Перайсці да зместу

Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/2/VI/Беларускаму люду

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Да працы Беларускаму люду
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Водгульле
Іншыя публікацыі гэтага твора: Беларускаму люду.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




БЕЛАРУСКАМУ ЛЮДУ

Змоўкні ты, сьціхні, песьня пакуты!
Заварушыся, наш край!
Люд беларускі! рві свае путы,
Новую песьню сьпявай!

Дружна, згодна станьма сьцяною —
Доля ня прыдзе сама,
Воля ня зойдзе к нам стараною,
Збоку дарог ёй няма.

Люд, праканайся: толькі мы самі —
Долі сваёй кавалі!
Годзі-жа, досыць панукаць намі,
Гнаць з нашай роднай зямлі!

Нам паганятых болей ня трэба —
Будзем мы жыць без паноў!
Самі вы дбайце лепей пра неба —
Скажам мы так да ксяндзоў!

Хіба забудзем мы тыя межы,
Што правадзілі бяз нас?
Раны глыбокі, ох яшчэ сьвежы!
Помсты агонь не пагас.

Нас падзялілі — хто? чужаніцы,
Цёмных дарог махляры.
К чорту іх межы! к д‘яблу граніцы!
Нашы тут гоні, бары!

Будзем мы самі гаспадарамі,
Будзем свой скарб ратаваць!
Годзі тэй крыўды! ў ногу з братамі
Пойдзем наш край вызваляць.

Родны вы сэрцу нашаму, гмахі
Лесу, лугоў і палёў!
Досыць ўсчувалі нас паны-ляхі,
Ведаем ціск маскалёў…

Змоўкні-жа, сьціхні, песьня пакуты!
Заварушыся, наш край!
Люд! вызваляйся, рві свае путы,
Новыя песьні сьпявай!

1921 г.