачывальны акт

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Першы дзень.

Задоўга да пачатку судовага паседжаньня, па яшчэ пустым вуліцам прыводзюць пад канвоем з турмы былога Дырэктара Люцынскае беларускае гімназіі, гр. К. Б. Езавітава, які прасядзеў да суду ў вастрозе больш за 10 месяцаў.

Каля 9 гадзін пачынаюць зьбірацца сьведкі і публіка.

У 10 гадзін падсудныя займаюць мейсцы на лаве абвінавачаных.

Першым прыводзюць гр. К. Езавітава, затым прыходзіць рэшта 7 абвінавачаных, што былі на воле над закладам:

вучыцель Дзьвінскае беларускае гімназіі Валадзімер Корці,

заступнік Дырэктара Люцынскае беларускае гімназіі — Валадзімер Пігулеўскі,

былы Дырэктар Дзьвінскае беларускае гімназіі — Ян Краскоўскі,

вучыцель Дзьвінскае гімназіі і пачатковае школы — Андрэй Якубецкі,

вучыцелька тэй-жа гімназіі — Паўліна Мядзёлка-Грыб,

вучыцель тэй-жа гімназіі — Парфіры Жэрдзі,

і вучыцель сьпеваў Люцынскае беларускае гімназіі — Міхал Іваноў.

У 10 гадзін з хвілінамі ўваходзе Суд і паседжаньне пачынаецца. Суд зложаны з трох судзьдзяў і Старшыні Латгальскага Вакружнага Суду, гр. Зільберга. За пракурорскім пюпітрам — Таварыш Пракурора гр. Лукін.

Перад лавай абвінавачаных сядзяць 5 абаронцаў; сярод іх буйнейшыя адвакацкія сілы ў Латвіі: гр. Гольцман, гр. Шмідт і гр. Будоўскі.

Пасьля апросу абвінавачаных і спаўненьня іншых фармальнасьцяў, агалошываецца абвінавачальны акт.