Ігнату Буйніцкаму

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Ігнату Буйніцкаму
Верш
Аўтар: Янка Купала
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/16462



Важна рэй Ігнат Буйніцкі
      Ў танцах нашых водзіць,
Аж здаецца – усё чыста
      Хадыром зь ім ходзіць.

Калі пусьціцца скакаці, –
      Ажна сэрца скача;
Лепшых танцаў і ўвесь Піцер
      Бадай што ня бачыў.

Ці «Мяцеліца», ці «Юрка»,
      «Мельнік», ці «Антошка», –
Ўсё ў яго сыходзіць гладка,
      Не змыліць ні трошка.

Пад дуду і пад цымбалы
      Топне, прысьпявае...
Сьцеражыцеся, ўсе людзі:
      Беларус гуляе!

Не ўнімайся ж і скачы нам,
      Покі сілы хваціць,
Мо' пачнуць і думкі нашы
      Весялей скакаці!

(1911)