Антыгона (1926)/Уступ

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Прадмова Уступ
Публіцыстыка
Аўтар: Юльян Дрэйзін
1926 год
Антыгона

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




УСТУП

Ідэолёгія эпохі ёсьць надбудова на яе экономічнай падставе. Гэтае палажэньне, якое даўно ўжо зрабілася для нас азбучнаю ісьцінай, выпраўдываецца ўва ўсе эпохі гісторыі чалавецтва, якія-б далёкія яны ня былі-б ад нашага часу. Але і экономічная падстава ня ёсьць таксама першапачатковае зьявішча. І яна залежыць ад шмат якіх варункаў, паміж якіх у першую чаргу трэба назваць умовы прыродныя,—варункі географічныя, кліматычныя, глебавыя і г. п.

Быў у гісторыі эўропэйскага чалавецтва час, аб якім і дагэтуль эўропэйскае чалавецтва марыць, як аб залатым веку ў некаторых адносінах. Гэта было пятае стагодзьдзе перад нашаю эраю, калі маленькі, але гэніяльны народ, грэкі, утварыў усё тое ў галіне, галоўным чынам, літаратуры, будаўніцтва і разьбярства, утварыў тую вялікую старагрэцкую культуру, што ляжыць у васнове агульна-эўропэйскага культурнага разьвіцьця. У гэты час утварыўся той спэцыфічна старагрэцкі сьветапагляд, які яшчэ і дагэтуль родніць нас, людзей XX веку, са старажытнымі грэкамі.

У гэтым кароткім уступе немагчыма, разумеецца, абхапіць гэты старагрэцкі сьветапагляд з усіх яго бакоў. Дзеля нашае мэты трэба спыніцца толькі на адным яго баку і паставіць яго, як ідэолёгію, у залежнасьць ад першапачатковых прычын, ад тых географічных, кліматычных, глебавых варункаў, сярод якіх жылі грэкі. I паміж гэтых варункаў мы зьвернем увагу толькі на тыя, якія зьяўляюцца важнымі для нас, у сучасны момант дзеля нашае мэты.

Грэцыя ёсьць краіна нязвычайна празрыстага паветра і сонечнага бляску. Няма ніводнага месца ў Эўропе, дзе паветра было-бы такое празрыстае, як у прыгожай Элядзе. I ў гэтым празрыстым паветры залітыя яскравымі праменямі сонца сьлепячы мігацяць абголеныя мармуровыя пароды, ласкава сьмяецца чароўнае грэцкае мора, і ясна, рэльефна выдзяляецца кожная рэч—скалы, дрэвы, галіны на іх, кожны лісьцік, ручай, возерка і г. д. У істоце прырода Грэцыі не багатая, але ў гэтым празрыстым паветры і сонечным бляску яна здаецца надзвычайна прыгожаю і, што найгалоўнейшае, яснай, рэльефнай ува ўсіх сваіх нават найдрабнейшых праявах. І грэк прызвычаіўся да гэтай рэльефнасьці і прыгожасьці і зрабіўся народам мастакоў. Грэк бясконца кахаў прыроду свае маляўнічай Эляды, ад яе ён не адыходзіў ні на момант. Вось тут і ляжаў асяродак старагрэцкага сьветапагляду. Гэты асяродак замыкаўся ў блізкасьці да прыроды, у зьліцьці з прыродаю, у каханьні прыроды, замілаваньня да земнага жыцьця. „Радасьць жыцьця“—вось асноўны мотыў настрою. Калісьці расійскі перакладчык грэцкіх драматургаў Меражкоўскі, убачыўшы сваймі вачыма гэтае паветра і сонца Грэцыі, пісаў: „Я зірнуў, убачыў усё адразу і адразу зразумеў—скалы Акрополя, Партэнон, Пропілеі, і пачуў тое, на што не забудуся да самае сьмерці“… Тут, у Элядзе, чалавек аддаецца прыродзе. Ён ня хоча, каб будынак хаваў яе. Замест даху—у Партэноне неба. Паміж белых калён—блакітнае мора. I ўсюды—сонца. Няма кутка, адкуль ня бачна была-бы даль. Паветра, сонца, неба, мора—вось матэрыял у руках будаўнічага. Простыя, мерныя, спакойныя лініі мармуру, то стромкія, то папярочныя, служаць яму на тое, каб ясьней абмежаваць, абкружыць рамкаю, выдзеліць у прыродзе тое, што чалавек лічыць у ёй прыгожым… Перанясеце Акрополь у іншае месца, і сьляда не застанецца ад яго хараства. Тут поўная, якая ніколі ўжо не паўтаралася, гармонія паміж творамі рук чалавечых і прыродаю… Згодна з прыродаю! Вось аснова і натхненьне ўсяго грэцкага будаўніцтва… Толькі тут, у Акрополі, разумееш, што значыць дух вольнага, вялікага народу (Мережковский. Вечные спутники. Акрополь). А калі так, дык што-ж, якія законы паізінны кіраваць жыцьцём чалавека і яго дзейнасьцю? Ясна, што толькі законы прыроды, альбо лепш—адзін асноўны закон, закон прыроды. Гэта той самы закон, аб якім кажа Антыгона:

…закон няпісаны і вечны.
Ні ўчора, ні цяпер зьявіўся той закон,
Спрадвеку існаваў, заўсёды ён жыве.

Зразумела, грэкі не ўладалі такімі ведамі ў галіне прыродазнаўства, якімі ўладаем мы, людзі XX стагодзьдзя. Навуку галоўным чынам замяняла рэлігія. I запэўна, гэтая рэлігія была, папершае, рэлігіяй хараства, а падругое, рэлігіяю прыроды. Грэцкія багі былі дасканалымі ў сваім харастве істотамі і ўсе мелі стыхійнае пахаджэньне. Грэк насяліў вышэйшымі і ніжэйшымі багамі ўсю прыроду: кожнае дрэва мела сваю німфу-дрыаду, кожная гара, ці скала, ці ўзгорак—сваю німфу-орэаду, кожная рэчка ці ручай, ці возера сваю німфу-наяду. Дзейнасьць прыроды зрабілася дзейнасьцю жывучых у ёй багоў, яе сілы сталі сіламі яе багоў. Так і законы прыроды зрабіліся законамі багоў, закон прыроды—законам багоў.

Але з разьвіцьцём грамадзянства і дзяржавы, з утварэньнем грамадзкіх клясаў і разьвіцьцём клясавых супярэчнасьцяй чалавек пачынае часам гвалтаваць чыстыя спрадвечныя законы прыроды, чалавечыя ўстановы пачынаюць супярэчыць законам прыроды, паўстае конфлікт паміж імі, і ўзьнікае пытаньне аб тым, якія законы трэба лічыць важнейшымі—законы чалавечыя альбо законы прыроды. Гэта адно з тых праклятых пытаньняў, якія, здаецца, не разьвязаны канчаткова і да цяперашняга часу. У розныя эпохі гэтае пытаньне разьвязвалася розна. Гэтае пытаньне пастаўлена драмаю „Антыгона“, і гэтае ж пытаньне пастаўлена вялікаю кастрычнікаваю рэволюцыяю альбо наогул рэволюцыйным марксызмам.

Які-ж адказ дае на гэтае пытаньне Софокль, з аднаго боку, і рэволюцыйны марксызм з другога? У драме „Антыгона“ Софокль паказвае, што паміж законамі чалавечымі і законамі прыроды (багоў) не павінна быць супярэчнасьці. А калі такая супярэчнасьць існуе, дык першыя павінны падлягаць другім. Калі-ж гэтага ня будзе, дык загіне і той, хто прымушае іншых ісьці супроць законаў прыроды, і тыя, якія прымушаюцца гэтае рабіць. Сутнасьць драмы „Антыгона“ і замыкаецца ў тэй псыхолёгічнай кольлізіі, супярэчцы, якая зьяўляецца адбіцьцём конфлікту паміж законамі чалавечымі і прыроднымі. I ў выніку гэтых кольлізіі і конфлікту гіне Ангыгона, прадстаўніца законаў прыроды, і страшэнна караецца Крэонт, прадстаўнік законаў чалавечых.

У якім-жа відзе зьяўляепца нашае пытаньне ў марксызьме? Бязумоўна, эксплёатацыя чалавека чалавекам ня можа быць прызнана зьявішчам, згодным з законамі прыроды. Гэтая эксплёатацыя ўзьнікае разам са зьяўленьнем прыватнае ўласнасьці на прылады і сродкі вырабу. Але калісьці гэтая прыватная ўласнасьць не існавала. Не існавала тады і клясавай дыфэрэнцыяцыі і, значыцца, клясавых супярэчнасьцяй і эксплёатацыі. Вынік адсюль той, што буржуазны строй з прыватнай уласнасьцю на прылады і сродкі вырабу, з клясавай дыфэрэнцыяцыяй, клясавымі супярэчнасьцямі і эксплёатацыяй чалавека чалавекам — супярэчыць законам прыроды і законы чалавечыя ставіць вышэй за законы прыроды. Як такі, ён павінен неабходна, раней ці пазьней, так ці іначай, згінуць, а на яго месца ўтварыцца такі строй, калі ня будзе ні прыватнае ўласнасьці, ні грамадзкіх клясаў з іх супярэчнасьцямі, ні зксплёатацыі. Так Софокль зьяўляецца аднадумцам з Марксам пры ўсёй розьніцы ў эпохах і варунках жыцьця.

Адкуль узялося гэтае аднадумства? Ці ня хочу я зрабіць Софокля соцыялістым і марксыстым, альбо Маркса — старажытным грэкам? Адказ ясны: падобнасьць поглядаў Софокля і Маркса ёсьць падобнасьць сьветапаглядаў старагрэцкага і марксыцкага адносна прыроды, яе законаў і іх значэньня ў жыцьці як паасобных індывідуумаў, так і цэлых чалавечых грамадзянстваў і дзяржаў[1]. Вядомая фраза Антыгоны:

Utoi synechtein, alla symfilein edyn, „мой лёс—узаемная любоў, а не нянавісьць“ ёсьць сымболь веры і старажытнае Грэцыі і будучага соцыялістычнага грамадзянства (і ранейшага хрысьціянства). Вось чаму такія творы, як „Антыгона“ , не забыты эўропэйскім чалавецтвам і дагэтуль і ня будуць забытымі ніколі. Вось чаму ня будзе забыты ніколі Софокль, як ня будзе забыты другі вялікі грэк, можа быць першы інтэрнацыяналісты, Сократ, які на пытаньне, дзе ён жыве, адказваў: „У сьвеце“.

Софокль, сярэдні ў вялікай трыадзе грэцкіх драматургаў (Эсхіль, Софокль і Эўрыпід), нарадзіўся ў 496 годзе да нашае эры ў Колёне каля Атэн. Яшчэ ў моладасьці ён зварочваў на сябе агульную ўвагу сваім фізычным хараством і музычнымі здольнасьцямі. У 480 годзе, яшчэ маладым юнаком, ён у часе публічнага сьвята пасьля Салямінскае перамогі кіраваў хорам юнакоў, скакаў і пяяў, і йграў на ліры пэан (песьню перамогі). Першы раз ён выступіў на драматычных агонах у Атэнах у 463 годзе. Яго супраціўнікам быў вялікі Эсхіль, і Сафокль адразу-ж перамог і атрымаў першую нагароду. Пасьля гэтага да самай сьмерці ён выступаў яшчэ больш за 20 раз і бадай што заўсёды атрымліваў першыя нагароды і толькі ў двох ці трох выпадках атрымаў другую. Ніжэй другой ён ня спускаўся ніводнага разу… Ён памёр у 406 годзе 90-летнім дзедам. Ён напісаў больш, чымся 100 драм, з якіх да нас дашло толькі сем: Аянт, Антыгона, Цар Эдып, Электра, Трахінкі, Філёктэт і Эдып у Колёне.

Зьмест „Антыгоны“ ўзяты з так званага Тэбанскага цыклю мітаў. Падзеі, папярэднія тым, якія апавядаюцца ў „Антыгоне“ , замыкаюцца ў наступным.

Тэбанскі цар Ляй, сын Лябдака, скраў у Пэлёпа яго маладога сына Хрызіппа. За гэтае ён быў пракляты багіняю сям‘і Гэраю, і ў родзе яго (родзе Лябдакідаў) запанаваў „Алястор“, страшэнны няўмольны дух помсты, які адгэтуль будзе гнаць усіх патомкаў Ляя, пакуль ня згіне ўвесь род Лябдакідаў. Ляю было напрарочана аракулам, што ад яго народзіцца сын, які заб‘е свайго бацьку і ажэніцца са сваёй маткаю[2]. Калі сапраўды ў Ляя нарадзіўся сын Эдып, Ляй, каб унікнуць ажыцьцяўленьня оракулу, аддаў дзіцёнка свайму пастуху і загадаў, каб той аднёс яго на гару Кітэрон і кінуў у лесе дзікім зьвяром. Але пастух пашкадаваў дзіцянё і аддаў яго свайму сябру, таксама пастуху, які пасьвіў жывёлу на Кітэроне, а гэты аддаў Эдыпа Корынскаму цару Полібу, які ня меў дзяцей. Эдып узрос у палацы Поліба царэвічам і лічыў сябе родным сынам цара. Аднойчы, калі ў Эдыпа была спрэчка з якімсь маладым корынтыянінам, апошні назваў яго падкідкам. Эдып зьвярнуўся з пытаньнямі да Поліба і яго жонкі, але яны ўпэўнілі яго, што ён іхны праўдзівы сын. Усё-ткі, каб канчаткова ўпэўніцца ў гэтым, Эдып зьвярнуўся да дэльфійскага оракулу. Оракул ня даў яму шчырага адказу, але сказаў, што лёсам яму прызначана забіць бацьку і ажаніцца з маткаю. Тады Эдып уцёк з Корынту назаўсёды. Ён ішоў па шляху, які вёў у горад Тэбы. Насустрэч яму ехаў нейкі стары з пяцьма слугамі. Паганяч груба загадаў Эдыпу зысьці з шляху. Запальчывы Эдып адказаў яму ўдарам. За слугу ўступіўся стары. Пачалася агульная бойка з Эдыпам, якая скончылася тым, што малады асілак забіў усіх, апрача аднаго нявольніка, які ўцёк. Забіты стары быў якраз бацька Эдыпа, Ляй, а нявольнік, які ўцёк, той самы пастух, што калісьці адносіў маленькага Эдыпа на Кітэрон. Тэбанцы былі перапалоханы зьнікненьнем цара, але хутка пакінулі шуканьні, бо зьявілася новае гора. На скале недалёк ад брамы Тэб зьявіўся сфінкс, напоў жанчына, напоў львіца. Гэты сфінкс даваў усім грамадзянам цяжкую для разьвязаньня загадку, і таго, хто яе не разьвязваў, ён забіваў. Калі Эдып падышоў да Тэб, сфінкс даў і яму загадку, і Эдып яе разьвязаў. Тады сфінкс кінуўся ў бяздоньне і там загінуў. Так Эдып вызваліў Тэбы ад бяды.

Пасьля зьнікненьня Ляя горадам кіраваў Крэонт, брат Іокасты, жонкі Ляя. Калі зьявіўся сфінкс, ён абяцаў аддаць Іокасту за жонку, а разам з ёю і царскі трон у Тэбах таму, хто вызваліць Тэбы ад сфінкса. Гэткім вось чынам Эдып зрабіўся царом Тэб і ажаніўся з сваёю маткай. Так па гэтаму міту споўнілася прароцтва дэльфійскага оракулу.

Прашло каля 15 год. Эдып меў ад Іокасты ўжо чатырох дзяцей,—двох сыноў, Этэокля і Полініка, і дзьвюх дачок, Антыгону і Ісмэну. Але страшэнныя, хаця і несьвядомыя, пераступленьні законаў прыроды (багоў) з боку Эдыпа заставаліся яшчэ непакаранымі. І вось цяпер багі наслалі на Тэбы чуму. Сталі гінуць тысячамі людзі, і пачалі шукаць вінавайцу няшчасьця. З дапамогаю прарока Тырэсія выявілася, што вінаваты ў бядзе Эдып і што за яго злачынствы багі караюць горад. Эдып і Іокаста пазналі ўсю праўду. Іокаста павесілася, а Эдып вырваў уласнымі рукамі свае вочы і пакінуў Тэбы (драма „Цар Эдып“), а разам з ім пашла яго старэйшая дачка Антыгона, каб быць правадыром свайго сьляпога бацькі. Пасьля доўгага вандраваньня Эдын памёр у Колёне, замірыўшыся з багамі (драма „Эдып у Колёне“ ), а Антыгона вярнулася ў Тэбы.

Пасьля адыходу Эдыпа з Тэб царская ўлада перашла да яго сыноў Этэокля і Полініка. Але яны пасварыліся паміж сабою, і Этэокль выгнаў з Тэб Полініка. Апошні ўцёк да Аргосу, ажаніўся з дачкою Аргоскага цара Адраста і падняў супроць Тэб, г. ё. супроць сваёй бацькаўшчыны, сямёх аргоскіх цароў. Войска аргейцаў абкружыла Тэбы. Але і нядоўга цягнулася вайна. У паядынку Этэокль і Полінік забілі разам і адначасна адзін аднаго, і тады аргейцы пашлі дамоў, а царом Тэбанскім зрабіўся Крэонт. Ён пачаў сваю ўладу з таго, што аддаў загад належным чынам пахаваць Этэокля, як абаронцу бацькаўшчыны, а труп Полініка, ворага бацькаўшчыны, пакінуць непахаваным, што для грэка было самаю страшэннаю караю, бо непахаваны ён ня мог-бы ўвайсьці ў падземнае царства (Гадэс), месца жыцьця і спачынку памёршых, і павінен быў-бы вечна вандраваць каля гэтага падземнага царства і несьці страшэнныя і вечныя мукі.

Гэты загад выклікае ў душы Антыгоны псыхолёгічную кольлізію (супярэчку): ці споўніць закон чалавечы (загад Крэонта), ці закон прыроды (загад кроўнае любві пахаваць брата). Тут і пачынаецпа драма Софокля „Антыгона“.


  1. У гэтых адносінах шмат матэрыялу дае кніга Ф. Энгельса „Анты-Дурынг“.
  2. Чым-жа вінанатыя патомкі Ляя? І ці могуць нас цікавіць розныя оракулы, забабоны і г. п.? Гэтыя пытаньні ставіць проф. Ф. Зелінскі у сваім эцюдзе аб Эсхіле і адказвае: А я перапытаюся: ці ня бывае цяпер людзей, якім лепш было-бы паслухацца разумнае парады лекароў (ад іх цяпер выходзяць гэткія оракулы) і не нараджапь дзяцей? Дык не, яны гвалтуюць прыроду, плодзяць сабе потомкаў і гэтым сапраўды уводзяць Алястора у сваю хату. Нараджаюцца дзеці хілыя, хваравітыя, злачынныя, закатаваныя праклёнам ад дня снайго нараджэньня. Сымболі зьмяняюцца, сэнс застаецца той самы».