Перайсці да зместу

Аб словах «сьвет» і «сьвятло»

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Аб словах „сьвет“ і „сьвятло“
Артыкул
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1927 год
Крыніца: Часопіс «Узвышша», № 5, 1927 г., б. 197
Аб слове «страніца»

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Аб словах „сьвет“ і „сьвятло“.

Жывая беларуская мова разрожнюе словы „сьвет“ і „святло“. — Маной сьвет пяройдзеш, але назад ня вернешся“. „Як сьвет сьветам—ня быў пан мужыку братам“. „Сьвет клінам Зышоўся“. „Сарока хвастом сьвет запаліла“. „Сьвятло і ў цемры сьвеціць“. „Запалі сьвятло“. „Сьвятло сьвеціць, цяпло грэе“. У слоўніку Насовіча (576 б): Сьвятло а. с. р. 1) Агонь. Пара сьвятло вздувать. У вас еще сьветла не зажігалі (рус. зам.—„запалялі“). Сьвятло погасілі. 2) Зрок. Другі год, як сьвятло я поцерав (рус зам „утраціў“).

У беларускай мове слова „сьвятло“ служыць для абазначэньня зьявы спроцілеглай цемні; яно роўназначна лацінскаму lux, нямецкаму Lichtenschain, ц-славянскаму і расійскаму свет.

Слова-ж сьвет ужываецца выключна ў значэньні лацінскага mundus, нямецкага Welt ц. славянскага і расійскага мир, вселенная.

У даным здарэньні наша мова не стаіць адасобненай: ў большасьці славянскіх народаў слова сьвет ужываецца ў значэньні mundus: у баўгараў—свҍт, у сэрбаў—свијет, у харватаў—svjet, у харутанцаў—svet, ў славакаў-swet, у палякаў—świat, у чэхаў—svet, у ўкраінцаў—світ,

Назоў mundus і terra habita сьветам злажыўся ў дагістарычныя часы разьвіцьця нашай мовы. Назоў-жа lux’а сьвятлом,—яшчэ старэйшая зьява: яе, мабыць, трэба аднясьці ў праславянскую эпоху.

Гэтакім чынам ясна, што ўжываньне ў пісьменнасьці і ў паточнай мове слова „сьвет“ ў значэньні lux,—гэта грубы барбарызм.

В. Л.