Беларускі правапіс (1927)/Часьць першая/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
§ 13. Правапіс прыметнікаў § 14. Правапіс лічэбнікаў
Падручнік
Аўтар: Язэп Лёсік
1927 год
§ 15. Правапіс займеньнікаў

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




§ 14. Правапіс лічэбнікаў.

Правіла 40. 1) Лічэбнікі складаныя пішуцца так, як кожная часьць, калі яна ўжываецца асобна: семнаццаць, восемнаццаць, шэсьцьсот, восемсот, семсот.

Толькі шаснаццаць мае а заместа э, што чуваць у слове шэсьць.

2) Адны парадкавыя лічэбнікі маюць такія галосныя, якія ёсьць у лічных; напр.: дзевяць — дзевяты, дзесяць — дзесяты, сем — семнаццаты, восем — восемнаццаты і г. д.

А другія парадкавыя зьмяняюць галосныя гукі лічных: тры — трэці, шэсьць — шосты, сем — сёмы, сорак — саракавы, дзьвесьце — двухсоты, трыста — трохсоты.

3) Зборныя лічэбнікі падлягаюць аканьню (бач, прав. 11): шэсьць — шасьцёра, сем — сямёра, восем — васьмёра, таксама і ва ўсіх склонах: шасьцярох — васьмярох, шасьцяром — васьмяром і г. д.; шасьцёх — сямёх — васьмёх, шасьцём — сямём — васьмём і г. д., як і шасьці, сямі, васьмі.

4) Лічэбнікі, зложаныя з словам дзесяць у яго форме дцаць, маюць падвойнае цц (бач. прав. 17,3 і 19,2): адзінаццаць, дванаццаць, дваццаць, трыццаць.

5) Лічэбнікі парадкавыя сваёю формай падобны да прыметнікаў, дзеля таго ўсе іх склонавыя канчаткі аднакія з канчаткамі прыметнікаў; напр.: усе яны (і слова адзін) зьмяняюцца паводле радоў: трэці дзень, трэцяя нядзеля, трэцяе месца; няма аднае або аднэй кнігі; ня бачу трэцяе або трэцяй хаты; бачу трэцюю кнігу; у прыладным і месным склоне мужч. і ніякага роду ўсе парадкавыя лічэбнікі маюць канчатак — ым—ім: першым, адным, другім; пры першым, у вадным, на другім.

Практыкаваньне 51. Семсот сарочак, семсот намётак. Маёй сястры шаснаццаты, а бабцы шэсьцьдзесяты год. Выпускалі трыста шэсьцьдзесят пяць лебядзёў. На гару чацьвёра цягнуць, а з гары адзін сапхне. Два ляжаць, два стаяць, пяты ходзіць, шосты водзіць (чалавек, вушакі і дзьверы). У нашай вёсцы ўсяго семнаццаць двароў, а ў суседнім сяле налічаюць восемдзесят сем. Адкіну бервяно, адкіну другое, выведу жывое (конь і аглоблі). Адным махам семсот забіяхам. Кабыла сівая, жарабя рабое — зьеў воўк абое. Пад адным брылем чатыры браты (стол). На адным палазку зіму і лета езьдзіць. Аднаго бацькі, аднае маткі ня роўныя бываюць дзіцяткі. Адзін з сошкай, а сямёра з ложкай. Пятае цераз дзесятае. Аднэю рукою вузла не завяжаш. Выпаў першы сьнег. Есьць мясцовасьці, дзе бывае дзьвесьце дажджовых дзён на год. Адно кажа — зіма, другое — лета, а трэцяе — а мне ўсё роўна (сані, калёсы і конь). Маленькія дзеці ўміраюць з голаду ўжо на трэці ці на чацьверты дзень. У тыдні сем дзён. Слонь можа насіць пяцьдзесят, шэсьцьдзесят і нават сто пудоў цяжару. Янка Купала радзіўся ў адным годзе з Якубам Коласам — у тысяча восемсот восемдзесят другім годзе.

ЗАДАЧКА 28-ая. Сьпісаць і цыфры ў сказах напісаць словамі.

Год мае 365 дзён, або 12 месяцаў ці 52 тыдні. Самы большы месяц мае 31 дзень, а самы меншы — 28. У тыдні 7 дзён, а ў гадзіне 60 мінют. На маладой яблыні ня было ніводнага яблычка, а з старой атрэсьлі 456 штук. У нашай вёсцы толькі 17 двароў, а ў суседнім сяле налічаюць 87. Слонь можа насіць на сабе 50, 60 і нават 100 пудоў цяжару. 4-ая часьць зямной галы занята сушаю. Амэрыку людзі старога сьвету пазналі толькі за 400 год да нашага часу. Гор у 2 і З вярсты ёсьць шмат, але сустракаюцца горы і ў 7, у 8, нават 9 вёрст увышкі. Месяц у 50 раз меншы за зямлю. Месяц ходзіць навокала зямлі, і гэтую падарож робіць у 27 дзён і 12 гадзін. Кіт мае да 10 сажняў даўжыні і да 4.000 пудоў вагі. 3/4 паверхні ўсяе зямное галы абліта вадою. Ёсьць у моры месцы ў 13 вёрст глыбіні.

ЗАДАЧКА 29. Сьпісаць і дапісаць канчаткі.

Адкіну бервяно, адкіну друг—, выведу жыв— (конь і аглоблі). У вадн— мацеры пяць сыноў (пальцы ў чалавека). Хто ходзіць рана на чатыр—х нагах, у полудзень на дзьв—х, а ўвечар— на трох? (дзіця, сталы чалавек і стары). Адн— поясам тысяч— падпіразана (сноп). У вадн— дзежачц— два цесьцечкі (яйцо). На адн— палазку зіму і лета езьдзіць. Дзьв— сьмярцей ня бывае, а раз чалавек умірае. Дз—сятая вада на кісял—. З аднаго вала дзьв— скур не дзяруць. Або— лукі, або— тугі. Два мядзьведзі ў адн— бярлозе ня месьцяцца. Адзін няхай будзе з гарачай вадою, а друг— — з халоднай. Адзін з сошкай, а с—мёра з ложкай. Адн— махам с—мсот забіяхам.