Перайсці да зместу

Ўражаньні з паездкі ў Беларускую Радавую Соціялістычную Рэспубліку

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ўражаньні з паездкі ў Беларускую Радавую Соціялістычную Рэспубліку
Успаміны
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1926/1927 год
Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 12, ліпень 1926-сакавік 1927 г., б. 78-97

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВЛАСТ.

ЎРАЖАНЬНІ З ПАЕЗДКІ Ў БЕЛАРУСКУЮ РАДАВУЮ СОЦІЯЛІСТЫЧНУЮ РЭСПУБЛІКУ.

Выезд з Літвы

[правіць]

У пачатку кастрычніка 1925 году атрымаў я ад Інстытуту Беларускае Культуры запрошаньне на Акадэмічную Конфэрэнцію, якая склікалася ў Менску на 14 лістапада 1926 г. На гэтае запрошаньне я ахвотна выразіў сваю згоду прыбыць у Менск на назначаны час, пасколькі варункі незалежнага характару не стануць на перашкодзе.

Зборы ў дарогу выклікалі аднак нямала ўсякіх турбот. Галоўнай прычынай да каторых паслужылі розныя крыватолкі і пострахі, якія расьлі кождым днём, ўмеру таго, як разыходзілася ўсё шырэй чутка, што „Ластоўскі“ едзе ў Менск. Прыходзілі людзі да мяне ў кватэру і „па прыязьні“ дзяліліся такога зьместу „навінамі“, што ў апошнія дні перад выездам, я пачаў нэрвавацца, асабліва ў часе ўсякіх формальнасьцяў з візамі. Але, ўрэшце, разам з рэдактарам часопісі „Покліч“, грам. Галавінскім і Рэктарам літоўскага унівэрсытэту, праф. М. Біржышко, 10.VI выехаў з Коўны ў Менск на Конфэрэнцію.

Гасьціна ў Рызе

[правіць]

У Рызе, не глядзя на ранную пару, сустрэлі нас на вагзале прадстаўнікі беларускіх (крывічанскіх) арганізацій у Латвіі: вык. аб начальніка беларускага Аддзелу пры Міністэрстве Асьветы грам. Плыгаўка, кіраўнік вучыцельскіх курсаў грам. Дзямідаў, вучыцель Шчорс, паэт Масальскі і другія. Прасілі нас рыжскія крывічы (беларусы) астацца на адзін дзень у Рызе каб азнаёміцца з іх дасьціжэньнямі ў беларускай працы. Мы, абмяркаваўшы, што час нам на гэта пазваляе, згодзіліся, і, пасьля сьнеданьня ў сымпатычным памешканьні „Рыму“ дзе маюць звычай зьбірацца рыжскія беларусы, паехалі аглядаць школы і вучыцельскія курсы.

Беларускае (крывічанскае) адраджэньне даволі рана закранула Рыгу. Ужо ў 1907 годзе тут пробавалі гуртаваць крывічанскія (беларускія) сілы Эдвард Будзька, паэта Косьцевіч і В. Ластоўскі. Апошні ў 1907 годзе чытаў ў Рызе лекціі ў беларускай мове, адзін раз для інтэлігенціі, ў салі істнаваўшай у тыя часы ў Рызе польскай бібліатэкі, і, некалькі лекцій, для работнікаў у памяшчэньнях пачатковых школ. Зацікаўленьне было даволі вялікае, але беларусы ў Рызе сарганізавацца не змаглі, дый у хуткім часе вышэйназваныя асобы параз’яжджаліся, не пакінуўшы на сваё мейсца заступнікаў. У Рызе наступіў доўгі перарыў у беларускай (крывічанскай) працы бо аж да 1918 году, калі прыбыла ў Рыгу Дыплёматычная Місія Беларускай Народнай Рэспублікі, якая была прыхільна прынята Латвійскім Урадам і акрэдытавана, як Поўнамочнае Прадстаўніцтва Беларускай Народнай Рэспублікі. На чале Прадстаўніцтва і пазьней арганізаванага Консульства, стаяў грам. К. Езавітаў аж да 1922 году. У 1922 г. было ліквідавана Дыпл. Прадстаўніцтва БНР, на вымаганьне Прадстаўніцтва Сувязі Радавых Соціялістычных Рэспублік, у складзе якіх ужо істнавала новасарганізаваная Беларуская Радавая Соціялістычная Рэспубліка. Астаўшыся ў Латвіі, як звыклы грам. Латвіі, К. Езавітаў, пачаў арганізаваць тут беларускую (крывічанскую) меншасьць. Дзякуючы шчырым прыяцелям беларускага адраджэньня, якія заўсёды былі і цяпер ёсьць у Латвіі, праца грам. К. Езавітава была падтрымана з боку латвійскага грамадзянства і дала значныя вынікі: былі арганізаваны дзьве гімназіі, ў Двінску і ў Люцыне, і некалькі дзесяткаў белрускіх (крывічанскіх) пачатковых школ у Латгаліі. Праўда, работа гэта ў 1924—25 годзе была крэпка падарвана старэньнем расійцаў і палякаў, якія падбухторыўшы шовіністычную часьць латвійскага грамадзянства, утварылі беларускі палітычны працэс, вінавацячы беларусаў у жаданьні адарваць Латгалію ад Латвіі. Але гэты працэс кончыўся поўнай компромітаціяй яго зачыншчыкаў, бо суд усіх абвінавачаных беларусаў, з паміж каторых іншыя праседзілі доўгі час у турме (прыкл. грам. К. Езавітаў праседзіў цэлы год), не прызнаў віннымі і апраўдаў. Гэты латгальскі працэс унёс нясмачны дысонанс ў добрасуседзкія і шчыра прыхільныя даўныя стасункі паміж беларусамі і латышамі. Але час, гэты найвялікшы лекар, цяпер пачынае згладжываць прыкрыя ўспаміны нядаўнага працэсу, ды на саміх латвійскіх беларусаў меў здаровы ацьвярозуючы ўплыў ад даўнага „балтыцкага“ романтызму. Цяпер у Латвіі ідзе, нормальная для недзяржаўнага народу, цяжкая праца зьбіраньня сваіх сіл і змаганьня за правы чалавека і грамадзяніна. Беларусаў (крывічоў) заліваюць як латвійцы, так расійцы і палякі. Палякі рвуць, як могуць, к сабе беларусаў каталікоў, расійцы стараюцца захапіць праваслаўных, а латышы сваей дзяржаўнай махінай і тых і другіх беларусаў уцягаюць у латыскае ручво. У Латгаліі, дзе жыхарства мяшанае, латвійскія школы прынаджуюць дзяцей беларускай вясковай беднаты, дармовымі сьнеданьнямі і ўрадовай прыхільнасьцю да бацькоў.

Але не глядзя на ўсе труднасьці, на цяжкія экономічныя варункі, горстка крывічанскай (беларускай) інтэлігенціі геройска і не бяз вынікаў бароніць на ўсе староны сваіх народных і культурных пляцовак.

Прыкладам такой сызыфовай працы можа быць праца ў самой Рызе. Тут здавён-даўна, ўжо з XII ст. крывічы былі сталымі жыхарамі гораду і нават мелі, ў сярэдзіне гораду, свой купецкі двор з царквой. Да Рыгі, як да тарговага прыморскага гораду, доўгія стагодзьдзі, што год, прыбывалі вялікім тарговым шляхам, Дзьвіной, беларускія „госьці“ і работнікі. А найбольш плыло крывічанскіх (беларускіх) сіл у Рыгу ў другой палове XIX ст., калі прамысловы капітал пачаў арганізаваць ў Рызе ўсякія фабрыкі. Ад 1880-х годаў кожды год плылі ў Рыгу сотні і тысячы беларусоў фабрычных работнікоў, якія, або па нейкім часе вярталіся на бацькаўшчыну, або аставаліся на заўсёды ў Рызе, і, ў гэтым другім здарэньні, латышызаваліся і зьліваліся з латыскім грамадзянствам. У жылах сучасных рыжан многа плыве крыві крывічанскай і гэта апошняе адна з прычын таго, што, крывічы (беларусы) заўсёды так сымпатызуюць з рыжанамі.

Вайна перарвала прыток крывічанскага (беларускага) элемэнту ў Рыгу. З паміж тых, што тут асталіся з перадваенных часоў толькі соты чалавек, нават з паміж з прыбыўшых пасьля 1900-х гадоў, памятае, што ён мае, а прынамні меў сваю асобную мову, якая, зрэшта, цяпер ніякага практычнага для яго значэньня ня мае, ні ў грамадзкім жыцьці, ні ў дзяржаўным, ні ў культурным, ні ў рэлігійным. Уменьне латвійскай мовы прыналежнасьць да латвійскай націі дае грамадзяніну некатарыя прывілеі, а прыналежаньне да беларускай народнасьці не дае нічога. Аднак, недзе ў таемных тайніках душ, гэтых пераважна самых бедных грамадзян Рыгі, цепліцца праменчык любові да свайго роднага. Не на рэальным інтэрасе, а на гэтым неразгаданым унутранным пачуцьці будуецца ўся адраджэнчая сягоньняшняя работа ў Рызе. Гараць агнём самапасьвяты рыжскія беларускія (крывічанскія) дзеячы, гараць запазычаным ад іх цяплом бацькі, якія пасылаюць дзетак сваіх у беларускія школы, сьвецяцца гэтым сьвятлом, запазычаным з грудзей сваіх вучыцялёў і вучыцялек, вочкі сабраных ў школы дзетак.

Школы тут дзьве пачатковыя і вучыцельскія курсы. У гэтых двох школках вучыцца да 300 дзетак, хлопчыкаў і дзяўчатак. На вучыцельскіх курсах спасобіцца на вучыцялёў 18 чалавек. Нашае азнаёмленьне са школкамі і курсамі „з птушынага лёту“ не дае права высказываць катэгорычных поглядаў (бо погляды за адзін дзень не маглі злажыцца), але між рыжскімі вучыцялямі пазналі мы некатарых асоб, якія цудоўна знаюць мову і ўмеюць яе шанаваць. А то пэўная запарука, што гэты адзінкі „не для хлеба куса“ а для ідэі працуюць і ідэйных дадуць па сабе духовых нашчадкаў. Я ня веру каб чалавек інтэлігентны, беларус з роду-племені, нямог адвучыцца гаварыць барбарскай расійска-беларускай чаўпнёй, слухаючы якую гадка робіцца. Гэта нічым ня вытлумачаная духовая неахайнасьць, на відочнай пляцоўцы шкодзіць больш чым інтрыгі ворагаў. Людзі, каторыя ад маскалёў не адсталі і да беларусоў (крывічоў) не прысталі, паніжаюць сябе ў вачох свайго і чужога грамадзянства. Я гэта не аб нашых рыжанах, а так, к слову прышлося…

Пасьля агляду школ, вечарам сабралася рыжская беларуская. (крывічанская) інтэлігенція на сумесную, таварыскую вячэру, на якую прыбыў і адзін з найгуманьнейшых людзей сучаснай Латвіі, шырока вядомы і па-за межамі сваей бацькаўшчыны, паэт Райніс. Вечар зышоў на жывых і сымпатычных гутарках.

На заўтрае, 12-га наша групка учасьнікаў Акадэмічнай Конфэрэнціі павялічылася: да яе далучыліся латвійскія дэлегаты: праф. Блессэ і паэт Райніс. Ізноў ветла праводжаныя беларускім (крывічанскім) і латвійскім грамадзянствам, а такжа намесьнікам полпрэда СССР, грам. С. Баркусэвічам, які між іншым зазначыў, што чытае нашу часопісь „Крывіч“ і залічае сябе ла беларусаў польскай культуры,—мы выехалі з Рыгі.

Граніца і горад Вітабск

[правіць]

Старэньнем грам. С. Баркусэвіча дэлегаты атрымалі 2 выгодныя купэ ў мяккіх вагонах скорага цягніка, які ідзе з Рыгі праз Вітабск, Смаленск у Маскву. На граніцу было дадзена тэлеграфічнае павядомленьне аб пераездзе дэлегацій. Апошняя латвійская станція—Індра; першая пагранічная станція СССР—Бігосава. На станційным будынку памешчана даска з надпісамі ў беларускай (крывічанскай), расійскай, польскай і жыдоўскай мовах: „Бігосава БССР“.

На пагранічы прыйшоў у вагон прадстаўнік банку мяняць грошы. Усе дэлегаты рабілі запас на падарожу чырвонцаў (10 р.) і рублёў. Як на чырвонцах так і на разьменнай манэце, між іншым мастацка выкананай, надпісы маюцца ў аднэй толькі маскоўскай мове. Прыкладам: „Пролетарии всех стран соединяйтесь. СССР. Один полтинник“.

Адзін з дэлегатаў зьвярнуўшы на гэта ўвагу сказаў: „У роўнапраўнай Сувязі Радавых Рэспублік, як відаць няма роўнасьці моў: манэта нам кажа, што мы ўязджаем ў дзяржаву, дзе пануючай мовай ёсьць мова маскоўская“. Так, манэта СССР гэта не двузначна падкрэсьляе. Праўда, на рублёвых асыгнатках (адно, трох, пяці рублёвай вартасьці) ў нізе маленькімі літарамі, маюцца надпісы і на пяці другіх мовах, але, так сказаць, на задворках і заключаюць ня ўвесь поўнасьцю надпіс асыгнаткі а толькі—словамі—сколькі на ей значыцца рублёў. Разумеецца, памяшчаць ўсе надпісы на аднэй асыгнатцы, на ўсіх мовах якія істнуюць у Сувязі Радавых Рэспублік, не практычна і не эстэтычна. З гэтым можна згодзіцца. Але ізноў фіксаваньне аднэй маскоўскай мовы гэта ўжо прывілей для Масквы, гэта ўжо як бытцам зазначаньне што сувэрэнам на гэтай тэрыторыі як быў так і астаўся маскаль. Як-жа практычна выйсьці з гэгага палажэньня? Па сколькі прызнаецца тэорэтычна роўнапраўнасьць Рад. Рэспублік, то тэорыю трэба стасаваць і на практыцы, падкрэсьляць і зазначаць яе, бо іначай тэорыя траціць сваю вартасьць. Хто бываў у Швайцарыі, Бэльгіі, Франциі, той ведае што разьменная манэта ва ўсіх гэтых дзяржавах унормавана,—за адзінку прыняты франк, і ў кождай з гэтых дзяржаў можна расплачывацца манэтай любой з названых дзяржаў. у Франціі даюць вам здачу Бэльгійскімі і Швайцарскімі франкамі і вы можаце імі расплачывацца ўсюды і на кождым мейсцы. Вось и ў Радзянскіх Рэспубліках трэба друкаваць і адбіваць манэту аднацэнную, але для кождай—уходзячай у склад Сувязі рэспублікі, асобна на яе мове. Няхай кождая Радзянская Рэспубліка мае грошы, друкаваныя на яе ўласнай мове. СССР прадстаўляе адзіны гаспадарчы арганізм, дык рожніцы ў цэннасьці валюты ня будзе, а гэтым зараджаньнем будзе зазначана што тут тэорыя не пярэчыць практыцы.

Пагранічная стража, апранутая ў доўгія да костак, шэрыя шынэлі і шэрыя суконныя шлыкі выглядае даволі арыгінальна, але гэта арыгінальнасьць асоціазуецца са стылям белакаменнай Масквы, асабліва шлык патварае спэцыфічныя крывыя лініі маскоўскіх царкоўных купалаў. Стража ветла прывітаўшы дэлегатаў, нават не рабіла агляду рэчаў, здаваляючыся толкьи запытаньнем—ці няма ў нас чаго да аплаты мытам.

У Бігосаве будуецца новая станція. Будынак дрэўляны, але даволі абшырны, двохпаверхі. Архітэктура маскоўская, з церамкамі і ганачкамі, патварае ляпідарны нясьпелы, і несмачны стыль казённых будынкаў-царскіх часаў. І каму запатрэбілася і дзеля якой наўды аздабляць крывічанскую (беларускую) зямлю сарафанна-шынэльным стылям ужо не істнуючай царскай Масковіі?! Праўда, пазьней, у Менску, некатарыя з тамтэйшых дзеячоў гаварылі мне, што ў Бігосаве, за мільён рублёў будуецца вялікая, ў беларускім народным стылю, станція. Або яны не бачылі будынку станціі, або няведаюць, як выглядае крывічанскі (беларускі) стыль!

За пару гадзін, пасьля выезду з Бігосава, цягнік наш праходзіў праз ст. Боркавічы. Згэтуль недалёка, ў адлегласьці ўсяго 12-ці вёрст, знаходзіцца мой родны гарадок Дзісна. Цяпер ён аддзелены Польска-Радзянскай граніцай ад Боркавіч, Гэта граніца, праведзеная ганебным рыжскім мірам—найлепшы паказчык вадлівай будовы сучасных дзяржаў, якія могуць праводзіць межы свае па жывым целе жывых народаў, разьдзіраючы і дзелючы іх між сабой, апіраючыся адзіна на сваю фізычную сілу. Нашай сумнай сучаснасьцю ня выкаваны аканчальна формы дзяржавы будучыны і ня зжыты яшчэ формы і паняцьці фэодальна-дынастычна-капіталістычных дзяржаў. Сучасныя дзяржавы прадстаўляюць не аднацэльныя народныя арганізмы, ня вольныя сувязі вольных грамадзян і народаў, а падпарадкаваныя—сільнейшым слабейшыя адзінкі. Дзяржава будучыны павінна будзе апірацца, ў процілегласьць сучаснасьці, на двох справядлівых асновах: народна-этнографічнай тэрыторыі і сувязі роўнапраўных і роўнацэнных у стасунку адзін да другога тэрыторыяльных народаў.

Каля гадзіны адзіннадцатай-дванадцатай вечара цягнік стрымаўся ў Полацку. Вагзал асьветлены слаба, ў горадзе такжа не відаць лішняй іллюмінаціі. Сягоньня Полацак такжа пагранічны горад: у блізкай ад яго адлегласьці, на поўдзень, праходзіць тая-ж самая балюча-крывавая мяжа рыжскай умовы.

Полацак наводзіць мысьль на нашу гістарычную мінуўшчыну. Мінуўшчыну народу вялікага і слаўнага, каторы, аднак, занепаў так крэпка, што сягоньня становіць немаль выключна клясу сялянства, з горсткай ня лішне сьвядомай сваей інтэлігенціі, і зьяўляецца арганізмам страшэнна слабым. Абапал разрываючай яго мяжы пачынаецца народнае адраджэньне, праўда, здаровае і сільнае, але няхай уздымецца ізноў вайсковая завіруха, і мы, трапіўшы ў яе асяродак, можам утраціць, цяперашнія культурныя і палітычныя дасьціжэньні. Адна з найбольш страшных, найбольш грозных для нас візій, гэта візія вайны…

Цягнік стануў на станціі Вітабск. Тут мелі нас сустрэць грам. Езавітаў і Пігулеўскі. Высядаем з цягніку. Ідзём у вагзальную салю. Няма нікога. Другая гадзіна ночы. Цягнік наш ужо адыйшоў. Астаемся чакаць раніцы ў вагзале. Каля буфэту з выпіўкай і закускай у даволі вялікім выбары, гоптаюцца прыслужнікі. Надпісы ўнутры вагзалу, як і ўсюды, ў чатырох мовах. Публіка трымае сябе ўважліва. Неглядзя на наш „загранічны“ выгляд, ніхто ў нас не пытаў дакумантаў. Будынак вагзалу грамадны, цяжкі, імпонуючы, але апушчаны. Пасьля шостай гадзіны раніцы прыйшоў нейкі цягнік. Прыехала цэлая грамада вучняў са сшыткамі і кніжкамі. Некатарыя адразу пайшлі ў горад, а некатарыя ціханька прыладзіліся пры бакавым століку адрабляць лекціі. Мяне агарнула цікавасьць на якой мове вучацца гэты, безумоўна, нашчадкі крывічанскага племя. Некалькі разоў прайшоў міма іх, сам перад сабой баючыся глянуць у кніжкі, каб горка не расчаравацца ўбачыўшы які колечы перажытак вялікарускага імпэрыялізму. Ўрэшце, наважыўся, падыходжу, аж хлопчык напоўголасна зубіць на памяць верш Якуба КоласаМаці“. Я аж усьміхнуўся сам да сябе: якжа, іначай і быць няможа: ў беларускай дзяржаве школы ў роднай беларускай мове! І на радасьцях павёў суседзкага дэлегата каб запэўніць і яго, што тут, не якая колечы там, а запраўдная беларуская дзяржава.

З вагзалу трапілі мы ў гасьціны дом, аднаго са знаёмых, нашага спадарожніка, ў тыпова мяшчанскую атмасфэру. Нас, як „знатных“ чужаземцаў прынялі надзвычайна ветла. Напаілі гарачай гарбатай, і, ў часе перакускі, асьвядамлялі аб „туземцах“. Дом мяшчанскі заможны, і, мае, відаць, у горадзе найлепшыя колігаціі з калісьці сільнымі, а цяпер горка „пакрыўджанымі“ краёвымі сьвяціламі. Першая часьць інформацій датычыла гігіенічных, этычных і абычаёвых старон, ляжачых у аснове характару „туземцаў“.

Туземцы, аказалася, з ветлай інформаціі гаспадароў дому, пагалоўна ўсе вашывыя, яны ніколі ня мыюцца і ня маюць паняцьця аб чыстым і брудным…

Туземцы, пагалоўна ўсе злодзеі: крадуць на кождым кроку ўсё што толькі пападзе ў рукі…

Туземцы, усвоілі сабе дзіўны абычай жыць у цесных дрэўляных хатах без памосту, спаць пераважна без падушак, есьці ўсё нячыстае… Горад увесь, дамы і вуліцы, часныком пахнуць, што вельмі непрыемна…

Ад туземцаў карысна адрожніваюцца людзі, якія прыналежаць да польскай народнасьці, і, ўжо ў меншай меры, тыя што прыналежаць да расійскай народнасьці.

На маё пытаньне, ці нашы гасьцінныя гаспадары, ня чулі чаго аб беларускай народнасьці, я атрымаў сьпярша адповедзь, ад галавы дому, што такой народнасьці наагул ў прыродзе няма. Есьць, праўда, горстка злоўмышнікаў, каторыя стараюцца такую народнасьць утварыць, але яе высілкі саўсім дарэмныя, бо ніхто на гэтае нахрапнае ашуканства, з добрых людзей ня йдзе. Сочна і камічна расказаў наш часовы апякун, як нет ведама скуль нахлынуўшыя гэны злоўмышнікі стараюцца хітра рабіць беларускую мову. Для гэтага яны бяруць жыдоўскія словы, дарабляюць да іх рускія канчаткі, крыху зьмяняюць у сярэдзіне, і падаюць, замучаным усім гэтым і стэрорызаваным грамадзянам, як словы нейкай асобнай „беларускай“ мовы, каб тыя вучыліся іх на памяць. Гаспадыня, дому, вельмі дыстынгаваная і глыбока асьвечаная асоба эўропэйскай культуры, была ласкава зацытаваць за агульным сталом сбеларускага“ слоўніка, некалькі слоў. Яна, перамагаючы сваю прыродную саромлівасьць, сказала нам, што крэсла па беларуску называецца „падсрачнік“… і падобныя гэтаму кур’ёзы. Сваю вельмі павучаючую бясёду словаахвотлівыя гаспадары закончылі запэўненьнем, што беларускую мову выдумляюць жыды, а ўвесь цягар гэтай хітрай жыдоўскай афэры павінны выносіць нічым непавінныя астаткі народаў з роду-племені празначаныя Богам панаваць над гэтым краем.

Гэткім чынам добры пачастунак быў ўшчэнт папсаваны духовай стравай, лішне ’сьвядомых“ у краёвых справах нашых часовых гаспадароў.

Чакаючы вечару хадзіў я аглядаць мой родны, прыгожы Вітабск. Сьляды мінуўшай сьветавой вайны і пачародных зьмен усякіх акупацій, сьвецяць пасівеўшай руінай[1]. Тротуары і брукі не папраўляныя мабыць, гд 1914 году; тое-ж самае гавораць фронтоны паліняўшых і пашчэрбленых дамоў. У горадзе ёсьць некалькі і сьвежа збудаваных дамоў, але яны тонуць, як кропля, ў моры паволі але няўклонна руйнуючыхся будынкаў, з ліку якіх ёсьць некатарыя першага гістарычнага значэньня.

У Вітабску, як і за даваенных часаў, цэлыя вуліцы магазынаў. Магазыны зьверху выглядаюць шабадрана, але ў сярэдзіне ўзасоблены ўсякімі таварамі. Рух на вуліцах даволі значны, але публіка адзета шэра і бедна. Як пазьней я пераканаўся шэра і бедна апранаюцца тут нават і тыя ў каго хапіла-бы дастаткаў на прыстойную вопратку.

Немаль на ўсіх магазынах, на вывесках, маюцца надпісы на чатырох мовах, дзякуючы чаму краёвы, беларускі (крывічанскі) колёрыт гораду не выдзяляецца. Яно праўда, што нашы гарады гэта чужанародныя астравы сярод крывічанскага мора. Палажэньне ў высокай меры ненармальнае і нездаровае як для краю так і для гораду. Выціснуты з гарадоў беларускі элемэнт павінен быць вернуты гарадом у постаці пролетарызаціі лішкі вясковага жыхарства, але пры стварыўшыхся варунках гэта цяжкая і доўгая работа, якая вымагае сьвядомай і пляновай сыстэмы, паложанай у аснову дзяржаўнай палітыкі. Пры нормальных варунках горад павінен адбіваць працэнтны стасунак народнасьцяў краю. Пры ўкраёўленьні нашых гарадоў вельмі лёгка было-бы разьвязана пытаньне і іх зьнешняга выгляду.

Ходзячы па Вітабску, стаўляў я сабе пытаньне, які працэнт жыхарства можа вымагаць прызнаньня сваей мовы, мовай „краёвай“? І мне здавалася,—сярэдняя цыфра якая дае права данай меншасьці называцца „краёвай“ павінна выносіць ад чвэрці да аднэй трэцяй жыхарства і ў кождым здарэньні ня менш ⅕. Але саўсім несправядліва калі называецца „краёвай“ мова, на якой гавораць адзін-паўтара працэнта аселага жыхарства. А ў гэтым акурат палажэньні знаходзіцца ў вітабшчыне польская мова. Дый наагул Беларусь мае ад 75 да 80% беларускага жыхарства дык на расійцаў, жыдоў і палякоў, узятых разам тут, прыпадае ад 20 да 25%, дык заведзеная чатырохмоўнасьць абсалютна нічым не апраўдуецца.

Патвараньне ў СССР Лігі Націй, з яе законам аб народных меншасьцях, гэта ўводжаньне безпатрэбнай блутаніны. Ліга Націй, прыняўшы за выходны пункт імпэрыялістычную дзяржаву-памешчыка, якая абладае і няможа не абладаць народамі паняволенымі-прыгонікамі, не магла знайсьці іншага выхаду, як полумеру,—каб і воўк быў сыты і каза бляяла,—а прынамні ішла-бы слава што маўляў, ваўкі запасьцілі. Але будуючы дзяржаву на аснове Сувязі трэба іначай унормаваць гэты справы.

Агледзіўшы Вітабск, нацешыўшыся яго гармонійнымі бароккавымі будынкамі і шырокімі пэрспэктывамі з гор на аколіцы, мы, вечарам, выехалі праз Оршу ў Менск.

Дарога ў Менск і Менск

[правіць]

Цягнік аказаўся перапоўненым падарожнымі. У нас білеты цьвёрдага пляцкартнага вагону, але і там сьціск; гутарка кругом пераважна маскоўская, але чуваць час ад часу і мова беларуская. У вагоне едзе некалькі чалавек учасьнікаў Конфэрэнціі з якімі мы хутка пазнаёміліся. Завязалася гутарка аб Конфэрэнціі, аб пажаданых зьменах у азбуцы і правопісме, а ўрэшце перакінулася на палажэньне беларусаў (крывічоў) на эміграціі і пад Польшчай. Я цікавіўся констытуціяй Рад. Беларусі. Мяне інформавалі і зьмест інформацій гэткі:

Сув. Рад. Соц. Рэспублік зложана з незалежных і аўтаномных рэспублік. Беларусь у гэту сувязь уходзіць як незалежная рэспубліка. Найвышэйшым дзяржаўным органам СССР зьяўляецца Зьезд Рад Аб’яднаных Рэспублік, Цэнтральны Выканаўчы Камітэт Рад і Усесувязная Рада Народных Камісараў. Усесувязная Рада Народных Камісараў выбіраецца на супольным зьезде Рад. Калегіі паасобных камісарыятаў, складаюцца з дэлегатаў ад усіх увайшоўшых у склад Сувязі рэспублік. Камісарыяты распадаюцца на дзьве катэгорыі:

1. Агульна Сувязныя камісарыяты: а) замежных спраў і замежнага торгу, б) вайсковых спраў, в) лучнасьці—почт, тэлеграфаў, чугунак (гэты камісарыяты маюць сваіх упоўнаважаных пры ўрадах паасобных рэспублік, а такжа ў Радзе Нар. Камісараў), в) Камісарыятам грашавых спраў, харчаваньня, працы, работніцка-селянскай інспэкціі—кіруюць адпаведныя камісарыяты ў паасобных рэспубліках; а іх упоўнаважаныя зьяўляюцца сябрамі ўрадаў паасобных сувязных рэспублік. Другую катэгорыю становяць аўтаномныя камісарыяты, якія функцюнуюць толькі ў паасобных рэспубліках, камісарыят сельскай гаспадаркі, судоўніцтва, ўнутранных, спраў (паліція), асьветы, здароў’я і грамадзянскай апекі. Для кіравецтва аўтаномнымі камісарыятамі ў незалежных Рэспубліках маюцца ўласныя: а) Выканаўчы Камітэт Рад, і б) Рада Народных Камісараў.

Дзеля таго, што кіруе ўсей дзяржавай комуністычная парція, адзіная для ўсіх тэрыторый і народаў СССР, то на тэрыторыі кождай паасобнай рэспублікі ёсьць яшчэ прадстаўнік ад Цэнтр. Кам. Ком. Парціі які стаіць на чале мяйсцовага Партыйнага Цэнтр. Камітэту. Компэтэнція гэтага апошняга дастойніка вельмі шырокая: ён зьяўляецца кантролям партыйнай прававернасьці ўсіх партыйных грамадзян, і, падлягаючых дыктатуры партыі, ўрадовых і грамадзкіх устаноў. Гэта, так сказаць, духоўная ўлада, якая стаіць збоку ад цывільнай і вайсковай улады, але якая сваім духоўным аўторытэтам цануе над першай і другой. У выніку Сувязь Рад. Соц. Рэспублік зьвязана падвойным цэмантам: улады партыйнай (духоўнай) і палітычнай (сьвецкай).

Раніцай 14. XI прыбылі мы ў Менск на Берасьцейскі вагзал, які быў спалены палякамі пры адыходзе іх з Менска. Вагзал заступлены, на скорую руку, часовага характару дрэўляным будынкам. Кажуць ужо ёсьць асыгнаваны грошы на будоўлю новага, мураванага вагзальнага гмаху, які пачнуць будаваць вясной 1927 г. Пры выхадзе з цягніка нас сустрэлі даўныя знаёмыя: А. Цьвікевіч, А Вальковіч, [[Аўтар:Паўліна Мядзёлка|Паўліна Грыб-Мядзёлка, Пракулевіч і некалькі чалавек менчукоў. Перад вагзалам стаяла ўжо аўто і омнібусы, на якіх і былі дастаўлены—прыезджыя і сустрачаўшыя—ў гасьцінніцу, даўней званую „Эўропейская“.

Падобна Вітабску, Менск мае такжа павыбіваныя брукі, не аднаўляныя ад пачатку вайны будынкі; толькі будынкі, якія былі папелены і паруйнаваны палякамі цяпер ужо адноўлены. Больш ёсьць такжа новапабудаваных дамоў чым у Вітабску. Рух на вуліцах вялікі: публіка прост плыве тротуарамі, і, ўдадатку, апранута значна дастатней чым у Вітабску. Ніжнія паверхі дамоў запоўнены: магазынамі, зьверху шабадравымі ў сярэдзіне поўнымі, з вывескамі ў чатырох мовах. Надзвычайна псуюць зьнешні выгляд гораду апушчаныя, вокны магазынаў і бляшаныя вывескі ўсякіх дзікіх колераў і рознай шырыні і меры, паначапляныя як трапілася. На ўсім сьвеце ёсьць звычай, што местовыя ўрады не пазваляюць рабіць вывесак якія-бы падымаліся вышэй карнізу, што аддзяляе ніжні паверх ад верхняга паверху. Цяпер у некатарых, зах. эўропэйскіх гарадох уведзены, закон, які забараняе навешываньня бляшанных вевесак: уласьнікам магазынаў наказана, для надпісаў, выкарыстываць паясок сьцяны, які знаходзіцца вышэй лініі дзьвярэй і акна і да карнізу. Менская местовая управа павінна была-бы паклапаціцца аб эстэтыцы гораду і такжа непазволіць такой вывеснай несмачнай оргіі, якая цяпер так шпэціць горад. Менскія крамнікі таргуюць, не глядзя на іх нарэканьні, ня горш чым да вайны і такі малы выдатак, як перапісаць вывескі для іх рожніцы ніякай ня зробіць. Перапіска вывесак патрэбна была-бы і яшчэ з аднэй прычыны, а ласьне: на многіх вывесках знаходзяцца да непрыстойнасьці перакаверканыя беларускія надпісы. Для гэтай мэты, як і для павыжшай, трэба мець пры гарадзкой управе аднаго ўрадоўца, на абавязку каторага ляжала-бы правяраць граматнасьць надпісаў і зацьвярджаць пляны разьмяшчаньня над тарговымі ўстановамі вывесак.

Гасьцінніца. б. „Эўропа“ стаіць пры вялікім пляцы (даўней Верхні Рынак), гэта аграмадны шасьціпаверхі будынак, які, акром усякіх устаноў, у ніжнім паверсе, мае звыж сотні нумароў для гасьцей. Памесьцілі нас ў незбыткоўных але чыстых і абшырных пакоях, добра нацепленых цэнтральным агрэваньнем. Да аткрыцьця Конфэрэнціі аставалася ў нас пара гадзін часу на сьнеданьне, якое падалі ў асобны, адведзены пад дэлегацкую сталоўку, нумар. Тут мы сустрэлі раней прыбыўшых дэлегатаў: праф. Фасмэра, праф. Голомбэка, праф. Растаргуева, этнографа Сержпутоўскага, праф. Максіма Гарэцкага і другіх. На стале красавалі: слаўная менская кумпячына, ікра, консэрвы, сыр, масла, ўсяго дастатна, ва ўсходна-эўропэйскім стылю, але начыньне простае, ляпідарнае, маўляў эстэтыка—буржуазны забабон, памятай гэта, госьцю, й ня дзьміся—еш, што ў місе.

Акадэмічная Конфэрэнція

[правіць]

Зара пасьля сьнеданьня ў гасьцініцы, даставілі дэлегатаў на Конфэрэнцію. Вуліцы, якія вялі ў старану будынку Конфэрэнціі, аж чарнеюць ад публікі, перад самым будынкам заняты народам тратуары і вуліца. Уходзім у салю (саля Маркса, раней—Дваранскае Сабраньне), ўсе мейсцы ўнізе і балькон бітком набіты. Саля зьмяшчае звыж 800 чалавек, удэкоравана ў чырвона-белыя барвы, барвы беларускага (крывічанскага) народнага сьцягу. Конфэрэнцію адкрыў прэзыдыум Інбелкульту ў асобе праф. Ігнатоўскага (старшыня Інбелкульту), сьпевам беларускага рэволюційнага гімну „Ад веку мы спалі“. Пасьля чаго праф. Ігнатоўскі запрасіў, па сьпіску, некалькі асоб з прыезджых, у Прэзыдіум Конфэрэнціі. Пайшлі, як зазвычай, прывітаньні зьезду—тэлеграфныя, лістоўныя і асабістыя ад усякіх устаноў, аб’яднаньняў і груп. Далей ішлі спавешчаньні вучоных на тэму Конфэрэнціі, ўрэшце дыскусія. На чародзе стаяла пытаньне рэформы азбукі і правопісу. Большасьць Конфэрэнціі прызнавала патрэбным увясьці ў нашу азбуку асобныя знакі для мяккога „д“ і для дыфтонгаў „дз“ і „дж“, а такжа прызнавалі патрэбным увясьці лацінскую іоту (ј), якую было прапанавана пісаць у пачатках слоў (іон, (јакі, једу) і ў канчатках слоў (мој, твој, свој, у сярэдзіне-ж слоў тэты праект раіў пакінуць пісаньне я, е, ю, ё, як і раней. Правапісная рэформа датычыла галоўным чынам пытаньня аб „поўным“ і „няпоўным“ аканьні.

Наагул, не глядзя на даволі значны лік брашурак (да 10-ці), выданых Інбелкультам перад Конфэрэнціяй у справе рэформы азбукі і правопісма, і на праведзеную дыскусію, не відаць было яснасьці ў тым якой ласьне павінна быць гэта рэформа, як у азбуцы так і ў правопісме. Праўда, дыскусія і разважаньні над гэтымі пытаньнямі шмат далі цікавага матэр’ялу. Дык саўсім слушнай была дэцызія прэзыдыуму, што пасьля закрыцьця Конфэрэнціі трэба ўсе яе матэр’ялы апублікаваць асобнай кнігай і разаслаць яе, як усім учасьнікам зьезду так і паасобным вучоным, а па нейкім часе склікаць другую Конфэрэнцію, каторая ўжо астаточна павінна задэцыдаваць у гэтых справах.

Цікава пры гэтым зазначыць, што 39 асоб, з-паміж учасьнікаў Конфэрэнціі, высказалася за замену цяперашніх „гражданскіх“ літар лацінскімі.

Закрыцьце Конфэрэнціі адбылося надзвычайна ўрочыста. Быў пастаўлены канцэрт, хор, народныя танцы.

Да недахватаў трэба залічыць тое, што стэнаграфісткі, якія запісывалі прамовы, ўмелі толькі расійскую стэнографію, дзеля гэтага запіс беларускіх прамоў рабілі па расійску, паводле, на скорую руку дыктаванага ім пры століку, перакладу. Пасьля гэты перакладныя стэнограмы адшыфроўвалі, перакладаючы другі раз на беларускую мову. У дадатку стэнаграфісткі гэты спэцыяльна прыстасаваліся запісываць усякія палітычныя прамовы, але неабзнаёмленыя з філёлёгічнай тэрмінолёгіяй, перакручвалі апошнюю да немагчымасьці. У выніку атрымалася тое, што друкаваныя ў „Савецкай Беларусі“ немаль ўсе прамовы былі паперакручваны, а некатарыя так скажаны што ў іх ні сэнсу, ні ладу. Гэткая доля сустрэла і маю прамову зьмешчаную ў „С. Б.“ Сьпярша я абурыўся і хацеў протэставаць, а пазьней махнуў рукой.

Пры Конфэрэнціі была ўладжана выстаўка друкаў расійскіх і беларускіх. Пры расійскіх мастацкіх альбумовых дарагіх выданьнях блеклі „вялікія“ дасьціжэньні нашай кніжнай прадукціі. Стаялі супроць дзьве няроўныя вялічыні: беларуская тоненькая, пераважна маладнякоўская брашурка і тоўстая, салідная расійская кніга.

Адзін з удзельнікаў Конфэрэнціі ўзяў мяне пад руку, падвёў да аднаго а пасьля да другога кутка і кажа: „Мне заўсёды гэтае параўнаньне прыпамінае ігру ў рулетку. Установа, якая трымае банк прыступае да ігры з капіталам у сто разоў большым чым абладае ўся акружаючая стол ігры публіка. Ў выніку банк выігрывае, публіка праігрывае. У нас тое самае расійская культура мае і інтэлектуальныя і матэрыяльныя рэсурсы ня ў сто а ў тысячу разоў перавышаючыя рэсурсы ўсіх разам узятых, занепаўшых народаў б. Расі. Праўда, мы цяпер ставім стаўкі і маем сякі-такі выйгрыш, але што будзе ў выніку гэтай ігры за якіх сто гадоў?“ У гэты момант падыйшоў да нас шанаваны беларускі этнограф, і, з прычыны іншай, папярэдняй дыскусіі, загаварыў:—„Чаго вы хочаце ад расійскіх вучоных, што вы ўсё на нас нападаеце?“ Не памятаю штоя адказаў яму, але, памятаю, думаў сам у сабе: „гэта кажа сын зямлі, косьць ад косьці і кроў ад крыві нашага гаротнага народу“! Я яго ў маей душы прайграў ужо ў „рулетку“.

Маладняк

[правіць]

З прадстаўнікамі, „Маладняка“ прыходзілася мне сустрачацца праз увесь час Конфэрэнціі.

У аснову арганізаціі „Маладняка“ паложана мысьль узгадаваць беларускіх пролетарскіх. пісьменнікаў. Арганізація лічыцца безпартыйнай, але знаходзіцца пад кіравецтвам і сьціслым духовым кантролям Комуністычнай Парціі. Гэта ёсьць свайго роду цэх маладых пісьменнікаў і паэтаў. Аб’еднуе пераважна школьную, падрастаючую моладзь. У „Маладняк“ ўходзяць ак хлапцы так і дзяўчаты ўсіх народнасьцяў, засяляючых Радавую Беларусь, але лічэбна пераважаюць беларусы.

Маладнякоўцы маюць сваё асобнае выдавецтва і месячную часопісь пад назовай „Маладняк“, якая, ў 1927 г. выходзіць ужо пяты год. Апошнія кніжкі месячніка „Маладняк“ абыймаюць да 200 балон друку; рэдагаваны даволі добра. Блізка палавіну кнігі займаюць пісьменніцкія прадукціі саміх маладнякоўцаў, пераважна бэлетрыстычнага зьместу, ў рэшце кніжок продукуюцца кіраўнічага зьместу артыкулы пісьменніцкай старшызны. Акром гэтай цэнтральнай маладнякоўскай часопісі, выходзяць яшчэ спорадычныя і пэрьёдычныя меншыя маладнякоўскія зборнічкі (1-2 аркушы) ў провінціональных цэнтрах, як то: ў Вітабску, Полацку, Оршы, Слуцку, Мсьціслаўлі, Гомелі а такжа „замежамі“ Беларусі ў Смаленску.

Акром пэрьёдычных і спорадычных зборнікаў і часопісяў „Маладнякоўцы“ друкуюць творы лепшых сваіх пісьменнікаў асобнымі кніжыцамі, памерам ад аднаго да пяці аркушаў друку, пераважна малога фармату (у 8-ку).

Як маладнякоўскія, так і ўсе іншыя менскія выданьні не прытрымліваюцца на жаль аднастайнасьці ў памерах выдаваных імі кніг, дзеля гэтага кніжкі наагул усіх нашых выдаведтваў вызначаюцца непрыемнай індывідуальнасьцю ня толькі ў таўшчыне (што неўнікнёна) але і ва ўзросьце. Усім нашым выдавецтвам трэба было-бы прыняць т. зв. інтэрнаціональны тып кнігі. Гэта ёсьць—для бэлетрыстыкі (паэзій, повесьцяў, апавяданьняў і лёгкай навуковай лектуры), кніга памерам 18×13 цм. (чысты набор 28×20 цыцэро, нумэрація курсывам ўнізе), для навуковых прац і тоўстых журналаў—фармат пад- войны 36×27 цм.; для альбумовых выданьняў—54×36 цм. Гэта ёсьць тып пераважаючай у Эўропе і Амэрыцы кнігі.

Маладняк працуе даволі энэргічна: за апошнія годы выйшла каля сотні маладнякоўскіх кніжачак бэлетрыстычнага зьместу, выданых старэнна і аздобна. Менш удатны спробы маладнякоўцаў выдаваць пачтовыя аткрыткі з рысункамі.

Маладнякоўская літэратурная прадукція з кождым годам дасканаліцца як формай так і зьместам.

Разумеецца маладнякоўскую пісьменніцкую прадукцію трэба разглядаць, як лябораторыю, школу, з якой павінны выходзіць запраўдныя майстры формы і мастакі слова. Падыходзячы да маладняка з гэтай меркай, трэба прызнаць высілкі іх здаваляючымі. У меру інтэлектуальнага разьвіцьця маладнякоўскіх пісьменнікаў пачатковыя рамкі школьнай прадукціі для паасобных індывідыумаў становяцца цеснымі, зьяўляюцца вымогі шырока-мастацкага палёту, неадлучна зьвязаныя з патрэбай сурьёзнага падгатаваньня. На гэтым грунце сярод маладняка апошнімі часамі адбыўся распад: выдзялілася група старэйшых пісьменнікаў „Узвышша“. У „Узвышша“ ўвайшлі, між іншымі, такой меры маладнякоўскія пісьменнікі як Кузьма Чорны і Дубаўка. Першы вельмі арыгінальны і запраўды глыбокі талент, які запавядае выліцца ў пісьменніка першараднай усесьветнай вагі, другі такжа не радавы талннт, ён чуткі знавец і гурмэн як формы так і слова. Побач з імі ў „Узвышшы“ станулі іншыя, ўжо больш вядомыя грамадзянству, пісьменніцкія сілы. Гэтак, мала-памалу, з маладнякоўцаў пачынае зараджацца маладая пісьменніцкая школа.

Склад маладняка, як кождай масавай грамадзкай арганізаціі, вельмі пярэсты: побач найлепшых найсьвятлейшых душ і характараў маюцца звыклыя сабе хлебаеды з некатарымі пісьменніцкімі амбіціямі, а такжа невядомага прызначаньня людзкі матэр’ял, але ў большасьці, як кождая арганізація моладзі, сымпатычная, а галоўна бязьмерна энэргічная.

Акром партыйных, комуністычных уплываў, на маладняк аказуюць уплыў вялікаруска-імпэрыялістычныя ідэі, якія ідуць да іх з дапасаваўшайся да комуністычнага ладу старой расійскай і русыфікатарскай інтэлігенціі. Мне здарылася сустрэцца з апошняга тыпу маладнякоўцамі. Тэмэй да дыскусіі паслужыў сказ праф. Пічэты, зьмешчаны ў 7-8 нумары часопісі „Маладняк“, дзе рэктар Беларускага Дзяржаўнага Унівэрсытэту кажа: „Ужо ў XVI ст., у эпоху беларускага буржуазнага адраджэньня, беларускі націянальна-культурны дзеяч Францішак Скарына, разьвіваючы сваю выдавецкую і перакладніцкую дзейнасьць, прызначаў апошнюю для навучаньня простага народу расійскай мове

На аснове гэтага сьветлага сказу грам. Рэктара, набухтораныя русыфікатарскім акружаньнем у сямьі, маладнякоўцы, даводзілі мне, што трэба маладому беларускаму пакаленьню ісьці сьледам сваіх найлепшых культурных прадстаўнікоў, а ласьне, кіравацца, замест разьбіваньня, да вытвараньня адналітнага „рускага“ народу; што сіла і будучына Беларусі заключаецца ў асыміляціі з Масковіяй і г. п. нісянеціцу выцягненую з архіўнага хломазду вялікарускага імпэрыялізму.

Сказаныя маладнякоўцы былі дужа зьдзіўлены маімі довадамі, што паважаны Рэктар опэруючы неяснай тэрмінолёгіяй папаўняе недароўныя анохроністычныя спамылкі. Бо мова, каторую мы сягонньня называем „расійскай“ не была яшчэ злажыўшайся ў XVI ст. яна пачала тварыцца, найраней, пачынаючы ад часаў Пятра Вялікага, а больш акрэсьленна можна датаваць яе ад Пушкіна, г. зн. ад першай паловы XIX ст. Крывічанскай мове XVI ст. можна процістаўляць мову маскоўскага царства. І, што, дзеля гэтага Скарыну ніякім спосабам нельга палічыць да пропагатараў „расійскай мовы“ сярод беларусаў. Падругое, ў XVI ст. не было грамадзка-палітычнай клясы, якая сягоньня носіць названьне „буржуазіі“, а такжа не існавала паняцьце „націі“. Дык залічаньне Ф. Скарыны ў буржуі і націяналісты так сама нічым не абаснавана, як моднае ў XVIII ст. у Франці маляваньне мадонны ў турнюрах, гарсэце і шырокім, з струсавым пяром, капялюшы. Зрэшта, пасколькі падобныя анахронізмы мілы сваей арыгінальнасьцю ў мастацтве, дзе роўнацэнны як праўда так і мастацкая лжа, то ў навуцы яны безумоўна нічым ня вытлумачаныя вольнасьці. Але падобнага характару маладнякоўскія росткі, як я пазьней пераканяўся, ў часе маей бытнасьці ў рэдакці часопісі „Маладняк“, і з гутарак з паасобнымі маладнякоўскімі пісьменнікамі, ўжо зыходзячы са сцэны гатунак. На Маладняк напірае здаровы вясковы элемэнт, які сваімі клясавымі і сямейнымі традыціямі нямае нічога супольнага з русыфікатарствам. Пасколькі ў гэтай моладзі няма патрыотычнага романтызму, то пастолькі ёсьць у яе практычнае разуменьне значэньня народнай мовы, як правадніка культуры ў шырокія народныя массы, ёсьць любоў да роднай мовы як да аб’екту мастацкай народнай творчасьці і тое, дагэтуль яшчэ не ўнятае ў формулу, ўнутранае гарэньне, якое зьяўляецца прычынай і падставай істнаваньня народных арганізмаў.

Маладняк аб’еднывае некалькі сот маладых пісьменнікаў і перад ім ляжыць вялікая будучына.

Беларускі Дзяржаўны Унівэрсытэт

[правіць]

Пасьля закрыцьця Конфэрэнціі госьці былі запрошаны, між іншымі ўстановамі, адведаць такжа Унівэрсытэт. Цяпер Дзяржаўны Унівэрсытэт ня мае свайго будынку і параскіданы па ўсім горадзе ў некалькіх рожных мясцох і канцох. Але гэта часова, бо зацьверджаны ўжо плян і асыгнаваны кошты на пабудову 16 ці корпусаў для унівэрсытэцкіх будынкаў. У мінуўшым годзе закончана будаваньне аднаго, даволі абшырнага, корпусу, але пабудаваўшы агледзіліся, што ён не на мейсцы: лішне блізка да вагзалу. Цяпер ідзе дыскусія што рабіць далей, будаваць пры гэтым корпусе іншыя ці закінуць пабудаваны гмах на другія патрэбы і рэшьце будынкаў знайсьці больш стасоўнае мейсца, далейшае ад вагзалу?

Перад вайной не было ў краю ніводнай вышэйшай вучэльні. Пачалі арганізаваць унівэрсытэт ужо ў часе вайны. З невялікіх зачаткаў Урад Радзянскай Беларусі, накладам аграмаднай энергіі і коштаў, утварыў сярэдняй скалі вышэйшую вучэльню, абастовіў яе навуковымі прыладамі, забасьпечыў будынкамі і навуковымі сіламі. Менскі Унівэрсытэт знаходзіцца яшчэ ў пэрыёдзе кшталтаваньняся. Яго цяперашняя фізыономія будзе памалу ператварацца, пад уплывам нарастаючых краёвых чыннікаў, якім дадзены доступ для дапасаваньня сваіх сіл у дзедзіне здабыцьця і пашыраньня веды.

Навуковыя сілы Унівэрсытэту складаюцца з 40 прафэсароў, 40 дацэнтаў, 84 асыстэнтаў і 50 ардынатараў, усяго 214 асоб. З гэтага ліку унівэрсытэцкай навуковай сілы, беларускіх (крывічанскіх) сіл не шмат: на ўвесь Унівэрсытэт, паводле інформацій рэктара праф. Пічэты, ўсяго толькі 12% навуковых дысцыплін у 1926 г. было чытана ў мове крывічанскай (беларускай). Крыху лепш нашы справы на адным пэдагогічным факультэце, дзе чытаньне лекцій на беларускай мове даходзіць 47%, але, затое, на мэдычным факультэце дагэтуль саўсім няма выкладаў у беларускай мове.

Каштарыс БДУ на 1926-ты год дасягае аднаго мільёна рублёў.

На менскім Унівэрсытэце вучыцца 2353 студэнты. Паводле народнага складу яны падзяляюцца так: беларусаў (крывічоў) 1181, жыдоў 999, расійцаў 130, палякаў 9, іншых 34; словам, называючыя сябе беларусамі становяць 50% (палавіну), другая палавіна складаецца з т. зв. нац. меншасьцяў, або іначай кажучы з элемэнтаў, экономічна і культуральна пануючых ў краю. Па соціальнаму складу студэнты падзяляюцца так: работнікаў—273, сялян—621, служачых 1100, саматужнікаў—55, іншых прафэсій—304; словам, меншая палавіна (949) прыпадае на работніцка-сялянскія элемэнты. Але ў параўнаньні да перадваенных часаў у студэнцкім складзе надзвычайна вялікі поступ у карысьць не зрусыфікаваных беларускіх (крывічанскіх) нізоў. У даўныя часы на расійскіх унівэрсытэтах контыгент студэнцтва складаўся немаль выключна з упрывільёваных кляс, дваранства, чыноўніцтва і мяшчанства, цяпер палавіна студэнтаў рэкрутуецца з нізоў, г. зн. элемэнтаў крывічанскіх (беларускіх). Гэта апошняе вельмі цэннае, бо са ўзростам культуры ў беларускага народу, будзе расьці і яго народная сьвядомасьць.

У менскім БДУ, побач расійскай і беларускай, зьяўляюцца выкладовымі такжа мовы—польская і жыдоўская. Які працэнт навуковых дысцыплін выкладаецца на гэтых апошніх мовах, мне не ўдалося ўстанавіць.

Пры БДУ выходзяць асобнымі кніжкамі (20-25 аркушаў друку) „Працы Беларускага Дзяржаўнага Унівэрсытэту“. Дагэтуль выйшла 6 кніжак (№№ 1-2, 2-3, 4-5, 6-7, 8 9-10, 11). Першыя дзьве кніжкі маюць агалоўкі ў расійскай і французкай мовах; пачынаючы з трэцяй кніжкі ў агаловак уведзена мова беларуская, але разам з ей жыдоўская і польская. У чацьвертай кніжцы (№ 6-7) знаходзім ужо ў тэксьце тры артыкулы ў беларускай мове (праф. Піотуховіча, праф. Воўк-Левановіча і праф. Дружчыца); у пятай кніжцы няма ніводнага слова па беларуску, ў шостай па беларуску толькі адзін артыкул праф. Грэдінгера і побач (таго-ж праф. Грэдінгера) артыкул па расійску. Словам, найбольшыя поступы зрабіла беларуская навуковая думка ў Менскім Унівэрсытэце ў 1925-м годзе і зноў пала ў 1926-м годзе, здаецца да нуля, бо, паводле ўсякіх азнак, артыкул праф. Грэдінгера „Думкі аб неабадкладнасьці выданьня грамадзянскага процэсуальнага кодэксу для Беларусі“—перакладны.

Разумеецца, віна таго, што ў „Працах БДУ“ няма работ беларускіх прафэсароў, ніякім спосабам няможа быць прыпісана бальшавіцкай уладзе, але толькі беларускай прафэсуры. Называючых сябе беларусамі, паміж прафэсуры БДУ, ёсьць людзей нямала, але, знача, мала між імі творчых сіл.

Акром „Прац БДУ“, мэдычны факультэт выдае асобнымі кніжкамі „Беларуская Мэдычныя Думка“, якой дагэтуль выйшла каля 10-ці кніжак, але, акром агалоўку ў беларускай мове, ў ніводнай кніжцы не знаходзім беларускага тэксту, хоць такжа бачылі мы ў Менску беларусаў дактароў мэдыцыны. Тут ізноў натыкаемося на даволі загадковую духовую бязплоднасьць.

У чым тут крыецца прычына—няведаю, але недзе такі ёсьць яна!

Здарылася мне стыкацца і са студэнцтвам БДУ. Сярод студэнцтва сустрэў я дужа цікавыя элемэнты. Большасьць беларускага студэнцтва добра гаворыць беларускай мовай, але між імі, здаецца, не надта вялікі працэнт будучых дзеячоў народнага адраджэньня. Прычына ў тым, што студэнцтва знаходзіцца ў вельмі цяжкіх матэрыяльных варунках, і нямае сьціслага кантакту з прафэсурай. Гэта ўнутраная разгалосіца, між унівэрсытэцкай моладзьдзю і іх духовымі павадырамі, не карысна ўплывае на кшталтаваньне характараў моладзі. Разумеецца сільныя адзінкі выйдуць з гэтага гарна непашкоджана, але слабейшыя могуць даць контыгэнт вучаных рэмесьнікаў, умыслова яловых і духова бязплодных.

Трагедзіяй менскага Унівэрсытэту ў даны момант зьяўляецца тое, што яго зьнешняя этыкетка, не адпавядае ўнутраннаму зьместу. Яго ўкраёўленьне напатыкае галоўную перашкоду ў тым, што краёвыя маладыя сілы яшчэ не нарасьлі, а старыя, якія працуюць цяпер, лішне павольна эволюціонізуюць і раз-пораз завяртаюць да прывычных шляхоў думаньня, асабліва ў дзедзіне высунутых сучаснасьцю палітычных, культурных і ўзаеманародных стасункаў. Калі, мо, і няма ў радох кіраўнікоў Ўнівэрсытэту вялікарускага актывізму, то, безумоўна, абсэнтэізм што да беларускай праблемы і інэрція думаньня зьбілі сабе даволі цёплае гняздо ў сьценах БДУ.

Музэі

[правіць]

Да вайны і рэволюціі істнавалі на тэрыторыі Беларусі музэі пры біскупскіх катэдрах—царкоўна-архэолёгічная і ў паасобных памешчыкаў, нават даволі значная, прыватныя. Памешчыцкія музэі былі вывезены палякамі ў Варшаву і Кракаў, а царкоўна-архэолёгічныя, пакінутыя без апекі, параскідаліся за час вайны і рэволюціі. Цяпер на тэрыторыі Радавай Беларусі ёсьць чатыры значнейшыя музэі, сабраныя ўжо нанова: ў Менску, Вітабску, Магілеве і Гомелі, акром таго меншыя музэі маюцца ў Слуцку, Мсьціслаўлі, Полацку, і, здаецца, ў яшчэ некалькі іншых мяйсцох.

Мне ўдалося бачыць толькі два музэі—Менскі і Вітабскі.

Менскі музэй больш упарадкаваны і мае аддзелы архэолёгічны, мастацкі і этнографічны. Акром таго цікавы аддзел жыдоўскай старасьвеччыны. Музэй гэты месьціцца цяпер у быўшым архірэйскім доме і займае двохпаверхі будынак. Усякіх помнікаў старасьвеччыны сабрана тут нямала і каб іх як належыцца разлажыць, трэба было-бы ўдвая-трая большае памяшканьне. У Менскім музэі маюцца цікавыя помнікі з раскопак, багаты этнографічны музэй і цэнная галерыя малюнкаў.

У Вітабску музэй паўстаў дзякуючы паложаным ў яго аснову сабраньням віленскага зьбірача Брадоўскага і вітабскага архэолёга-аматара Фэдароўскага. Тут такжа ёсьць аддзел этнографічны з цікавымі народнымі вырабамі, пакуль што пераважна тканінамі, а так-жа зачатак галерыі абразоў. Зьвяртаюць увагу цэнныя сабраньні масонскай старасьвеччыны, рэзаныя камяні, пячаці, калекціі гадзіннікаў, зброі і нумізматыкі. Вітабскі музэй менш упарадкаваны, мае меншае памяшчэньне, але робіць уражаньне багацейшага за Менскі. Часьць экспонатаў у Вітабску ня выстаўлены, бо нехватае мейсца.

Абодвы гэты музэі знаходзяцца ў пэрыёдзе разбудоўкі, але, нават у тым стане, ў якім яны цяпер ёсьць выглядаюць імпонуюча, і, калі будуць аканчальна ўпарадкаваны, то сваей удзельнай вагой ня ўступяць провінціональным заходна-эўропэйскім музеям.

Недастаткам абодвых гэтых музэяў, асабліва Вітабскага, зьяўляецца тое, што ў іх ня выдзелены помнікі краёвай культуры. Гэта апошняе, адзяленьне помнікаў краёвай культуры ў асобную групу, надзвычайна важна для пазнаньня творчых элемэнтаў у пераламленьні псыхікі жыхароў краю.

Прыкладам у Вітабску істнуе мастацкі тэхнікум і музэй павінен быў бы служыць яму сваімі навукова ўпарадкаванымі экспонатамі дая выясьненьня краёвага стылю ў тканінах, кераміцы, малятурах. Праўда, вучні чэрпаюць з музэальных экспонатаў, але, бьючыся ў пацёмках, злучаюць у сваіх композыціях рысункі готыцкіх і барокавых абломкаў кахляў з геомэтрычнымі ўзорамі народных тканін і кепскага гатунку прыкладаў романскага стылю, захаваных у жыдоўскіх падсьвечніках. Апошні, г. зн. сапсаваны романскі стыль, у Вітабску слыве чамусьці пад назовай „жыдоўскага“.

Кажуць ня менш багаты—за менскі і Вітабскі—музэй у Магілеве, які слыве асабліва рукапісамі, старадрукамі і царкоўнай старасьвеччынай.

Але найбагацейшы—гэта Гомельскі музэй, доўгія годы зьбіраны князямі Паскевічамі.

У маю бытнасьць у Менску гаварылі аб патрэбе ўпарадкаваньня музэальнай справы з навуковай стараны і аб расшырэньні музэальных будынкаў.

Тэатры

[правіць]

Дзяржаўныя тэатры ў Радавай Беларусі—тры. Сталыя: — ў Менску і Втабску, і—аб’яздная дружына—Галубка.

Дасьціжэньні беларускага тэатру за апошнія годы—аграмадныя.

Хто бачыў толькі аматорскія выступленьні на беларускай сцэне і паглядзіць цяпер на ігру мастакоў профэсіоналаў у беларускім тэатры, з іх навытаранай плястыкай, з мастацкімі дэкораціямі і сьветлавымі эфэктамі, то выйдзе з тэатру саўсім абварожаны.

У гэткім палажэньні апынуўся і я, калі першы раз прыйшоў у БДТ у Менску. Ігралі Н. Бываеўскага „Каваль і ваявода“, ў пастаноўцы здольнага тэатрала Міровіча. Ачараваньне было поўнае, ўражаньне паражаючае. Клясычная ігра, мастацкія дэкораціі, добры хор і музыка, вытваралі дзіўную гармонію і давалі поўнае забыцьцё.

Штука Міровіча Кастантын Каліноўскі была стаўлена каля сотні разоў, і, заўсёды, пры поўным зборы. І нічога дзіўнага: штука напісана з талентам, дае сільныя ўражаньні, згодная з нядаўнай мінуўшчынай.

Аткрыцьце вітабскага, другога Дзяр. Тэатру, было дапасавана так, каб к гэтай урочыстасьці маглі прыняць удзел і учасьнікі Конфэрэнціі. Тут іграе маладая дружына мастакоў, якія толькі што акончылі студзію ў Маскве.

Ігралі Шэкспіраўскую штуку „Сон ў летнюю ноч“, ў Мэрхольдаўскай пастаноўцы. Гэта найнавейшы зварот у тэатральным мастацтве, дзе кожды рух, кожды жэст выстылізаваны, выпрацаваны. Затое сцэна дае запраўды, ўражаньне фантастычнага сна, з пад якога трудна выйсьці нават пакінуўшы тэатр.

Словам, у Радзянскай Беларусі, можна сьмела сказаць, паложаны крэпкі фундамант беларускаму тэатральнаму мастацтву. На гэтым фундаманце можа і павінен ён далей разьвівацца, пры дапамозе ўжо мясцовых тэатральных студзій.

Мова артыстаў, праўда, не заўсёды і не ва ўсіх, такая прыгожая, як ў старога нашага тэатрала Ф. Ждановіча, але, агульна бяручы, нязгоршая. Добрая, прыкладная мова прыйдзе ў свой час, як прыйдзе і так цэнная акцэнтація мовы, якой на менскай сцэне абладае адзін толькі Ждановіч.

Канчаючы аб тэатры, трэба сказаць: Радзянская Беларусь стварыла беларускі тэатр.

Інстытут Беларускае Культуры

[правіць]

Інстытут Беларускае Культуры памяшчаецца ў асобным трохпаверхім доме, Рэволюційная вуліца № 21. Гэта ёсьць навуковая установа ўсестароннага дасьледаваньня беларускае (крывічанскае) культуры,—зачатак будучай Акадэміі Навук.

У доме ІБК памяшчаецца яго галоўная управа, з камісіямі і сэкціямі, канцэлярыямі, сабраньнямі матэр’ялаў, бібліатэкай і архівамі, а такжа рэдакціі і саля для навуковых спавешчаньняў і сабраньняў. Інтэлектуальнае жыцьцё як Менска, так і ўсей сучаснай Радзянскай Беларусі зыходзіцца ў ІБК. Жыцьцё тут бье поўным тэмпам: кожды дзень праз ІБК працякае цэлая масса народу і пакі навуковай корэспондэнціі.

Ці ІБК зьяўляецца выключна беларускай установай? Не, ІБК абслуговуе духовыя патрэбы ня толькі беларускія, але таюжа і народных меншасьцяў Беларусі. Гэта не народная беларуская ўстанова а міжнародная, ў краёвым значэньні. Тут, згодна, побач беларусаў, працуюць сэкціі і камісіі расійская, польская, жыдоўская. Рожніца між ІБК і БДУ з боку народнага ўстасункаваньня ёсьць у тым, што, ў той час калі ў першым нац. меншасьці прадстаўлены справядліва, адбіваючы сабой праўдзівае ўстасункаваньне народнасьцяў ў краю, то ў БДУ меншасьці пануюць над беларускай большасьцю.

Не глядзя на гэта ў Менску істнуе абыватальская апінія, якая ўтрымлівае, што ІБК—гэта беларускі оазіс. І хоць, паводле фактычнага зьместу, ІБК справядлівей можна было-бы назваць Інстытутам Культуры Беларусі, аднак, старой інтэлігенціі, як расійскай так і жыдоўскай, прывыкшай бачыць беларусаў толькі ў ролі чорнарабочых, здаецца надзвычайным беларускім сукцэсам, і, як бытцам, крыўдай для іх, што беларусы лічэбна тут домінуюць.

Навуковыя сілы ІБК складаюцца з 83-х правадзейных членаў, 84-х членаў.супрацоўнікаў, 76-х чаенаў-коррэспандэнтаў і 200 членаў супрацоўнікаў. А ўсяго ІБК аб’еднуе 224-х навуковых працаўнікоў, У гэтым ліку беларусоў—137, жыдоў—45, палякаў 23, іншых 19. На чале ІБК стаіць агульна шанаваны беларускі дзеяч праф. Ігнатоўскі.

Гадавы каштарыс ІБК у 1926-м годзе выносіў 329.530 рублёў. На публікаваньне прац (да 200 аркушаў, лічучы па 60 руб. за аркуш друку) з гэтага бюджэту выдана каля 12.00 рублёў. Таўмачыцца гэта тым, што значная часьць коштаў ідзе на падгатоўку будучых грунтоўных прац, і на арганізацію разбураных культурных устаноў у краю.

Інстытут падзяляецца на 7 сэкцій: 1. Беларускай Мовы і Пісьменнасьці; 2. Беларускага Мастацтва; З. Гістарычна-Архэолёгічная; 4. Дасьледаваньня Рэволюційнага руху; 5. Прыродазнаўчая; 6. Мэдычная; 7. Сельска-Гаспадарчая. Акром таго мае два аддзелы—жыдоўскі і польскі са сваімі ўласнымі сэкціямі.

Паўзьбежна з сэкціямі працуюць Камісіі: 1. Слоўнікавая, 2. Тэрмінолёгічная, 3. Літэратурная, 4 і 5 Гісторыка-Архэолёгічная, 6. Прыродазнаўчая, 7. Бібліографічная, 8. Сельска-Гаспадарчая, 9. Краязнаўчая.

Найбольш рухавасьці апошнімі часамі выказалі Краязнаўчая Камісія, Слоўнікава-Тэрмінолёгічная і Мастацкая.

Краязнаўчая Камісія выдзялілася ў асобную ўстанову, на чале каторай стаіць ЦБ Краязнаўства, якое сабрала больш тысячы супрацоўнікаў і цэлыя массы ўсякіх, пераважна слоўнікава-фольклёрыстычных, матэр’ялаў. ЦБ Краязнаўства выдае сваю штомесячную часопісь „Наш край“ (сшыткамі па 4—5 аркушаў друку), ведзеную апошнімі часамі даволі добра, бо рукой практычнага пісьменніка, але, на вялікі жаль, маладога яшчэ краяведа, Зьмітры Бядулі. Паступаючыя ў ЦБК матэр’ялы паказуюць у чым найбольш могуць палажыць карыснай працы члены-краязнаўцы, а ласьне ў зьбіраньні слоўніка і фольклёру. Тым часам на ўзгадаваньня сьведамых мовазнаўцаў і этнографаў мала ў часопісі зьвяртаецца ўвагі: няма артыкулаў якія-бы разьвівалі тэорыю мовазнаўства і этнографіі. Урэшце часопісь яшчэ ня мае сваей акрэсьленай фізыономіі, бо у ей друкуюцца стацьці з лесаводзтва, зьвераводзтва, паляводзтва, статыстыкі, гісторыі, архэолёгіі, мовазнаўства, этнографіі, географіі і г. д. і, ў канечным вывадзе, ніводнай галіны веды яна не распрацовуе, або, іначай кажучы, прымушана абслуговываць усе Сэкціі і Камісіі ІБК, кождую ў мініятурнай прапорціі, наскокам, „аб усім па троху“.

Такая паважная установа, як ІБК, павінна або ператварыць „Наш Край“ у тоўсты журнал, разьбіўшы яго на аддзелы, паводле распрацовываных ім навуковых дысцыплін, або замест аднаго журнальчыка выдаваць іх столькі, сколькі істнуе паасобных Камісій. Праца ніводнай Каміссіі ня будзе жывой, і пляновай дакуль яна ня будзе мець уласнага органу для публікаваньня сваіх досьледаў і вывадаў. Самая ўсільная праца навуковыхъ сіл не пасуне наперад навукі, калі ня будуць публікаваны вынікі іх працы. Дзеля гэтага, як міне аргавізаційны пэрыёд ІБК, трэба падбаць каб кождая Камісія мела свой бюджэт як на пэрыёдычныя так і на капітальныя друкі.

Агулам бяручы плян працы зарысаваны ІБК аграмадны, ён агартае ўсе галіны інтэлектуальнага жыцьця краю і ўсе галіны веды. Дагэтуль ІБК галоўна працаваў над арганізаціяй навуковых сіл і ўстаноў, якія былі саўсім раськіданы і разбураны вайной. Калі гэтым самым тэмпам пойдзе і яго дасьледчая, як ішла дагэтуль арганізаційная праца, то, безумоўна, ІБК суджана адыграць вялікую ролю ў адраджэньні нашай культуры.

Сягоньня Менск зьяўляецца галоўным цэнтрам арганізаваньня культурных беларускіх сіл. І запраўды, Менск мае ўсе шансы стацца беларускім культурным цэнтрам, а сьціслей кажучы павінен стацца ім ІБК у Менску. Але гэта станецца тады, калі яго высількі ператворацца ў томы грунтоўных, не дылетанцкіх, а запраўды навуковых досьледаў. Ускладаныя на яго надзеі павінен Менск замацаваць сваімі інтэлектуальнымі высілкамі, каб ня толькі веручыя, але і недаверкі паверылі. Галоўнае — свабода працы і сродкі на працу маюцца.

Дагэтуль, у дзедзіне публікацій навуковых прац, у нашым Менскім Атэнэўме, больш чуваць „мы зробім“, чым „ммы зрабілі“. Гэта пакуль што галоўны недастатак першай, па абшырнасьці і адкрытых перад ей магчымасьцях, беларускай навуковай установы. Яно ведама, пачатак заўсёды трудны. А для беларускай навуковай установы ён яшчэ труднейшы, што кваліфікаваных сіл у нас мала, дый тыя разсыпаны. На помач ІБК-ту, ў яго высілках адбудаваць беларускую культуру, павінны пайсьці ўсе нашы культурныя працаўнікі, якія знаходзяцца і паза Менскам. Культура—ўсенародны, а не партыйны скарбец. Інбелкульт вынес галоўную арганізаційную працу навукова-культурных сіл і ў гэтым яго вялікая заслуга перад усім беларускім народам.

Грамадзянскія настраі

[правіць]

У Менску і Вытабску, ў час маей бытнасьці на парадку дня, сярод шырокіх кругоў гарадзкога жыхарства, была беларусынізація, або, як мне зьядліва казаў адзін Менскі інтэлігент „абмужычываньне“.

За „абмужычываньне“ стаіць К. П. і Урад, супроць яго — ў першы чарод зрусыфікаваная жыдоўская буржуазія і выйшаўшая з яе радоў зрусыфікаваная і русыфікатарская інтэлігенція і поўінтэлігенція; ў другі чарод—нашы-ж зрусыфікаваныя беларусы; самае апошняе мейсца займае чыстакроўная вялікаруская інтэлігенція, акром, разумеецца, актыўных націоналістаў.

Змаганьне—за і супроць беларусынізаціі — носіць ярка клясавы характар: зьнізу напіраюць, зьверху ціснуць, а ўсярэдзіне ня хочуць здаваць сваіх вырожніваючых ад „мужыцтва“ пазыцій.

Разумеецца ўся беларусынізація пайшла-бы шмат лягчэй, каб беларусы маглі ўліць у рады гарадзкой, даволі чысьленнай дробнай буржуазіі і гарадзкой інтэлігенціі, свае эквівалентныя сілы. Але сярод беларусаў няма цяпер, так сама як і перад вайной, ні сваей клясы таргоўцаў, ні значных кадраў працоўнай інтэлігенці. Дзеля гэтага буржуазна-інтэлігенцкая чужа-націянальная праслойка пакінута варыцца ў сваіх уласных соках, яшчэ і таму што іх інтэлектуальныя патрэбы абслугоўвуюцца падаўнаму расійскай мовай і культурай, бо ў беларусаў, акром некалькіх кніжок Я. Купалы і Я. Коласа пераважна, маладнякоўская пісьменнасьць. Менск дагэтуль не мае ніводнай ілюстраванай беларускай часопісі і нават гумарыстычнага тыднёвіка, не кажучы ўжо аб спэціяльных тэхнічных і навуковых журналах, акром адзінага месячніка „Полымя“, рэдагаванага даволі добра, але каторы чамусьці яшчэ не прабіў сабе дарогу ў гэту праслойку.

Разумеецца, ў гэтым выпадку, нічога, або саўсім мала, памогуць рэзолютыўныя пажаданьні і цыркулярныя загады, калі апорная праслойка ня будзе пастаўлена перад дакананым фактам, што ўся акружаючая яе атмасфэра насычана беларускасьцю, так як яна дагэтуль насычана расійскасьцю. Абыватальска настроены інтэлігент і тарговец мае дагэтуль кругом сябе імпортаваную расійскую атмасфэру, а з беларускай ён стыкаецца толькі час ад часу, пераважна калі выяжджае з гораду на вёску. Беларушчына не займае наложнага мейсца ў яго штодзенным жыцьці. Вось і кажуць у Менску: „беларусы, акром лапцей сваіх—нічога не маюць“. І гэты глупы аргумант беларусам, пры цяперашнім стане іх культуры, не надта каб ужо было чым разьбіць. Бо і экономічна і культурна беларуская большасьць, падаўнаму, жабракі ў параўнаньні з народнымі меншасьцямі. Гэта няроўнасьць у заможнасьці і культурнасьці і ёсьць галоўныя перапоны для беларусынізаціі. Каля іх і ідзе змаганьне.

Экономічна пачувае сябе грамадзянства на шляху да выздараўліваньня, дык стасунковая экономічная памыснасьць родзіць і пропорціянальную энэргічнасьць, імкненьне наперад. Гэтаму імкненьню пакуль што няма вялікіх перашкод, дык маецца прымірэньне на экономічнай астоі паміж жыхарствам і кіруючымі чыннікамі. Край памалу адбудоўвуецца, палажэньне астоілася, кожды дапасаваўся, і, дзеля гэтага, галоўны страх грамадзянства каб ня быў нарушаны істнуючы грамадзкі спакой. У грамадзянстве няма імкненьня да якіх колечы палітычных перамен, бо кождаму ясна, што ўсякі закалот, скуль-бы ён не паходзіў, не прынясе нічога, акром новай руіны. Зрэшта новыя мэтады грамадзкай працы пачынаюць пацягаць штораз шырэйшыя колы, асабліва работніцтва і сялянства да Радавай улады, чаму паспрыяла зямельная і т. зв. „національная“ палітыка апошняй. На імкненьне зьнешніх чыннікаў да выкліканьня закалотаў, абываталь глядзіць з жахам, сяляне як на спробу вярнуць памешчыкаў, а работнікі як на паязьлівасьць ва іх прывілеі.

У часе Конфэрэнціі шмат гутарак выклікала старэньне беларускага Радзянскага Ураду аб далучэньні Гомельшчыны да Беларусі. Гэтае далучэньне было ўжо здэцыдавана, але яшчэ не было ведама, ці яно пашырыцца і на беларускія (крывічанскія) паветы паўночнай Чарнегаўшчыны, ці будзе праведзена толькі ў рамках „полумеры“.

Дзякуючы аб.ектыўным зьнешнім палітычным чыннікам і мудрай палітыцы Ураду Радзянскай Беларусі, каля Менска сабрана ўжо ад Усходу тры чацьвёртых этнографічна-беларускіх зямель. Астаюцца яшчэ ў складзе Масковіі этнографічна-беларускія часьці Смаленшчыны, паўночныя часьці б. Вітабшчыны і Чарнегаўшчыны, але маецца надзея, хоць не без апору маскоўскіх „патрыотычных“ чыннікаў, з часам можна будзе дабіцца далучэньня і гэтых, пітома беларускіх, частак да Беларусі.

Аб далучэньні Смаленшчыны, паміж расійцамі, ці справядлівей — староннікамі расійскай прэваляціі і беларусамі — ідуць абыватальскія дыскусіі. Галоўны аргумант першых, што горад Смаленск зрусыфікаваны ўжо аканчальна і безпаваротна. Другія—беларусы—кажуць, што горад ня зьяўляецца ў даным здарэньні паказчыкам. Гарадзкая буржуазія ва ўсіх беларускіх гарадох не беларуская. У Радзянскіх Рэспубліках дэцыдуючым элемэнтам зьяўляюцца працоўныя массы, а не буржуазія. Працоўныя-ж массы Смаленшчыны нічым—ні мовай, ні звычаямі ні абычаямі,—ня рожняцца ад такіх-жа масс у аколіцах Менска, ці якога іншага беларускага гораду. Падпарадкаваньне беларускіх працоўных масс у Смаленшчыне, жменцы расійскай і зрусыфікаванай гарадзкой буржуазіі, гэта ёсьць пагвалчаньне радзянскіх прынцыпаў, якія ў аснову дзяржаўнага кіравецтва кладуць дыктатуру працоўных масс а не буржуазіі. І беларусы упэўнены, што слушнасьць на іх старане і што пытаньне аб далучэньні Смаленшчыны адбудзецца ў найбліжэйшы час, тым-жа мірным шляхам, як цяперашняе далучэньне Гомельшчыны.

Калі гэтак ідуць справы ў межах Радзянскай Сувязі, што да зьбіраньня беларускіх зямель каля Менска, то адначасна пачынаюць аглядацца на Менск і беларускія землі, якія цяпер знаходзяцца паза межамі Радзянскай Сувязі. Што раз выразьней пачынаюць хіліцца да Менска землі Заходнай Беларусі, якія цяпер знаходзяцца пад польскай акупаціяй. Там маецца край абшарам больш 100.000 кв. кілёмэтраў, на якіх ня менш 3.000.000 жыхарства, між каторым беларусы становяць звыж 75%.

Больш двох мільёнаў Беларусаў пад польскай окупаціяй нямаюць нічога для свайго народнага разьвіцьця, наадварот, беларусы пад Польшчай прасьледуюцца як ніводная народнасьць, нават тады, калі змаганьне беларусаў не выходзіць за межы пазволеныя польскім правам. Сыстэматычныя прасьледаваньні беларусаў пад Польшчай, і, наадварот, разбудоўка Беларусі ў межах, Радзянскай Сувязі родзіць, спамянутае вышэй, натуральнае імкненьне заходных беларусаў да аб'яднаньня з Менскам. Гэтак аб’ектыўныя варункі ўскладаюць на Радзянскую Беларусь місію зьбіраньня беларускіх зямель такжа і ад Захаду. Практычна пакуль што, здаецца, Менск у гэтым кірунку нічога ня робіць, але сярод тамтэйшага беларускага грамадзянства што раз больш нарастаюць настроі —распаляныя сыстэматычнымі пагромамі беларусаў пад Польшчай,—якія з часам павінны выліцца ў актыўную помач. У кождым здарэньні сягоньняшні Менск чутка рэагуе на ўсякія зьдзекі над беларусамі пад Польшчай.

Словам, адроджаны беларускі народ што раз больш выказуе волі да народнай еднасьці ў сваей уласнай дзяржаве. І хоць яшчэ многа можна пажадаць, што да абойму дзяржаўных правоў сучаснай Радзянскай Беларусі, ў якой задалёка пасунута Сувязная цэнтралізація, залішне вялікая пасьляваенная руіна, засьвежы яшчэ ўплывы русыфікаціі, але ў данны гістарычны момант шансы аб’яднаньня беларускіх зямель на старане Радзянскай Беларусі. Пагромамі беларускага руху, прасьледаваньнямі і зьдзекамі Варшава ня можа адвярнуць вачэй заходных беларусаў ад Менска, каторы мае ўжо асновы для незалежнага народна-дзяржаўнага жыцьця, мае свабоду і матэр’яльныя засабы разьвіваць сваю культуру на сваей уласнай народнай астоі. Гэта ўсё добра разумеюць і ўчытываюць у Менску.

Вось, у агульных рысах, тыя ўражаньні, якія вывез я пабываўшы ў Радзянскай Беларусі

Заўвагі

[правіць]
  1. Паводле апошніх газэтных ведамак, на адбудову гарадоў ў БССР асыгнавана 30.000.000 руб.