Перайсці да зместу

Чым чорт не шуціць

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Як яны ваююць Чым чорт не шуціць
Фельетон
Аўтар: Янка Купала
Крыніца: Збор твораў у 9 т. Том 8 / Мінск, Маст. Літ., 2002. ст. 31
Агляд кніг

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Яснавяльможны пан рэдактар яснавяльможнай газеты «Kurjer Litewski» сядзеў у сваім пакоі на пуховай пярыне і горка-горка плакаў. Як чорная поліўка, ліліся яго буйныя слёзы на васкаваную падлогу, каціліся за дзверы на вуліцу і, як свой з сваім, мяшаліся з расхляпаным балотам віленскіх каркаломных брукаў.

Рэдактар плакаў і плакаў…

І было чаго плакаць! — Вычытаў ён у сваёй жа газеце, што ў Прусах Заходніх бязбожнікі-немцы вучаць дзяцей-палякаў па нямецку; забараняюць бедным дзеткам чытаць і маліцца Богу ў сваёй роднай мове. Кожны мала-веле справядлівы чалавек заплача над гэткай нямецкай несправядлівасцю.

І рэдактар плакаў, плакаў і… думаў. У канцы ўзяў пяро, набожна перахрысціўся, набожна пацалаваў крыж і напісаў у сваю яснавяльможную газету горка-слязлівую стаццю пад такім загалоўкам: «Якім парадкам прымусіць дзяцей-беларусаў вучыцца і маліцца па-польску».

І паліліся ізноў па віленскім каркаломным бруку гаротныя слёзы, слёзы кракадзілавы.

Каментар

[правіць]

Апублікавана ў газеце «Наша ніва» №43, 24 кастрычніка 1913 году за подпісам К-а.