Беларускі правапіс (1927)/Часьць першая/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
§ 11. Правапіс адмоўных дапаможнікаў не, ні § 12. Правапіс іменьнікаў
Падручнік
Аўтар: Язэп Лёсік
1927 год
§ 13. Правапіс прыметнікаў

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




§ 12. Правапіс іменьнікаў.

1. а) Назоўны склон адзіночнага ліку.

Правіла 24. Калі іменьнікі стаяць у назоўным склоне адзіночнага ліку, то:

1) на канцы жаночага роду пішацца пры цьвёрдай аснове а, а пры мяккай аснове — я: вёска, рэчка, як сястра, вада; доля, вішня, як зямля, гульня;

2) на канцы ніякага роду (і ў вінавальным склоне) пішацца пры цьвёрдай аснове пад націскам о, бяз націску а: сяло, гняздо; мора, вока; а пры мяккай асндве пад націскам ё, бяз націску е: жыцьцё, гальлё; поле, сьмецьце, чытаньне.

Толькі ў такіх словах, як: цемя, вымя, рамя, бярэмя, стрэмя, зерня, на канцы будзе я, як імя, кураня, парася і інш.

Практыкаваньне 31. Каб воля, знайшоў-бы сабе поле. Ня разам Вільня збудавалася. Няведаньне ня чыніць граху. Нас запрасілі на вясельле. Лазьня стаяла за гумнамі. Яго доля ў канцы поля. Наша поле багата родзіць. Пры гасьцінцы стаяла кузьня. На хаценьне ёсьць цярпеньне. Няволя і плача, і скача. Старая чарэшня ссохла. Не канечне яму яечня. Поле роўна ляжыць, да гуляць не вяліць. Вам незнаёма нядоля людзкая, беднага жыцьця нуда. Змалочанае зерня веюць. Загула малатарня ў халодным асеньнім паветры. Полымя ахваціла ўвесь будынак. Гаспадыня падала сьнеданьне. Белае поле, чорнае насеньне, хто яго сее, той разумее (пісьмо). Чую прычытаньне, чую плач я нечы. Іван любіў езьдзіць на паляваньне. Гняздо сваё вожык робіць з сухога лісьця. Ускінуў бярэмя на рамя. Вецьце было купчастае. Дарма надзея была. Дурное палажэньне і добраму спакушэньне. Шчасьце цьвіло тут, як макавы цьвет. Круціць вецер сухое лісьце. Ня мела баба клопату, дык купіла парася. Стаіць хвоя на кургане. Сям’я душ трыста, багата, а ўсяго два локці хата. Сьвіньня стала рыць карэньне. Крыльля ў ветраку круцяцца ад ветру. Вецер паламаў гальлё. Настала добрае жыцьцё.

ЗАДАЧКА 23-ая. Сьпісаць і вамест рысак паставіць літару я або е.

Круглае пол—. Каб вол—, знайшоў-бы сабе пол—. Няшчасьц— ў дзецях — няшчасьц— ў лецях. Лазьн— стаяла за гумнамі. Нас запрасілі на вясельл—. Пры гасьцінцы стаяла кузьн—. На хаценьн— ёсьць цярпеньн—. Нявол— і плача, і скача. Старая чарэшн— ссохла. Не канечне яму яечн—. Пол— роўна ляжыць, да гуляць не вяліць. Поўна пун— авец. Загула малатарн—. Змалочанае зерн— веюць. Падае сухое лісьц— з дрэў. Стала пол— чыстае. Белае поле, чорнае насеньн—; хто яго се—, той разуме—. Чую прычытаньн—, чую плач я нечы. Брат любіў езьдзіць на паляваньн—. Чалавек мае ўяўленьн— і сумленьн—. Сьмецьц— выносяць на сьметнік. Вецьц— было купчастае. Студн— была на панадворку. Не караньн—, а сваё дураваньне. Нядзел— — сёмы дзень у тыдні. Гаспадын— падала сьнеданьн—. Полым— ахваціла ўвесь будынак. Ускінуў бярэм— на рам—. Дарма надзе— была. Спаленай нівы жаданьн— ня збыта: міма хмурынка прайшла. Усё пра шчасьц— нам казала. Пазычаньн— на неадданьн—. Зельл— заглушыла грады. Карэньн— пасохла. Няхай плачам ў сіняй далі песьн— разальлецца! Круціць вецер сухое лісьц—. Шчасьц— цьвіло тут, як макавы цьвет.

б) Назоўны склон множнага ліку.

Правіла 25. Іменьнікі множнага ліку ў назоўным склоне для ўсіх радоў маюць пры цьвёрдай аснове канчатак ы, а пры мяккай і гартаннай (задня-нёбнай) аснове — і: браты, хлопцы, гарады, подпісы; вокны, колы, нябёсы; сёстры, галовы, каліны; кавалі, рогі, краі, салаўі; полі, здарэньні, іменьні; дулі, ногі, рукі і г. д.

Але ад гэтага правіла здараюцца такія адступленьні:

1) Некаторыя іменьнікі з цьвёрдай асновай, апроч звычайных канчаткаў множнага ліку (ы), маюць і другія канчаткі, напр.:

а) іменьнікі з суфіксам — ан—ян ужываюцца і з канчаткам е, хоць лепш пісаць ы: селянін — сяляны — сяляне, мешчанін — мяшчаны — мяшчане, цыган — цыганы — цыгане, мінчанін — мінчаны — мінчане, баярын — баяры — баяра (тут гук „а“ заместа гука „э“ пад уплывам аканьня).

б) іменьнікі з суфіскам — ат—ят (назовы маладых жывёлін) ужываюцца і з канчаткам а, але лепш пісаць ы: кураня — кураняты — куранята, лісяня — лісяняты — лісянята, ваўчаня — ваўчаняты — ваўчанята, цяля — цяляты — цялята; таксама небажа — небажаты — небажата, дзяўча — дзяўчаты — дзяўчата, курча — курчаты — курчата і інш.

Часам ужываюцца і такія формы: рукаў — рукавы — рукава, вароты — варота, дровы — дрова.

2) Наступныя іменьнікі з цьвёрдаю асноваю маюць канчатак і заместа ы: сусед — суседзі, люд — людзі, гон — гоні (пэўная мера зямлі), чорт — чэрці, калена — калені; радзей сустракаецча ў гэтых словах канчатак ы: чарты, суседы, гоны, калены.

3) Толькі адзін канчатак а заўсёды маюць наступныя словы: жыта — жыта́, хлеб — хляба, грунт — грунта, таксама брацьця, плацьця; гэта зборныя іменьнікі жаночага роду, як: дзятва, чарва, мальгва, благата́; напр.:

Хоць сінія плацьця, а ўсё наша брацьця (п.). Шэсьць палоцен — ці ня плацця была (п.).

2. а) Родны склон адзіночнага ліку.

Канчатак а—я.

Правіла 26. 1) Калі іменьнік мужч. роду адзіночнага ліку азначае прадмет жывы, то ў родным склоне канчатак будзе а—я: брата, чалавека, вераб’я, злодзея.

2) Канчатак а—я ў родным склоне маюць і а) тыя іменьнікі мужчынскага роду, што азначаюць прадметы няжывыя, але вобразныя: куст — куста, малаток — малатка, кошык — кошыка;

б) а таксама назовы месяцаў: 1-га мая, студня, кастрычніка.

3) Канчатак а—я ў родным склоне маюць і іменьнікі ніякага роду адзіночнага ліку: сяло — сяла, акно — акна, мора — (чаго ня бачыў?) — мора, неба — (чаго ня бачыў) — неба; поле — поля, шчасьце — шчасьця, жыцьцё — жыцьця, гальлё — гальля.

Канчатак у—ю.

1) Канчатак у—ю ў родным склоне маюць іменьнікі мужч. роду адзіночнага ліку ў тых разох, калі іменьнік азначае прадмет падзельны або ўяўны: няма тутуну, туману, сьвету, дажджу, шроту, люду, народу, бору, роду, ценю; з вялікага клопату, гневу, плачу, прымусу, жалю.

Частка такіх прадметаў звычайна называецца імем цэлага прадмета; гэта значыць, канчатак у—ю азначае родны склон часьці ад неазначальнага цэлага: няма сьнегу, дыму, попелу, пяску, агню, ветру, суму, клопату, запалу, поступу, рынку, грому, лому, факту і інш.

2) У назовах устаноў чужаземнага пахаджэньня ў родным склоне таксама пішацца у: народнага камісарыяту, вакол парлямэнту, да інстытуту і г. д.

3) Часам адзін і той-жа іменьнік у родным склоне ўжываецца то з канчаткам а—я, то з у—ю ў залежнасьці ад таго, што ён абазначае.

а) Калі абазначае асобны прадмет з пэўнаю формаю, то ў родным склоне будзе канчатак а—я: няма (асобнага прадмета) каменя, гада, зьвера, ліста, папера (дакумэнта, напр.).

б) А калі гэтым-жа іменьнікам абазначаецца нешта зборнае, бясформенае, то будзе канчатак у—ю: няма каменю (каменьняў, масы); там зьверу шмат і ўсялякага гаду; назьбіралі лісту; не хапіла паперу.

4) У некаторых словах (іх вельмі мала) у родным склоне канчатак а—у ўжываецца аднолькава, з роўным значэньнем, напр.: з моста і з мосту, аўса і аўсу, чацьвярга і чацьвяргу, дня і дню, плота і плоту.

Практыкаваньне 32. На вуліцу сьмецьця ня выносяць. Прыглядайцеся да жыцьця белага сьвету. Ня шукай ты шчасьця-долі на чужым далёкім полі! За туманам сьвету ня відно. У чужое проса ня сунь носа. На гэта ня было ўгавору. Маленькі сабачка да веку шчаня. Нідзе агню ня відно. Жаўцеюць палоскі позьняга аўсу ці ячменю. Бегала ліска каля лесу блізка. Без правадыра войска гіне. За вачыма сьвету ня бачыць. Няма дыму без агню. Вада затапіла многа берагу. На беразе стаяла многа народу. Далёка ад нашага краю ёсьць вялікія азёры, або моры. Ад чужога шалу ў галаве круціцца. У чужую галаву розуму не накладзеш. Шукай ветру ў полі. Каяньне ёсьць, да павароту няма. Голы разбою не баіцца. У страха вочы вялікія. Ня мела баба клопату, дык купіла парася. Без абручыка, бяз дна — нідзе дзірачкі няма (яйцо). Пасярод лесу дзежка кісьне (яблык). Не разьбіўшы гаршчочка, ня будзеш есьці кашкі (арэх). Тань, да тавару ня гань. З чужога коніка і ў гразі злазяць. Нават свойскія качкі і гусі пачуваюць час выраю. Усе птушкі слухаюць свайго правадыра. Каля шляху, у чыстым полі, магіла стаіць. Недалёка ад берагу было падводнае каменьне. Баючыся трэску, і ў лес ня трэба хадзіць. Штодня варкатня.

ЗАДАЧКА 24-ая. Сьпісаць і паставіць канчаткі а—я або у—ю.

У чужое проса ня сунь нос—. Няма дыму без агн—. У пужлівага купц— ні грошай, ні тавар—. Маленькі сабачка да век— шчаня. Гэтага цьвет— па ўсім сьвету. За туманам сьвет— ня відно. І дн— таго няма, каб было спакойна. Нідзе агн— ня відно. На гэта ня было ўгавор—. Жаўцеюць палоскі позьняга аўс— ці ячмен—. Вада залівала многа бераг—. Далёка ад нашага кра— ёсьць вялікія азёры, або моры. З вялікага гром— часам малы дождж бывае. Дожджык — просіць зялёнае жыта. Хоча даждж— ярына. У страх— вочы вялікія. Ня мела баба клопат—, дык купіла парася. Без язык—, а мудра гаворыць (кніга). Без абручык—, бяз дна — нідзе дзірачкі няма (яйцо). Пасярод лес— дзежка кісьне (яблык). Багатаму шкада карабл—, а беднаму кашал—. Не разьбіўшы гаршчочк—, ня будзеш есьці кашкі (арэх). Паложана пячаць, без тапар— не пачаць (лёд). Бегала ліска каля лес— блізка. Бяз провад— войска гібне. Ні род—, ні плод—, як бел-камень у воду. Ані гарэлага шэлег— няма. Што з воз— ўпала, то прапала. Баючыся трэск—, і ў лес ня трэба хадзіць. Дай каню аброк—, прыедзеш к сроку. Шукай ветр— ў полі. Мур— лобам не разаб’еш. За посул гнев— няма. З поўначы цёмнае, сівер— дальняга нудная восень прыйшла; з луг— зялёнага жыцьцё-красу прыняла. Недалёка ад бераг— было падводнае каменьне. Ад холад— мошкі зашываюцца ў шчыліны. Навет свойскія качкі і гусі адчуваюць час выра—. Усе птушкі слухаюць правадыр—. Каля шлях—, у чыстым полі, магіла стаіць. Свайго розум— нікому ня ўложыш.

б) Родны склон множнага ліку.

Правіла 27. І. Мужчынскі род.

1) У родным склоне множнага ліку ўсе іменьнікі мужч. роду звычайна маюць пад націскам канчатак оў—ёў: братоў, сталоў, пнёў, ласёў, а не пад націскам — аў—яў: народаў, страхаў, локцяў.

2) Некаторыя іменьнікі мужчынскага роду множнага ліку маюць чыстую аснову (без канчатку), напр.:

а) іменьнікі з устаўкаю ан—ян: сяляне — сялян, мяшчане — мяшчан, цыгане — цыган;

б) таксама словы: дзень, раз, год, чалавек, рог, і інш., напр.: сем дзён, сто раз, шэсьць год, дзесяць чалавек, некалькі рог, (заместа „днёў“, „разоў“, „гадоў“, „чалавекаў“, „рагоў“).

3) Тры словы мужч. роду: госьць, конь, грош, у родным склоне множнага ліку пад націскам маюць канчатак ей, а не пад націскам — ай—яй: госьць — гасьцей, конь — коняй, грош — грошай, як людзі — людзей, а часам — лапцей. (Вышлі на поле жнеі з сярпамі ў лапцях лазовых, а хто без лапцей. Я. Кол.).

ІІ. Ніякі і жаночы род.

1) У родным склоне множнага ліку іменьнікі ніякага і жаночага роду звычайна маюць форму чыстае асновы (без канчатку), напр.: сёлы — сёл, вароты — варот, дровы — дроў, леты — лет, яйцы — яец, плечы — плеч, гарадзішча — гарадзішч; рэкі — рэк, галовы — галоў, маліны — малін і г. д., як: сяляне — сялян, мяшчане — мяшчан (бач. І. Мужч. род 2), хоць можа быць канчатак аў—яў: малінаў, вішняў; вокнаў, лісьцяў і г. д.

2) У тых разох, калі аснова канчаецца на злучэньне двух ці больш зычных, паміж зычнымі зьяўляюцца ўстаўныя гукі: пад націскам о—ё, а не пад націскам — а—е, напр.: кросны — красён — кросен, вёдры — вядзёр — вёдзер, землі — зямель, песьні — песень, палотны — палацён — палоцен, лазьня — лазень, вішня — вішань, вокны — вакон — вокан, жорны — жарон — жоран, сарочкі — сарачок — сарочак і г. д., але вёрсты — вёрст (бёз устаўнога гука).

Увага. 1) Устаўное е застаецца ў такіх разох, як у васнове пасьля націску: кросен, палоцен, песень, лазень. (Бач. прав. 14).

2) Такія ўстаўныя гукі бываюць і ў скарочаных прыметніках іменных (бач. § 13, прав. 39).

Практыкаваньне 33. Накапаў ён (Нёман) ям і нораў. І насіў ты (Нёман) крыгаў горы. Колькі новых малюнкаў, сьвежых мотываў і таемных здарэньняў абяцаюць яны (гасьцінцы) вачом і сэрцу падарожнага. Многа страшных здарэньняў успомнілі хлопцы. Дзе прыгляднікаў многа, там посьпеху мала. Зьвініць вясёлых бомаў медзь. Вожыкі робяць сабе гнезды з лісьцяў. Кажаны ня робяць сабе гнездаў на зіму. На галінах дрэў птушкі спаць ляглі. У ваднае мацеры пяць сыноў. Ішло хлопцаў дваццаць пяць — пасьля зімы сьляды знаць (барана). Далёка я ад межаў родных. Збожжа пажатае з ніваў пазвожана. У хлопцаў былі поўныя кошыкі баравікоў. Вецер ліст з палёў атрос. Льлецца Нёман паміж гораў сьветлы, чысты, як з расы. Станьце, хмурынкі, над рубяжамі родных палеткаў, шнуроў. Толькі-ж ня слухае неба іх мовы — жальбы ржаных каласоў. Шум некі ад пушчаў нясецца.

Практыкаваньне 34. Сьпісаць і формы роднага склону іменьнікаў муж., жаноч. і ніякага роду множн. ліку падчыркнуць.

Гасьцей з усіх валасьцей. Няхай нас сустрэнуць з касамі, з сярпамі грамады працоўных людзей! Дзе нянек многа, там дзіця бязнога. Аж дзервянее у жнеек рука. Поўна хатка людзей — нідзе ні вокан, ні дзьвярэй (гарбуз). Стаіць Грыгор паміж гор, палкаю падпёршыся, шапкаю накрыўшыся (грыб). З сямі поль пшанічанька, з васьмі крыніц вадзічанька, дзевяці кароў масла, а яец паўтараста (п.). Лятала стада курапат па полю, вялі зязюлечку з сабою (п.). Саладок мядок для нашых дзяток. Дзеці нарабілі сабе лялек. Калі сам ня знаеш, то ў людзей пытай. Ліс хоць сьпіць, але курэй бачыць. У нашым садзе многа вішань. Ляціць бяз крыл у гадзіну сто міль (вецер). На сем вёрст адзін мост. Семсот сарочак, семсот намётак, а падзьме вецер, адкрые ўсё цела, хоць адзежа на ёй цэла (птушка, курыца). Рук ня мае, а піша (мароз). Купіў-бы сяло, але грошай гало. Коняй патапілі, сукні памачылі. Ёсьць у нашым краі многа азёр. Людзі любяць сяліцца каля рэчак. Ня ўважыць чужаніца ручак тваіх белых. Палавіна лет мінае — я шчасьця ня знаю. Сонца блеск свой апусьціла на зямлю з высот. Ты куды бяжыш, дарога — тканка ног і кола? Скажу табе бяз спорак: мне ўжо хлеб твой стаў горак.

3. Месны склон адзіночнага ліку.

Месны склон мае канчаткі: 1) е—э, 2) і—ы і 3) у.

Правіла 28. 1) На е канчаюцца іменьнікі ўсіх радоў з цьвёрдым зычным перад канчаткам (з цьвёрдай асновай) — бяз націску на канчатку: на дубе, па беразе, на парозе; у хаце, па кнізе, пры рабоце, на целе, на небе, у коле, як і з націскам на канчатку: на стале, на вале; на вадзе, па галаве; на сяле, на акне.

На э канчаюцца: а) іменьнікі жаночага роду з асноваю на к, калі націск прыходзіцца на канчатак: на руцэ, у руцэ; на рацэ, у рацэ. (Рыба ў рацэ, да ня ў руцэ).

б) Здараецца і мужчынскі род з асноваю на р у месным склоне з канчаткам э: на дварэ, у дварэ.

2) Канчатак і маюць: а) Іменьнікі ўсіх радоў з мяккім зычным перад канчаткам (з мяккай асновай): на кані, па камені, па локці; па зямлі, у кузьні, на косьці; па полі, на гальлі, пры жыцьці.

б) Іменьнікі мужчынскага роду, што канчаюцца ў назоўным склоне адзіночнага ліку на й: гай — у гаі, Дунай — на Дунаі, рай — у раі, салавей — пры салаўі, верабей — на вераб’і.

Канчатак ы маюць іменьнікі ўсіх радоў з асноваю на зацьвярдзелыя гукі: ж, ч, ш, ц, р, а ў жаночым роде і на к: на нажы, па абручы, у салашы, на канцы, па бары, на тапары; у дзяжы, па печы, на душы, у кашы, па вуліцы, на гары; на плячы, на вогнішчы, на сонцы, па сэрцы, у дабры, па моры; на лаўцы, пры матцы, у шапцы.

Увага: Іменьнікі жаночага роду адзіночнага ліку ў давальным і месным склоне заўсёды маюць аднолькавыя канчаткі: к зямлі — на зямлі, к галаве — па галаве, к гары — на гары і г. д.

3) а) Калі іменьнікі мужч. роду з асноваю на зацьвярдзелыя гукі: ж, ч, ш, ц, р азначаюць асобу чалавека, то месны склон мае аднолькавы канчатак з давальным, гэта значыць — у: к мужу — пры мужу, Лукашу — на Лукашу, Багдановічу — пры Багдановічу, Грыгору — на Грыгору, купцу — на купцу, немцу — па немцу, кітайцу — пры кітайцу.

б) У месным склоне таксама будзе канчатак У (як і ў давальным), калі іменьнікі мужч. і ніякага роду маюць аснову на к: на суку, ў Менску, у Слуцку, пры чалавеку, аб ваўку; на воку, на веку, у малаку.

Увага: 1) Калі іменьнікі мужч. і ніякага роду маюць аснову на г ці х, то месны склон можа мець таксама канчатак у, як і з асноваю на к: у страху, на парогу, у вуху, на воку; але калі гартанная аснова зьмякчаецца, то будзе канчатак е ці ы: у страсе, на парозе, па вусе, на воцы.

2) Таксама зьмякчаюць гартанную аснову ў давальным і месным склоне іменьнікі жаночага роду: г на з, к—ц, х—с, напр.: нага — назе — на назе, шапка — шапцы — у шапцы, саха — сасе — на сасе.

Практыкаваньне 35. Паліўся срэбрам сьпеў прыгожы ў далёкай сіняй вышыні. Цэлы гай старасьвецкіх дубоў раскінуўся па беразе рэчкі. Ціха месяц адзінокі ходзіць у небе над зямлёй. Усё зьмяшалася ў тумане. Толькі на лузе блішчыць яшчэ сьнег і лёд. На злодзеі шапка гарыць. Бяда не па лесе, а па людзях ходзіць. Дзесятая вада на кісялі. Над збожжам убогім вецер гуляе на волі. У белым сьнезе маладняк. Ходзяць па полі ў задуме мужчыны. Моцна хлопец занудзіўся па бацьку, па маме. На старасьці дзьве радасьці. Пад стольлю ў павуціне б’ецца муха-сіраціна. На гальлі старога дуба было буслава гняздо. Кветка красуе на грунце убогім. Сьвежая магіла выкапана ў доле. Узімку ў лесе і на полі шмат менш птушак і зьвяроў. Салавейка жыў у зялёным гаі. Зябнуць вербы на марозе. Ходзіць шум па лесе. Пастушкі сядзелі пры агні. Ў родным краі ёсьць крыніца жывой вады. Каня водзяць на вобраці. Многа смутку ў песьні гэтай. Быў на кані і пад канём. На дварэ было цёмна, як у скляпеньні. Па сіняй раўніне за хмаркаю хмарка плыве. У хаце сьвяцілася газьніца.

Практыкаваньне 36. Ярка на камінку смольны корч палае. Бацька на калодцы лапаць выплятае. Птушка сядзела на суку. На гасьцінцы рос стары беразьняк. І на сонцы ёсьць плямы. Нудна на сэрцы. Маладзенькая травіца блішчыць на сонцы. У ціхую пагоду хораша на моры. Па возеры плавалі гусі і качкі. Вада ў моры горка-салоная. Марскія стварэньні і расьліны ў рэчцы ці ў возеры жыць ня могуць. Ката ў мяшку ня купляюць. Будзе кірмаш і на нашай вуліцы. На вяку ўсяго нажывеш. Шкадлівай кошцы хвост уцінаюць. На сваім сьметніку і певень сьмелы. На ўзгорку былі сялянскія могілкі. Ня кукуй ты, шэрая зязюля, сумным гукам у бары! Сірату пакінулі жыць пры купцу. Рана была на пальцы. Агонь разлажылі на леташнім вогнішчы. Блішчалі зоры ў нябесным прасторы. Не адзін Гаўрылка, што ў Полацку. Старой бабцы хораша і ў шапцы. Пры цару была паншчына. А воўку памоўка, а воўк тут. Быць бычку на лычку, а кароўцы на вяроўцы. На пажарышчы часова стаяла новая будова. У канцы грэблі шумяць вербы. За сялом, у полі, у жоўценькім пясочку, пахавала маці маладую дочку. Ня было уцехі ў мацярынскім горы. На абшары тым шырокім прыгожа нівы красавалі.

ЗАДАЧКА 25-ая. Сьпісаць і паставіць, дзе трэба, заместа рысак, літары Е або І.

Паліўся срэбрам сьпеў прыгожы ў далёкай сіняй вышын—. Ціха месяц адзінокі ходзіць ў неб— над зямлёю. Усё зьмяшалася ў туман—. Ціха на пол— ў палудзень гарачы. Сьвішчуць сані на мароз—. У белым сьнез— маладняк. Моцна хлопец занудзіўся па брац—, па мам—. Над збожжам убогім вецер гуляе на вол—. Ходзяць па пол— ў раздум’— мужчыны. Бронісь быў самы маленькі ў хац—. Сьвежая магіла выкапана ў дол—. Узіму ў лес— і на пол— шмат менш птушак і зьвяроў. У родным кра—, як у ра—. Салавейка жыў у зялёным га—. На бераз— рэчкі стаяла цэлая куча народу. На злодзе— шапка гарыць. Дзесятая вада на кісял—. Зябнуць вербы на мароз—. Ходзіць шум па лес—. Пацямнела ў хац—. Вее вецер за вугламі, у комін— галосіць. Кветка красуе на грунц— ўбогім. На пагорку, у чыстым пол—, крыж стаіць убогі. Па сіняй раўнін— за хмаркаю хмарка плыве. На балоц— з чаратамі лазьнякі шапталі. Трэцца жыта ў пыл на просьц—. Многа смутку ў песьн— гэтай. У родным кра— ёсьць крыніца жывой вады. Пад стольлю ў павуцін— б’ецца муха-сіраціна. Ветрык паўднёвы ў луз— квяцістым калыша траву-сенажаць. Бусел клякоча ў гнязьдз— над хваінай. На дварэ было цёмна, як у скляпеньн—. На гальл— старога дуба было буслава гняздо. На старасьц— дзьве радасьці. Каня водзяць на вобрац—, а злодзея на ланцузе. Гэты цьвеце па ўсім сьвец—. Ня шукай ты шчасьця-долі на чужым далёкім пол—! На курган— расла прыгожая грушка. У хац— сьвеціць газьніца. У жыцьц— ўсяго нажывеш. Сядзеў на прызьб— стары дзед.

ЗАДАЧКА 26-ая. Сьпісаць і паставіць, дзе трэба, літары Ы, У.

Птушка сядзела на сук—. На гасьцінц— рос стары беразьняк. Нудна на сэрц—. Ярка на камінк— смольны корч палае. Бацька на калодц— лапаць выплятае. На магілц— стаяў трухлявы крыж. І на сонц— ёсьць плямы. Маладзенькая травіца-атава блішчыць на сонц—. Загула малатарня ў халодным асеньнім паветр—. На паліц— дзьве сініцы. У ціхую пагоду хораша на мор—. Па возер— плавалі гусі і качкі. Вада ў мор— горка-салоная. Марскія стварэньні і расьліны ў рэчц— ці ў возеры жыць ня могуць. Ката ў мяшк— ня купляюць. На вяк— ўсяго нажывеш. Прыехала каляда на сівым конік—. Яго доля ў канц— поля. На адным месц— і камень абрастае. Будзе кірмаш і на нашай вуліц—. Шкадлівай кошц— хвост уцінаюць. На сваёй лаўц— і памерці добра. На сваім сьметнік— і певень сьмел—. Па вуліц— бегалі дзеці. На ўзгорк— былі сялянскія могілкі. У вёсц— па хатах засьвяціліся агні. У бар— растуць баравікі. Па летнік— грэбля была да ракі. Вада ў рэчц— несалоная. У гушчар— яловага лесу вывела ваўчыха трох ваўчанят. Блішчалі зоры ў нябесным прастор—. Сірату аставілі жыць пры купц—. На пальц— была рана. Па гасьцінц— ехалі людзі. Агонь разлажылі на леташнім вогнішч—. Кепска ў Менск—, пане Каранеўскі! Пры цар— была паншчына. А воўк— памоўка, а воўк тут. Быць бычку на лычк—, а кароўцы на вяроўц—. За сялом, у полі, ў жоўценькім пясочк—, пахавала матка маладую дочку. Ня было уцехі ў мацярынскім гор—. Я цяжкі смутак у сэрц— маю. На пажарышч— часова стаяла новая будова. У бярэзьнік— стаяла лясьнікова будка. На абшар— тым шырокім прыгожа нівы красавалі. Матылёчкі залатыя на сонц— крыльцамі блішчалі. У гаспадарц— быў парадак. У канц— грэблі шумяць вербы.

4. Аканьне ў склонавых канчатках іменьнікаў.

Правіла 29. Склонавыя канчаткі іменьнікаў звычайна падлягаюць аканьню (бач. прав. 11), напр.:

1) Родны склон множнага ліку ўсіх трох радоў не пад націскам мае канчатак: а) аў—яў, напр.: народаў, хлопцаў; гнёздаў, тапарышчаў; нораў, крыгаў; локцяў, прыяцеляў; здарэньняў, іменьняў; земляў.

б) толькі два словы мужч. роду маюць канчатак ай—яй: грошай, коняй (бач. практык. 33).

2) Канчаткі давальн. склону множн. ліку: ам—ям, напр.: народам, хлопцам; гнездам, тапарышчам; норам, крыгам; локцям, прыяцелям; здарэньням, іменьням; землям, каплям.

3) Канчаткі творнага склону: амі—ямі, напр.: народамі, хлопцамі; гнёздамі, тапарышчамі; норамі, крыгамі; локцямі, прыяцелямі; землямі, каплямі.

4) Канчаткі меснага склону: ах—ях, напр.: аб народах, хлопцах; на гнёздах, тапарышчах; у норах, на крыгах; на локцях, прыяцелях; пры здарэньнях, іменьнях; у землях, каплях.

5) Творны склон адзіночнага ліку мужч. і ніякага роду з цьвёрдаю асноваю не пад націскам мае канчатак — ам: народам, хлопцам; морам, целам.

Але калі іменьнікі мужч. і ніякага роду з мяккаю асноваю, то ў творным склоне канчаткі не падлягаюць аканьню: локцем, аленем, гаем, раем; полем, пытаньнем, здарэньнем, бацьвіньнем.

У жаночым родзе ў такіх разох канчатак будзе — яю—яй: лазьняю або лазьняй; кузьняю ці кузьняй; гаспадыняю або гаспадыняй.

Практыкаваньне 37. Мяккі сьнег лятае пухам. Лес туманам заснаваўся. За хвалямі хвалі бягуць. Пасьпех — людзям на сьмех. Увосень можна бачыць, як вожык нясе на сваіх калючках сухое лісьце ў гняздо. Даль неласкава туманам-смагаю пакрыта. Каласочкі на саломках галоўкай качаюць. Будуць жыці дзеткі патомныя добраю доляй, доляй шчасьліваю. Белаватаю пялёнкай уздымаецца туман над лугамі. Пішчаць дзесь чайкі на балотах. Вераб’я падманваюць каноплямі, а чалавека словамі. Стаіць Грыгор паміж гор, палкаю падпёршыся, шапкаю накрыўшыся (грыб). Няма лепшай вячэрачкі, як у мамкі за столікам з родным браткам-саколікам. Я ў мамачкі ў госьцях была і з брацейкам гаварыла. Пазарастаюць сьцежачкі ельнічкам-бярэзьнічкам, вадзіцаю закоцяцца. Я сваімі сьлёзкамі лугі тапіла, я сваімі сухотамі лясы сушыла. Буслы ходзяць чародамі па лузе. Вочы рыся вялікія, лупатыя, з касматымі бровамі.

Практыкаваньне 38. Цярпеньнем і працай горы пераносяць. Вучэньне паможа змагацца з нядоляй, з няволяй. Белым інеем пакрыты на гасьцінцы беразьняк. Уюцца думкі смутным роем. Крыўдзіцеляў зможаш, як цёмен ня будзеш. За баляваньнем ходзіць галадаваньне. За гаем пачыналася роўнае поле. За хвалямі хвалі бягуць. Песьняй душу весялі. Пасьпех — людзям на сьмех. Грады зарасьлі зельлем. Бачаньнем жорава ня зловіш. Некім жалем веяла ад старэнькае хаты. Вада патрэбна і расьлінам, і стварэньням. Конь прывязан повадам, а госьць полуднем. З надзеяй сеем жыта мы ўвосень; з надзеяй сустрачаем выраі вясной. Ой пад гаем зеляненькім здаўся мне сон дзівенькі! На ўсходзе неба грала полымем пажару. Блескам-дрыгаценьнем зорка замігала. Як я полем іду, колас гнецца ка мне. Жалем сьціскаюцца грудзі. Любая думачка зданьнем шчасьлівым, сонейкам ясным стаіць. Дурань з дурнем схадзіліся ды адзін на другога дзівіліся. Кучка топаляў стаіць. Многа страшных здарэньняў успомнілі хлопцы. Вецер стогне над ім уздыханьнем глухім.

ЗАДАЧКА 27-ая. Сьпісаць і паставіць, заместа рысак, літары Е, Я.

За баляваньн—м ходзіць галадаваньне. Цярпеньн—м і працай горы пераносяць. Белым іне—м пакрыты на гасьцінцы беразьняк. Уюцца думкі смутным ро—м. Песьн—й душу весялі. За хвал—мі хвалі бягуць. За га—м пачыналася роўнае поле. Пасьпех — людз—м на сьмех. Грады зарасьлі зельл—м. Бачаньн—м жорава ня зловіш. Некім жал—м павявала ад старэнькае хаты. Вада патрэбна і расьлінам, і стварэньн—м. На зямлі жыве многа ўсялякіх стварэньн—ў. З шчасьц—м добра і грыбы зьбіраць. Ліхадзе—м на безгалоўе, а добрым людз—м на здароўе. Конь прывязан повадам, а госьць полудн—м. З надзе—й сеем жыта мы ўвосень; з надзе—й сустрачаем выраі вясной. Ой пад га—м зеляненькім здаўся мне сон дзівенькі! На ўсходзе неба грала полым—м пажару. Блескам-дрыгаценьн—м зорка замігала. Як я пол—м іду, колас гнецца ка мне. Чорныя хмары па неб— плывуць. Колас нязжаты на нів— стаіць. Вучэньне паможа змагацца з нядол—й, з нявол—й.

5. Клічны склон.

Правіла 30. У значэньні клічнага склону часта ўжываецца назоўны склон: Паслухай, братка! Годзе маркоціцца, хлопцы, дзяўчаты! Гніся, кум, ня гніся, а каля кішэні павярніся!

У іменьнях жаночага і ніякага роду клічны склон заўсёды аднолькавы з назоўным, напр.: Літва, родная зямелька! Жальцеся, звонкія струны! О, поле, поле, хто цябе ўсеяў мёртвымі касьцямі?

Клічны склон мае свае асобныя канчаткі толькі ў іменьнях мужч. роду.

А) У клічным склоне іменьнікі мужч. роду адзіночнага ліку маюць канчаткі: 1) у—ю, 2) е—а.

1. Канчатак у маюць:

а) іменьнікі з асноваю на к: братку, галубочку, дубочку, коніку, лебедзіку, хлопчыку, чалавечку, сынку, дзядзьку і інш.

б) іменьнікі з асноваю на зацьвярдзелыя гукі — ж, ш, ч, р: мужу, крыжу, вужу, пісару, гаспадару, бору, яшчару, Лукашу і інш.

Канчатак ю маюць усе іменьнікі з мяккай асновай (з мяккім зычным перад канчаткам) і з канчаткам й (ёт) у назоўным склоне: коню, прыяцелю, селезьню, кавалю, дурню; краю, гаю, раю, гультаю, дабрадзею, пакою, караваю і інш.

2. а) Канчатак е маюць усе іншыя іменьнікі з цьвёрдаю асноваю: браце, Іване, голубе, дубе, Паўле, родзе, суседзе, Сямёне, саколе, абедзе, гаросе (і — гароша).

б) Але некаторыя іменьнікі заместа е (а часам і поплеч з е) маюць канчатак у: сыну, (Бачыш, сыну мой, як гаруема; бачыш, сыне мой, як працуема), дзеду, духу, тату, люду, дубу (і — дубе), свату (і — сваце).

в) Калі аснова канчаецца на — г, к, х, ц, то гэтыя гукі ў клічным склоне зьмяняюцца на — ж, ш, ч, і тады заместа е будзе канчатак а: друг — дружа, луг — лужа, чалавек — чалавеча, казак — казача, воўк — воўча, ойцец — ойча, хлопец — хлопча, купец — купча.

Б) У множным ліку клічны склон ад іменьнікаў мужч. роду мае канчатак — ове: мужове, сватове, людкове, швагрове, братове, сынове і інш.

Практыкаваньне 39. Сьпісаць і клічныя формы падчыркнуць.

Барысе, Барысе, сам бараніся. Языча, языча! ці ліха цябе мыча: ва мне сядзіш, а мне дабра ня зычыш. Сівы галубочку сядзеў на дубочку. Едзе казача, едучы плача. Дзень добры, братове! Бачыш, сыну, як гаруема; бачыш, сынку, як працуема. Ой, панове старастове, каб вы не даждалі, каб мы вам па дровы ў нядзелю ехалі! Станьма, Ясю, начаваць, агонь сіні раскладаць! Ой, воўча, сядзі моўча! На табе, нябожа, што мне ня згожа. Мой мілы пакою, добра мне з табою! Прыступі, гаспадару, да свайго караваю! Люлі, сьпі, мой сынку! Ой, Дунаю, Дунаю! як-жа нам да пазваць цябе? Павесь шапачку, мой сыне! Краю мой родны, колькі ты зносіў нядолі?! За праўду, за шчасьце, за лепшую долю вазьміся, мой дружа, пастой! Не хадзі, коце, па хаце, не пабудзі дзіцяці! Дам табе, косю, шаўковай травы; дам табе, косю, крынічнай вады! Ты, злотнічку, ты, работнічку, скуй ты мне тры надобачкі! Ой бору, мой бору, што ты, бору, ня шумён? Ой сватку, наш сватку, пусьці нас у хатку! Вы, мужове, гаварэце мужское! Сядай, малойча, паедзем разам. А мой малойчыку! хадзі да нас, будзе нам весялей. Квіта, пане Мікіта! Кепска, пане Грыгоры: што далей, то горай. Папаўся, жучку, у белую ручку! Вярні, маці, шубу — едуць дзеці з шлюбу! (п.). Расьці, зельле, градою, застаюся ўдавою! Знаць, ты, дзіцятка, сем лет ляжала, што твая кветка на вадзе завяла!

6. Канчаткі памяншальна-ласкальных іменьнікаў.

Правіла 31. Некаторыя памяншальна-ласкальныя іменьнікі маюць устаўку (суфікс) — ак або ык, якая не пад націскам чуваць нявыразна.

Калі ў родным склоне нявыразны гук выпадзе, то пішацца ак: ельнічак — ельнічка, чаўночак — чаўночка, садочак — садочка; а калі ня выпадзе, то будзе ык: пальчык — пальчыка, галубчык — галубчыка, дубчык — дубчыка.

Практыкаваньне 40. Сьпісаць і словы з суфіксам ак—ык падчыркнуць.

Бедна наша галовачка, што чужая староначка. Няма лепшай вячэрачкі, як у мамкі за столікам з родным браткам-саколікам. Разумен гаршчочак, а ў ім сем дзірачак (галава). Поўны падпечак белых курачак (зубы). За бярэзьнічкам брэша талалайчык (язык). Гаспадарочак, гаспадарочак! прымі наш вяночак. Напаілі жнеечак з дубовае бочкі. А што-ж цябе прынясло — ці чаўночак, ці вясло? Мяне сюды прынясло ні чаўночак, ні вясло: прынёс мяне сівы конь да матчыных да акон (п.). Прыляцеў сакалочак у зялёны садочак. Хлопчык абрэзаў пальчык. Ветрык павее — ня зьвее. Выслужыў хлеба кусочак да солі драбочак. Колькі я сьцежачак перайшла, нідзе роднага татачкі не знайшла. Зьбірайцеся, тучкі, у кучкі, да зараз дожджык будзе гаспадаром на ўздыханьне, а жнейкам на аддыханьне! З-пад правай рукі вылецеў ясны сакалочак, а страла за ім у сьлядочак. Ступай, коню, шырэй у садочак, стукні капытам у церамочак. Запалю сьвечачку, пагляджу ў печачку: чатыры качачкі, гаршчочак кашачкі. Запалі, мамачка, сьвечку, ды выйдзі дзеткам на сустрэчку! Колькі я сьцежачак перайшла, роднага ойчанькі не найшла; колькі баяраў перабрала, роднага ойчанькі не пазнала.