Перайсці да зместу

Беларускі правапіс (1927)/Часьць другая/38/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
8. Мурашкі і іх будова 9. Лясны пожар
Апавяданьне
Аўтар: Якуб Колас
1927 год
10. Зямля, на каторай мы жывём
Іншыя публікацыі гэтага твора: Лясны пажар (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




9. Лясны пожар.

Гарэў лес, толькі трудна было распазнаць, ці ў нашым абходзе быў пожар, ці ў чужым. Мы пабеглі проста на дым. Беглі мы доўга. Было страшна горача, пот так і каціўся з нас. Мы ўжо перабеглі і граніцу свайго лесу. Агню яшчэ ня было відаць, толькі дым, каторы разьвяваўся ветрам па лесе і туманіў яго, даваў знаць, што пожар блізка. Скора мы ўбачылі і самы агонь. У лесе нікога ня было, і агонь без запынку разгульваўся на волі. Цэлае возера агню абнімала лес да палавіны, разьлівалася кругом і займала ўсё большую і большую лапіну.

Страшны і разам цікавы від мае пожар лесу!

Шум агню чуцен за вярсту. Агонь абхоплівае малады хвойнік да самага верху, а пад маладымі хвоямі многа сухіх калючак і лому. Агонь узьбягае па камлі, пераходзіць на гальлё, а вецер далёка адносіць сухую кару разам з агнём, ад чаго пожар яшчэ скарэй разрастаецца. Цэлая сьцяна агню ў сажань увышкі разьлівалася па краёх і няслася ўсё далей і далей. Кусты ялоўца трашчаць, як толькі надходзіць к ім агонь, на момант даюць белы слуп дыму і разам абхопліваюцца агнём ды прападаюць у полымі, каторае яркімі стужкамі разьліваецца ў адну мінюту над хвойнікам. Тоўстыя, аброслыя мохам старыя хвоі, уверсе смаляныя, з выдзеўбленымі дзятламі дзіркамі, гараць, як сьвечкі. Іншыя зусім перагараюць на палавіне, і вяршына з глухім шумам апускаецца наніз у самы агонь ды прападае ў полымі.

Жар нястрывалы — трудна ўстоіць за тры сажні ад агню. Людзі з лапатамі і граблямі прышлі з суседніх вёсак тушыць пожар. Стаўшы здалёк ад агню, пачалі яны адграбаць мох і калючкі, каб ня даць матарыялу агню. Капалі зямлю і кідалі пясок на агонь. На ахвяру яму пакідалі цэлыя маргі лесу, бо за гарачынёй трудна было рабіць блізка ад агню. У вадным месцы пожар падступаў к старому бору. Людзі кінуліся туды і дружнаю работаю адваявалі бор. Агонь рыхтавалі скіраваць туды, дзе ён меней мог знайсьці сабе корму. Пожар памалу ўсё меншаў і меншаў. Яго дарога ўсё вузілася. Белы дым спакайней слаўся па лесе і тонкімі языкамі ўздымаўся над лесам. Скора бура агню была зусім затушана. Толькі вялізарнае вогнішча дымілася тысячамі маленькіх дымкоў, ды дзе-ні-дзе вынікаў агоньчык сярод абгарэлае палянкі, разьдзьмуханы ветрам. Нудна пазіралі дрэвы з абсмаленымі камлюкамі!