Перайсці да зместу

Антыгона (1926)/Антыгона

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Уступ Антыгона
Трагедыя
Аўтар: Сафокл
1926 год
Пераклад: Юльян Дрэйзін
Увагі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СОФОКЛЬ


АНТЫГОНА

Асобы дзеі:

1) Крэонт—цар Тэбанскі.

2) Эўрыдыка—яго жонка.

3) Гэмон—сын Крэонга, жаніх Антыгоны.

4) Антыгона—пляменьніца Крэонта, нявеста Гэмона.

5) Ісмэна—яе сястра.

6) Тырэсі—стары дзед, прарок, сьляпы.

7) Вартаўнік.

8) Весьнік.

9) Хлопчык—правадыр Тырэсія.

10) Корыфэй хору.

ХорТэбанскія старшыні Слугі, рабы Крэонта. Прыслужніцы Эўрыдыкі.

Пастаўлена на сцэне ў першы раз у Атэнах каля 2400 год таму назад.

Пролёг

[правіць]

ПРОЛЁГ

УСТУП

Сцэна прадстаўляе палац Тэбанскіх цароў і невялікі пляц перад ім. У палац вядуць тры дзьверы, з якіх сярэдняя—галоўная, а правая вядзе на жаночую палавіну. З правых дзьвярэй выходзяць Антыгона і Ісмэна. Антыгона трымае невялічкі медзяны келіх.

Антыгона (моцна хвалюючыся)

Ісмэна, родная сястрычка ты мая!
Ці ведаеш яшчэ якога гора
Ня даў нам Зэўс[1], за грэх Эдыпа—бацькі?
Цярпеньне, ганьба, зьдзек, пакуты ад багоў,—
Ці ёсьць што-небудзь хоць, чаго, сястра, з табой
Ня бачылі-бы мы,—і ты, і я,—ў жыцьці?
І зноў цяпер,—які яшчэ загад аддаў.
Як кажуць, новы цар ўсяму народу?
Ня чула? Не яшчэ? Ня ведаеш, што вораг

Гатуе зло таму, хто нам за ўсіх мілей?

Ісмэна

Ня мела весткі я аб нашых дарагіх
Ні добрае, ні дрэннай, з тэй пары, сястра,
Як страцілі мы разам двох братоў сваіх,
Якія згіблі ў дзень адзін ад ўласных рук.
Калі-ж аргейцаў войска зноў пашло дамоў
Сягоньня ўночы, новай весткі ня было
Ні добрае, ні дрэннай, як было й раней.

Антыгона

Я гэта ведала. З палацу я цябе
Зазвала, каб з табой з аднэй пагаварыць.

Ісмэна

Што, што сястра? Чаму хвалюешся ты так?

Антыгона

Ці-ж не аддаў загад Крэонт, каб пахаваць
З братоў ледзь аднаго, на зьдзек аддаць другога?
Дддаў зямельцы Этэокля, кажуць, ён
I, як належыць ўсё пры хаўтурох, зрабіў.
Душы яго пачэснае ён месца ў Гадзе[2] даў.
Бяздольна-ж згібшага Полініка Крэонт
Ўсім грамадзянам загадаў, кабы ніхто
Ў зямлі не пахаваў і сьлёз аб ім ня ліў,—
Бяз могілак, бяз сьлёз пакінуць на зямлі
Драпежным птахам смачную спажыну,
Такі загад аддаў наш добранькі Крэонт,
Як кажуць, мне й табе. I мне, кажу, і мне!..
Сюды ідзе Крэонт. каб ясна абвясьціць
Ня ведаючым ўсім загад свой. Мае быць
Гіаважны той загад. Забіты будзе той,
Каменьнем хто адважыцца рабіць супроць.
Вось справа як стаіць. Пакажаш хутка ты
Дачку, якую мелі нашыя бацькі.

Ісмэна

Калі стаіць так справа, што-ж магла-б зрабіць
Пры ўсім маім жаданьні я, мая сястрычка?

Антыгона

Ці будзеш ты рабіць са мною разам, што хачу?

Ісмэна

У чым-жа небясьпека? Ў думцы што ляжыць?

Антыгона

Ці разам ты са мной паднімеш брата труп?

Ісмэна

І пахаваць, што ўсім Крэонт забараніў?

Антыгона

Як мне, так і табе-ж ён брат. Калі-ж са мной

Ня хочаш быць, адна яго ня здраджу я.

Ісмэна

О, неразумная! Няўжо-ж цару супроць?

Антыгона

Ня можа ён ня даць мне абавязак споўніць.

Ісмэна

Бяда! Бяда! Сястрычка, ўспомні ты, як бацька,
Нянавідны усім багом, ў няславе згінуў,
Як сам, свае злачынствы выявіўшы, ён
Абодва вочы вырваў ўласнаю рукой,
А потым маці, што і жонкаю яму была,
Пятлю зрабіўшы, скончыла сваё жыцьцё.
Патрэцьце, два браты ў адзін той самы дзень
Бяздольныя забілі брата брат, і лёс
Адзін спаткаў абодвух ад уласных рук.
Цяпер глядзі,—з сям‘і засталіся мы дзьве,
I як ганебна згінем мы, калі загад
Тырана мы зламаем, пойдзем насупроць.
Падумай і аб тым,— жанчыны-ж мы з табой,
З мужчынамі змагацца цяжка нам, сястра.
Падумай і аб тым,—над намі-ж ўлада ёсьць,
Загад мы мусім споўніць, каб і горшы быў.
Я прабачэньне выпрашу ў нябошчыкаў маіх,
Што сілаю прымушаная так раблю,
Што паддаюся ўладарам я, бо няма-ж

І сэнсу ў тым, калі рабіць ўзвыш сіл мы будзем

Антыгона (холадна і з пагардаю)

Ня буду я прасіць, не, не! Калі-б ты нават
Жадала, ўжо з табой ня буду я рабіць.
А ты, як хочаш, думай. Брата-жа майго
Я пахаваю і памру ахвоча.
Ляжаць я буду з мілым, мілая яму,
Сьвяты зрабіўшы грэх, бо час даўжэйшы мне
З цянямі трэба жыць, чым з тым, хто на зямлі.
Там буду вечна жыць, а ты, закон багоў
Зламаўшы, тут жыві, калі жадаеш так.

Ісмэна

Закон багоў я не ламаю, але я
Слабая надта, каб супроць цароў ісьці.

Антыгона

Вось добрыя прычыны! Я-ж цяпер курган
Пайду насыпаць брату міламу майму.

Ісмэна

Бяздольная! Як я баюся за цябе!

Антыгона

Ня бойся за мяне, лепш думай аб сабе.

Ісмэна

Глядзі-ж, аб гэтым ты нікому не кажы.

Утайку ты рабі, і буду я маўчаць.

Антыгона

Не, не, агаласі! Калі маўчаць пачнеш,
Ня скажаш ўсім пра то, агідней будзеш мне.

Ісмэна

Палаеш сэрцам ты, разважнай трэба-ж быць.

Антыгона

Развагу дасьць любоў да родных мне цяней.

Ісмэна

Каб сілы мела ты! Любоў ёсьць, сіл няма!

Антыгона

Дык што-ж? Калі ня здолею, я адыйду.

Ісмэна

Дык лепш не пачынаць, калі ня маеш сіл.

Антыгона

Маўчы, не гавары, ты вораг будзеш мне!
Нябошчыку таксама ворагам памрэш.
Няхай-жа неразумная я панясу.
Страшэнны лёс. Ня буду слухаць я аб тым,
Што не дало-б памерці мне, як хочу.

(Адыходзіць)

Ісмэна

Ідзі-ж, калі так хочаш. Толькі-ж ведай, што
Хоць неразумную, цябе я ўсё-ж люблю.

(Адыходзіць у тыя-ж правыя дзьверы. Сцэна
некалькі. часу застаецца пустою).

ПАРОД

(Уваход хору)

(Уваходзяць 15 старцаў—тэбанскіх старшынь
Раніца. Зьяўляюцца першыя праменьні сонца,
якія асьвятляюць палац)

ХОР

Строфа 1-я

Промень сонца агністы, над Тэбамі ты заблішчэў,
Як ніколі яшчэ раней!
Ты зьявіўся нам ўрэшце, вока сьветлага дню,
Над Дыркейскай крыніцай[3] зазьяўшы.
Вой прышоў з Аргосу да нас
Ў броні увесь і з белым шчытом.
Хутка пагнаў яго промень агністы,
Нібы аброцьцю гнаў хто каня.
На зямельку бацькоў яго вёў Полінік.
Ён падняўся на нас дзеля сваркі братоў,
Наляцеў на зямельку, як быццам арол,
Праразьліва крычаў, шчыты-крыльлі ён меў,
Што блішчэлі на сонцы, як белы той сьнег.
Ён аружжа меў шмат,

На шлямох меў грывы з конскіх хвастоў.

Антыстрофа 1-я

Па над дахамі стаў і зусюды ён дзіды навёў,
Што жадалі крыві, але вось
Ён ад нас адышоў і мячы свае нашай крывёю
Не напаіў, і паходняў агнём
Нашых сьцен не спаліў,
Бо вокліч Арэя[4] пачуў за сьпіной,—
Арла перамог дракон[5].
Бо пагардны язык ненавідзіць Зэвэс.
Ён убачыў, як ворагі нашыя йшлі,
Быццам бурны бушуючы струмень ляцеў.
І бронь залатая блішчэла на іх.
Бліскавіцу страшэнную кінуў Зэвэс
На самой ўжо сьцяне у таго,
Хто пабедныя песьні зьбіраўся пяяць[6].

Строфа 2-я

З грукатам паў на зямлю пад маланкай
Той, хто нёс нам агонь. З парываньнем акрутным
Вораг шалеў, як быццам
Бура-зладзейка няслася.
Гэтага так загубіў,
Іншых іначай губіў вялікі, грозны Арэй,
Нам спагаджаючы бог.
Проці брамаў сямёх вось сямёрка цароў,
Што змагацца хацелі адзін на адзін.
Яны Зэўсу пакінулі бронь сваю ўсю.
Толькі тыя браты нешчасьлівыя два,
Што супольных бацькоў мелі, ў бітву пашлі
Брат на брата з пабеднаю броняй сваей,
I абое загінулі ў бойцы аднэй.

Антыстрофа 2-я

Але спагадная нам вялікая Ніка[7]
З ласкаю ў Тэбы ўвашла, горад слаўны канямі.
Трэба забыцца цяпер
На вайну, што была.
Пойдзем да храмаў багоў,
Цэлую ночку вадзіць карагоды мы будзем,
Тых карагодаў Бакх правадыр[8].
Але вось уладар нашай роднай зямлі,
Сын Мэнойкаў—Крэонт.
Даручылі багі яму ўладу цяпер.
Ён ідзе. Думка нейкая ёсьць у яго.
Дзеля ёй загадаў ён, каб ўсе старшыні
Сабраліся на сход.
Ён аб гэтым абвесьціў усім.

Дзея 1-я

[правіць]

Д3ЕЯ 1-я

ЗЬЯВА 1-я

(Уваходзіць Крэонт)

О, грамадзяне, горад наш багі патрэсьлі
Ў вялікай буры й зноў у прыстань прывялі
З усіх тэбанцаў вас паслаў я запрасіць,
Каб вы прышлі, бо добра ведаў тое,
Што вы заўсёды шанавалі ўладу Лая.
Калі-ж Эдып наш горад вызваліў і потым
Загінуў сам, прызналі вы яго сыноў
І вернымі падданымі ім засталіся.
Калі-ж яны падвойнай сьмерцю згіблі разам
У дзень адзін, бо ўласнымі рукамі
Ў ганебнай бойцы брата брат забілі,
Я атрымаў ўсю ўладу й царскі трон,
Бо я бліжэйшы родзіч згінуўшых цароў.
Але пазнаць як цяжка душу чалавека,
Пазнаць яго характар, думкі, покуль ён
Ня мае ўлады і законаў не дае.
Я думаю, што той, хто, маючы уладу
Дзяржаўную, парад ня хоча слухаць добрых,
Ад страху-ж нейкага язык трымае моўчкі,
Злым быў даўней такі, злым будзе і цяпер.
Таго-ж, хто бацькаўшчыны больш кахае
Сябра свайго, таго нікчэмным я лічу.

Будзь сьведкам мне Зэвэс, хто бачыць ўсё заўсёды,

Ня буду я маўчаць замест шукаць ратунку,

Калі ў якіойсь бядзе я ўбачу нашы горад.

Ніколі й бацькаўшчыны ворага лічыць

Ня буду я сябром, бо ведаю я добра,

Што ў ёй аднэй ратунак, і сяброў сабе.

Калі ідзем на дапамогу ёй, мы робім.

Такімі думкамі ўзмацню я нашы горад.

І, згодна з гэтым я загад агаласіў

Ўсім грамадзянам аб Эдыпавых сынох.

Я Этэокля, што змагаючыся згінуў

За бацькаўшчыну, ўсіх адвагай перамогшы,

Схаваць ў магіле загадаў і споўніць ўсё,

Абрады ўсе зрабіць, як варты той герой;

А брата роднага, Полініка, які,

Зьвярнуўшыся з уцёку, папаліць хацеў

Зямельку родную, багоў спрадвечных храмы

Дашчэнту, ўпіцца роднаю крывёй жадаў

І грамадзян усіх павесьці у няволю,

Я загадаў ўсім грамадзянам, каб ніхто

Яго не пахаваў, ня ліў-бы сьлёз аб ім,—

Няхай ляжыць ён на зямлі ганебна

Драпежным птахам і сабакам смачнаю спажывай.

Такі пагляд мой, і ніколі ад мяне

Пашану злы ня будзе мець, як добры.

Хто-ж любіць бацькаўшчыну, той, пакуль жыве,

Дый пасьля сьмерці будзе чэсьць мець ад мяне.

Корыфэй

Такі пагляд твой ёсьць, Мэнойкаў сын Крэонт,
Адносна ворагаў айчызны і сяброў?
Даваць усім законы ўладу маеш ты
А б тых, хто ўжо памёр і хто яшчэ жыве.

Крэонт

Як сталі-б вы цяпер за гэтым наглядаць?

Корыфэй

Малодшаму за нас ты гэта даручы.

Крэонт

Вартаўнікоў да трупу я прыставіў ўжо

Корыфэй

Чаго-жа патрабуеш ты яшчэ ад нас?

Крэонт

Суровым быць да ўсіх, загад хто пераступіць.

Корыфэй

Няма такіх дурных, што сьмерці-бы жадалі.

Крэонт

Такая й будзе кара. Але часта як
Надзея на карысьць губіла шмат людзей!

ЗЬЯВА 2-я

(З правага боку сцэны уваходзіць вартаўнік
і павольна ў замяшаньні падыходзіць да Крэонта)

Вартаўнік

Ўладар, я не скажу, што шпарка я ляцеў,
I вось чаму сюды засопшыся прышоў.
Прыпынкаў шмат было ў мяне ад цяжкіх дум,
I многа раз хацеў зьвярнуцца я назад.
Душа мая ня раз казала да мяне:
„Гаротнік, што бяжыш, на сьмерць сваю ідзеш?
Дурны, спыніўся йзноў? Калі Крэонт аб тым
Ад іншых будзе знаць, ратунку ня шукай!“
Так разважаючы, павольна я ішоў,
I так зрабіўся доўгім шлях кароткі мой.
Аднак, адважыўся ў канцы прыйсьці сюды,
Ня маю, што й сказаць табе, аднак скажу.
Надзею маю я, што будзе то са мной,
Што толькі лёс прызначыў мне спаткаць ў жыцьці.

Крэонт

Ў чым справа? І чаму спалохаўся ты так?

Вартаўнік

Я найперш аб сабе скажу: я справы тэй
Сам не зрабіў, ня ведаю і хто зрабіў яе.
Была-бы крыўда, каб я пакараны быў.

Крэонт

Навокал справы ходзіш ты. Кажы ясьней!
Што здарылася новага? Хутчэй кажы!

Вартаўнік

Адразу не магу сказаць, бо страшна мне.

Крэонт

Хутчэй кажы. і вольны потым пойдзеш ты.

Вартаўнік (нарэшце адважыўшыся)

Так, я скажу табе. Прышоў, ня знаю, хто,
Каб пахаваць той труп. Пяском сухім яго
Пасыпаў ён і ўсё хаўтурнае зрабіў.

Крэонт

Што кажаш? Здолеў хто адважыцца на гэта?

Вартаўнік

Ня ведаю. Ня бачылі мы там сьлядоў
Сякеры ці рыдлёўкі. Уся зямля была
Сухая, камяністая. і ня было
Сьлядоў калёс. Няведама, хто злодзей быў.
Калі-жа раніцаю вартаўнік нам паказаў
На то, зрабілася і жудасна і дзіўна ўсім.
Ня бачны труп быў, але ня быў пахаваны,
На ім быў толькі слой пяску, каб ня было граха.
Ня бачылі мы ніякіх сьлядоў, каб зьвер
Прыходзіў ці сабака, й труп цягнуў.
I лаянка тады пачулася між нас,
Бо лаяў вартаўнік вартаўніка, і бойка,
Здавалася, пачнецца—хто-б яе стрымаў?
I кожны з нас мог быць, хто справу ту зрабіў,
I ў той-жа час ніхто,—пазнаць было ніяк.
Гарачае жалеза ў рукі ўзяць гатоў
Быў кожны з нас, і праз агонь прайсьці, багоў
У сьведкі клікаць, што тэй справы не рабіў
I што ня ведае зусім, хто раіў тое
Зрабіць і хто сапраўды тую рэч зрабіў.
Калі-ж ў шуканьнях нашых посьпеху мы не знашлі,
Такое з нас адзін сказаў, што мы усе
Ад страху голавы спусьцілі ўніз, бо мы
Пярэчыць не маглі таму й ня ведалі,
Што нам рабіць цяпер, каб ня было бяды.
I слова то было, што трэ‘ паведаміць
Цябе аб справе тэй, нічога не таіць.
Згадзіліся мы ўсе. Бяздольніка мяне
Праз жэрабя абралі ўцеху тую ўзяць.
I вось я тут. Ні ты, ні я таго
Ня хочам. Ведама-ж, што на таго, хто злыя

Прыносіць весткі, як на ворага глядзяць.

Корыфэй

Ўладар, ужо даўно на думцы мелі мы:
Ці не багі зрабілі справу тую самі?

Крэонт

Маўчы, калі ня хочаш выклікнуць мой гнеў!
Няўжо-ж такі дурны ты, хоць такі стары?
Як можаш ты казаць, што нашыя багі
Хоць малы клопат будуць мець аб трупе тым?
Няўжо-ж багі, шануючы, як дабрачынца,
Захочуць пахаваць таго, які прышоў,
Каб храмы іх спаліць, зьністожыць прынашэньні,
Спустошыць іх зямлю, законы іх зламаць?
Ці бачыў ты багоў, што злых-бы шанавалі?
Няма такіх. Але даўно ўжо грамадзяне,
Незадаволеныя мной, супроць мяне шумяць,
Утайку голавы трасуць, мае улады
Цяжар ня хочуць несьці, як былі-б павінны.
Я добра бачу, што яны вартаўнікоў
Намовілі за грошы, каб загад зламаць.
Няма ніводнай рэчы у людзей, якая
Была-бы злейшая за грошы: гарады
Яны руйнуюць, з роднай хаты выкідаюць.
Яны зьмяняюць думкі добрыя ў людзей
І навучаюць злыя справы іх рабіць.
І шлях да хітрасьцяй і да бязбожнасьцяй
Ўсялякіх ўсім людзям паказваюць яны.
Але наступіць час, калі той, хто рабіў
За золата злачынствы, кару панясе.
Цяпер-жа ведай, што, пакуль Зэвэс мае
Малітвы чуе,—вось пад клятваю кажу,—
Калі ня знойдзеце, хто труп той пахаваў,
I да маіх вачэй яго не прывядзеце,
Ня будзе сьмерць адна вам кара ўся,—
Жывымі вось павешу і прымушу вас
Нахабніка назваць, што справу ту зрабіў,
Каб навучыліся вы, дзе карысьць шукаць
Вам трэба, і каб ведалі, што не заўсёды
I не ўсялякую карысьць любіць павінны.
Бо хабары ганебныя часьцей бяду
Нясуць з сабою, чымся здавальненьне.

Вартаўнік

Ці можна мне казаць? Ці мне ісьці назад?

Крэонт

Ўжо досыць прыкрых слоў ты мне нагаварыў

Вартаўнік

Ці боль вушам тваім зрабіў я альбо сэрцу?

Крэонт

Шукаць ты здумаў, што баліць ў мяне?

Вартаўнік

Я боль вушам тваім зрабіў, злачынца-ж сэрцу.

Крэонт

Як бачу, лапатаць ты здольны ад прыроды.

Вартаўнік

Няхай, але-ж тэй справы не рабіў я.

Крэонт

Ня веру, ты душу сваю прадаў за грошы.

Вартаўнік

Бяда!
Бяда, калі над намі ўладу мае той,
Каму здаецца то, чаго зусім няма.

Крэонт

Кажы цяпер, што хочаш. Калі-жа да мяне
Злачынца вы не прывядзеце, ўбачыце,
Што толькі гора йдзе за злым пажыткам.

(Адыходзіць)

Вартаўнік

Знайдзі-ж цяпер злачынца! Зловяць, ці ня зловяць,
Залежыць гэта толькі ад багоў адных.
Але мяне ўжо ты ня ўбачыш тут.
Ужо ня меў надзеі я, што буду цэлы,—
Багом вялікую падзяку прынясу.

(Хутка адыходзіць)

СТАСЫМ 1-ы

XОР

Строфа 1-я

Шмат існуе ў прыродзе магутных сіл,
Але сільнейшы за ўсё—чалавек.
Ён за сівае мора ідзе
Ў час зімовых бушуючых бур,
I навокал яго ўздымаюцца бурныя хвалі.
Багіню найвышэйшую, зямлю,
Няўтомную і вечную, ён разьдзірае,
З году ў год ён шарпае яе сахамі,
Якія цягнуць коні.

Антыстрофа 1-я.

Сеткі накінуўшы, ловіць ён
Нядбалых і быстрых птахаў племя,
Як і пароды дзікіх зьвяроў.
Рыб, што ў моры вялікім жывуць,
Невадам ловіць спляцёным мудрэйшы за ўсіх чалавек.
Ён ўладу мае хітрасьцю сваёю
Над дзікім львом між гор і накладае
Ярмо на лёгкагрывага каня, таксама
Як і на горнага быка.

Строфа 2-я

Ён мову стварыў, заўладаў
I думкаю быстраю, ён
Законы даў гарадом, збудаваў
Хаты, каб уцякаць
Ад халадоў і дажджоў.
Многаразумны, ён страху ня знае зусім
Прад тым, што наступіць.
Толькі ня можа ён перамагчы
Сьмерць, хоць ад цяжкіх хваробаў
Лекі знашоў.

Антыстрофа 2-я

Ён мудра мастацтвы стварыў,
Ніколі такіх ня было.
Але блукае між злом і дабром:
Законы людзей паважае
I праўду сьвятую багоў.
Першы ў горадзе будзе апошнім, калі
Адважны ён толькі на зло.
Разам з такім я ня буду дзяліць
Ні хаты, ні думак.


Дзея 2-я

[правіць]

ДЗЕЯ 2-я

ЗЬЯВА 1-я

(Уваходзяць вартаўнік і Антыгона)

Корыфэй

Цуд які перад мной! Я ня ўцямлю яго.
Антыгону я бачу вачыма сваймі.
Ці магу я сказаць, што яна—не яна?
Ох, бяздольная ты!
І Эдыпа бяздольніка ты дзіцянё!
Няўжо-ж захацела загадам цара
Не паддацца? Няўжо ў самы раз, калі ты
Неразумную справу рабіла сваю,
Тут схапілі цябе і сюды прывялі?

Вартаўнік

Так, вось яна, якая справу ту зрабіла.
Яе схапілі мы на месцы. Дзе-ж Крэонт?

(Уваходзіць Крэонт)

Корыфэй

Вось ён у час з палацу йдзе якраз.

Крэонт

Што, што такое? Да чаго у час прышоў я?

Вартаўнік (сьмела)

Уладар, ніколі нам даваць зароку нельга,
Другая думка ворагам быць можа першай.
Вось клятву я даваў, што больш ужо сюды
Я ня прыйду,—баяўся я тваіх пагроз.
Але здаецца, што вышэй за ўсе ўцехі
Нам радасьць неспадзеўная заўсёды.
I я прышоў і клятвы ня стрымаў мае.
Дзяўчыну я вяду. Яе схапілі мы,
Як труп яна хавала. Ўжо мы тут кідаць
Ня сталі жэрабя, згадзіліся усе,
Што гэтая знаходка толькі ўжо мая.
I вось, ўладар, бяры яе, як ты жадаеш,
Судзі, пытай. А я магу цяпер ісьці,
Бо бачыш, я бязьвінны быў ў злачынстве тым.

Крэонт

Ты ось яе вядзеш? Дзе, як схапіў яе?

Вартаўнік

Хавала труп яна,—вось ведаеш ты ўсё.

Крэонт

Ці добра разумееш ты, што кажаш мне?

Вартаўнік

Я бачыў, як хавала труп яна, які

Забараніў хаваць ты. Ясна я кажу?

Крэонт

Як ты яе убачыў? Як яе схапіў?

Вартаўнік

Вось справа як была. Калі зьвярнуўся я
Бы сам ня свой, — страшэнна-ж ты мне пагражаў,—
Зьмялі мы ўвесь пясок, што цела пакрываў,
I добра абгалілі мы гніючы труп.
Затым на ўзгорачку пад ветрам селі мы,
Каб ня чуваць смуроду, што ад трупу йшоў.
І грубай, злою лаянкай адзін з нас аднаго
Будзіў, калі хто-колечы пры справе тэй драмаў.
Так час павольна йшоў. I вось на небе ўжо
Ў сярэдзіне зазьяў бліскучы сонца круг.
Зрабілася пякота, сьпёка. Раптам бура,
З зямлі падняўшы пыл, які да неба йшоў,
Напоўніла раўніну, ў лесе ўсё лісьцё
Яна зрывала і пакрыла неба ўсё
Бязьмежнае. Закрыўшы вочы, мы
Чакалі, покуль пройдзе божая напасьць.
Калі праз доўгі час зноў ціха стала ўсё,
Дзяўчыну бачым мы. Так горка плакала
Яна, як быццам птушка, што гняздо сваё
Сірочым, пустым бачыць, дзе птушат няма.
I вось яна, убачыўшы той голы труп,
Загаласіла і закляцьці пачала
Нядобрыя кідаць на тых, хто так зрабіў.
Ў руках пяску сухога потым прынясла,
Падняўшы медны добра куты келіх,
Патройным уэьліяньнем трупу чэсьць дала.
Убачыўшы яе, мы кінуліся й зараз
Схапілі, але ў ёй ня ўбачылі мы страху.
Казалі ёй, што справу ту яна рабіла
Раней, як і цяпер. Яна не адмаўлялася
Ні ад чаго. Было прыемна мне і сумна:
Прыемна уцячы самому ад бяды,
Але людзей пагнаць ў няшчасьце добрых—сумна.
Але жаданьне ўласнага збаўленьня
Было мацней за гэтыя ўсе пачуцьці.

Крэонт

Ты, ты! Кажы, чаму так голаў апусьціла?
Ці гэта ты зрабіла справу ту, ці не?

Антыгона

Не адмаўляюся,—я справу ту зрабіла.

Крэонт (да вартаўніка)

Ты вольны, йдзі цяпер, куды жадаеш,
Свабодны ад віны ў злачынстве цяжкім.

(да Антыгоны)

А ты кажы мне коратка і ясна:
Ці ведала загад, каб не рабіць таго?

Антыгона

Я добра ведала,—ён ведамы быў ўсім.

Крэонт

Адважылася ўсё-ткі ты пераступіць загад?

Антыгона

Сапраўды, то ня Зэўс агаласіў яго.
I Дыкэ[9], што жыве з падземнымі багамі,
Такіх людзям законаў не давала.
І твой загад я не магла лічыць такім,
Каб, дадзены людзьмі, ён мог-бы скасаваць
Багоў закон, няпісаны і вечны.
Ні ўчора, ні цяпер зьявіўся той закон,
Спрадвеку існаваў, заўсёды ён жыве,
Ніхто ня ведае, калі зьявіўся ён.
Вось за яго баялася я прад багамі
Адказ даваць,—людзей-жа не баюся я зусім.
Я-ж добра ведаю, што я памру, хаця-б
Ты мне й не пагражаў. Чаму-ж і не памерці?
Я сьмерць раней пары карыснаю лічу.
Бо хто жыве, як я, сярод няшчасьцяў сталых,
Няўжо лічыць нябудзе сьмерць жаданым сном?
Таксама й для мяне зусім ня будзе гора
Такі мець лёс. А вось, калі-б я брата
Памершага пакінула непахаваным,
Было-б вось гэта гора. Іншага ня знаю.
Табе здаецца, што раблю я, як дурная?
Глядзі-ж, каб ты ня быў дурнейшы за мяне.

Корыфэй

Суровы бацькаў дух паказвае дзіця

Суровае, хіліцца прад бядой ня ўмее.

Крэонт

Дык ведай-жа, што дух занадта цьвёрды
Тым падае лягчэй. Таксама можаш бачыць.
Як цьвёрдае жалеза, калі мы яго
Ў агню распалім і яшчэ цьвярдзейшым зробім,
Лягчэй ламаецца і крышыцца яно.
Я ведаю, што паравісты конь аброцьцю
Маленькаю кіруецца. Бо нельга быць
Занадта гордым тым, хто ў іншых пад уладай.
Злачынства ў першы раз яна зрабіла,
Калі ня споўніла абвешчаны загад.
Другі раз вось цяпер, калі, пасьля учынку,
Яна ім пахваляецца й сьмяецца з нас.
Ня буду я мужчына, вось яна ім будзе,
Калі бяз кары пройдзе ёй злачынства тое.
Але хаця-б яна радней была мне за сястру,
Хаця-б радней за ўласную маю сям‘ю ,—
Яны не уцякуць ад кары самай злой,
Яна й яе сястра, бо і яе таксама
Я вінавачу ў тым, што і яна супольна
З сястрою раілася труп той пахаваць.
Паклічце вы яе. Ў палацы бачыў я,
Шалела як яна і розуму ня мела.
Звычайна бо душа злачынцу выдае
Раней, чымся яго ў патайнай справе схопяць.
Але найгоршы той, хто схоплены на месцы,
Віну сваю прыкрыць славамі потым хоча.

Антыгона

Ці больш жадаеш ты, чымся забіць мяне?

Крэонт

Нічога больш. Вось ўсё, чаго жадаю.

Антыгона

Чаму-ж яшчэ марудзіш? Словы ўсе твае
Мне прыкрыя і будуць прыкрымі заўсёды.
Дый і табе таксама я зрабіла прыкрасьць.

(У задуменьні)

Але-ж чым я магла-б здабыць такую славу,
Якую я здабыла, брата пахаваўшы?

(Да хору)

Вы ўсе згадзіліся-б, што я зрабіла добра,
Калі-б не замыкаў вам вуснаў страх.

Крэонт

Так думаеш адна з усіх Кадмейцаў[10] ты.

Антыгона

Такія-ж думкі ў іх, і толькі прад табой маўчаць.

Крэонт

Ня сорамна табе ня быць з усімі разам?

Антыгона

Я не саромлюся аддаць пашану брату.

Крэонт

Ці-ж братам той ня быў, хто згінуў ў бойцы з ім?

Антыгона

Так, брат і той, адны бацькі у нас.

Крэонт

Чаму-жа гэтага зьняважыла ты так?

Антыгона

Ня будзе так казаць нябожчык Этэокль.

Крэонт

Дала-ж пашану злому ты такую-ж, як яму.

Антыгона

Ня раб яго загінуў, згінуў родны брат.

Крэонт

Радзіму нішчыў той, другі абараняў.

Антыгона

Сьмерць дзеля ўсіх адны законы мае.

Крэонт

Дык нельга-ж, нельга добрага раўняць са злым!

Антыгона (паказваючы пад зямлю)

Хто ведае, якія думкі там аб гэтым?

Крэонт

Ня можа вораг быць сябром пасьля і сьмерці.

Антыгона

Мой лёс—ўзаемная любоў, а не нянавісьць.

Крэонт (паказваючы пад зямлю)

Ідзі-ж туды і там любі, як хочаш.
Пакуль жыву, жанчына ўладу мець ня будзе.

(З палацу выходзіць Ісмэна)

ЗЬЯВА 2-я

Корыфэй

Але вось прад дзьвярыма Ісмэна стаіць.
Шчыра любячы брата, яна сьлёзы льле.
Над брывамі яе хмара смутку ляжыць,
І чырвоны ўвесь твар,
Па прыгожых шчаках яе сьлёзы цякуць.

Крэонт (да Ісмэны)

Ты, што ў мой дом як быццам гадзіна упоўзшы,
I Патайна кроў маю піла, а я ня бачыў,
Што дзьве бяды і гібелі гадую трону.
Скажы ты мне, ці ты прызнаешся у тым,
Што разам з ёю труп хавала, альбо ты
Дасі прысягу, што ня ведаеш нічога?

Ісмэна

Калі яна, тады і я рабіла. Разам
Рабілі справу мы, адказ нясем абедзьве.

Антыгона

Няпраўду-ж кажаш ты. Ты не хацела,
І я ня прыняла твайго удзелу ў справе.

Ісмэна

Сястрынька бедная мая, я не саромлюся
Прыняць удзел ў тых муках; што ты панясеш.

Антыгона

Чыя была та справа,—Гадэс ведае і цені.
Я-ж ня люблю таго, хто любіць толькі словам.

Ісмэна

Сястрынька, родная, дай разам мне з табою
Памерці і нябожчыку пашану тым аддаць.

Антыгона

Са мной ты не памрэш. Чаго не дакранулася,

Сваім ты ня лічы. Адна памру я толькі.

Ісмэна

Якое ўжо жыцьцё мне будзе без цябе?

Антыгона

Крэонта запытай,—аб ім ты клапацілась.

Ісмэна

Чаму-ж з мяне сьмяешся? У тым няма-ж карысьці.

Антыгона

Калі сьмяюсь з цябе, сама нясу пакуту.

Ісмэна

Чым я цяпер магла-б табе пацеху даць?

Антыгона

Дбай аб сабе. Твайму збаўленьню не зайздрошчу.

Ісмэна

Ох, гора мне! Няўжо твой лёс не падзялю?

Антыгона

Ты-ж выбрала жыцьцё, а я абрала сьмерць.

Ісмэна

Але-ж ня ведала ты думак ўсіх маіх.

Антыгона

Адно здаецца добрым мне, а іншае табе.

Ісмэна

Але-ж у нас абедзьвюх роўная віна.

Антыгона

Адважнай будзь. Жыві, а я ужо даўно
Памёрла, і памёршым я карысна толькі.

Крэонт

Як бачу, звар‘яцелі дзьве,—адна цяпер,
А та вар‘яткаю была ад нараджэньня.

Ісмэна

Ўладар, у тых, пакуту хто нясе, іх розум
Ўжо не такі, як быў раней,—зьнікае ён.

Крэонт

Але,—ў цябе ён зьнік, ты з злымі зло рабіла.

Ісмэна

Што мне ў жыцьці аднэй, калі яе ня будзе?

Крэонт

Аб ёй ўжо не кажы, памерла ўжо яна.

Ісмэна

Няўжо заб‘еш нявесту сына ты свайго?

Крэонт

Зямельку каб гараць, палёў ты знойдзеш шмат.

Ісмэна

Ня знойдзеш ты суладзьдзя, што было між іх.

Крэонт

Я злую жонку сыну даць майму ня хочу.

Антыгона

Ох, мілы Гэмон, бацька як зьняважвае цябе!

Крэонт

Абрыдла мне ўжо ты з тваім каханьнем разам

Корыфэй

Няўжо разлучыш з ёю сына ты свайго?

Крэонт

Магіла, сьмерць, вось хто разлучыць іх!

Карыфэй

Прысуд твой, бачу я, каб ёй ісьці на сьмерць?

Крэонт

І твой, і мой. Маруды ўжо даволі. Слугі!
У палац адвесьці іх! Адсюль у гінэйкеі[11]
Трымаць іх пільна і нідзе іх ня пушчаць,
Бо уцякаюць нават сьмелыя, калі
Ўжо бачаць прад сабой канец жыцьця.

(Варта адводзіць Антыгону і Ісмэну ў палац праз левыя дзьверы. Крэонт панура садзіцца на каменнае сядзеньне)

СТАСЫМ 2-і

ХОР

Строфа 1-я

Шчасьлівыя людзі, ў якіх прашло бяз бед жыцьцё!
Але, калі твой род багі пакараюць,
Беды ўсялякія прыйдуць на ўсе твае пакаленьні.
Так налятаюць хвалі морскія
У час страшэнных бур,
Якія йдуць з Тракійскімі вятрамі.
З падводнай глыбіні пясок
Нясецца чорны. Скалы

Прыберажныя стогнуць і гудуць.

Антыстрофа 1-я

Я бачу, як ў дом Лабдакідаў бяда ідзе за бядою,
Спрадвеку йдуць ад продкаў яны да патомкаў
Вызваліць ўнукаў ня можа дзед, бо ярасьць багоў
Іх гоніць, гоніць без канца.
Корань апошні быў ў Эдыпа родзе,
Над ім зазьяў як быццам промень сонца
І зноў крывавы серп падземных
Багоў яго зьнішчае,—
Шаленства ў словах, як і ў думках.

Cтрофа 1-я

Якая моц людзей магла-б
Моц тваю зламаць, Зэвэс?
Над ёю нават сон—ўладар бясьсільны,
І месяцы, што няўтомна
Бягуць. Ня ведаеш старасьці ты
І ў ясным бляску Олімпа[12] пануеш.
Над намі-ж цяжыць адзін закон,—
Ён быў, ён ёсьць, ён будзе:
Ў жыцьці чалавека няма

Нічога пэўнага, апроч няшчасьцяў.

Антыстрофа 2-я

Манлівая надзея ўсё-ткі
Шмат якім людзям дае пацеху
І шмат каму маной бывае ў іх жаданьнях палкіх.
Вядзе людзей, ня бачачых нічога,
І потым раптам іх ў агонь кідае.
Так слова мудрае калісьці хтось сказаў:
Чый розум бог вядзе ў бяду,
Таму заўсёды добрым злое
Здавацца будзе. Без бяды
Нядоўгі час такі жыць можа.



Дзея 3-я

[правіць]

ДЗЕЯ 3-я

ЗЬЯВА 1-я

(Уваходзіць Гэмон)

Корыфэй (да Крэонта)

Вось і Гэмон ідзе. У сямейцы тваёй
Ён адзіны сынок. Ці-ж бядуе аб тым,
Лёс які будзе мець нявеста яго,
Антыгона, якую ён шчыра кахаў?

Крэонт (падымаецца з сядзеньня)

Мы зараз будзем ведаць лепш, чымся прарокі.

(Да Гэмона)

Мой сын, ці ты ідзеш на бацьку злы, бо чуў
Прысуд яго рашучы аб тваёй нявесьце,
Альбо табе я буду дарагім заўсёды?

Гэмон

Я твой, мой бацька, ты парады мне даеш
Карысныя, заўсёды я спаўняць іх буду.
Пакуль мяне вядзеш ты добра, я ня стану

Лічыць каханьне даражэйшым за цябе.

Крэонт

Так, сын мой, гэтак трэба й думаць і лічыць
Усё ніжэй за бацькаўскае зданьне.
I вось чаму дзяцей мы паслухмяных любім,
Калі ў сям‘е такіх мы маем. То-ж яны
Ідуць супроць бацькоўскіх ворагаў, сябра-ж
Яны шануюць так, як бацька сам.
Што-ж нам сказаць аб тым, хто нарадзіў
Дзяцей благіх? Ён нарадзіў бяду
Сабе і сталы сьмех для ворагаў сваіх.
Так і цяпер, мой сын, ты розуму ня страць
Жанчыны дзеля, што дае табе пацеху.
Бо ведай, што, калі благая жонка ў хаце,
Халоднымі табе яе абоймы будуць,
Ёй дрэнны друг—найгоршая бяда.
З пагардаю, як ворага, адкінь яе,
Няхай другіх сабе шукае пад зямлёй.
Адкрыта я яе высьведчыў, што яна,
Адна з усіх пашла супроць загаду.
Прад грамадзянамі ня буду брахуном,
Але заб‘ю яе. Няхай Зэвэса кліча
Сямейнага. Бо родным я калі дазволю
Ісьці супроць мяне, тым больш чужыя пойдуць.
Калі хто ува ўласнай хаце будзе добрым,
Ў дзяржаўных справах той карысьць нам прынясе.
А хто пачне пераступаць законы
Альбо надумаецца йсьці супроць цароў,
Таму ніколі я ня дам пашаны.
Каго народ абраў, таму будзь паслухмяны
У справах ўсіх,—малых, і злых, і добрых.
Такі, скажу я сьмела, будзе добра й сам
Другімі кіраваць, і слухаць кіраўніцтва.
І ў час страшэннай бітвы цьвёрдым будзе ён,
Сябром сваім таварыш добры і праўдзівы.
А горшага няма няшчасьця за бязўладзьдзе.
Яно дзяржавы губіць і руйнуе хаты
Дашчэнту, і таварышоў у бітве
На ўцёкі гоніць. I наадварот, ратуе
Заўсёды паслухмянства тых, хто паслухмяны.
Дык вось чаму законы трэба бараніць
Жанчыне-ж нельга нам ніколі паддавацца.
Калі ўжо трэба, лепш загіну ад мужчыны,
Чым каб казалі, што жанчыне паддаюся.

Корыфэй

Калі яшчэ ў старога розум не загінуў,
Здаецца мне, што ўсё разумна ты казаў.

Гэмон

Мой бацька, розум ўсім людзям даюць багі,
Рэч лепшую за ўсё, што толькі ў сьвеце ёсьць.
Ня здолеў я-б і здолець не хацеў-бы
Давесьці, што няправільна ты ўсё казаў.
Але-ж і ў іншых думка добрая быць можа.
Магу лягчэй я за цябе разьведаць,
Што кажуць, робяць, ганьбяць грамадзяне.
А простаму народу жудасны твой погляд,
Ня скажа ён таго, чаго ня любіш ты.
Я-ж няпрыкметна чуць усё магу, што кажуць.
Шкадуе ўвесь народ дзяўчыну гэтую,
Што менш за ўсіх жанчын павінна згінуць,
За справу слаўную панесьці злую сьмерць
За то, што брата роднага, што ў бойцы згінуў,
Непахаванага, яна не захацела
Пакінуць злым сабакам і птахом,—
Няўжо-ж яна вянка ня варта залатога?
Такая гутарка патайная ідзе.
А для мяне няма нічога даражэй
За тое, каб усё шчасьліва йшло ў цябе.
Бо бацькаў дабрабыт ёсьць слава для дзяцей
Найбольшая, а слава бацьку—дабрабыт дзяцей.
Ў душы сваёй ты не насі такога зданьня,
Што толькі тое правільна, што кажаш ты.
Бо той, хто думае, што ён адзін разумны,
Ўладае словам, як ніхто, вяліч душы
Адзін ён толькі мае, той у жыцьці
Пусты брахун аказваецца потым толькі.
Бо нават мудрацу ня сорамна ніколі
Вучыцца шмат чаму й ня быць занадта ўпартым.
І бурны струмень так мілуе тыя дрэвы,
Якія гнуцца перад ім, а тыя,
Што ня згінаюцца, з карэньнем вырывае.
Калі й марак ня хоча скласьці парусоў
Прад бурай, карабель яна перавярне,
I на кілю тады пачне плысьці марак.
Ня будзь-жа ўпарты, бацька, свой прысуд зьмяні,
Бо калі я, малодшы, думку мець сваю
Магу, кажу я, што вышэй за іншых толькі той,
Хто будзе поўны мудрасьці заўсёды.
Калі-ж ня так, бо мала гэткіх ёсьць людзей,

Дык слухаць трэба тых, хто раіць добра.

Крэонт

Уладар, калі ён мудра кажа, слухайся яго,
А ты—яго. Абодва добра вы казалі.

Крэонт

Я ўжо стары. Няўжо вучыцца буду
Я розуму ад гэткіх дзяцюкоў?

Гэмон

Вучыся праўдзе толькі ты. Калі-ж я малады,
Глядзі не на гады мае, але на справы.

Крэонт

Злачынцаў шанаваць ёсьць справа у цябе?

Гэмон

Злачынцаў шанаваць ня стаў-бы я прасіць.

Крэонт

I гэтую злачынцай ты ня лічыш?

Гэмон

Увесь народ тэбанскі гэтага ня лічыць.

Крэонт

Ці можа мне народ загадваць, як рабіць?

Гэмон

Вось ты цяпер сказаў, як малады дзяцюк.

Крэонт

Ці я, ці іншы хто тут мае ўладу?

Гэмон

Ня можа горад наляжаць да аднаго.

Крэонт

Ён ўласнасьць ёсьць таго, хто ўладу мае.

Гэмон

Як добра быў-бы ты ў пустыні ўладаром!

Крэонт

Ну, за жанчыну ты, як бачу, добра б‘ешся.

Гэмон

Калі жанчына—ты. Я дбаю аб табе.

Крэонт

Нягоднік! З бацькам ты спрачаешся загэтым?

Гэмон

Бо бачу я, як робіш ты няпраўду.

Крэонт

Ці-ж ёсьць няпраўда—ўладу шанаваць сваю?

Гэмон

То не пашана ўлады, то багоў зьнявага.

Крэонт

Як ты агідны мне, жанчыны раб!

Гэмон

Ганебных спраў затое я рабом ня буду.

Крэонт

Ты ў кожным слове толькі й думаеш аб ёй.

Гэмон

I аб табе, і аб сабе, і аб багох.

Крэонт

Жанчыны раб! Мяне не збаламуціш!

Гэмон

Жадаеш сам казаць, а слухаць не жадаеш?

Крэонт

Яе жывую ты ня будзеш жонкай мець.

Гэмон

Калі памрэ яна, памрэ яшчэ другі.

Крэонт

Ўжо да таго дашоў, што пагражаеш мне?

Гэмон

То не пагроза, то адказ на нерассуднасьць.

Крэонт

На гора ўласнае мяне навучыш ты,
Бо нерассудны сам—мяне вучыць ты хочаш.

Гэмон

Калі-б ня быў ты бацька мой, сказаў-бы я,
Што розуму ня маеш ты зусім.

Крэонт

Дык так? Даю прысягу я Олімпам, ведай,
Што не на радасьць ганіш ты мяне.
Гэй, варта, гэй! Прывесьці тую пошасьць,
Няхай прад жаніха вачыма тут памрэ!

Гэмон

Ня будзе гэтага! Перад вачыма
Маімі не памрэ яна, але ніколі
Ужо ня убачыш ты мяне сваймі вачыма.
Шалей між тых, каму твае шаленствы любы.

(Хутка адыходзіць)

ЗЬЯВА 2-я

Корыфэй

Ўладар, пашоў ён хутка, раззлаваны.
Гнеў юнакоў такіх бывае небясьпечны.

Крэонт

Няхай! Няхай сябе ён лічыць больш за чалавека,
Ад сьмерці ўсё-ткі ён ня збавіць іх.

Корыфэй

Няўжо ты думаеш забіць дзяўчын абедзьвюх?

Крэонт

Не, не! Ты кажаш добра. Ту, якая трупа
Не датыкалася, ня буду я караць.

Корыфэй

Якім-жа чынам хочаш ты яе забіць?

Крэонт

Я павяду яе глухою сьцежкай,
Ў пячоры камяністай я яе схаваю,
Харчоў ёй дам крыху, каб ня было граха,
Каб горад наш забойства не зрабіў.
Няхай там моліцца Гадэсу,—аднаго
Яго спаміж багоў яна шануе,—
Каб збавіў ён яе ад сьмерці, альбо,
Калі ня збавіць ён, няхай пазнае,
Што непатрэбна так Гадэса шанаваць.

(Адыходзіць у палац)

СТАСЫМ 3-і

ХОР

Строфа

Непераможны Эрот[13],
Эрот — над усімі ўладар,
На шчочках дзяўчыны прыгожай ты сьпіш так прыгожа!
За мора нясешся і ў хаты сялян уваходзіш,
Нікому знайсьці ад цябе немагчыма ратунку, ні богу,
Ні чалавеку сьмяротнаму. Ўсіх ты шалець прымушаеш.

Антыстрофа

Думкі людзей справядлівых
Ты хіліш да зла, да злачынстваў.
Вось і цяпер падняў ты злабу спаміж родных
Погляд дзяўчыны прыгожай, што зьяе
З вачок яе мілых, сільней за законы багоў,
Бо Афродыта[14], багіня ўсясільная, бавіцца ўсімі.

Дзея 4-я

[правіць]

ДЗЕЯ 4-я

ЗЬЯВА 1-я

(З левых дзьвярэй варта выводзіць Антыгону)

Корыфэй

Што я бачу? Гатоў ўжо забыцца і я
На законы і сьлёз не магу я стрымаць,
Што струменьнем вялікім ліюцца з вачэй.
Антыгона ідзе ня ў дом жаніха,
А ў апошнюю вечную хату.

КОММОС

(Жалобная песьня)

Строфа 1-я

Антыгона

О, грамадзяне зямелькі бацькоў, глядзеце, іду я
Шляхам апошнім сваім.
Сонейка промень я бачу апошні,
Больш ня убачу яго. Вядзе мяне Гадэс жывую
Да Ахеронта[15] — ракі.
Шлюбу ў жыцьці я ня ведала,
Песень вясельных сабе я ня чула ніколі,

Шлюб буду мець з Ахеронтам.

Корыфэй

Але славы вянок маеш вечны ты,
Адыходзіш ты з ім ў дамавіну сваю.
Не хвароба цяжкая згубіла цябе,
Ня згубіў цябе меч. Але ўласны закон
Ты стварыла сабе, і жывая, адна
Між жанчын, да Гадэса зыходзіш.

Антыстрофа 1-я

Антыгона

Чула я, што чужаземка Фрыгійская[16] згібла жалобна
Там, на вяршыні Сіпіла.
Быццам моцны павей,
Ўсю абхапіў яе камень. Ёсьць чутка такая:
Льлюцца дажджы на яе,
Буры катуюць заўсёды, і вечна
Плача яна і сьлязьмі палівае каменьні.
Гэткую-ж сьмерць мне рыхтуюць багі.

Корыфэй

Ад багоў радзілася, багіня яна,
Мы-ж сьмяротныя ўсе і сьмяротных сыны.
Але вось аб табе будуць чуткі хадзіць,
Што і ты да багіні падобнай была,

Як жыцьцём, так і сьмерцяй сваёй.

Строфа 2-я

Антыгона

Гора! Сьмяюцца з мяне! Вы, багі мае родныя,
Што-ж абражаюць мяне
Перад сьмерцю маёй?
Горад мой родны,
Народ мой вялікі!
Хвалі крыніцы Дыркейскай![17]
Гай Тэбанскіх багоў![18]
Будзьце вы сьведкамі мне.
Ня плачуць па мне, ня судзілі мяне.
Іду ў падзямельле страшэннае,
Там я памру ў нязвычайнай магіле.
Гора мне беднай!
Я не нябожчыца, я й ня жывая,
Я не з памёршымі, я й ня з жывымі!

Корыфэй

Занадта сьмелай ты была,
Дзіця, адважылася ты
Замах зрабіць на Дыкі трон.
Твой лёс страшэнны—бацькаў лёс.

Антыстрофа 2-я

Антыгона

Ты дакрануўся да раны балючай мае,
Ўспомніў аб бацькі вядомай бядзе.
Аб лёсе страшэнным,
Што гоніць усьцяж
Род Лабдакідаў вялікі.
Ложак ганебны
Мацеры беднай мае!
Сын яе—бацька мой там з ёй ляжаў,
Ад іх нарадзілася бедная я.
Вось і іду пад праклёнам багоў і бяз шлюбу да іх.
Бедны мой брат,
Што шлюб так пракляты зрабіў!
Ты ўжо памёр і жывую мяне забіваеш.

Корыфэй

Нябожчыкаў кахаць—сьвятая справа,
Але-ж і той, хто ўладу мае,
Павінен тую ўладу бараніць.
Праз ўласны свой імпэт ты гінеш.

(З палацу выходзіць Крэонт)

Эпод

(Прыпеў)

Антыгона

Плачу ня чую, родных ня бачу,
Песень вясельных няма.
Вось як іду я
Шляхам апошнім маім.
Ўжо ня убачу, бяздольная, сонейка зьяньне ніколі.
Плакаць ня будуць аб долі маёй

Людзі, якіх я любіла.

ЗЬЯВА 2-я

Крэонт (падыходзіць бліжэй)

Вы ведаеце, што калі-б было карысна
Стагнаць і плакаць, каб адрочыць сьмерць,
Дык хто-ж тады-б свае стагнаньні скончыў?
Хутчэй, як я сказаў, яе адвесьці
Ў глыбокую пячору. Там яе
Адну самотную пакінуць. Там няхай
Ці памірае, ці жыве й шукае жаніха.
А я сябе ня зганьбіў сьмерцю тэй дзяўчыны,
Я толькі ад жыцьця з людзьмі яе адсунуў.

Антыгона (выходзячы на сярэдзіну сцэны)

Мой дол, пакой дзявочы мой і хата
Падземная і вечная мая! Іду
Да вас я, родныя мае. Вас там,
Загінуўшых у ліку нязьлічоным,
Багіня Пэрсэфона[19] прытуліла.
Цяпер і я іду да вас, нядобрай сьмерцю
Памёршая раней, чым скончыла жыцьцё.
Аднак, надзею маю я, калі прыду
Да вас, прыду я мілаю для ўсіх, —
І для цябе, мой бацька, для цябе, матуля,
І для цябе, браток мой родны, Этэокль.
Бацькі мае, калі памёрлі вы,
Я ўласнымі рукамі вас абмыла,
Вас апранула і зрабіла узьліяньні.
Цяпер-жа, Полінік, за тое, што цябе
Я пахаваць хацела, вось як плоцяць мне.
Аднак, за тое, што табе дала
Пашану я, мяне хваліць разумны будзе.
Мой родны брат! Што гэткім чынам я цябе
Ушанавала, бачыць грэх у тым адзін Крэонт,
Адвагу на страшэннае злачынства.
I вось вядзе цяпер мяне ён гвалтам
На сьмерць. Ня ведала я шлюбу, песень
Ня чула я вясельных, мужа я ня мела,
Не гадавала і ня мела я дзяцей.
Іду у дол памёршых я, жывая,
Бяздольная, адна, бяз тых, каго люблю.
Які-жа я закон багоў пераступіла?
Ці-ж трэба мне, бяздольнай, на багоў яшчэ
Надзею мець? Каго-жа абаронцам
Магу назваць між іх сваім? То-ж я,
Зрабіўшы справу добрую, злачынцам стала.
Дык вось багі што лічуць добрым! Калі так,
Дык трэба-ж мне згадзіцца, што нясу
Пакуту я за ўласны грэх сапраўды.
Калі-ж на вас ляжыць віна, жадаю вам
Цярпець ня больш, чымся цярплю бязьвінна я.

Корыфэй

Той-жа імпэт ўзбурэньняў яшчэ
У душы яе моцны дагэтуль.

Крэонт

Так, так. Вы, якія вядзеце яе,
Сьлёзы будзеце ліць за маруднасьць сваю.

Антыгона

Гэтым словам мяне пасылаюць на сьмерць.

Як цярплю я, як цяжка на сэрцы!

Крэонт

Пацяшаць я ня буду цябе, што зьмяню
Над табою прысуд свой ранейшы.

Антыгона

О зямелька Тэбанская, горад бацькоў!
О багі мае родныя!
Паміраю. За што? Бяз віны.
Паглядзеце, тэбанскія ўсе ўладары,
Я, апошняя з царскай сям‘і,
Ад каго і як цяжка цярплю.
І за што? Што любіла багоў
І законы багоў шанавала.

СТАСЫМ 4-ы

XОР

Строфа 1-я

Зьмяніла й Даная[20] сьвятло нябёс
На цемру медзянае вежы.
Замкнулі, схавалі яе
Ў магільным пакоі.
Яна-ж была слаўнага роду, дзіця,
І мела сыночка ад Зэўса,
Які да яе прыходзіў дажджом залатым.
Але страшэнную нейкую сілу
Лёс мае над намі.
Вызваліць нас ад яго ня можа нішто,
Ні меч, ні багацьце, ні вежа,

Ні чорны між хваль карабель.

Антыстрофа 1-я

Дрыантаў запальчывы сын[21],
Гэдонаў ўладар,
I ён быў таксама замкнуты.
За кпіны і злосьць яго Дыаніс
Замкнуў ў камяніцы-турме.
Шаленства страшэнную моц выяўляў ён.
Вар‘яцтвам ён быў пакараны
За тое, што з бога сьмяяўся,
Натхненых жанчын[22] прыпыняў, гасіў бакхічны агонь,
I муз ён злаваў, што на флейтах іграюць[23].

Строфа 2-я

Ля чорных скал між двух марэй[24]
Ўздымаецца бераг Баспорскі.
Там Сальмідэс[25] негасьцінны Тракійскі.
Там у абодвух Фінэя[26] сыноў
Бачыў страшэнныя раны Арэй.
Акрутная мачыха іх асьляпіла.
Сваімі рукамі крывавымі вочы
Яна працяла чаўнаком.
I кроў іх аб помсьце крычыць.

Антыстрофа 2-я

Марнелі яны ў падзямельлі. Аб долі
Бяздольнай матулі свае бядавалі.
Была-ж пахаджэньнем яна
З сям‘і Эрэхтыдаў[27], старэйшага роду.
Ў далёкай пячоры
Між бацькаўскіх бур
Узрасла Борэада[28], багоў дзіцянё.
Няслася яна, бы віхор па гарах.
Аднак, і яе
Вечныя Мойры[29] схапілі, дзіця!

Дзея 5-я

[правіць]

ДЗЕЯ 5-я

ЗЬЯВА 1-я

(Крэонт сядзіць на каменным сядэеньні ў цяжкой задуменнасьці. Уваходзіць Тырэсі, якога вядзе хлопчык)

Тырэсі

Тэбанцаў ўладары! Прышлі адным мы шляхам,
Глядзеў-жа з двух адзін. Бо у сьляпых
Шлях той, які пакажа правадыр.

Крэонт

Што новага, стары Тырэсі мой?

Тырэсі

Скажу, скажу, а ты слухмяны будзь прароку,

Крэонт

Заўсёды я твае парады слухаў.

Тырэсі

I горадам загэтым добра кіраваў.

Крэонт

Магу пасьведчыць, што мне ты дапамагаў.

Тырэсі

І зноў па ўскраю ты бяздоньня ходзіш.

Крэонт (спалохаўшыся)

Чаму? Я ўвесь дрыжу прад вуснамі тваймі.

Тырэсі

Дык слухай-жа азнакі, што я бачыў.
На старадаўнім месцы варажбы я сеў,
Дзе птахі[30] чараўнічыя зьлятаюцца ў мяне.
І чую я няведамы мне птахаў крык,—
Яны крычалі крыкам злым, злавесным, дзікім.
Я чуў, як рвуць яны друг дружку пазурамі,
Крывавымі, і моцна крыльлямі яны шумелі.
I страх мяне схапіў. Хацеў ахвяру
Я на палаючым прынесьці алтары[31].
Але ня зьяў агонь з ахвяр. Тлушч бёдраў
Расстапліваўся й капаў на залу.
І ён чадзіў і пырскаў ўверх, і жоўць
Разьлілася, і голыя ляжалі
Ўжо бёдры, бо не пакрываў іх болей тлушч.
І я ад гэтага вось хлопчыка пазнаў,
Што не дала прароцтваў мне ахвяра,
Бо ён вядзе мяне, як я вяду другіх.
Бяду нясе наш горад ад твайго прысуду,
Бо паразьнесьлі птахі і сабакі ўсюды,
Па ўсіх ахвярніках і вогнішчах у нас
Бяздольнага Эдыпавага сына цела.
I ўжо ад нас багі прыняць ня хочуць
Алтарныя малітвы, бёдраў полымя,
I крыку яснага прарочы птах ня дасьць,
Бо сыты ён крывёю мерцьвяка.
Падумай-жа аб гэтым, мой сынок!
Рабіць памылкі—лёс агульны ўсіх людзей.
Але разумны і шчасьлівы будзе той,
Які, ў бяду папаўшы, нярухомы
Не застаецца, але выпраўляе зло.
Аб неразумнасьці упартасьць сьведчыць.
Памёршаму ты уступі і не катуй
Таго, хто згінуў. Ці-ж памёршага забіць
Другі раз—можа быць якаясь слава ў тым?
Жадаючы дабра табе, казаў я добра.
А як прыемна ад таго вучыцца,
Хто добрыя й карысныя дае парады!

Крэонт

Стары, страляеце вы ўсе, як быццам ў мэту,
Ў мяне, ды йшчэ прароцтвамі мяне злавіць
Вы хочаце. Ужо даўно мяне, як быццам
Тавар карысны, родныя прадалі.
Што-ж, нажывайцеся, электр Сардыйскі[32]
Сабе вы набывайце, калі хочаце,
І золата Індыйскае[33]. Але-ж таго
Не пахаваеце ў магіле вы ніколі.
Хаця-б Зэвэсавы арлы, труп разарваўшы,
Здабычу да самога трону Зэўса прынясьлі,—
Я пахаваць яго й тады ня дам.
Граха я не баюся, бо я добра ведаю,
Што чалавек ня здолее зьняважыць бога.
А ты, стары Тырэсі, памятай вось што:
Ганебна гінуць нават мудрацы,
Калі, жадаючы карысьці, словы
Ганебныя ў прыгожай форме кажуць нам.

Тырэсі

Бяда!
Ці ведае хто між людзей, ці разумее…

Крэонт

Ў чым справа? Што сказаць ты хочаш?

Тырэсі

Наколькі лепш разважнасьць за багацьце.

Крэонт

Наколькі, думаю, горш неразважнасьць.

Тырэсі

Вось гэтаю хваробай поўны ты цяпер.

Крэонт

Зьнявагай даць адказ прароку я ня хочу.

Тырэсі

Зьняважыў ты мяне ужо, калі сказаў,
Што непраўдзівыя прароцтвы я даю.

Крэонт

Да грошай надта хцівыя прарокі ўсе.

Тырэсі

А ўсе тыраны да ганебнае карысьці.

Крэонт

Ці ведаеш, што кажаш ўладару ты гэта?

Тырэсі

Я ведаю. Збаўленьне гораду ты гэтаму
З маёю дапамогай толькі даў.

Крэонт

Прарок ты мудры, але любячы няпраўды.

Тырэсі

Прымусіш ты мяне сказаць, што ў глыбіні
Душы маёй ляжыць дагэтуль нярухома.

Крэонт

Ну што-ж, паруш, але не для карысьці.

Тырэсі

Дык добра-ж. Вось скажу аб лёсе я тваім.

Крэонт

Але душы мае ня купіш ты ніколі.

Тырэсі

Дык добра-ж, ведай, што нямнога шляху
Яшчэ калёсы сонца пройдуць хуткія,
Як сам ты аддасі памёршым наадмен
Таго, хто з родных ўсіх табе найдаражэй,
За тое, што жывую душу кінуў
Ты пад зямлю, ганебна ў доле пахаваўшы,
А на зямлі трымаеш труп, багоў падземных
Уласнасьць, труп няшчасны, без пашаны
Належнай трупу, без хаўтур пачэсных.
Ня маеш права на яго ні ты,
Ні земныя багі. Зрабіў ты гвалтам тое.
Няшчадныя, страшэнныя Эрыньніі[34],
Гадэсу і багам пакорныя, за гэта
Чакаюць ўжо, каб за твае злачынствы
Такую-ж самую табе даць кару.
Няўжо-ж, падумай, я падкуплены кажу
Ўсё гэтае? Ужо чакаць нядоўга, —
Ў тваім палацы стогны чутны будуць
Мужчын, жанчын, і горады варожыя
Усе паўстануць, дзе кавалкі трупу
Пранесьлі ці сабакі, ці якія зьверы,
Ці птах які драпежны, пах нячысты
Разносячы па вогнішчах усюды.
Ты выклікнуў мой гнеў, і ў гневе стрэлы,
Бы той стралок, пусьціў табе я ў сэрца,—
Ад жару іх не уцячы табе.
Вядзі дамоў мяне, дзіця! Хай злосьць сваю
Ён вылівае на малодшых за мяне.
Няхай навучыцца ён спакайней казаць
I думкі лепшыя мець, чым цяпер.

(Адыходзіць. Усе ў страсе)

ЗЬЯВА 2-я

Корыфэй

Ўладар, пашоў прарок, страшэнныя прароцтвы
Нам даўшы. Ведаю-ж я добра, што з пары,
Як валасы мае сівымі сталі з чорных,
Брахні прарок ніколі не казаў.

Крэонт

Згаджаюся я сам, і страх ў душы маёй.
Мне цяжка уступіць. Калі-ж спрачацца буду,
Магу сябе страшэнна загубіць.

Корыфэй

Рассудны будзь, Мэнойкаў сын Крэонт!

Крэонт

Што-ж трэба мне рабіць? Кажы. Пакорны буду.

Корыфэй

Дзяўчыну выведзі з падземнай хаты.
Непахаванага ты пахавай.

Крэонт

Дык думаеш і раіш уступіць?

Корыфэй

Хутчэй, як толькі можаш. Хутка наганяюць
Эрыньніі, пасланыя багамі, злых людзей.

Крэонт

Бяда мне! Цяжка мне рабіць, што не ляжыць
На сэрцы. Але не магу спрачацца з лёсам.

Корыфэй

Рабі цяпер ты сам, не даручай ты іншым.

Крэонт

Пайду я зараз-жа. Хутчэй ідзеце, слугі,
I тыя, хто са мной, і тыя, хто ў палацы.
Бярэце тапары, да ўзгорку хутка йдзеце.
Пайду я й сам, прысуд свой скасаваўшы,
Я вузел сам зьвязаў, я-ж сам і разьвяжу.
Бо я баюся, ці найлепш ня будзе
Жыцьцё нам скончыць пад законамі багоў.

(Адыходзіць са слугамі)

СТАСЫМ 5-ы

ХОР

Строфа 1-я

Бакх шматіменны[35], слава Кадмейскай дзяўчыны[36],
Зэўса грымотнага сын,
Слаўнай Італіі бог[37]:
Шануюць цябе ў Элеўзіне,—
Народы зьбіраюцца там адусюль
У раўнінах багіні Дэмэтры[38].
Бакх, бакханак айчына
Тэбы — айчына й твая[39].
Ты там жывеш, і празрысты
Струмень Ісмэн[40] там цячэ,
А людзі—насеньне дракона[41].

Антыстрофа 1-я

Над двохвярховай гарою[42] убачыў цябе
Зьяючы дым[43]. Карыкійскія німфы[44]
Там карагоды водзяць свае,
І шэпты крыніцы Кастальскае чутны[45].
Павеям[46] прыбраныя ўзгоркі
Нісэйскага горнага краю[47]
І бераг зялёны ад лоз вінаграду
Да нас пасылаюць цябе.
І з песьняй сьвятою
І радасьці поўнай
Ты ў вуліцы Тэб уваходзіш.

Строфа 2-я

Больш за ўсе гарады шануеш ты Тэбы.
Быццам маці тваю, што забіў
Зэўса страшэнны пярун[48].
Горад наш родны цяпер
Ў цяжкай хваробе увесь.
Прыдзі, каб ачысьціць яго,
З Парнаскай гары, ці праз мора,
Праз шумныя хвалі пратокі[49].

Антыстрофа 2-я

Га, правадыр палаючых зор і начных
Песень і клічаў сьвятых[50].
Роднае Зэўса дзіця!
Зьявіся, ўладар, і няхай
Прыдуць з табой і бакханкі,
Якія ў шаленстве сьвятым
Водзяць ўсю ноч карагоды
I славяць вялікага Якха!

Эксод

[правіць]

ЭКСОД

(Заключэньне)

ЗЬЯВА 1-я

(Уваходзіць весьнік)

Весьнік

Насельнікі сьцен Кадма й Амфіона[51],
Ня трэба ні хваліць, ні ганьбіць нам жыцьця,
Пакуль яшчэ жыве на сьвеце чалавек.
Бо заўжды так трапляецца, што лёс
Няшчасных падымае і, наадварот,
Шчасьлівых ўніз бязьлітасна скідае.
Сьмяротныя ня ведаюць, што з імі будзе.
Раней здавалась мне: які Крэонт шчасьлівы!
Ад ворагаў зямлю Кадмеяву ён збавіў,
І ўладу над страной ён ўсю сабе забраў,
І добрымі дзяцьмі[52] квіце яго сям‘я.
І зьнікла раптам ўсё! Бо калі радасьці
Ня мае чалавек, ўжо ня лічу тады,
Што ён жыве,—жывы ён толькі труп.
Багацьце мей у хаце, мей уладу,
Вяліч тырана,—ты калі ня знойдзеш
Ва ўсім тым радасьці, ня даў-бы я
За гэтае усё і цені дыму.

Корыфэй

Якая здарылася новая бяда
З царом Крэонтам? З весткай ты якой прышоў?

Весьнік

Памёр ён. А жывы—прычына сьмерці.

Корыфэй

Дык хто-ж памёр? І хто забіў? Кажы хутчэй!

Весьнік

Загінуў Гэмон. Згіб ад ўласнае рукі.

Корыфэй

Ад ўласнай бацькаўскай рукі, ці ад сваёй?

Весьнік

Сам ад сябе, пракляўшы бацьку за забойства.

Корыфэй

Прарок, прарок! Як верна ты казаў!

Весьнік

Дык калі так, падумаць трэба ўжо аб іншым.

ЗЬЯВА 2-я

(Уваходзіць Эўрыдыка)

Корыфэй

Бяздольную я бачу Эўрыдыку тут,
Крэонта жонку. Йдзе яна з палацу,
Аб сыне штось пачуўшы, ці мо‘ выпадкова.

Эўрыдыка

Я чула, грамадзяне, вашу гутарку.
Ішла з палацу я у храм Паляды[53] грознай,
Каб ёй малітвы палкія мае прынесьці.
І вось, калі заgал зьнімала я, каб дзьверы
Палацу адчыніць, пачула аб бядзе я
Маёй сямейнай гутарку. У страсе
Упала наўзнак я і страціла прытомнасьць.
Нявольніцы мяне на рукі падхапілі.
Але скажэце зноў, аб чым была тут мова?
Скажэце мне, бо ўжо я шмат цярпела.

Весьнік

Царыца дарагая, ўсё я бачыў сам
I не скажу нічога, што было-б няпраўдай.
Навошта-б стаў я пацяшаць цябе, а потым
Убачыла-бы ты, што я брахаў?
Заўсёды проста ісьціна стаіць.
Вось справа як была. Ішоў з тваім я мужам
На ўзгорак той, дзе йшчэ ляжаў труп Полініка
Бязьлітасна сабакамі парваны.
I памаліўшыся Гэкаце[54] і Плютону[55],
Каб міласьліва кінулі свой гнеў,
Зрабілі мы сьвятое узьліяньне
І на галінах сьвежых мы спалілі
Ўсё тое, што засталася ад трупу.
Курган высокі з роднае зямелькі
Насыпалі мы і пашлі мы потым
Да каменнага шлюбнага пакою
Гадэса, дзе была нявеста—Антыгона.
Яшчэ здалёк пачуў адзін з нас стогны
Галосныя, з пячоры што нясьліся.
Зьвярнуў увагу ён на то Крэонта.
Бліжэй Крэонт ўсё падыходзіў, і злавесны
I сьлёзны крык сустрэч яму ляцеў.
Тады з жалосным стогнам ён загаласіў:
„Бяздольнік я! Ці-ж я прарок? Няўжо раблю
Я самы цяжкі шлях з усіх шляхоў маіх?
Майго я сына чую крык! Бяжэце, слугі,
Хутчэй, бліжэй, і, камень адваліўшы
Ад падзямельля, у пячору паглядзеце,—
Ці Гэмона то крык, ці то багоў мана?“
Зрабілі мы, як загадаў ўладар,—
Ён быў у роспачы. Убачылі мы там
Абодвух іх ў канцы пячоры. На пятле,
З адзеньня зробленай, накінутай на шыю,
Яна павесілася, ля яе-ж ляжаў[56],
Трымаючы яе ў сваіх абоймах, Гэмон.
І плакаў ён аб гібелі свае нявесты,
І аб прысудзе бацькі, і гаротным шлюбе.
Убачыўшы яго, Крэонт з жалосным крыкам
І стогнам кінуўся наперад да яго
І клікаў так: „Няшчасны! Што зрабіў ты?
Што ты хацеў зрабіць? Як розум страціў ты?
Выходзь, дзіця, багамі заклінаю, выйдзі!“
Зірнуўшы на Крэонта дзікімі вачыма,
З пагардаю на твары, без адказу
Ён выцягнуў двувойстры меч на бацьку, але
Ня ўдарыў ён яго, бо кінуўся на ўцёкі той.
Тады зьвярнуў няшчасны гнеў свой на сябе
І кінуўся на войстры меч грудзямі.
Але пакуль прытомнасьці ня страціў,
Ён слабаю рукой дзяўчыну абыймаў.
Ён цяжка дыхаў, і крывавы струмень
На шчокі бледныя дзяўчыны ліўся.
І труп ляжыць ля трупу. Так, няшчасны,
Зрабіў сваё вясельле ён ў Гадэса хаце.
Ён паказаў усім, што нерассуднасьць
Прыносіць найвялікшую бяду.

(Эўрыдыка моўчкі адыходзіць у палац)

ЗЬЯВА 3-я

Корыфэй

Як ты глядзіш на гэтае? Пашла жанчына,
Ні добрага, ні злога слова не сказаўшы.

Весьнік

Дзіўлюся я і сам. Але й надзею маю,
Што, аб бядзе пачуўшы сына, прад усімі
Яна ня хоча плакаць, але ў хаце
Яна стагнаць пачне з прыслужніцамі разам,
Аплакваць разам з імі хатнюю бяду,—
Занадта мудрая яна, каб зло рабіць.

Корыфэй

Ня ведаю. Але здаецца мне,
Што небясьпечна надта цяжкае маўчаньне,
Як і вялікі і шалёны крык.

Весьнік

Ў палац пайду я, каб пазнаць ці не схавала
У сэрцы хворым штось таемнае яна.
Бо праўду кажаш ты: страшэнны знак,
Калі занадта цяжка хтось маўчыць.

(Адыходзіць у палац)

ЗЬЯВА 4-я

(Уваходзіць Крэонт з трупам Гэмона на руках)

Корыфэй

Але вось сам ўладар. Ён нясе на руках
Сынаў труп, што паказвае ясна усім,
Калі праўду казаць, што злачынства зрабіў
Ня чужы хтось, а бацька сам родны яго.

КОММОС

(Жалобная песьня)

Крэонт

Строфа 1-я

Грэх неразумнага розуму,
Згубная ўпартасьць!
Бачце,—забойца й забіты—
Бацька і сын.
Гора прынесьлі прысуды мае.
Сын мой, ты раньняю сьмерцю памёр малады.
Сын мой! Дзіця!
Памёр ты, загінуў
Не праз сваю неразважнасьць,
А праз маю.

Корыфэй

Ох, позна ўбачыў праўду ты!

Строфа 2-я

Крэонт

Гора мне!
Так, я убачыў яе. Ў галаве маёй
Бог памуціў цяжка розум тады,
І на шлях неразумнасьці кінуў тады-ж.
Гора! Ён зьнішчыў ўсю радасьць жыцьця
Цяжка мне, цяжка! Ня бачу ніякай
Мэты ў жыцьці я і ў працы.

(З палацу выходзіць весьнік)

ЗЬЯВА 5-я

Весьнік

Ўладар, здаецца, апрача аднэй бяды,
Ўжо маеш новую. Вось на руках адна,
А ў хаце хутка ўбачыш ты другую.

Крэонт

Што-ж можа быць няшчасьней за няшчасьці?

Весьнік

Памёрла жонка, маці гэтага вось трупу,
Няшчасная, яна мячом сябе забіла.

Антытрофа 1-я

Цяжка мне, цяжка!
Сьмерць безлагодная,
Што-жа ты, што-ж мяне губіш?
Весьнік бязьлітасны
Новай бяды, што ты кажаш?
Я ўжо загінуў, мяне ты дабіў.
Што кажаш? Аб сьмерці якой новай кажаш?
Цяжка мне, цяжка!
Аб сьмерці гвалтоўнае жонкі мае,
Якая за сынам пашла?

(З палацу выносяць труп Эўрыдыкі)

Корыфэй

Ты можаш бачыць. Вось яна перад табой.

Антытрофа 2-я

Крэонт

Ох, цяжка!
Вось бачу я, няшчасны, новую бяду.
Якая-ж сьмерць мяне яшчэ чакае?
Вось на руках сваіх трымаю сына труп.
Няшчасны я, а жонкі труп я бачу прад сабой
Ох, жонка бедная, ох, бедны мой сынок!

Весьнік

Ля алтара яна, гаротная,
Закрыла вочы. Плакала-ж прад тым
Аб слаўнай сьмерці Мэгарэя, што памёр раней,
Таксама і аб ім. Нарэшце клікала
Ўсе беды на цябе, бо ты дзіця забіў.

Строфа 3-я

Крэонт

Цяжка мне, цяжка!
Ад страху дрыжу я. Чаму-жа ніхто
Мяне не забіў двувойстрым мячом?
Мне цяжка, гаротнаму, цяжка,
Ня бачу збаўленьня ад гора.

Весьнік

Нябошчыца цябе лічыла вінаватым
У сьмерці двух сыноў, таго і гэтага.

Крэонт

Якім-жа спосабам яна сябе забіла?

Весьнік

Рукою ўласнай ў сэрца ўдарыла сябе,
Пачуўшы аб жалоснай сьмерці сына.

Строфа 4-я

Крэонт

Гора! З сьмяротных ніхто
Не вінаваты ў гэтым, адзін толькі я.
Я цябе, я загубіў цябе, бедны,
Я толькі, шчыра кажу. Слугі, слугі,
Прэч павядзеце мяне, павядзеце хутчэй,
Я няжывы ўжо, я скончыў жыцьцё.

Корыфэй

Ты добра раіш, калі ёсьць дабро ў бядзе:
Найлепшая бяда—найкарацейшая.

Антыстрофа 3-я

Крэонт

Зьявіся, зьявіся,
Лёс мой апошні. Дай мне астатні
Дзень мой. Зьявіся, зьявіся,
Каб я ня бачыў
Наступнага дня!

Корыфэй

Яшчэ наступіць гэтае. Аб гэтым ўжо
Падумаюць багі. А мы павінны думаць
Аб тым, што трэба нам рабіць цяпер.

Крэонт

Дык я-ж малю аб тым, чаго цяпер жадаю.

Корыфэй

Маленьні кінь цяпер. Няма збаўленьня
Ад бед, якія лёс каму прызначыў.

Антыстрофа 4-я

Крэонт

Прэч павядзеце мяне, неразумнага.
Сын мой, цябе мімаволі забіў я.
Забіў і цябе, дарагая. Як цяжка мне!
Куды, да каго мне зьвярнуцца?
Ўсё, што я маю цяпер, ўсё гэтае—трупы.
На галаву маю лёс нязносны зваліўся.

(Павольна ўсе адыходзяць у палац, апрача хору)

ХОР (Корыфэй)

Мудрым быць—неабходны, найпершы за ўсё
Дзеля шчасьця варунак. Законы багоў
Шанаваць мы павінны таксама.
Мовы гордыя кары вялікія толькі
Нам прынясуць і навучаць быць мудрым
Ўжо позна.



Увагі

[правіць]
  1. Зэўс, Зэвэс—галоўнае грэцкае боства, „бацька багоў і людзей“, бог пяруноў і маланак. Яму падуладныя неба, атмосфэра з яе зьяўленьнямі (дождж сьнег і г. д.) і ўся паверхня зямлі. Ён наглядае за цэласьцю сям‘і (сямейны Зэўс), за законамі дзяржаў, за тым, каб усюды панавала справядлівасьць.
  2. Гад, Гадэс—бог падземнага царства, дзе жывуць цені—душы памёршых людзей. Адсюль і самае падземнае царства называецца Гад (Гадэс).
  3. Дыркэ, Дыркейская крыніца—крыніца на заходнім баку горада Тэб.
  4. Арэй—страшэннае лютае боства вайны і бітваў.
  5. Арла перамог дракон. Арол тут—сымболь аргейцаў. Дракон—сымболь тэбанцаў, бо, як кажа міт, закладчык Тэб Кадм забіў дракона і, па загаду багіні Атэны Паляды, вырваў у яго зубы і пасеяў іх, і з гэтых драконавых зубоў і вырасьлі з зямлі асілкі, продкі тэбанцаў.
  6. Тут разумеецца Капанэй, адзін з аргоскіх цароў. Ён зьняважыў Зэўса сваёю пагардаю да яго пяруноў, і за гэтае Зэўс забіў яго маланкаю.
  7. Ніка, Нікэ—багіня пабеды, перамогі.
  8. Бакх альбо Дыаніс, сын Зэўса і Сэмэлы (дачкі Кадма), бог віна і яго вырабу. У Тэбах яму, як тутэйшаму боству, аддавалася асаблівая пашана.
  9. Дыка, Дыкэ—багіня справядлівасьпі, дачка Зэўса і Тэміды.
  10. Кадмейцы—тэбанцы, бо горад Тэбы закладзены быў Кадмам.
  11. Гінэйкей—жаночая палавіна хаты, дзе ўсе жанчыны сям‘і пад нагляданьнем гаспадыні займаліся рознымі хатнімі справамі.
  12. Олімп—найвышэйшая гара ў Грэцыі (у Тэссаліі), на якой жылі найгалоўнейшыя багі.
  13. Эрот—бог каханьня, сын Афродыты Прыгожы хлапец з залатымі крыльлямі, узброены лукам і страламі. Ён ня ведае літасьці, ён страшэнны самому Зэўсу і нават сваёй маці Афродыце. Каго ён параніць сваёю стралою, той павінен цярпець ад каханьня. Эроту падуладныя ня толькі людзі і багі, але і ўсё ў прыродзе, што мае жыцьцё, зьверы і расьліны.
  14. Афродыта—багіня жаночага хараства і каханьня, маці Эрота.
  15. Ахеронт—рака ў падземным царстве Гадэса, сынонім самога падземнага царства.
  16. Чужаземка Фрыгійская—Ніобэя, дачка Тантала, Фрыгійскага цара (Фрыгія—краіна на захадзе Малой Азіі). Ніобэя была жонкаю тэбанскага цара Амфіона і мела 14 дзяцей—7 сыноў і 7 дачок. Яна зьняважыла багіню Лятону, маці Аполёна і Дыаны (Артэміды), якая мела толькі гэтых двух дзяцей, і патрабавала, каб яе шанавалі таксама, як і Лятону. За гэтае Аполён перастраляў усіх яе дзяцей, а яна сама „скамянела“ ад гора і зрабілася скалой (на гары Сіпіле ў Лідыі), якая вечна плача.
  17. Гл. ўвагу 3.
  18. Гай Дэмэтры і Коры ў прадмесьці Тэб, каля Дыркейскай крыніцы.
  19. Пэрсэфона (альбо Кора)—жонка Гадэса, багіня падземнага царства.
  20. Даная—дачка аргоскага цара Акрысія. Яму было прадказана, што ў Данаі народзіцца сын, які заб‘е яго, Акрысія. Акрысій замкнуў Данаю ў медную вежу, але Зэўс увашоў у вежу пад відам залатога дажджу, і ад яго Даная нарадзіла сына Пэрсэя. Акрысій загадаў замкнуць маці з сынам у скрыню і кінуць у мора, але яны выплылі, і прароцтва ў канцы канцоў споўнілася.
  21. Дрыантаў сын Лікург—цар гэдонаў (у Тракіі), супрацівіўся распаўсюджаньню культа Дыаніса. За гэтае Дыаніс пакараў яго вар‘яцтвам, а яго царства бясплодзьдзем. Калі-ж звар‘яцеўшы Лікург зрабіў некалькі злачынстваў, гэдоны паўсталі і замкнулі яго ў пячоры гары Пангэя.
  22. Бакханкі, мэнады—жанчыны, якія, абхопленыя экстазам, адпраўлялі містычны культ Бакха (оргіі), уночы запальвалі паходні і з распушчанымі валасамі і вянкамі на галавах і кіямі (тырсамі) ў руках у экстатычным шаленстве скакалі і бегалі па гарах з крыкамі: іо, Бакх, эвоэ, эвоэ! і г. д.
  23. Музы—дзевяць багінь навук і мастацтваў. Культ іх быў цесна зьвязаны з культам Дыаніса (Бакха). Флейта, улюблёны інструмант сатыраў (напоў людзі, напоў казлы), якія заўсёды хадзілі разам з Бакхам.
  24. Сімплегады—дзьве скалы ў Баспорскай пратоцы, паміж марэй Чорнага і Мармуровага.
  25. Сальмідэс—вузкая берагавая паласа зямлі на поўнач ад Баспору Тракійскага. Потым там быў і горад Сальмідэс.
  26. Фінэй—цар Тракійскі, меў жонку Клеопатру, дачку бога вятроў Борэя. Каб ажаніцца з прыгожай сястрою Кадма Ідофеяй, ён замкнуў Клеопатру ў турму. Ідофея ненавідзела сваіх пасынкаў Пандыона і Плексыппа, сыноў Клеопатры, доўга іх перасьледвала і нарэшце асьляпіла ім вочы ткацкім чаўнаком і жывымі пахавала іх у падземным склепе.
  27. Эрэхтэй—старадаўні герой Аттыкі, сын зямлі, выхаванец багіні Атэны, культ якой ён увёў у горад Атэны.
  28. Борэада—дачка Борэя, Клеопатра.
  29. Мойры альбо Паркі, — багіні лёсу.
  30. Прарочымі птахамі лічыліся такія, якія лятаюць асабліва высака (бліжэй да неба, да багоў) і па адзіночцы, як, напр., арол (весьнік Зэўса), шуляк, сокал, груган (птах Аполёна), варона (весьніца Гэры і Атэны) і інш.
  31. Другі спосаб варажбы, так званая гіероскопія, па ўнутранасьцях жывёл.
  32. Электр—мэталічны сплаў, у склад якога ўваходзілі чатыры часткі золата і адна частка серабра. Асяродкам гандлю гэтым сплавам былі Сарды, сталіца Лідыі, на захадзе Малой Азіі. Сплаў гэты рабілі штучна, але часам ён знаходзіўся і ў прыродным відзе ў залатаносным пяску ракі Пактола.
  33. Багацьці Індыі ўвашлі ў прыслоўе.
  34. Эрыньніі—страшэнныя, бязьлітасныя, няўмольныя багіні помсты, якія неадступна прасьледуюць злачынцу і бегаюць няўтомна за ім, куды-б ён ня ўцёк. Сымболь цяжкіх грызот сумленьня. Яны гоняць забойцу ўжо пасьля злачынства, калі душа забітага ўжо знаходзіцца ў царстве Гадэса. Дзеля гэтага грэкі й прадстаўлялі сабе, што Эрыньніі жывуць у падземным царстве і падлягаюць Гадэсу.
  35. Бакх меў яшчэ іншыя імёны, напр., Дыаніс, Якх, Ліэй, Бромій, Загрэй, Кор, Тыонэй.
  36. Бакх быў сынам Зэўса і Сэмэлы, дачкі Кадма.
  37. Многія мясцовасьці Італіі, асабліва паўднёвай (Вялікая Грэцыя), славіліся вырабам віна і дзеля гэтага шанавалі Бакха.
  38. Дэмэтра („маці-зямелька“)—багіня зямлі і земляробства. Асяродкам яе містычнага культу быў маленькі горад Элеўзін у Аттыцы, куды зьбіраліся грэкі з усіх мясцовасьцяй Грэцыі.
  39. Бакх—сын Сэмэлы, дачкі Кадма, тэбанскага цара, закладчыка Тэб.
  40. Ісмэн—крыніца на ўсходнім баку Тэб.
  41. Гл. ўвагу 5.
  42. Гара Парнас.
  43. Агні паходняў бакханак, а можа быць агні, якія зьяўляліся, як гаварылі, уночы на верхавінах Парнасу.
  44. У вадным з адрогаў Парнасу ёсьць сталяктытавая пячора Корыкіон (цяпер Сандараўлі). Яшчэ дагэтуль там захаваўся антычны ахвярнік, прысьвечаны німфам і Пану.
  45. Кастальская крыніца— у падэшвы Парнасу. Вада яе магла даваць натхненьне поэтам.
  46. Павей, як і вінаград, прысьвечаны быў Бакху.
  47. Відавочна, тут маецца на ўвазе Ніса на востраве Эўбеі.
  48. Маці Бакха Сэмэла захацела ўбачыць Зэўса (бацьку Бакха) ува ўсёй яго велічы. Ён споўніў яе просьбу, але яна не магла вытрымаць яго боскае велічы і была забіта бліскавіцай.
  49. Пратока Эўрып, аддзяляючы востраў Эўбею ад контынэнту.
  50. Галоўныя оргіі Бакха рабіліся па начах пры сьвятле паходняў.
  51. Кадм—закладчык Тэб, а сын яго Амфіон—будаўнік сьцен гораду. Ён іграў на флейце так чароўна, што пад уплывам яго музыкі камні самі сабою рухаліся і складваліся ў сьцены.
  52. Апрача Гэмона, Крэонт меў яшчэ сына Мэгарэя, якога ён яшчэ раней прынёс у ахвяру багом, каб даць перамогу Тэбам.
  53. Багіня Атэна-Паляда, абаронца гарадоў, багіня мудрасьці.
  54. Гэката—першапачаткова багіня месяца, потым—багіня ночных страхаў, царыца розных духоў, нячысьцікаў, дэманаў, якія ўночы выходзяць з магіл, каб палохаць людзей. Розныя ведзьмакі, чараўнікі і т. д. лічылі яе сваёю багіняю.
  55. Плютон—другое імя Гадэса.
  56. Відавочна, Гэмон ужо зьняў мёртвую Антыгону і палажыў яе на зямлю, але ня зьняў пятлю з яе шыі.