Перайсці да зместу

Беларускі правапіс (1927)/Часьць другая/38/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
7. Птушкі — памочнікі чалавека 8. Мурашкі і іх будова
Навукова-папулярны артыкул
Аўтар: Язэп Лёсік
1927 год
9. Лясны пожар
Іншыя публікацыі гэтага твора: Мурашкі і іх будова.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




8. Мурашкі і іх будова.

І

Скажэце, дзеці, хто з вас ня бачыў круглых кучак, падобных да горкі зямлі, насыпанай наўмысьля з жоўценькага пясочку? Хто з васне разграбаў гэтых куч, зусім ня думаючы пра тое, якую трывогу падымаеце вы тым тысячам жывёлінак, што зрабілі сабе прыпынак, нанасілі гэтыя кучы? Хто з вас, гуляючы, не ўзьбягаў на гэтыя круглыя горкі, каб толькі пацешыць сябе? Гэтыя горкі насыпаў ніхто іншы, як маленькія, вечна занятыя працай мурашкі. Разварочваючы мурашнік, вы і не падумалі нават, якую бяду прычыняеце вы мурашкам; ніколі ня прыходзіла вам ў галаву бліжэй разглядзець мурашнік, пабачыць, як хітра і замыславата ён зроблен. І каб вы ўсё гэта разглядзелі, як мае быць, то вы падзівіліся-б здольнасьці мурашак рабіць хітрыя хаты.

Мурашнікі сустракаюцца найбольш па краёх лесу і насыпаюцца ў тым месцы, дзе сьвеціць сонца. Месцы для будовы мурашкі выбіраюць сухія і наносяць свае кучы каля хвой, ялін, бярэзін, часта каля пня. Мурашнік робіцца так, што дае прыпынак і схованку мурашкам і ад сьцюжы, і ад сьпякоты, і ад дажджу. Раскапайце на цікавасьць мурашнік пасьля самага вялікага дажджу, і вы ўбачыце, што ён прамок на паўпальца, ня болей, а ў сярядзіне ён зусім сухі.

ІІ

Зірнуўшы на мурашнік, можна падумаць, што тысячы мурашак поўзаюць, бегаюць, круцяцца, кішаць на версе бяз усякага парадку: тая цягне сухую хваёвую калючку, другая — саломку сухога лістка; там дзьве або тры валакуць невялічкі сучок. Цярпліва цікуючы за работаю мурашак, можна замеціць, што ўходныя дзьверцы мурашніка мяняюцца з часу на час. Сярод дня мурашкі слабодна сустракаюцца ў гэтых дзьверцах і разьмінаюцца нават з сваёю ношаю. Пад вечар гэтыя дзьверцы памаленьку звужаюцца і ў канцы зачыняюцца зусім, і пасьля гэтага ўсе мурашкі хаваюцца ў сярэдзіну мурашніка. Пільна ўзіраючыся, лёгка ўбачыць, як зачыняюць мурашкі свае дзьверы. Наўперад яны ставяць слупкі наабапал уходу, і ня проста прыстаўляюць іх да сьцен, але ўтыкаюць у пустыя месцы між саломак і калюшак; потым замуроўваюць дзіркі між слупкамі і сьцяною мурашніка матарыялам больш лёгкім. Уканцы ўсё гэта закрываецца, усё гэта прыкрываецца кавалачкамі сухога лісьця.

Назаўтра рана, чуць толькі ўзыйдзе сонца, пойдзем ізноў к мурашніку ды пацікуем, што там робіцца. Па версе ўжо поўзае некалькі мурашак. З-пад маленькіх шалашыкаў пад дзьверцамі выпаўзае яшчэ некалькі, і пачынаецца работа. Самая першая работа мурашак — адчыніць дзьверы. Слупкі, саломкі, кавалачкі лісьця дастаюцца ды складаюцца пад дзьверцамі, каб на выпадак патрэбы можна было ізноў зачыніць шырока адчынены ўход. І кожны летні дзень ідзе такая работа, апрача хіба дажджлівых дзён: у непагоду дзьверы мурашніка шчыльна зачыняюцца. Калі зранку неба хмарнае, то мурашкі робяць у дзьверцах маленькія дзірачкі, і як толькі пачне падаць дождж, яны жывенька зачыняюць іх наглуха.