Агляд кніг (Купала)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Чым чорт не шуціць Агляд кніг
Аўтар: Янка Купала
Крыніца: Збор твораў у 9 т. Том 8 / Мінск, Маст. Літ., 2002. ст. 32-33
Ці маем мы права выракацца роднай мовы?

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Апошнімі часамі выйшла колькі новых беларускіх кніг, аб каторых не лішне будзе напомніць нашым паважаным чытачам.

1) "Маладая Беларусь". Серыя 1-я, сшытак 3-ці. У гэтым зборніку знаходзім вершы К. Буйло, Я. Журбы, А. Гурло і А. Петрашкевіча; проза: А. Навіны, праф. Э. А. Вальтэра, А. Янулайціса, Галубка, Змітрака Бядулі, Цёткі і Міхалкі С. Асабліва звяртае на сябе ўвагу стацця А. Янулайціса "Аб маладым паэце з Крошына". Аўтар дае многа цэннага матэрыялу да пануючых у пачатку XIX сталецця стасункаў між сялянствам і вышэйшымі класамі ў Беларусі. З другіх аўтараў выдзяляецца найболей сваімі вершамі К. Буйло, жаль толькі, што талентная паэтка не памясціла болей у зборніку сваіх задушэўных песень. З прозы найцікавейшыя — гэта "Абразкі" Змітрака Бядулі, аб каторым пагаворым ніжэй. Сшытак выданы, як і першыя два, рускімі і лацінскімі літарамі, на добрай паперы, апраўлены ў арыгінальную вокладку і заслугоўвае на тое, каб трапіў ва ўсе куткі нашай бацькаўшчыны. Цана зборніка 1 рубель.

2) "Сон на кургане". Драматычная паэма ў чатырох абразах — Я. Купалы. Кніжка выдана старанна, на добрай паперы і з прыгожымі рысункамі слуцкіх паясоў — застаўкамі і віньетамі. Аб самой паэме не прыходзіцца нічога гаварыць, бо гэта заняло бы зашмат месца ў нашым праглядзе. Цана кніжкі 50 кап. (100 стар. друку).

3) "Batrak" і "Jak Jurka zabahacieŭ" Jakuba Kołasa. Невялічкая кніжка (28 стар., цана 10 кап.) гаворыць за сябе іменем вядомага ўсім беларусам аўтара. "Batrak" — апавяданне з жыцця палешукоў, у каторым выказаў сябе Колас не толькі здольным лірыкам, але і добрым расказчыкам. У легендзе "Jak Jurka zabahacieŭ" аўтар патрапіў падгледзець у беларусаў спрытны розум, калі яшчэ і гора да гэтага добра прыцісне. —

4) "Abrazki" Zmitraka Biaduli. Першы абразок — "Плач пералескаў"; вось гэтым названнем і можна было б ахрысціць тую кніжачку. Гэта не "абразкі", пісаныя звычайнай прозай, а гэта нейкая дзіўная "песня песняў" беларускай рассуменай душы. Цана кніжачкі даступная — усяго 15 кап. (40 стар.).

5) "Pieśni" Ciski Hartnaha. Каб судзіць аб багацці гаспадара, трэба паглядзець восенню ў яго гумно, каб судзіць аб здольнасці песняра, трэба прачытаць яго творы, сабраныя ў аддзельную кніжачку. Вота ж і зборнічак Цішкі з кароткім загалоўкам "Pieśni" добра нам асвятляе душу і талент аўтара. Цішка не "майструе вершаў", а пяе, пяе ўсёй сваёй набалелай душой, усім сваім сэрцам гарачым, кіпучым. Нойдзеце тут і галубіныя песні кахання, і сумныя жальбы, і смелыя жаданні, і ва ўсім чуваць песняра праўдзівага, вынасіўшага кожнае слова ў сваіх набалелых грудзях. Пажадаем тут, каб і надалей пясняр гэты з Божай іскрай у душы не закапваў свайго таленту, а стараўся развярнуць яго ва ўсю шыр і глыб, як гэта ён можа, калі толькі захоча. Цана кніжкі 15 кап. (49 стар.).

6) "Амерыканец" — апавяданне А. Новіча. Цана 10 кап. (23 стар.) А. Новіч, вядомы ўжо нам са свайго апавядання "У дому лепей", бярэ чытача за сэрца прастатой і шчырасцю свайго расказу. Няма ў ім ніякіх хітрых выдумак, а ўсё міла і спакойна. Умее нязначным спосабам падсунуць чытачу маральную навучку, паказаць добрую незавілую сцежку к лепшаму жыццю, і ўсё гэта так свойска, так родна. І хочацца, здаецца, дасказаць аўтара: амерыканцаў на Беларусі так многа, а чаму ж так мала такіх, якога вывеў у сваім апавяданні А. Новіч.

7) "Як яны жаніліся" — жарт у 1-м акце А. Валодзьскага, пераклад Власта, 28 стар., літагр/афія/, цана 30 кап.

8) "Мядзведзь" — жарт у 1-м акце А. Чэхава, перакл. з расейскага, 27 стар., літагр/афія/, цана 30 кап.

Абедзве апошнія кніжкі выданы спецыяльна для тэатра і абедзве — пераклады з чужой мовы. Змест іх многім вядомы ў арыгінале, так што лічым лішне падробней на ім астанаўлівацца.

Усе кніжкі, пералічаныя ў нашым праглядзе, выданы беларускай выдавецкай суполкай "Загляне сонцэ і ў наша ваконцэ". Выданы на добрай паперы, з прыгожымі застаўкамі і віньетамі і ў пекных вокладках.

Каментар[правіць]

Апублікавана ў газеце "Наша ніва" №50, 12 снежня 1913 году за подпісам І. Л.