Перайсці да зместу

Водгульле (1922)/Беларускаму люду

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Покліч Беларускаму люду
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1922 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Беларускаму люду.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




БЕЛАРУСКАМУ ЛЮДУ.

Змоўкні ты, сьціхні, песьня пакуты,
Заварушыся, наш край!
Люд беларускі! Рві свае путы!
Новую песьню сьпявай!

Дружна, згодна станьма сьцяною,
Доля ня прыдзе сама,
Воля ня зойдзе к нам стараною,
Збоку дарог ёй няма.

Люд! Праканайся: толькі мы самі—
Долі свае кавалі.
Годзі жа, досыць панукаць намі,
Гнаць з нашай роднай зямлі!

Нам паганятых болей ня трэба—
Будзем мы жыць без паноў.
Самі вы дбайце лепей пра неба!—
Скажам мы так да ксяндзоў.

Хіба забудзем мы тыя межы,
Што правадзілі бяз нас?
Раны глыбокі, ох, яшчэ сьвежы!
Помсты агонь не пагас.

Нас падзялялі—хто? Чужаніцы,
Цёмных дарог махляры.
К чорту іх межы! К д‘яблу граніцы!..
Нашы тут гоні, бары!

Будзем мы самі гаспадарамі,
Будзем свой скарб ратаваць!
Годзі тэй крыўды! Ў ногу з братамі
Пойдзем наш край вызваляць.

Ох, і агорклі гэтыя кпіны!..
Злучым мы ў хор галасы:
Эх, вы разлогі роднай краіны,
Нашы палеткі, лясы!

Родны вы сэрцу нашаму гмахі
Лесу, лугоў і палёў!
Досыць ўшчувалі нас паны-ляхі,
Ведаем ціск маскалёў…

Змоўкні жа, сьціхні, песьня пакуты!
Заварушыся, наш край!
Люд! Вызваляйся, рві свае путы,
Новыя песьні сьпявай!


Р. В. Ц. № 231.

Сав. друк. № 1614.