Перайсці да зместу

Беларускі правапіс (1927)/Часьць першая/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
§ 12. Правапіс іменьнікаў § 13. Правапіс прыметнікаў
Падручнік
Аўтар: Язэп Лёсік
1927 год
§ 14. Правапіс лічэбнікаў

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




§ 13. Правапіс прыметнікаў.

І. Канчаткі склонаў: 1. Назоўны склон.

Правіла 32. а) Назоўны склон адзіночн. ліку.

1) Прыметнікі мужчынскага роду адзіночнага ліку ў назоўным склоне (на пытаньне — які?) маюць канчатак — ы—і: добры, малады конь; сіні колер, воўчы зуб.

2) Прыметнікі жаночага роду адзіночнага ліку ў назоўным склоне (на пытаньне — якая?) маюць канчатак — ая—яя: добрая сястра, воўчая лапа, сіняя папера, раньняя вясна.

3) Прыметнікі ніякага роду адзіночнага ліку ў назоўным склоне (на пытаньне — якое?) маюць канчатак — ае—яе не пад націскам: добрае дзіця, вялікае возера, сіняе неба, лішняе акно; а пад націскам канчатак будзе — ое: глухое месца, старое гумно.

4) Прыметнікі множнага ліку ўсіх радоў у назоўным склоне (на пытаньне — якія?) маюць канчатак пры цьвёрдай аснове — ыя, і ія — пры мяккай аснове: новыя сталы, новыя кнігі, новыя вокны; сінія калёры, сінія стужкі, сінія нябёсы.

Практыкаваньне 41. Стары верабей на мякіну ня квапіцца. Новае сіта на калку вісіць, а старое пад лавай валяецца. Апошні раз бываю ў вас. Апошняе спатканьне. Чужая хата горай ката. Чужое дабро ня грэе. Жоўтае жытняе поле ціха калосьсем шуміць. Сінія хвалі шумяць і бурляць. Хмурна выглядае стары лес. Узышла ўжо першая вячэрняя зорка. Раньняя птушачка носік цярэбіць, а позьняя вочкі працірае. Сіняе неба стала яшчэ сінейшае. Чую звон я нудны, рэдкі, невясёлы. Ліпы старыя шумяць за сьцяною. Плачуць бязьлістыя ліпы старыя. Пакарочалі цёплыя летнія дзянькі. Добрае ляжыць, а злое бяжыць. Лішняя дабрата — дурата. Перастала грэць яснае сонейка. Насталі кароткія туманныя асеньнія дні. Вялікія сьветлыя вокны прыветна глядзелі на вуліцу. Па траве лёталі беленькія і чырвоненькія матылёчкі. Воўчая доля расьце скора. Добрае чуваць далёка, а благое яшчэ далей. Лішняя нітка — палатну завада. Не апалі яшчэ раньнія росы. Па дарозе пападаліся ўсялякія грыбы. Чорныя баравікі так і стаялі ў ваччу. Свае леты маладыя ўспамінаці буду. Старыя дубы стаялі спакойна і важна. Нашыя Палескія балоты займаюць сотні квадратных вёрст. На доўгі век, на добрае здароўе. Ласкавае цялятка дзьвюх матак сьсе. Старыя ластаўкі перасталі палохацца людзей. Кожная грамада птушак выбірала сабе лепшае, выгаднейшае месца.

Практыкаваньне 42. Сьпісаць і прыметнікі падчыркнуць.

Зіма.

Прышла зіма халодная, нягодная зіма. Цярпі, зямелька родная: няма дабра, няма! Прыцьмілась сонца яснае, прыціх шум баравы. На полі пустка страшная — ні збожжа, ні травы. Сьнег белы мёртва сьцелецца пасьцеляй грабавой. Сапе, шуміць мяцеліца, мяце сьнег, як мятлой. Мароз, як кат бязжаласны, ў лёд рэчку закаваў, стральбой сваёй праклятаю ўлёт слабых птушак б’е, пры хаце і за хатаю спакою не дае.

(Янка Купала).

Практыкаваньне 43. Сьпісаць і падчыркнуць канчаткі ія, ыя.

Ліпы старыя шумяць за сьцяною. Зоры далёкія, зоры бліскучыя ціха гараць над зямлёй. Плачуць бязьлістыя ліпы старыя. Белыя хмаркі па небе плывуць. Мне ўспамінаюцца вобразы мілыя роднага краю, палёў; бедныя вёскі, хаты пахілыя, песьні зялёных гаёў, вузкія стужкі меж залаценькіх, узгорак, курганчык, лясок. Нізка зьвісьлі над зямлёю хмары дажджавыя. Хмурыя елкі панура шумяць. Пакарочалі цёплыя летнія дзянькі. Апошнія словы бацька сказаў да Міхася. Вялікія сьветлыя вокны прыветна глядзелі на вуліцу. Здалёк відаць былі зялёненькія стужкі лёну. Некаторыя раньнія птушкі павыводзілі дзетак і клапатліва шчабечуць каля гнязьдзечак, як нянькі каля калысак. Не апалі яшчэ раньнія росы. Зоры, як матылёчкі, трапяталі і дрыжалі ў небе. Па дарозе пападаліся ўсялякія грыбы. Чорныя баравікі так і стаялі ў ваччу. Раньнія жаваранкі затрапяталі ў небе крыльцамі. Вясёлыя ды шчасьлівыя ішлі хлопцы дадому. Старыя дубы стаялі спакойна і важна. Глуха шумелі маладыя расьліны. На грудку расьлі прыгожыя чырвоныя красачкі. Нашыя Палескія балоты займаюць сотні квадратных вёрст.

2. Родны склон адзіночнага ліку.

Правіла 33. 1) Родны склон адзіночнага ліку мужчынскага і ніякага роду не пад націскам канчаецца на ага—яга: добрага чалавека, добрага дзіцяці, сіняга каменя, сіняга шкла; а пад націскам — ога: маладога чалавека, старога акна.

2) Родны склон адзіночнага ліку жаночага роду не пад націскам мае канчаткі: ае (ай)—яе (яй): цікавае або цікавай кнігі; сіняе або сіняй паперы; калі-ж канчатак пад націскам, то будзе — ое—ой: маладое або маладой жанчыны; старое або старой хаты.

Практыкаваньне 44. У баязьлівага купца ні грошай, ні тавару. Ня бойся зьвяглівага, а кусьлівага. Нясьмелага ад няўмелага не распазнаеш. Старога вераб’я на мякіне не падманеш. З чужога каня і ў гразі злазяць. Роўны з роўнага цешыцца. Аднаго хіба птушынага малака няма. Ляцелі гусі з Беленькае Русі. Па вуліцы пацяклі равочкі каламутнае вады. Цякла крынічка халоднае чыстае вады. Плачуць думкі па вясьне, хочуць лепшай долі. Дзяўчынка прасіла хлеба для свае хворае мацеры. Ня было толькі сіняе стужкі. Ад дваровага злодзея не ўсьцеражэшся. Ад роднага таткі прыемны і латкі. Паслаўшы дурнога, а за ім другога. Аднэй печанай рэдзькі хіба ня ем. Ад чужога шалу ў галаве круціцца. Добрага сабаку на прывязі трымаюць. З гары ў даліну галубкі лятаюць, з белае бярэзіны лісьце аганяюць. Каля суседняга сяла было вялікае возера. У гэтым годзе ня было ні раньняй вясны, ні раньняй зімы. Хто новага ня бачыў, той і старому рад. У мае сястрыцы, у мае роднае — каліна ў дварэ. Пытайся не ў старога, а ў бывалага.

3. Вінавальны склон адзіночн. ліку жаночага роду.

Правіла 34. Прыметнікі жаночага роду адзіночнага ліку ў вінавальным склоне канчаюцца на ую—юю: бачу вялікую кнігу, добрую жанчыну, раньнюю зорку, сінюю паперу.

Практыкаваньне 45. Люблю я летнюю месячную ноч. У летнюю ноч вячэрняя зара з ранічнай сходзіцца. Многа работы залатому сонейку ў раньнюю вясну. Родную песьню ціха сьпявае сын Беларусі — мужык. Волю далёкую мне ўспамінаюць дні маладыя вясны. Маці ў службу выпраўляе родную дзяціну ды украдкам выцірае горкую сьлязіну. Заглядае сонца ўсюды: і ў бедную сялянскую хату, і на пяшчаную горку, і ў малую лагчынку, і ў лес, і на луг, і на поле. Сей у раньнюю вясну, але ня зьбірай у позьнюю восень. Дзяўчына купіла шырокую стужку. Прыемна глядзець на зялёную ніву. Цяжка ехаць у зімнюю буру.

4. Творны і месны склон.

Правіла 35. 1. Прыметнікі мужчынскага і ніякага роду адзіночнага ліку ў творным і месным склоне маюць канчаткі — ым—ім: новым пяром, новым сталом; на новым стале, на новым пяры; сінім колерам, на сінім колеры; сінім небам, на сінім небе.

2. а) Прыметнікі жаночага роду адзіночнага ліку ў творным склоне канчаюцца на — аю (ай)—яю (яй): босаю або босай нагою; новаю або новай кнігаю; сіняю або сіняй папераю; раньняю або раньняй вясною; а калі націск на канчатку, то будзе — ою (ой): дурною або дурной галавою.

б) У месным склоне прыметнікі жаночага роду адзіночнага ліку канчаюцца на — ай—яй, калі няма націску на канчатку: на босай назе, на новай хаце; на сіняй паперы, аб раньняй вясьне; а калі націск на канчатку, то будзе — ой: у дурной галаве, на старой хаце.

Практыкаваньне 46. Пустыя адзінокія могілкі прытуліліся на пяшчаным узгорку. На шырокім і доўгім панадворку было весела і крыкліва. Ляцелі гусі з Беленькае Русі, селі яны, палі на ціхім Дунаі. Не шчабячы, салавейка, у зялёным гаі, калі родная сямейка сірацее ў краі! Па ласым кусе я і вады нап’юся. У ліпавым кусьце мяцеліца мяце (сіта). Сядзіць паня на мурку ў чырвоным каптурку — хто ідзе, той паклоніцца (суніца). Кукавала зязюлечка ў зялёным гаі. Кажаны цьвіркаюць тоненькім піскам. У далёкім чыстым небе сьвецяцца зоркі. У цёмным яловым лесе вывела ваўчыха трох ваўчанят. Маладзён едзе ў чысьценькім полі на вараненькім коні. На шырокім полі расла старая купчастая бярэзіна. Будзь старанным, сынку: станеш чалавекам. З разумным пагаварыць — розуму набярэшся, а з дурным — апошні страціш. У маленькім гаршчочку кашка смачненькая (арэх). Высока стаіць яснае сонца на чыстым небе. У цёмным лесе не расло нічога. На беразе рэчкі, на сухім грудзе, стаяў стары дуб. Цэлае лета вісеў жолуд на старым дубе. На шырокім полі расла старая груша. У вішнёвым садочку ноч начавалі, у зялёным гаёчку сапачывалі (п.). Ой пад гаем зеляненькім здаўся мне сон дзівенькі! (п.). Рэчка ахінала сяло шырокім сталёвым поясам. На саломцы тонкай, у траве густой, сьпее-дасьпявае колас сіратой. (Я. К.) Няхай плачам ў сіняй далі песьня разальлецца! (Я. К.). Шкода хаткі мне старэнькай з латанай страхою, што над Нёмнам пахілілась горкай сіратою. Шкода мне зялёнай нівы, што шуміць у полі. Рад любавацца я кветкай убогай. За дурною галавою нагам няма спакою. У сіняй далі слаўся туман. На бітай дарозе трава не расьце. Крыкі знаёмыя, крыкі пявучыя льлюцца вячэрняй парой. Сьціхлі песьні зімняй буры. (Я. Кол.). Шчыраю рукою ўбрала лета ўвесь сьвет. Край неба блішчыць шырокаю чырвонаю стужкай. Раньняю вясною мы выехалі з гораду. На раньняй ральліцы родзіць жыта і пшаніца; на позьняй ральліцы родзіць куколь і мятліца (п.).

5. Аканьне ў канчатках прыметнікаў.

(Бач. прав. 11).

Правіла 36. Склонавыя канчаткі прыметнікаў усіх радоў падлягаюць аканьню, напр.:

1) Родны і давальны склон мужчынскага і ніякага роду адзіночнага ліку маюць канчаткі: ага—яга, аму—яму: добрага чалавека, новага акна; раньняга часу, сіняга неба; добраму чалавеку, новаму акну; раньняму часу, сіняму небу; (Бач. прав. 33).

2) Родны, давальны, творны і месны склон жаночага роду адзіночнага ліку маюць канчаткі: ае (ай)—яе (яй), ай—яй, аю (ай)—яю (яй): новае або новай хаты; сіняе або сіняй паперы; новай хаце, на новай хаце; к сіняй паперы, на сіняй паперы; новаю або новай хатаю, сіняю або сіняй папераю. (Бач. прав. 33 і 35).

Практыкаваньне 47. Аднаго хіба птушынага малака няма. Каля суседняга сяла было вялікае возера. Добрага сабаку на прывязі трымаюць. Лішняй капейкі ні ў кога няма. У сіняй далі слаўся туман. Сьціхлі песьні зімняй буры. Толькі дзе-ні-дзе жаўцее палоска позьняга аўсу ці ячменю. З поўначы цёмнае, з сіверу дальняга нудная восень прышла. Уляцела ластаўка ў гумно даведацца свайго даўнейшага леташняга доміка. Хто піў салодкае, той горкаму ня рад. К сіняму небу драбін не падставіш. Бяззубаму кепска. К добраму чалавеку можна ісьці на параду. Цякла крынічка чыстае халоднае вады. Рад любавацца я кветкай убогай. Плачуць думкі па вясьне, хочуць лепшай долі. Шкода хаткі мне старэнькай з латанай страхою, што над Нёмнам пахілілась горкай сіратою. (Я. Кол.). Прывет з далёкай стараны нам радасна нясуць яны. Шчыраю рукою ўбрала лета ўвесь сьвет. На бітай дарозе трава не расьце. Сам Алесь васьмігадовы, як ліст, скалануўся, бо ў бацькавай прамове страх яму пачуўся. (Я. Кол.). Край неба блішчыць шырокаю чырвонаю стужкаю. Крыкі знаёмыя, крыкі пявучыя льлюцца вячэрняй парой. Раньняю вясною мы выехалі з гораду. Цячэ рэчка невялічка з вішнёвага саду.

ІІ. Прыметнікі памяншальныя і ласкальныя.

Правіла 37. 1) Прыметнікі памяншальныя і ласкальныя канчаюцця на енькі, дзе е, як пасьля націску ў аснове (бач. прав. 14): сіненькі, тоненькі, новенькі, як — маленькі.

2) Пасьля зацьвярдзелых зычных гукаў канчатак будзе анькі: харошанькі, прыгожанькі.

Практыкаваньне 48. Віднеліся палоскі гароху з харошанькімі чырвоненькімі ды сіненькімі кветачкамі. Ластаўкі вылепілі харошанькае кругленькае гнязьдзечка. Самічка-ластавачка несла там свае маленькія рабенькія яечкі. Пшаніца дае бялюсенькую муку. Відаць былі зялёненькія стужкі лёну з сіненькімі галоўкамі. Сіненька, маленька — увесь сьвет адзяе (іголка). Перапаўся, бедненькі, як мядзьвежая лапа. Прыляцелі тры пташачкі чорненькія, як галачкі (п.). Тоненька, сасонка, тоненька! (п.) Хвартушок бяленькі ад сьлёз макрэнькі (п.). Я млода-младзюсенька за табою прапала (п.). Ой, як ночанька ясьнютка! (Я. К). Ляцелі гусі з Беленькае Русі, селі яны, палі на ціхім Дунаі. Кажаны цьвіркаюць тоненькім піскам. Па траве лёталі беленькія і чырвоненькія матылёчкі. Маладзён едзе ў чысьценькім полі на вараненькім коні.

ІІІ. Ступені прыраўнаньня.

Правіла 38. 1-я ступень — звычайная — мае канчаткі назоўнага склону адзіночнага ліку: зялёны — зялёная — зялёнае; сіні — сіняя — сіняе, сьляпое.

2-ая ступень — вышэйшая — мае канчаткі:

а) ейшы—ая—ае (эйшы—ая—ае): зелянейшы — зелянейшая — зелянейшае, вастрэйшы — вастрэйшая — вастрэйшае.

б) шы—шая—шае: большы — большая — большае, шыршы — шыршая — шыршае.

3-ая ступень — найвышэйшая — асобных канчаткаў ня мае. Яна выводзіцца: а) з вышэйшай ступені цераз прыбаўленьне прыстаўкі най: найвялікшыая—ае, найзелянейшыая—ае;

б) або цераз прыбаўленьне слоў: самы, за ўсіх, ад усіх — да звычайнай і вышэйшай ступені: самы вялікі, самы зялёны; за ўсіх найзелянейшы, ад усіх найвялікшы.

Увага: Некаторыя прыметнікі маюць няправільныя ступені прыраўнаньня: добры — лепшы — найлепшы; благі — горшы — найгоршы; малы — меншы — найменшы.

Практыкаваньне 49. Іншае дараванае даражэйшае за куплёнае. Лепш з добрым згубіць, чымсі з дурным знайсьці. Лепей лычны мір, чымсі раменная справа. Хто дужэйшы, той пружэйшы. Няма лепшай вячэрачкі, як у мамкі за столікам з родным братам-саколікам (п.). Простая лінія — карацейшая адлегласьць. Увясну дні становяцца даўжэйшыя, а ночы карацейшыя. Суніца саладзейшая за чарніцу. Арол — найдужэйшая птушка. Найцяжэйшай дазнаўся я страты. Дуб — самая даўгавечная расьліна. Леў — самы дужшы зьвер на сьвеце. Тыгра трошкі меншы за лева. Слонь — самая большая і самая разумная жывёла ў сьвеце. Заднія ногі ў зайца даўжэйшыя за пярэднія. Самым шчасьлівым жыхаром быў тут камень. На поўначы зіма даўжэйшая і халаднейшая за нашу. Ёсьць такія месцы на поўдні, дзе зіма лічыцца самай прыемнай парою году. Сіняе неба стала яшчэ сінейшае. Кожная грамада птушак выбірала сабе лепшае, выгаднейшае месца. Зоры далёкія, зоры бліскучыя ціха гараць над зямлёй. Уляцела ластаўка ў гумно даведацца свайго даўнейшага леташняга доміка.

IV. Скарочаныя прыметнікі.

Правіла 39. Калі аснова скарочанага прыметніка мужчынскага роду канчаецца на злучэньне двох зычных, то паміж гэтымі зычнымі зьяўляюцца не пад націскам галосныя — а—е: горкі — горак, кожны — кожан; поўны — повен, годны — годзен, жадны — жадзен, вінны — вінен; тут ненаціскное е застаецца, як пасьля націску ў аснове (бач. прав. 14).

Але калі націск падае на канчатак, то паміж зычнымі зьяўляецца галосны гук о (ё): салодкі — саладок, кароткі — караток, мудзёр, хіцёр.

Практыкаваньне 50. Сьпісаць і скарочаныя прыметнікі з устаўнымі гукамі а (о)—е (ё) падчыркнуць.

Грозен, да ня боязен. Мудзер лях па шкодзе. Хоць бяздворан, да ўсюды праворан. Дзякуй за полудзень: я і так ня голадзен. Повен хлявец белых авец (зубы). Жадзён (ніхто) з нас ня пойдзе туды. Ён нам не патрэбен. Сядзіць мой сакол смуцён, не вясёл. Чоран воран, да ня птах, шэсьць ног, да ня зьвер (жук). Урадзіўся канапель тонак, долаг, валакніст. Ня волен стаў яму белы сьвет. Ні думак, ні песень яго ніхто ня знаў і ня чуў ці не хацеў чуць. Удаўся гарох тонак і высок, і на лісьце шырок. Скажу, пан, табе бяз спорак: мне ўжо твой хлеб стаў горак. Славен наш гаспадар, славен над усімі гаспадарамі. Вот цяпер які люд стаў: хіцер, зол, няўдал, лукаў. Хто абадраны і нагі, к таму ніякай увагі, а адзетага багата мае пан за панібрата. Знаюць, ён крутнёй разжыўся; знаюць, сьлёз людзкіх напіўся, да чэсьць ад усіх яму, калі прыдзе ён к каму. А бядняк душой будзь чэсьцен — ён і злодзей, і бясчэсьцен (з старасьвецкага народнага вершу).