Перайсці да зместу

Пан Тадэвуш (Міцкевіч/Тарашкевіч)/Быліца трэцяя

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Быліца другая Пан Тадэвуш
Паэмы
Аўтар: Адам Міцкевіч
1834
Арыгінальная назва: Pan Tadeusz
Пераклад: Браніслаў Тарашкевіч
Быліца чацвёртая

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Быліца трэцяя
ЗАЛЁТЫ

ЗМЕСТ:
Паход Графа на сад. — Таемная німфа пасе гусі. — Падобнасць збірання грыбоў да пагулянкі елісейскіх ценяў. — Гатункі грыбоў. — Талімена ў Святыні Задумы. — Нарады аб лёсе Тадэя. — Граф-пейзажыст. — Увагі Тадэя над дрэвамі й небам. — Графіча думкі аб мастацтве. — Звон. — Білецік. — Вядзьмедзь, Васпане!

Усеўшыся зноў на каня, да сябе Граф вяртаўся,
круціў галавою назад, у садок аглядаўся,
і раз яму нават здалося, што зноў у ваконцы
зігнула таёмна сукенка бліскушчая ў сонцы,
і лёгкае нешта зляцела ізноў жа звысока
ды, пераляцеўшы увесь агарод, у міг вока
свяцілася міжы зялёнымі там агуркамі,
як сонца касулька, прадзёршыся між балакамі,[1]
калі на раллі упадзе на каменную скібу
ці ў лузе зялёным на дробную водную шыбу.

З каня Граф саскочыў і слугаў адправіў дадому,
а сам напраўляўся к садку, крадучысь пакрыёму.
Дабег да баркану як-та і, знайшоўшы атворы,
уціснуўся там паціхутку, як воўк да аборы.
Няшчасцем крануўся кусточка агрэсту сухога,
гародніца бытта спужалася шэлесту тога:
кругом азірнулася й, хоць анічога не бача,
аднак на другу старану агароду ўжо скача.
А Граф міжы конскім вялікім шчаўём тады, бокам,
паміжы лістоў лапуховых, травою, падскокам,
як жаба, скікаў на руках, падпаўзаў да дзяўчыны,
во — высунуў нос і здзівіўся з цудоўнай карціны.

У гэтым канцы раслі вішанькі параскіданы,
між вішнямі рознае збожжа зумысля змяшана:
пшаніца, вусаты ячмень, кукуруза вялізна,
гарошак, боб, проса і краскі і розна кусцізна.
А ўсё гэта хатняму птаству такі ахмістрыня
гародчык надумала: слаўная та гаспадыня
Курыцкая прозвішчам, з дому Індыкевічанка,
а вынахад ейны — эпоха[2], асобна дзялянка
у хатнім усім гаспадарстве, цяпер ужо знаны
усюды, тады йшчэ за новасць ён быў падаваны
і толькі пад сэкратам добра знаёмым асобам,
пакуль каляндарчык не выдаў яго пад назовам:
«Як дроб гадаваці па-новаму, спосаб адзіны
супроць каршуноў, канюхоў» — то гародчык птушыны.

І праўда, як толькі ўжо певень, што варту спраўляе,
стаіць і, задзёршы свой дзюб, нерухома трымае,
пахіле сваю галаву грабяністую бокам,
лягчэй каб у неба магчы цалаваціся вокам,
ды ўбача вісячага высака ястраба ў хмуры
і крыкне — дык зразу ў гародчык хаваюцца куры,
і гусі, і павы, а нат галубы ў перастраху
гвалтоўным, калі не паспеюць схавацца на даху.

Ды нейкага ворага ў небе цяпер не відно там,
адно толькі пражыла летняга сонца спякота,
і птушкі хаваліся ў гэным збажовым лясочку,
ляжалі ў мураўцы, купаліся дзе у пясочку.

Між птушак галоваў стырчэлі людскія галоўкі,
з валосейкам белым, як лён, а малы, як макоўкі;
да плечыкаў голыя шыйкі, дзяўчына між імі,
на голаў вышэйшая і з валасамі даўгімі.
За імі жа пава расставіла хвост абручасты,
кружкамі вясёлак іграючы, рознабарвясты;
на гэтакім цёмна-блакітным вясёлкавым полі
блішчэлі белы галоўкі, як бы ў аўраолі,
абведзены павіных пёраў, кругом прамяністым,
як зорак вяночкам, свяціліся ў збожжы празрыстым,
паміж стаўбуноў кукурузы таўстых залацістых,
ангельскай травы паясатай кусточкаў срабрыстых,
шчыром каралёвым і ўсцяж зелянеючым слязам,
і формы і колер каторых мяшаліся разам,
як золатам і серабром выплятаная крата,
павейная так, як заслона, што й лёгка й багата.
Над красачнай гушчаю тых сцібуроў, каласочкаў
вісела балдахінам ясная ймгла матылёчкаў,
што бабкамі звуцца, каторых чатыры крылечкі
так лёгенькі, як павучынне, празрысты, як шклечкі,
калі у паветры павіснуць, так ледзь-ледзь відома,
ды хоць і брынчаць, а здаецца, вісяць нерухома.

Дзяўчына паднятай рукой шэру кітку сціскала,
падобну да страўсавых пёраў, і ёй абганяла,
здаецца, ад тых матылёў залацістага рою
дзіцячыя кволы галоўкі. Другой жа рукою
трымала рагатае нешта, на колер жаўтава,
магчыма, начынне, ў каторым дзяціная страва,
бо тыцкала ў губы дзяцём яна штукаю тэю,
падобнаю да залатога рага Амальтэі[3].

Вось гэтак занятая, ўсё ж галаву павяртала
на кусце агрэсту, дзе нешта прад тым зашастала, —
не ведала, што ад другога ўжо боку шалёны
напаснік падпоўз да яе, як той гад праз загоны,
аж выскачыў во з лапуха. Спазірнула — ён блізка
стаяў, так на градкі чатыры, і кланяўся нізка.
Ужо галаву адвярнула, ўжо рухнула бойка
плячмі, падарвалася, бытта спалохана сойка,
і лёгкай ступнёй па траве ўжо імкнулася ходу —
як дзеці, спужаўшыся і незнаёмца прыходу
і ўцечкай дзяўчыны, нагвалт вераснулі страшэнна.
Пачула і ўміг зразумела, што будзе так дрэнна
пакінуць маленьку дзятву напужану адною,
дык з мусу з ваганнем вярталася, з мінай такою,
як дух неахвочы, на чары прызваны закляццем,
падбегла, каб бавіцца з пайкрыклівейшым дзіцяцем,
прысела пры ім на зямлі, на улонне ўссадзіла,
другое пагладзіла й з ласкай да іх гаварыла —
тады і заціхлі, абняўшы ў малы ручаняты
яе за калены і тулячысь, як курчаняты
пад матчына крылле. Сказала: «Ці ж гэта прыгожа
так плакаць, крычаць? Гэты пан во спужацца вас можа.
Прышоў ён не страшыць тут вас, і не дзед ён паганы,
пан добры і госць, толькі гляньце: прыгожы, рахманы».

Сама спаглянула, і Граф усміхнуўся ёй міла:
відацца, за столькі пахвалаў удзячнасць здабыла.
Заўважыла, вочы спусціла, сказаць больш не смела,
казаў бы, той рожы пучочак, уся спаланела.

А праўда, прыгожы быў пан той: даволі высокі,
пацяглага твару, хоць бледны, ды свежыя шчокі.
Лагодныя, сінія вочы, а волас даўгі і бялявы;
лісціначкі зелля ў валоссі і розныя травы,
каторыя Граф абарваў, паўзучы праз загоны,
спляталіся на галаве у вяночак зялёны.

«О ты! — адазваўся, — якой мне ўсё роўна найменне:
ці нейкая німфа, багіня, ці дух, летуценне!
Кажы! ці сама на зямлі прабываеш ты рада,
ці, можа, чужая трымае цябе тут улада?
Ах! пэўне, няйначай, пагарджаны нейкі мілоснік,
вяльможа які, апякун мо’, нягодны зайздроснік
у парку замковым цябе сцеражэ, як закляту.
Дастойна, каб рыцары білісь за чэсць тваю святу,
дастойная быць гераіняй раманаў ты смутных!
Адкрый мне, прыгожая, тайну ўсю лёсаў акрутных,
а знойдзеш выбаўца. Адгэтуль сваім ты скіўненнем
як сэрцам кіруеш маім, так кіруй і рашэннем»[4].
І выцягнуў рамя.

А ёй жа румянец дзявочы
хоць тварык абліў, ды смяяліся губкі і вочы.
Як тое дзіцятка, што любе карцінку яскраву
або у бліскучых лічылах знаходзе забаву,
пакуль не спазнае іх вартасць: так згучныя словы
й яе забаўлялі, не ўцяміўшы сэнсу прамовы.
Урэшце спытала: «А скуль Пан Дабродзей прыходзе?
Мо’ нешта згубіўшы, шукаеш Панок у гародзе?»

Пан Граф толькі вочы расплюшчыў, змяшаны, здзіўлёны,
маўчаў, а урэшце, зніжаючы гутаркі тоны,
адрок: «Выбачайце, Паненка! я, бачу, ўмяшаўся
ў забаву. Ох, перапрашаю, якраз я спяшаўся
на снеданне, бо пазнавата, у час каб папасці;
дарогаю трэба, вы ведайце, кругу накласці;
у двор, мне здаецца, праз сад найпрасцейша сцяжына».
«Тудою дарога, Ягомасць, — сказала дзяўчына, —
не псуць толькі градак. Вунь сцежка, дзе тая мурава».
«Налева, — яшчэ ўсё распытываў Граф, — ці направа?»
Уверх падняла яна сіні свае вачаняты,
з цікаўствам глядзела, што пан той такі дзіўнаваты:
як на далані, шагоў тысяча, дом быў відацца,
а Графіч дарогі пытае. Ды трэба прызнацца,
што Граф гаварыць абы толькі вышукваў раду
й пытаўся: «Ці тутка жывеце? ці блізка ад саду?
ці ў вёсцы? Чаму не спаткаў аж да гэтага року
ў дварэ? ці даўно тут Паненка? а можа, здалёку?»
Дзяўчук матануў галавой. «Выбачайце, Паненка,
ці тамака Вашы пакойчык, дзе гэна вакенка?»

І так сабе думаў: хаця ж яна й не гераіня
раманаў, а шмат хараства, маладосці ў дзяўчыне.
Вялікая думка й душа, гэта часта бывае,
ў дзікой адзіноце, бы рожа ў лясох, расцвітае;
а вынесеш толькі на свет ды на сонца паставіш —
і тысячай фарб гледачоў задзівіш, зацікавіш.

Тым часам гародніца тая ў маўчанні устала,
адно дзіцянё, што павісшы ў руках, падымала,
другое ўзяла за руку і з маленькім народам
пайшла, як гусей заганяючы ўперад, гародам.

Да йшчэ адвярнулася й кажа: «Панок ці не можа
разбегшыхся птушак ізноў пазганяць мне ў збожжа?»
— «Я птушак ганяці?» — ускрыкнуў пан Граф з задзіўленнем...
Яна ж тут і знікла, закрытая дрэваў суценнем.
Хвілінку са шпалеру йшчэ праз зялёныя звоі
наскрозь там прасвечвала нешта, вачэй бытта двое.

І доўга самотны пан Граф шчэ стаяў у гародзе.
Душа яго, як бы зямелька па сонца заходзе,
памаленьку стыла і цёмныя барвы прымала;
задума нямілы лятунка яму навявала.
Прачнуўся, не ведаў жа сам, на каго і злаваўся;
а жаль, што так мала знайшоўшы, так шмат спадзяваўся!
Калі да пастушкі бо тэй падпаўзаў ён загонам,
паліла яму ў галаве й біла сэрца шалёна;
у німфе таёмнай угледжываў гожасці столькі,
у столечкі цудаў убраў і адгадываў сколькі!
Усенька ж іначай знайшоў. Бо хоць тварык і ладны,
і стан яе сціблы, аднак жа які ён няскладны!
А гэтая пухласць аблічча й румяная жывасць
залішнюю й простую што малявала шчаслівасць!
То знак, што нячыннае сэрца і думкі дрымотны,
а тыя ж адказы вясковыя, лішне прастотны!
«Нашто ж і маліцца? Я згадую, — кажа,— па часе,
што німфа мая хіба пасціць гусей нанялася!»

А з німфы знікненнем прапаў весь чароўны малюнак
празрочны: увесь той із золата й срэбра рысунак
у краткі і стужкі, на жаль, гэта толькі салома.

З рукамі стаяў заламанымі Граф нерухома
й глядзеў на снапочак травою звязанай мятліцы,
прыняты за страўсавы пёры ў руках тэй дзявіцы.
А той Амальтэі ражок, залаціста начынне,
то простая морква, чым кормяць кароўкі і свінні!
То ж бачыў: дзіцё пажырала яе прагавіта:
дык кончаны чары, урокі і дзівы, і — квіта!

Вось так хлапчанё, як пабача дарожніку краскі,
што мягкасцю й пухласцю просяцца ў рукі і ласкі,
захоча кукобіць, дмухне, падышоўшы, й з падмухам
уся тая краска ў паветры разносіцца пухам:
ў руках тады бача даследчык залішне цікавы
сцібур толькі шэра-зялёны з усенькае справы.

На вочы націснуўшы капелюха, Граф вяртаўся,
пры гэтым дарогу сабе скараціць пастараўся,
ступаючы па гарадовіне, кветках, агрэсце,
аж во — пераскочыў баркан, адсапаўся урэшце!
Прыпомніў: аб снеданні баіў дзяўчыне ад рэчы,
дык ведаюць, можа, усе аб ягонай сустрэчы
у садзе і блізка ад дому? шукаць можа вышлюць?
пабачылі, як уцякаў? тады што і памышлюць?
Дык трэба вярнуцца. Таму, нахіліўшысь ля плоту,
ля межаў і зелля, і сотню зрабіўшы зваротаў,
быў рады, як вышаў ужо наканец на гасцінец,
каторы прасцюсенька вёў аж на дворны дзядзінец.
Ля плоту ішоў, галаву адвярнуўшы ад саду,
як злодзей ад свірна, каб нат не падаць і здагаду,
што мае адведаць ці ўжо, можа, зведаў,
такі асцярожны быў Граф, хоць нічога не ведаў
ніхто, не сачыў. Ад гароду ўглядаўся направа.

Там гай быў, нягуста заросшы, засланы муравай;
па гэтым каберцы, між белай бярозы камлямі,
пад столлю зялёных галінаў, навісшых чубамі,
снавалі фігуры, каторых дзівосныя рухі,
бы танцы, дзіўныя уборы: ну, чыстыя духі
блудзілі па месяцы. Гэтыя ў чорных абцісклых,
а тыя у белых уборах, даўгіх і развіслых;
той пад капелюхом, як абруч, шырачэнным, цяністым,
той проставалосы, а іншыя ў воблак імглісты
абвеяны нібы, йдучы распускаюць адзеты
на голаў заслоны, казаў бы хвасты у каметы.
А кожны у іншай паставе: адзін як прыбіты
стаіць і свідруе зямлю вачыма прагавіта;
другі углядаецца проста уперад, шагае
як сонны па ліне, у бок не зірне, не шманае;
усе ж пастаянна схіляюцца ў розны староны
да самай зямлі і як бы адбіваюць паклоны.
Калі ж мімаволі адзін напаткае другога,
няма прывітанняў, не кажуць сабе анічога.
Затоплена ўвага ў глыбокім такім замышленні.
Здавалася Графу, што то елісейскія цені[5],
якіх не праймае ні боль, ні згрызотная бура,
ім суджана сноўдацца ціха, спакойна, панура.
А хто ж бы згадаў, што фігуры, так мала рухомы,
ўсе гэты маўклівыя людцы — то нашы знаёмы,
бо госці Суддзі! Пасля гучнага тога снядання
пайшлі на ўрачысты абрадак грыбоў сабірання.
Як людзі разумныя, ўмеюць яны меркаваці
і мову, і рухі свае, каб іх прыстасаваці
да кожнай як трэ акалічнасці месца і часу.
Таму за Суддзёю сабраліся ў лес без галасу,
прыняўшы прад гэтым і від, і уборы адменны,
сумесныя ўзяўшы к таму гапанчы[6] палаценны,
каб імі прыкрыці паверху багаты кантушы,
на голаў з саломы уздзелі сабе капялюшы
й выгледзяць белы таму, як чысцовыя душы.
І моладзь жа пераадзета, акроме Тальмены
ды колькі асобаў, хадзіўшых з французска.


Тэй сцэны
Граф не зразумеў, бо не ведаў ён вёскі звычаю,
дык, здзіўлены страшна, ляцеў ветрагонам да гаю.
Грыбоў было ў брод. Дзецюкі во бяруць красналіцы
праслаўлены столькі у песнях літоўскіх лісіцы,
што лічацца знакам дзявоцтва, якіх не з’ядае
чарвяк і, што дзіўна, насечнік на іх не сядае.
Дзяўчаты за стройным ганяюцца баравіком,
што ў песні грыбоў называецца палкаўніком[7].
На рыжыка сцігуюць ўсе; ён хоць ростам скрамнейшы,
не так ужо слаўны у песнях, зато найсмачнейшы,
ці свежы, ці солены, ўвосень, узімку — без спораў,
найлепшы то грыб. Але Войскі шукаў мухамораў.

Прастацтва грыбоў астальное пагарджана ў браку
праз шкоднасць сваю або дзеля нядобрага смаку;
патрэбны аднак і яны: для звяроў служаць пашай
і гнёздамі для машары, для гаёў жа акрасай.
На траваў зялёным настольніку як бы радамі
сталова начынейка: з круглымі во берагамі
стырчаць сыраежкі: чырвоныя, жоўты, срабрысты,
казаў бы, налітыя розным віном барвяністым;
казляк, перакулены як бы во донца ад міскі;
ляйкі, як шампанскага сціблы высокі кілішкі;
бяляк увесь беленькі, круглы, шырокі і плоскі,
наліты, маўляў малаком белы сподак саксонскі;
кулістая порхаўка, пылам чарнявым набіта,
як пушачка з перцам; а іншых грыбоў імяніта
не ведама, шмат іх, без ліку, расце усялякіх:
мянташкі іх ведаюць зайцы, ваўкі і сабакі.
Сабачых і зайчых ніхто дакрануцца не рача,
а хто нахіліўся, як толькі памылку пабача,
то ў злосці зламае грыба або брыкне нагою,
траву засмячаючы толькі манерай такою.
Тальмена ні гэтых, ні гэных грыбоў не збірае,
а знуджана ачамярэла наўкол спазірае,
задзёршы ўверх галаву. Дык пап Рэент у гневе
аб ёй гаварыў, што грыбоў выглядала на дрэве;
Асэсар зласней, параўнаўшы яе да саміцы,
што месца шукае сабе на гняздо ў вакаліцы.
І праўда, шукала, здаецца, самотнасці, волі;
таму ад кумпаньі усей адхадзіла паволі
і лесам ішла на узгорак пакаціста-ўзнёслы,
заценены добра, бо дрэвам гусцейшым зарослы.
Ў сярэдзіне камень шарэў, з-пад якога крыніца
бруіла, шумела і зараз старалася скрыцца
у цень між высокага зелля буйной гушчынёю,
якое тут добра расло, бо паілась вадою;
і там ручаёк той, свавольнік, спавіты травою,
ліствой падасланы, без руху, без шуму, ў спакою,
не бачаны, ледзь-ледзь чувацца, так ціха шапоча,
дзіцё бы, ў калыску паложана: зразу шалпоча,
ды сціхне, як толькі маковага лісця матуля
пад голаў насыпе й фіранкі зялёныя стуле.
Прыгожае месца, й чуваць толькі мілыя шумы:
Тальмена назвала то месца Святыняй Задумы.

Пры гэнай крынічанцы скінула з плеч на зялёны
траўнік свой развесісты шаль, як крываўнік, чырвоны,
й падобна плывачцы, якая над зімнай вадою
схіляецца, перш, чым нырнуцца фігурай усёю,
каленкамі стала й паволі хілілася бокам:
урэшце, як схоплена шалю чырвоным патокам,
упала і ўся расцягнулася ўдоўжкі на шалі.
Ў траве яе локці, далоні галоўку трымалі,
пахілену кнізу, а вочы яе абымалі
французскае кніжкі бліскучы папер вэліновы[8];
паўзверх гэтай кніжкі балоначак алебастровых
звіваліся чорныя пукі і стужкі ружовы.

У зелені траваў буйных, на чырвоным на шалю,
у сукні даўжэйшай, як бы ў павалоцы з каралю,
якая з канца аднаго валасы адбівала,
і чорны, з другога канца, чаравік, — выглядала
здалёку, пры снежнай панчошны, руках, белаліца,
з хусцінкай пры боку — падобнаю да гусяніцы,
успоўзшай на ліст на кляновы, Тальмена.

Ды жаль! хараство ўсё малюнкаў й прыцяглівасць гэна
на знайку чакалі дармо, бо ніхто не ўглядаўся:
так моцна там кожны грыбоў забіраннем займаўся.
Зважаў толькі Тадзя і ў бок той пастрэліваў вокам;
не смеючы проста ісці, ён падсоўваўся бокам.
Падобна стральцу, што ў рухомай з галітачак будзе
на колах дваіх пад’язджае да дропаў, бы блудзе,
або на сяўцоў, ідучы пры кані, сябе крые
і стрэльбу кладзе на сядле ці пад конскую шыю,
казаў бы, што едзе мяжой, барану бы валоча,
а гэнам, дзе птушкі сядзяць, ён прыблізіцца хоча:
скрадаўся вось так і Тадэвуш.

Суддзя перашкодзіў,
адрэзаў дарогу і ўжо да крыніцы падходзіў.
А з ветрам туляліся белыя полы яго балахона
й вялікая хустка, канцом за паяс падаткнёна;
ад руху, падвязаны хоць, капялюш саламяны
хістаўся на ветры, казаў бы той ліст лапушаны,
спадаўшы на плечы, то зноў жа наперад на ўзвочча;
ў руках аграмнястая палка — Суддзя гэтак кроча!
Схіліўшыся й рукі абмыўшы сабе у струмені,
ён сеў прад Тальменай на гэным вялізным камені
і, ўспёршыся важна аберуч на галку сланову
даўгой трысціны, распачаў вось такую прамову:

«Так бачыце, Ваша, ад часу, Тадэй як у госці
прыехаў, што маю нямала я неспакайносці.
Я, ведайш, бяздзетны, стары; гэты добры хлапчына
мая гэта ўсенька на свеце пацеха адзіна,
наследнік маёй жа фартункі. З ласкавасці неба
пакіну кусок яму добры шляхецкага хлеба;
абдумаці час ужо лёс яму й пастанаўленне,
ды зваж толькі, Ваша, якое мне трэба цярпенне!
Як ведаеш, брат мой, Тадэвушкі бацька, пан Яцка,
дзіўны чалавек, усё робе знячэўку, знянацку,
не хоча вяртацца да краю, ўсё недзе скрываецца,
а дзе ён жыве, то і сыну нат не азнаямляецца,
аднак жа усё ім кіруе. Спярша ў легіёны
хацеў пасылаці, страшэнна я быў засмучоны.
Пасля ён згадзіўся на то, каб застаўся сын дома
і тут ажаніўся. Ну, жонку дастаў бы, вядома!
Я парт’ю нагледзеў: ніхто па мячу ці кудзелі
не мае такога імя і такой парантэлі[9],
як наш Падкаморы. Дачка яго старшая Ганна
ужо на выданні, пасажная й гожая панна.
Хацеў бы сасватаць...» На то Талімена збялела,
злажыла і кніжку, крыху паднялася й прысела.
«Як маму кахаю, — сказала, — ці то, Пане браце,
ё сэнс нейкі ў гэтым? ці бога у сэрцы вы майце?
Так думаеш, Ваша, Тадэвуша быць дабрадзеем,
як зробіш яшчэ маладога хлапца грэчкасеем!
Павер мне, што некалі будзе ён вас праклінаці.
Талянт закапаць у лясох, яму свет завязаці!
Паколькі спазнала, панятліва гэта дзяціна,
дык варта, на большым каб свеце працёрся хлапчына.
І зробіш, брат, добра, як вышлеш яго да сталіцы,
ну, хоць да Варшавы. А мо’ яшчэ лепей злажыцца,
калі ў Пецярбурак? Я, пэўне, во гэтай зімою
паеду па справах туды. Дык уложым з сабою
наконта Тадэя. Я маю уплывы й даверра
у свеце высокім: дык там распачнецца й кар’ера.
З маёй дапамогай ў найлепшы дамы ён увойдзе,
як будзе ж знаёмы ўжо важным асобам, то пойдзе
не трудна і ранга і ордэр; а там, калі згожа,
то кіне служыць і вярнуцца дамоў сабе можа,
значэнне ўжо нейкае маючы й свету спазнаўшы».
— «Яно ж маладому няблага, — Суддзя адказаўшы, —
працерціся міжы людзьмі, аглядзецца па свеце,
праветрыцца крышку, не толькі па нашым павеце.
І я ж то замоладу свету аб’ехаў нямала:
ў Дубне, Петракове, то едучы за трыбуналам
туды палестрантам[10], то робячы собскія справы,
не раз пабываў там, нат ездзіў да самай Варшавы.
А шмат скарыстаў чалавек! Дык хацеў бы Тадэя
паслаць у вандроўку, няхай між людзьмі палюдзее,
чаляднікам бытта, што ў тэрміне срок адбывае,
вандруючы, свету знаёмасці больш набірае.
А не дзеля ордэраў, рангаў! Прашу прабачэння,
маскоўская ранга ці ордэр, якое ж значэнне?
Каторы ж з даўнейшых паноў, ці то нават дзісейшых[11],
між шляхтаю тут у павеце крыху замажнейшых
аб гэтакіх глупствах і дбае? А ўсё ж у пашане
ў людзей! Бо шануем мы род іх і добрае званне,
імя або ўрад, — толькі выбарны, земскі, прызнаны
панамі, не то што там з нечыей ласкі паданы».

Аж тут перабіла Тальмена: «Як, браце, так мысліш,
то й добра, калі ваяжорам[12] Тадэвуша вышліш».
«Ды бачыш, сястрыца, — патыліцу чухаў наш дзядзька, —
я дужа хацеў бы, аж новы мне клопат. Пан Яцка!
Пан Яцка з апекі не хоча ўсё выпусціць сына
і ласне прыслаў мне на шыю ксяндза барпадына;
Чарвяк жа прыбыўшы аж з гэнага боку, з-за Віслы;
ён прыяцель брата і ведае ўсе яго мыслі;
ўжо пастанавілі яны аб Тадэвуша лёсе:
што мае жаніцца, а жонкай была бы Зося,
сястры выхаванка. Вядома, дастануць абое
фартунку маю да йшчэ з Яцкавай ласкі на тое
пасаг капіталам; а фундушу мае нямала,
і блізка што цэлая сумка ў мяне праляжала,
дык распараджаціся можа. Падумай жа, Ваша,
з найменшым каб клопатам неяк зрабіць марыяша.
Іх трэ пазнаёміць. Што праўда, яшчэ маладыя,
а Зося й залішне, ды то перашкоды малыя.
Пара ужо Зоську нарэшце й на свет паказаці
бо гэта ж хіба вырастае ўжо дзеўка з дзіцяці».

Тальмена здзіўлёна, са страхам навіны прымала,
усё падымалася, аж на каленкі прыўстала;
перш слухала ўважна, пасля далані сваёй рухам
пярэчыла, жыва махала над вухам,
як гнюс адганяючы, так непрыемныя словы
у вусны прамоўцы назад.

«Вось дык справачкі новы!
Ці гэта Тадэвушу шкодзе ці, можа, не шкодзе, —
адрэзала ў гневе, — судзі сабе сам Пан Дабродзей.
Мне што да Тадэя, вы самі аб ім сабе райце,
зрабіце яго аканомам, карчму яму дайце,
няхай і шынкуе, ці хай зверыну сабе зносе;
што хочаце, то і рабіце, а толькі ўжо Зося!..
А вам што да Зосі? Сама я, і толькі кірую
дзяўчыны рукою! А то, што пан Яцка якую
там пенсійку рочную вызначыў, больш абяцаўся
даваць на яе ўзгадаванне, праз то не набраўся
правоў, не купіў. А урэшце, і самі скажаце,
што ведама добра яшчэ і дагэтуль на свеце,
ці вашая шчодрасць для нас без ніякай прычыны,
не вінны вы чым для Гарэшкава роду дзяўчыны?»
(Канец гэты слухаў Суддзя неахвотна, праняты
і жаласцю й дзіўна змяшаны, як бы вінаваты,
як бы баючыся йшчэ болей пачуць, нахіліўся,
рукою патаківаў, моцна чырвоны зрабіўся.)
Тальмсна канчала: «То ж я гэта Зосі пястунка
й радня, таму я і адзіная ёй апякунка;
ніхто больш не мае і думаць аб Зосіным шчасці».
«А што, як захоча то шчасце з Тадэвушам скласці? —
казаў, падымаючы вочы, — калі Тадавушка
палюбе сама?» — «Ах, сама! на вярбе то ігрушка!
Палюбе ці не, а зусім жа мне гэта й не важна!
Хоць Зося не будзе, што праўда, дзяўчына пасажна,
але й не вясковая дзеўка, не проста шляхцянка,
бо з яснавяльможных ідзе яна, ваявадзянка,
з Гарэшчанкі родзіцца, мужа адразу дастане!
Нямала стараліся мы пра яе ўзгадаванне,
хіба ўжо здзічэла бы тут». — Суддзя слухаў уважна,
відаць, удабрухаўся, й вочы падняўшы адважна,
азваўся даволі вясёла: «Ну, што ж тут рабіці!
Па праўдзе, я шчыра хацеў інтарэсу дабіці;
ды толькі ж без гневу. Як Ваша не хочаш згадзіцца,
то маеш і права; хоць сумна — злаваць не гадзіцца.
Я раіў, бо брат наказаў; тут ніхто не змушае,
калі ад Вашэці Тадэю адмова такая,
адпісую Яцку, што шчыра ўдаваўся у сваты,
дастаўшы для хлопца адмову, не я вінаваты.
Цяперака сам памазгую. Хіба з Падкаморым
сасватаем лёгка і хутка усё абгаворым».

Тым часам Тальмена ўжо крышку астыгла з запалу:
«Ніякай адмовы, чакай жа, браточку, памалу!
То ж сам мне казаў, што йшчэ зарана, замаладыя —
разгледзьмася, хопе нам часу на справы такія.
Спярша маладых пазнаёмім і будзем зважаці;
бо нельга так шчасця другіх на прыпадак здаваці.
Ды загадзя папераджаю; хай брат не ўмаўляе
нічога Тадэвушу й Зосі, любіць не змушае,
бо сэрца не служка, не ведае, што за паны,
й не дасца сілком закаваці сябе ў кайданы».

Суддзя тады, ўстаўшы, адходзіў з задумай у воку.
Тадэвуш памалу збліжаўся з супроцьнага боку,
нібыта грыбы сабіраці яго там карціла.
Цягнула і Графа туды тая самая сіла.

Пан Граф бо, у часе тых спрэчак Суддзі з Таліменай
стаяўшы за дрэвамі, моцна дзівіўся тэй сцэнай.

Дабыў з кішані аланін і паперу, два спраты,
з сабой што насіў заўсягды, й на камень на букаты[13]
распяўшы ту картку, давай маляваці малюнак,
к сабе прымаўляючы: «Група, як на абсталюнак[14];
яна на траве, ён на камені, ах — маляўніча!
Галовы з характарам! З гэткім кантрастам аблічча!»

Падойдзе, ўстрымаецца, возьме лярнет, працірае,
абвейвае хусткаю вочы і ўсё спазірае:
«Ці з гэтым во гледзішчам[15] будзе ізноў летуценне:
бліжэй падышоўшы, мо шчэзне, мо выгляд свой змене?
Ці траў аксаміты абвернуцца ў мак і бацвінне?
а гэтая німфа не німфа, анно ахмістрыня?»

Хоць Граф з Таліменай ужо і даўней спатыкаўся
у доме суддзёўскім, дзе часта прад тым абываўся,
ды мала зважаў на яе; задзівіўся адразу,
пазнаўшы у ей нечакана мадэль[16] да абразу.
Прыгожасць і месца, й паставы, і густ яе ўбрання
змянілі Тальмену, што трудна была да пазнання.
Свяціліся вочы яшчэ не пагашаным гневам,
а твар жа, ажыўлены свежага ветру павевам,
і спрэчкай з Суддзёю, ды тых кавалераў прыбыццем,
мацней, як звычайна, гарэў амалоджаным жыццем.

«О Пані! — Граф кажа.— Ты смеласці рач дараваці,
прыходжу я дзякаваць, разам і перапрашаці:
мой дзякуй, што бачыў тваю я задуму глыбоку,
за то ж выбачай, што сачыў я тайма твайго кроку.
Абразіў, аднак не шкадую такога я чыну,
бо меў і натхненне і шчасце у гэту хвіліну!
Таму чалавека мо’ Пані і згане і злае,
шчаслівы ж мастак прабачэння ласкава чакае!
На шмат я адважыўся, але й на болей адважусь:
судзі!» — і падаў на каленках ей карткі пейзажу.

Тальмена судзіла малюнка паданыя спробы
прыветліва, тонам вучонай мастацка асобы, —
пахвалаў скупіла, ахвоты ж, аднак, паддавала:
«А, брава, — казала, — віншую, талянту нямала,
ды толькі балей працаваць; асабліва ж патрэба
прыгожай прыроды шукаць! О! шчаслівае неба
краёў італьянскіх! ружовыя цэзараў вы агароды!
клясычныя Тыбуру[17] гожа спадаючы воды
й страшная скалістая ты Паўзыліпу[18] пячора!
То край маляроў! А у нас, зжалься божачка, гора!
У Сапліцава музаў дзяціна, аддана на мамкі,
напэўне памрэ. Я во гэта апраўлю у рамкі
або памяшчу у альбом, да рысункаў да зборку,
з усюль што сабрала: даволі іх маю у бёрку».

І так гаманілі аб небе, аб моры шумлівым,
скалістых вярхавінах гор, аб ветры пужлівым,
мяшаючы гэтым і гэным вандроўных звычаем
і шкелікі[19] й смехі над родным над бацькаўскім краем.

А гэта ж наўкола цягнуліся нашы лясы,
такія паважныя й поўныя рознай красы! —
Чаромхі, дзікім аплятаны вяночкам хмялёвым,
рабіны, са свежым румянцам пастушска-здаровым,
ляшчыны, як тыя менады[20] з зялёненькім бэрлам,
убраныя, бы вінаградам, гарохавым пэрлам.
А ніжай дзятва там: шыпшына ў абоймах каліны,
ажына, што чорныя вусначкі туле ў маліны.
Кусты там і дрэвы, за рукі пабраўшысь ліствою,
як хлопцы й дзяўчаты, стаяць чарадою
наўкол маладых. Пасярэдзіне іх найвышэйша
там парка, за ўсеньку лясну грамаду харашэйша
і сцібласцю гожага стану, і барвы павабам:
то бела бярозка, каханка, адружана[21] з грабам.
Далей, як старцы на дзяцей ці ўнукоў, спаглядаюць,
рассеўшыся моўчкі: тут важна букі размышляюць,
дзядзькі тапалі, а там дуб вун імхом барадаты,
вякоў хіба пяць узваліўшы на плечы гарбаты,
ўспіраецца, як на магільных слупох абляцелых,
на труп’ях дубовых тых продкаў сваіх скамянелых.

Тадэвуш круціўся, бо моцна яму надаела
гаворка, ў якую не мог умяшацца умела;
калі ж пачалі пра гаі чужаземныя правіць
і дрэваў гатункі чаргой пералічываць, славіць:
усе памаранцы, кіпрысы, аліўкі, мігдалы,
алёэсы, кактусы, розны магоні, сандалы,
цытрыны і блюшч і валоскі гарэхі, нат фігі,
хвалілі і форму і краскі — без шкоды фатыгі —
тады ўжо Тадэя страшэнная немарасць брала,
і, каб устрымацца ад гневу, дык сіл не хапала.
Прастак быў Тадэвуш, а чуў хараство ён прыроды,
дык, гледзячы ў лес, адазваўся з натхнёнай нязгоды:
«Я бачыў у віленскім у батанічным гародзе[22]
нямала праслаўленых дрэў, што растуць на усходзе
або на палудні ў харошым краі італьянскім;
каторае ж можа зраўняціся з дзеравам наскім?
Алёэс мо’ з палкамі, як грамадводнік, даўгімі?
Цытрына, карліца з пладамі сваймі залатымі,
з лісцём лакірованым, дужа каротка й пухата,
як баба малая, брыдкая, хаця ж і багата?
А можа, даўгі той і тонкі кіпрыс захваляны,
што лепей бы дрэвам нуды, а не смутку названы?
Хоць, кажуць, на могілках сумнае ўражанне робе,
падобны ж да лёкая немца у дворскай жалобе,
падняць што не смее рукі, галавой не кранецца,
абы этыкеце ні ў чым не ухібіць, пражэцца.

Ці ж не харашэйшая наша бярозка, прасціна,
што, моў бы сялянка, якая аплакуе сына,
ці мужа ўдава, стаіць, рукі свае заламаўшы,
струістыя косы з плячэй да зямлі паспускаўшы?
Нямая ад жалю, паставай вымоўна рыдае!
Як праўда, што Граф гэтак моцна малярства кахае,
чаму дрэваў нашых, дзе сам ён сядзіць, не малюе?
Па праўдзе, так з Графа сусед не адзін зажартуе,
што Пан, жывучы на літоўскай багатай раўніне,
малюеш адно толькі нейкія скалы й пустыні».

«Мой дружа, — Граф кажа, — прырода харошая — гэта
аснова, матэр’я; душа — то натхненне паэта,
якое на крыллях фантаз’і высока лунае,
шліфуецца смакам, ад правіла не адступае.
Замала прыроды, замала таксама й запалу,
мастак узлятаці павінен у сферы йдэалу[23]!
Не ўсё, што прыгожа, то й згожа яму маляваці!
Ды гэта Пан можаш з кніжок сваячасна спазнаці.
Адносна ж малярства, дык во: да малюнку патрэба
і гледжання пункту і групы, ансамблю і неба,
італьянскага неба! Таму у малярстве пейзажным
Італья была, ёсць і будзе краём пераважным;
таму ж то акроме Брэйгеля, ды ж Ван дэр Хэлле,
але пейзажыста (бо ёсцека два і Брэйгелі),
й акроме Руйсадаля, на ўсенькай шырокай паўночы
дзе ж быў пейзажыста, каторы вялікае мочы?
Бо неба, бо неба патрэба!» — «Маляр наш Арлоўскі[24], —
яго перабіла Тальмена, — меў смак сапліцоўскі.
(А трэба ж вам ведаць такую Сапліцаў хваробу,
што толькі да роднага маюць яны успадобу.)
Арлоўскі, што ўсенька жыццё перабыў ў Пецярбурку,
і слаўны ж маляр (колькі шкіцаў я маю у бюрку)
і жыў ён пры самым цары, пры дварэ, як у раі,
а Граф не павера, як вельмі тужыў ён па краі!
Любіў спамінаці сваёй маладосці часы,
хваліў усё польскае: неба, зямлю і лясы...»

«І розум ён меў! — адклікнуўся Тадэвуш з запалам. —
Італьскае неба, якое для вас ідэалам,
блакітнае, чыстае, то ж зледзянелыя воды,
Ці ж не харашэйшыя буйны вятры, непагоды?
У нас падымі галаву толькі — колькі ж відокаў
і сцэн, абразоў ужо з самай гульні абалокаў!
Што хмара, то інша: напрыклад, асенняя хмура
ляніва паўзе, як той смоўж, і, як злыдзень, панура,
даўгія да самай зямлі кутасы папускала,
як косы распушчаны, — гэта дажджыла навала;
лядовая хмура балёнам на ветры ўзлятае,
бы клуб цёмна-сіні, ў сярэдзіне жоўтым зігае,
наўкола страшэнна шуміць; а нат тыя штодзенны,
пабачце, вун белыя хмуркі, якія ж адменны!
Спачатку як стадка гусей, лабудзёў там плывае,
а вецер іх стылу ў адно, бы сакол, заганяе.
Растуць і таўсцеюць, сціскаюцца новыя дзівы!
Во шыі крывыя ўзнялі, распускаюцца грывы,
высоўваюць ногаў рады й па нябесным скляпенні
лятуць, як табун жарабцоў па сцяпным аддаленні;
з тых коней сярэбраных, бачыш, ізноў перамены:
з іх шыяў во шчоглы[25], а з грыў парусы шырачэнны,
табун той змяняецца ў лайбы й плыве, бы вадою,
паважна, ціхусенька роўнай нябёс сінявою!»

Пан Граф і Тальмена пры тым угару спавядалі;
Тадэвуш аднэю рукою паказваў на далі,
другою лягенечка ціснуў за ручку Тальмены.
Ўжо колькі мінут праплыло гэтай ціхае сцэны;
паперу пан Граф разлажыў на сваім капялюшы,
дастаў алавік свой. Аж раптам урэзнуўся ў вушы
дваровы званок непрыемна, і зараз па лесе
і гоман, і крык разлягаліся, йшлі ў паднябессе.

Кіўнуў галавою і кажа паважным Граф тонам:
«Вось гэтак усенька на свеце канчаецца звонам!
Рахункі вялікае думкі, фантазіі планы,
забавы нявіннасці, радасці дружбы жаданы
і чуласці сэрца — здалёку метал толькі рыкне,
усё памяшаецца, рвецца, памуціцца, нікне!»
І тут, адвярнуўшы расчулены ўзрок да дзяўчыны:
«А што застаецца?..» Яна адказала: «Ўспаміны!..»
І, хочучы крышку злагодзіці Графавы смутак,
сарвала й дала яму краску адну незабудак.
Граф пацалаваў то, узяўшы, на грудзі прышпільваў;
а з боку другога Тадэвушка зелле расхільваў,
пабачыўшы, што да яго нешта ўецца, бялее
ў траве; Талімены то ручка была, як лілея.
Схапіў, цалаваў яе ласа й губамі пацішку
ўтапіўся, як тая пшчалінка ў лілеі кілішку.
Сцюдзёна у губы, зірнуў: ажно ключ і скрутулька
маленькая з белай паперы, была то пісулька.
Схапіў і схаваў у кішэнь; а што ключ гэты знача,
не ведае; тая пісулька усё растлумача.

Між дрэвамі ціхіх лясоў тады разам са звонам
луналі, азваўшыся, крыкі бясконца гамонна.
Ішло між усімі спульнае ўжо закліканне,
на знак, што закончана сёння грыбоў сабіранне.
Ды водгалас гэты зусім не хаўтурны, мінорны,
як Графу здалося, а голас абедны, бадзёрны.
І звон той з падстрэшша штодзённа у поўдзень гукае
часцей і ўсю чэлядзь палуднаваць так заклікае:
бо гэтак было па даўнейшых дварох у звычаю
ды так засталося і ў доме Суддзі. Вось жа з гаю
выходзіла ўся грамада, несучы панабраны
каробкі, кашы і хусцінкі, канцамі звязаны,
паўнютка грыбоў; а дзяўчаты аднэю рукою
няслі баравік, бытта зложаны веер, другою
звязаныя разам, казаў бы, што польныя кветкі,
апенкі і барваў усіх сыраежкі, суседкі.
У Войскага быў мухамор. Мела рукі пустыя
адна Талімена, а з ёй панічы маладыя.

Парадкам вайшлі; сталі колам; цішэй разгаворы;
вышэйшае месца заняў за сталом Падкаморы;
такі яму гонар і з веку і ўраду належа,
йдучы, усё кланяўся дамам, старым, маладзежы.
Пры ім жа квастар, а Суддзя пры ксяндзу барнадыне;
кароткія пацеры той злапатаў па лаціне;
давалі гарэлку чаргой; тады ўсе пасядалі
і жвава ды моўчкі смачны халадзец засцябалі.
Абедалі неяк цішэй, як звычайна бывае;
ніхто не гавора, дарма гаспадар запрашае.
Староны, што бралі удзел у сабачынай звадзе,
аб заўтрашнім думалі дні, барацьбе і закладзе;
вялікая думка бо вусны маўчаць прымушае.
Тальмена гаворкай Тадэвуша ўсё забаўляе,
аднак паспявае не раз і да Графа звярнуцца,
а нат на Асэсара кінуці вокам, ўсміхнуцца.
Так птушнік глядзіць у сіло, дзе сініцу ён вабіць,
а разам і на верабейкаў. Тадэвуш і Графіч
абодва здаволены дужа сабою, такія
шчаслівыя, поўны надзеі, дык не гаваркія.
На красачку Граф спавядае і горда і чула,
Тадэвуша вочы усё у кішэню цягнула,
ці ключык не ўцёкшы? Рукою хапаў за скрутульку,
круціў: яшчэ бо не змог прачытаці пісульку.
Суддзя Падкамораму розных віноў падлівае,
уважна прыслугуе ды за каленкі сціскае,
а гутарыць з ім то не мае вялікай ахвоты;
відацца, што нейкія чуе таёмны клапоты.

І так праміналі ў маўчанні талеркі і стравы;
прарваў такі нудны прабег тэй абедзеннай справы
ляснік, уляцеўшы, як куля, зусім нечакана.
Не гледзячы ні на гасцей, ні бяседу у пана,
падбег да Суддзі, а відацца і з постаці й з міны,
што нёс у пасольстве ён важныя вельмі навіны.
К яму свае вочы звярнула усенька сабранне.
Крыху адсапнуўшыся, крыкнуў: «Вядзмедзька, Маспане!
І ўсе зразумелі, што, вышаўшы з нетры міхася,
і ўжо праз лясы у Занёманску пушчу ён вале,
што сцігаваць трэба адразу, ўсе згодна прызналі,
ніякай нарады, ніякіх дазволаў на то не чакалі.
Супольная думка відалася з словаў адцятых,
з ажыўленых жэстаў, загадаў адданых, прынятых;
са столечкіх вуснаў ляцелі загады ўсе гэты,
аднак жа імкнуліся ўсе да адзінае мэты.
«На вёску, — усклікнуў Суддзя тут, — гэй, сотніка, конна!
Чуць золак — аблава, анно ж на ахвотніка, згодна;
каторы із пікаю выйсці там знойдзецца шпарка,
то скінуць з работы тры дні і чатыры шарваркі[26]».
«Наўскач, — Падкаморы крычаў, — акульбачыць[27] сівую,
ляцець у мой двор і узяць у мінуту мне сюю
дзве п’яўкі; то пара на ўсеньку ваколіцу слыне:
сабака, што Спраўнік завецца, і сучка Страпчыня[28];
замкнулі ім пысы, звязаць іх у меху
і конна прыставіць сюды, хутчэй, у паспеху!»
«Гэй, Ванька! — ускрыкнуў Асэсар на хлопца па-беларуску[29], —
шпарчэй сангушкоўскі тасак пацягні мне на бруску;
тасак гэны, ведайш, ад князя што мне дараваны;
ці ў поясе добра набоі ўсе панабіваны?!»
«А стрэльбы, — крычэлі усе, — каб былі бы гатовы!»
«Мне волава, волава! — ўторыў Асэсар два словы, —
а форму да куляў я маю у торбе». — «Клябана
паведаміць, — кажа Суддзя, — каб ён заўтрачка рана
прыбыў у лясную капліцу: каротка афэрта,
што за паляўнічых, імша да святога Губэрта[30]».

Настала маўчанне па столькіх загадах.
Задумаўся кожны, відацца ж было па паглядах,
што ўсе там кагосьці шукалі; памалу пагляды
на Войскага твары лучыліся, як бы парады
шукалі; то значыла: павадыром выбіралі
ўсе згодна, яму булаву і каманду давалі.
Падняўся пан Войскі, пазнаўшы агульную волю,
стукнуці мацней па стале ён сабе нат дазволіў,
з-за пазухі выцяг[31] сваю залацісту чапулю,
а з ёю вялізны гадзіннік, таўшчэразну дулю,
і кажа: «Назаўтра у пяць пад капліцай лясною
збяруцца стральцы і аблаўнікі ўсей грамадою».

Сказаў ды пайшоў ад стала, а за ім і гаёвы[32],
абдумаці маюць яны і наладзіць уловы.
Так правадыры, як назаўтра бітву загадаюць, —
жаўнеры ў абозе аружжа глядзяць, заядаюць
ці спяць на плашчох або сёдлах сабе бесклапотна, —
а правадыры ўсё мазгуюць ў шатры[33] бездрымотна.

Прарваўся абед; дзень зышоў на падкоўванні коней,
кармленні сабакаў, збіранні і чышчанні броні;
пасля й да вячэры ледзь нехта прысеў да стала.
А нават Куртага партыя і Сакала
спынілі вялікі свой спор і ўзаемны дакукі:
Асэсар і Рэент, пабраўшыся разам пад рукі,
вышукуюць волава. Рэшта паноў спрацавана
йшла загадзя спаць, каб назаўтра прачухацца рана.

Зноскі

[правіць]
  1. Валок або волак — правільныя і жывыя беларускія формы, а ўжываныя даволі часта. Аблок — паланізм, облак — царкоўнаславянізм (балгарызм) (Б. Т.).
  2. Эпоха (грэц.) — нейкае здарэнне, ад якога пачынаецца пералом у падзеях, або — інкаш — працяг часу, які вырознюецца сваім асаблівым характарам. Тут гэта слова ўжыта ў іранічным, жартаўлівым сэнсе (Б. Т.).
  3. Амальтэя — міфалагічная (казачная) каза, якая сваім малаком выкарміла грэцкага бога багоў Зявеса; за тое ён памясціў яе паміж зоркамі, а рог яе, напоўніўшы масай сліны, падараваў німфам (ніжэйшага сорту багіні, у родзе русалак) (Б. Т.).
  4. У гэтай і ў іншых прамовах Графа паэт жартуе з стылю псеўдакласічных паэтаў, якія падрабляліся пад манеру старавечных грэкаў і рымлянаў, пагарджаючы простай мовай і простымі жывымі выражэннямі (Б. Т.).
  5. Паводле грэцкай міфалогіі, душы памёршых сноўдаліся ў відзе ценяў па падземных Елісейскіх палёх (Б. Т.).
  6. Гапанча — плашч (Б. Т.).
  7. Ведама ў Літве народная песня аб грыбох, што ідуць на вайну пад камандай баравіка. У гэтай апісаны прыкметы ядомых грыбоў. (А.М., Б.Т.)
    Ёсць адпаведная песня і літоўская, і беларуская. Трудна сказаць, якую паэт меў на ўвазе, а можа, ведаў абедзве (Б. Т. ).
  8. Вэліновы папер — гладкі, цвёрды, белы (Б. Т.).
  9. Парантэля — радня (Б. Т.).
  10. Палестрант — судовы ці адвакацкі практыкант (Б. Т.).
  11. Дзісейшы (паланізм) — сягонняшні (Б. Т.)
  12. Ваяжор (франц.) — падарожнік (Б. Т.).
  13. Букаты камень — выпуклы камень (параўн. букатка хлеба, бохан, бухнуць, пухнуць) (Б. Т.).
  14. Абсталюнак — заказ (Б. Т.).
  15. Гледзішча — сцэна, карціна (Б. Т.).
  16. Мадэль — узор (Б. Т.).
  17. Тыбур — цяпер Ціволі, недалёка ад Рыму (Б. Т).
  18. Паўзыліп — слаўная пячора недалёка ад Неапалю (Б. Т.).
  19. Шкелікі — неруплівыя жарты (Б. Т.).
  20. Менада — жанчына з кампаніі вясёлага грэцкага бажка Дыяніса Вакха (бог віна); у часе яго паходаў менады ішлі з лёскамі (палкамі), прыбранымі блюшчам і віном (вінаградам) (Б. Т.).
  21. Адружана — заручана (Б. Т.).
  22. Батанічны гарод — батанічны сад (Б. Т.).
  23. Сферы ідэалу — краіны летуцення, выдуманага хараства (Б. Т.).
  24. 6Вядомы мастак-жанрыст; за некалькі год да смерці пачаў маляваць пейзажы. Памёр нядаўна ў Пецярбургу (А. М.).
  25. Шчогла — мачта (Б. Т.).
  26. Шарварк (нямецк.) — праца пры дарогах, мастах і п. (Б. Т.).
  27. Акульбачыць—асядлаць (Б. Т.).
  28. Піяўкі — парода англійскіх сабак, малых, але моцных, яны служаць для палявання на буйнога звера, асабліва на мядзведзя.
    Спраўнік, або капітан-спраўнік — начальнік земскай паліцыі. Страпчы — накшталт урадавага пракурора. Гэтыя чыноўнікі, маючы часта магчымасць злоўжываць уладай, выклікаюць у грамадзян вялікую агіду (А. М.).
  29. У арыгінале — «па-руску». Так было першапачаткова і ў перакладзе, але потым рукой Тарашкевіча выпраўлена на «па-беларуску».
  30. Св. Губэрт — патрон паляўнічых (Б. Т.).
  31. Выцяг — выцягнуў; першая форма рэдкая (Б. Т.).
  32. Гаёвы — ляснік (Б. Т.).
  33. Шацёр — палатка (Б. Т.).