Перайсці да зместу

Ці маем мы права выракацца роднай мовы?

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Агляд кніг Ці маем мы права выракацца роднай мовы?
Артыкул
Аўтар: Янка Купала
17 красавіка 1914
Крыніца: Архівы Беларусі
Уладыслаў, сын Ігната Эпімах-Шыпілы
Наша ніва № 15-1914. У поўным зборы твораў (т. 8, 2002) розначытанні невядомага паходжання.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Калі ўгледзімся на акружаючае нас жыцьцё, калі ўдумацца ва ўсе яго вялікія праявы, — то мімаволі прыходзім да пракананьня, што сама па сабе думка «жыць на сьвеце» вельмі добрая, але людзі часта гэта жыцьцё паганюць, накладаючы на яго непатрэбныя путы, ацямраючы яго адвечныя праўды і законы.

Самы важнейшы і непраломны закон жыцьця — гэта людзкая мова, праз каторую чалавек стаў найвышэй ад усякага стварэньня пад сонцам. Сягоньня мы бачым на свае вочы, як нешчасьліў той чалавек, каторы радзіўся глуханямым, з каторым толькі можам разгаварыцца знакамі, на мігі; але і гэткі чалавек мае душу і ўмее думаць так, як і мы думаем, і калі яму на мігі пакажаш ня так, як патрэба даную рэч выразіць, — гэты нямы нас не зразумее, і — усё чыста пойме, калі мы ня будзем прад ім крывіць душой.

Але жыцьцё не стварыла на сьвеце ўсяго чыста пад адну мерку, пад адзін калібар: не зраўняла яно лесу, не зраўняла птушак і зьвяроў, а ў вадзе рыб, — не зраўняла яно і людзей; дало толькі кожнай жывой істоце вялікае права па-свойму разьвівацца, ня сходзіць з простай, раз назначанай пуціны.

Рассеяўшы людзей па ўсей чыста зямлі, жыцьцё гэтым самым паставіла іх у адменныя варункі бытаваньня. Патварыліся народы, гасударствы, а з імі свае абычаі, сваі парадкі, свае думкі, і разумеецца ў кожнага такога народу свая родная мова. Дайсьці каб да гэткага ладу-парадку на сьвеце, які мы цяпер бачым, патрэбало цэлыя дзясяткі тысячаў лет, а мо і мільёнаў; тысячы, а мо і мільёны лет ткала жыцьцё сваю прыгожую на зямлі тканіну.

Сягоньня налічываецца больш тысячы ўсякіх народнасьцей; кожная з гэтых народнасьцей жыве сваімі асобнымі нацыянальнымі праявамі; кожная народнасьць састаўляе, як бы так сказаць, адну вялізную сямью-радню, рознючыся складам сваім ад суседняй такой народнасьці-сямьі. І адлічаем мы кожны такі адзін народ ад другога ўсё тэй жа яго адвечнай уласнай мовай, тэй мовай, якую вякі ўсьвянцілі і ўкаранілі ў ім, на якой ён і яго дзяды, з самага пачатку свайго паяўленьня на зямлі, узрасьлі і ўзгадаваліся.

Скажа хто не-будзь: хай бы была адна мова на сьвеце, бо і праўда — на што іх гэтулькі? Яно б то можа было і добра, а мо і не саўсім. Скажам, каб было аднаго толькі гатунку дзерава, або аднаго толькі гатунку жывёліна, ці збажына, то напэўна лёгка дагадацца, што на сьвеце было бы далёка ня так прыгожа, як цяпер ёсьць. Але калі дзерава, ці жывёліна ёсьць толькі зьверхняй аздобай зямлі, то мова людзей ёсьць як бы цэнтрам гэтага жыцьця, яго душой, яго ўнутранняй аздобай.

Для мовы, для гэтай выразіцелькі душы і думак чалавека, не патрэбна ні скіпетраў, ні каронаў, як не патрэбна для сонца якога небудзь яшчэ пазалачэнага абруча, рамак. Сонца само па сабе адна аздобнасьць — і золата, і брылянт. Так сама і мова якога небудзь народу ёсьць і для яго і скіпетрам, і каронай, яго нічым не апаганенай аздобнасьцю.

Бачым, што гісторыя некаторым народам выдзерла саўсім іх бацькаўшчыну, як хоць бы ўзяць жыдоў: каля дзьвюх ужо тысяч лет беспрыстаньня таўпехаюцца яны па цэлым Божым сьвеце, але гэта ім не замінае, вучучыся тэй мовы між якога народу жывуць, і сваей не забывацца і не выракацца. Жыд з вамі будзе гаварыць па беларуску, а ў сваей «школе» моліцца не па беларуску, а па свойму; дома жыдоўка-маці напявае над калыскай дзіцяці свае родныя напеўкі; самі паміж сабой гаворуць па свойму, а не як іначай. Ёсьць яшчэ народы, у каторых і зроду бадай ці была свая бацькаўшчына, як напрыклад цыганы, але мову сваю мелі, маюць, і згіне яна ў іх толькі тады, як зьвяліся бы яны самі на свеце, а зводзіцца ж толькі завод якой нібудзь скаціны.

Сам народ можа падпасьць пад чужое сільнейшае ўладарства, і часам цэлыя вякі насіць на сабе путы няволі, але ніколі ў заваяваным, ці забраным народзе ня можна выдзерці яго душы і яго роднага слова. Гэта апошняе яму матка, кормлючы дзіцятка сваей грудзёй, перадае як найсьвяцейшы скарб, разам са сваім пракляцьцем таму дзіцяці, каторае вырасшы захацела б вырачыся роднага слова, бо гэтым самым выракалася б і роднай маткі. Што падумала б і перажыла хоць бы наша матка-беларуска, каб яе дзіцятка, па сваім паяўленьні на свет, адазвалося першым словам заместа «мама», «тата» — «мамаша», «папаша»?.. Як бы так сама недарэчна выглядала, каб хто над дамавінай свайго роднага пачаў галасіць, прыгаварываць не ў сваей, а ў чужой мове; або каб на вясельлі шлюбоўнікам пачалі пяяць кабеты чужую незразумелую песню? А вось глянем яшчэ хоць бы на крылатыя стварэньня: ці ж ня сьмешна б нам паказалася, каб салавейка пачаў кукарэкаць па петушынаму, а певень пачаў кукаваць, як зязюля? Можа толькі салавейка яшчэ прыгажэйшыя выдумываць таны ў сваей музыцы-спеве, а певень яшчэ акуратней пачынаць сваё «кукараку» а поўначы… Ужо так жыцьцё ад першага паўстаньня на зямлі быту дало можнасьць разьвівацца кожнай жывой натуры толькі ў сваім кірунку ды ў вечнай гармоніі з усёй прыродай акружаючай нас.

Цяпер астановімся на нашай беларускай мове. Нам кажуць, і мы самі часта гэтаму патураем, што мова беларуская простая. А па мойму: ну і дзякаваць Богу: абы не крывая. Але разбяромся ў гэтым лепей. Некалькі соцен лет таму назад, калі Беларусь жыла сваім незалежным жыцьцём, мела сваіх князёў, сваё веча, — ці маглі тады беларусы іначай гаварыць, як не па беларуску? Ці маглі беларускія земляробы, сабраўшыся на веча, ці на вайну проці чужынцаў, ламаць сабе языкі чужой незразумелай для іх гутаркай? Адказ на гэта хіба кожнаму падыктуе свой розум. Пасьля, калі падпала Беларусь пад уладарства Літвы, што выйшла? «Простая» беларуская мова закасавала «крывую» сваіх заваевацялёў, і законы ў гасударстве Літоўскім пішуцца па-беларуску; слова беларускае становіцца ўрадовым словам пабедніка. А мова наша была і тады не інакшая, — была таксама простая, але простая ў значэньні — не крывая, дарэчная, незаменная для агулу, для свайго народу. Літоўскі тагачасны ўрад (правіцельства) са сваімі князямі меў — як то кажуць — усе клёпкі ў галаве, і не ўзаконіваў бы мовы забранага народу, каб ня бачыў у гэтым карысьці для сябе і для падбітых зямель.

Калі ж з часам Літоўска-Беларускае княжаства злучылася з Польшчай і беларускую мову стала з ўраду выціскаць польская, то гэта нічуць не даводзіць, што яе прызналі горшай ад польскай. Тут была толькі ні болі ні мені сіла кулака, як цяпер часта робяць іншыя гасударствы. Польшча была дужэй, значыць і старалася гэту сваю моц паказаць, заводзючы свае парадкі ў прылучаных к ёй землях. І тут вышла тое, што і сягоньня спатыкаецца: беларускія баяры і багацейшыя гаражаны, так званая «знаць», каб заслужыцца на ласку ў польскім урадзе, мець цёпленькае і выгоднае мейсца, — пачалі скідаць з сябе свае родныя аўчынкі і напінаць чужую падробленую нашываную скуру. Адно, народ — (сяляне і мястэчкаўцы) за імі[1] не пашоў: ён цьвёрда трымаўся ўсяго таго, што яму пераказалі на Божай пасьцелі дзяды і прадзеды, і не зацёр сваей асобеннасьці, свайго нацыянальнага духа, астаўся да сягоняшняга дня тым, чым быў за часоў сваей незалежнасьці хоць і валок на сабе ярмо кольківяковага чужога ўладарства[2].

Яўляецца пытаньне: чаму ж так трымаліся беларусы ўсяго свайго роднага? Чаму, калі мо каторы і навучыўся чагось чужога ў чужой школе, ці так у чужыне — дома ўсяго чыста забываўся? Ці ж мы мелі кароткую памяць, ці не любілі асьветы? Адказ тут, як не круці мазгамі — адзін: склад душы беларуса, яго думак, звычаяў, поглядаў на жыцьцё быў свой і была ўсё тая мова родная, узгадовываўшая яго цэлыя тысячы лет; гэта душа яго душы — мова зраслася з ім, як зрастаецца са сваім каранём дзерава: падкапайцеся пад дзерава, абсячыця да званьня яго карэньні — дзерава завяне, засохне, перастане жыць. Беларус часта мо і ня цяміў, чаму ён так трымаецца сваей гутаркі, але не трымацца яе ня мог: выракаючыся мовы сваей, павінен быў вырачыся самога сябе, выкрывіць сваю душу, выракаючыся павінен быў ісьці проці ўсяго сьвятога непадменнага на сьвеце, проці ўсяго таго, што паказывае адменнасьць чалавека ад скаціны.

Усё ж колькісотлетняя паняверка, валачэньня ярма чужога ўладарства на сваім набалелым карку, не прайшло для нас без ніякага знаку: яно ацямрыла і затрымала доўгія вякі наша культурнае і нацыянальнае развіцьцё, яно пакідаючы нам свае вучыльні і свае «языкі» увялічыла нехаць к знаньню, к прасьвеце, к пазнаваньню вялікіх думак людзей навукі і ідэі; асталіся мы на самым апошнім мейсцы, ніжэй парога, паміж усіх чыста славянскіх народаў; асталіся мы, як блудныя авечкі, без пуцьця, бяз веры ў новую светлую будучыну. Але ўсё ж такі асталіся і мы самі — як народ, як нацыя, і асталася пры нас наша простая родная мова, праз якую ўсе знаюць, знае сьвет, што мы не прыблуды якія, а колькі-мільённы народ — Беларусы, засяляючыя сваю адвечную бацькаўшчыну — Беларусь.

Ачуняць, глянуць па-арлінаму сьмела, дружна на сьвет белы, загаманіць праўдай цэламу сьвету громка, свабодна, як калісь званы нашых вечаў, — мы зможам толькі тады, калі пад саламянымі стрэхамі нашых хат займе пачэснае мейсца наша родная беларуская мова, кніжка, звычай і абычай. Праз памяць на магільныя насыпы і крыжы, пад якімі бяспечна, змарнеўшыя ў нядолі, сьпяць нашы дзяды і прадзеды, праз памяць на сваіх матак, каторыя нас сваей грудзьдзю ўскармілі, — выракацца роднай мовы мы ня маем права.

Адмены

[правіць]
  1. ПЗТ: за прыхваснямі
  2. ПЗТ: …уладарства. Не без таго, што і пасля паяўляліся між беларусамі рэнегаты, здрайцы свайго края і народа, але на іх не звертана увагі, як не звяртацца на ўсякага роду адшчапенцаў, затраціўшых воблік і падабенства Божае.