Перайсці да зместу

Антыгона (1926)/Увагі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Антыгона Увагі
Камэнтары
Аўтар: Юльян Дрэйзін
1926 год
Памылкі друку

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




УВАГІ

1. Зэўс, Зэвэс—галоўнае грэцкае боства, „бацька багоў і людзей“, бог пяруноў і маланак. Яму падуладныя неба, атмосфэра з яе зьяўленьнямі (дождж сьнег і г. д.) і ўся паверхня зямлі. Ён наглядае за цэласьцю сям‘і (сямейны Зэўс), за законамі дзяржаў, за тым, каб усюды панавала справядлівасьць.

2. Гад, Гадэс—бог падземнага царства, дзе жывуць цені—душы памёршых людзей. Адсюль і самае падземнае царства называецца Гад (Гадэс).

3. Дыркэ, Дыркейская крыніца—крыніца на заходнім баку горада Тэб.

4. Арэй—страшэннае лютае боства вайны і бітваў.

5. Арла перамог дракон. Арол тут—сымболь аргейцаў. Дракон—сымболь тэбанцаў, бо, як кажа міт, закладчык Тэб Кадм забіў дракона і, па загаду багіні Атэны Паляды, вырваў у яго зубы і пасеяў іх, і з гэтых драконавых зубоў і вырасьлі з зямлі асілкі, продкі тэбанцаў.

6. Тут разумеецца Капанэй, адзін з аргоскіх цароў. Ён зьняважыў Зэўса сваёю пагардаю да яго пяруноў, і за гэтае Зэўс забіў яго маланкаю. 7. Ніка, Нікэ—багіня пабеды, перамогі.

8. Бакх альбо Дыаніс, сын Зэўса і Сэмэлы (дачкі Кадма), бог віна і яго вырабу. У Тэбах яму, як тутэйшаму боству, аддавалася асаблівая пашана.

9. Дыка, Дыкэ—багіня справядлівасьпі, дачка Зэўса і Тэміды.

10. Кадмейцы—тэбанцы, бо горад Тэбы закладзены быў Кадмам.

11. Гінэйкей—жаночая палавіна хаты, дзе ўсе жанчыны сям‘і пад нагляданьнем гаспадыні займаліся рознымі хатнімі справамі.

12. Олімп—найвышэйшая гара ў Грэцыі (у Тэссаліі), на якой жылі найгалоўнейшыя багі.

13. Эрот—бог каханьня, сын Афродыты Прыгожы хлапец з залатымі крыльлямі, узброены лукам і страламі. Ён ня ведае літасьці, ён страшэнны самому Зэўсу і нават сваёй маці Афродыце. Каго ён параніць сваёю стралою, той павінен цярпець ад каханьня. Эроту падуладныя ня толькі людзі і багі, але і ўсё ў прыродзе, што мае жыцьцё, зьверы і расьліны.

14. Афродыта—багіня жаночага хараства і каханьня, маці Эрота.

15. Ахеронт—рака ў падземным царстве Гадэса, сынонім самога падземнага царства.

16. Чужаземка Фрыгійская—Ніобэя, дачка Тантала, Фрыгійскага цара (Фрыгія—краіна на захадзе Малой Азіі). Ніобэя была жонкаю тэбанскага цара Амфіона і мела 14 дзяцей—7 сыноў і 7 дачок. Яна зьняважыла багіню Лятону, маці Аполёна і Дыаны (Артэміды), якая мела толькі гэтых двух дзяцей, і патрабавала, каб яе шанавалі таксама, як і Лятону. За гэтае Аполён перастраляў усіх яе дзяцей, а яна сама „скамянела“ ад гора і зрабілася скалой (на гары Сіпіле ў Лідыі), якая вечна плача.

17. Гл. ўвагу 3.

18. Гай Дэмэтры і Коры ў прадмесьці Тэб, каля Дыркейскай крыніцы.

19. Пэрсэфона (альбо Кора)—жонка Гадэса, багіня падземнага царства.

20. Даная—дачка аргоскага цара Акрысія. Яму было прадказана, што ў Данаі народзіцца сын, які заб‘е яго, Акрысія. Акрысій замкнуў Данаю ў медную вежу, але Зэўс увашоў у вежу пад відам залатога дажджу, і ад яго Даная нарадзіла сына Пэрсэя. Акрысій загадаў замкнуць маці з сынам у скрыню і кінуць у мора, але яны выплылі, і прароцтва ў канцы канцоў споўнілася.

21. Дрыантаў сын Лікург—цар гэдонаў (у Тракіі), супрацівіўся распаўсюджаньню культа Дыаніса. За гэтае Дыаніс пакараў яго вар‘яцтвам, а яго царства бясплодзьдзем. Калі-ж звар‘яцеўшы Лікург зрабіў некалькі злачынстваў, гэдоны паўсталі і замкнулі яго ў пячоры гары Пангэя.

22. Бакханкі, мэнады—жанчыны, якія, абхопленыя экстазам, адпраўлялі містычны культ Бакха (оргіі), уночы запальвалі паходні і з распушчанымі валасамі і вянкамі на галавах і кіямі (тырсамі) ў руках у экстатычным шаленстве скакалі і бегалі па гарах з крыкамі: іо, Бакх, эвоэ, эвоэ! і г. д.

23. Музы—дзевяць багінь навук і мастацтваў. Культ іх быў цесна зьвязаны з культам Дыаніса (Бакха). Флейта, улюблёны інструмант сатыраў (напоў людзі, напоў казлы), якія заўсёды хадзілі разам з Бакхам.

24. Сімплегады—дзьве скалы ў Баспорскай пратоцы, паміж марэй Чорнага і Мармуровага.

25. Сальмідэс—вузкая берагавая паласа зямлі на поўнач ад Баспору Тракійскага. Потым там быў і горад Сальмідэс.

26. Фінэй—цар Тракійскі, меў жонку Клеопатру, дачку бога вятроў Борэя. Каб ажаніцца з прыгожай сястрою Кадма Ідофеяй, ён замкнуў Клеопатру ў турму. Ідофея ненавідзела сваіх пасынкаў Пандыона і Плексыппа, сыноў Клеопатры, доўга іх перасьледвала і нарэшце асьляпіла ім вочы ткацкім чаўнаком і жывымі пахавала іх у падземным склепе.

27. Эрэхтэй—старадаўні герой Аттыкі, сын зямлі, выхаванец багіні Атэны, культ якой ён увёў у горад Атэны.

28. Борэада—дачка Борэя, Клеопатра.

29. Мойры альбо Паркі,—багіні лёсу.

30. Прарочымі птахамі лічыліся такія, якія лятаюць асабліва высака (бліжэй да неба, да багоў) і па адзіночцы, як, напр., арол (весьнік Зэўса), шуляк, сокал, груган (птах Аполёна), варона (весьніца Гэры і Атэны) і інш.

31. Другі спосаб варажбы, так званая гіероскопія, па ўнутранасьцях жывёл.

32. Электр—мэталічны сплаў, у склад якога ўваходзілі чатыры часткі золата і адна частка серабра. Асяродкам гандлю гэтым сплавам былі Сарды, сталіца Лідыі, на захадзе Малой Азіі. Сплаў гэты рабілі штучна, але часам ён знаходзіўся і ў прыродным відзе ў залатаносным пяску ракі Пактола.

33. Багацьці Індыі ўвашлі ў прыслоўе.

34. Эрыньніі—страшэнныя, бязьлітасныя, няўмольныя багіні помсты, якія неадступна прасьледуюць злачынцу і бегаюць няўтомна за ім, куды-б ён ня ўцёк. Сымболь цяжкіх грызот сумленьня. Яны гоняць забойцу ўжо пасьля злачынства, калі душа забітага ўжо знаходзіцца ў царстве Гадэса. Дзеля гэтага грэкі й прадстаўлялі сабе, што Эрыньніі жывуць у падземным царстве і падлягаюць Гадэсу.

35. Бакх меў яшчэ іншыя імёны, напр., Дыаніс, Якх, Ліэй, Бромій, Загрэй, Кор, Тыонэй.

36. Бакх быў сынам Зэўса і Сэмэлы, дачкі Кадма.

37. Многія мясцовасьці Італіі, асабліва паўднёвай (Вялікая Грэцыя), славіліся вырабам віна і дзеля гэтага шанавалі Бакха.

38. Дэмэтра („маці-зямелька“)—багіня зямлі і земляробства. Асяродкам яе містычнага культу быў маленькі горад Элеўзін у Аттыцы, куды зьбіраліся грэкі з усіх мясцовасьцяй Грэцыі.

39. Бакх—сын Сэмэлы, дачкі Кадма, тэбанскага цара, закладчыка Тэб.

40. Ісмэн—крыніца на ўсходнім баку Тэб.

41. Гл. ўвагу 5.

42. Гара Парнас.

43. Агні паходняў бакханак, а можа быць агні, якія зьяўляліся, як гаварылі, уночы на верхавінах Парнасу.

44. У вадным з адрогаў Парнасу ёсьць сталяктытавая пячора Корыкіон (цяпер Сандараўлі). Яшчэ дагэтуль там захаваўся антычны ахвярнік, прысьвечаны німфам і Пану.

45. Кастальская крыніца—у падэшвы Парнасу. Вада яе магла даваць натхненьне поэтам.

46. Павей, як і вінаград, прысьвечаны быў Бакху.

47. Відавочна, тут маецца на ўвазе Ніса на востраве Эўбеі.

48. Маці Бакха Сэмэла захацела ўбачыць Зэўса (бацьку Бакха) ува ўсёй яго велічы. Ён споўніў яе просьбу, але яна не магла вытрымаць яго боскае велічы і была забіта бліскавіцай.

49. Пратока Эўрып, аддзяляючы востраў Эўбею ад контынэнту.

50. Галоўныя оргіі Бакха рабіліся па начах пры сьвятле паходняў.

51. Кадм—закладчык Тэб, а сын яго Амфіон—будаўнік сьцен гораду. Ён іграў на флейце так чароўна, што пад уплывам яго музыкі камні самі сабою рухаліся і складваліся ў сьцены.

52. Апрача Гэмона, Крэонт меў яшчэ сына Мэгарэя, якога ён яшчэ раней прынёс у ахвяру багом, каб даць перамогу Тэбам.

53. Багіня Атэна-Паляда, абаронца гарадоў, багіня мудрасьці.

54. Гэката—першапачаткова багіня месяца, потым—багіня ночных страхаў, царыца розных духоў, нячысьцікаў, дэманаў, якія ўночы выходзяць з магіл, каб палохаць людзей. Розныя ведзьмакі, чараўнікі і т. д. лічылі яе сваёю багіняю.

55. Плютон—другое імя Гадэса.

56. Відавочна, Гэмон ужо зьняў мёртвую Антыгону і палажыў яе на зямлю, але ня зьняў пятлю з яе шыі.