Аб слове «страніца»
← Аб словах «сьвет» і «сьвятло» | Аб слове „страніца“ Артыкул Аўтар: Вацлаў Ластоўскі 1927 год Крыніца: Часопіс «Узвышша», № 5, 1927 г., б. 198 |
Корэктыва да слоў «земляробства» і «хлебаробства» → |
Слова „страніца“ носіць на сабе сьляды баўгарызму, які перайшоў ня толькі ў нашу кніжную мову; але і ў большасьць славянскіх моў. Пры паўнагалосьсі беларускай мовы трэ было-бы пісаць і вымаўляць не „страніца“, а „стараніца“, падобна як мы не кажам „брана“, „врана“, „град“—а „горад“, „барана“, „варона“. Дзеля таго-ж. што многаскладовыя словы цяжкія пры вымове, то, ўнікаючы апошняга, быў выпрацаваны новатвор-„старонка“.
Але ў нашай мове ёсьць ўласнае: слова на абазначаньне пісанай, эвэнтуальна друкаванай, стараны ліста—„балона“.
У карэ і ў скуры плеўная старана, якая прылягае—ў першым здарэньні да дрэва, ў другім да цела.—называецца балонай. У часы, калі пісалі на пэргаміне, то балонная: старана пераважна служыла да пісаньня; згэтуль у старадаўнасьці запісаная старана пэргаміннага ліста; называлася такжа балонай. У інвэнтары турава-пінскай архібіскопіі, пісаным ужо, на паперы ў XVII ст., ў канцы маецца-надпіс: „в книзе сей листов НЗ (57), болон. РІД (114);
Што слова „балона“ асоцыізуецца ў псыхіцы нашага народу з старонкай кніжнага ліста; рабіў ужо заўвашу Александар Ельскі ў лісьце да „Нашай Нівы“ ў 1912 г. Аб праўднасьці апошняга я сам неаднакрот пераканаўся пазьней, бываючы ў пачатковых беларускіх школах і ў размовах з сялянамі.
Калі адраджэньне мовы павінна імкнуцца: да яе лексычнага дасканаленьня і прыбліжэньня да шырокіх працоўных мас, то бясспрэчным поступам на гэтым шляху будзе ачышчаньнё мовы ад барбарызмаў, спрэчных з псыхікай мовы народных мас. А дзеля гэтага ужываньне народнага слова „балона“ замест гістарычна-кніжнага барбарызму „страніца“ — будзе поступам у развіцьці нашай мовы, будзе поступам у набліжэньні друкаванага слова да народу.
Л.