Перайсці да зместу

Пан Тадэвуш (Міцкевіч/Тарашкевіч)/Быліца другая

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Быліца першая Пан Тадэвуш
Паэмы
Аўтар: Адам Міцкевіч
1834
Арыгінальная назва: Pan Tadeusz
Пераклад: Браніслаў Тарашкевіч
Быліца трэцяя

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Быліца другая
ЗАМАК

ЗМЕСТ:
Паляванне з хартамі на ўгледжанага. — Госць у замку.— Апошні слуга дворскі шляхціц расказвае гісторыю апошняга з Гарэшкаў. — Пагляд на сад. — Дзяўчына ў агуркох. — Снеданне. — Пецярбургская анекдота пані Талімены. — Новы выбух спораў за Курту і Сакала. — Чарвяк умяшаўся ў тую справу. — Гаворка Войскага. — Ну ж у грыбы!

Да хто ж з нас не помне, калі маладым шчэ хлапчынай
ён, свішчучы, ў поле ішоў, на плячох са стральбінай.
А ў полі ні плот, ані вал жа нагі не ўтруджае
І, пераступіўшы мяжу, не пазнаць, што чужая!
Ў Літве паляўнічы ўсё роўна, што лайба на моры,
а дзе сабе й як сабе хоча, шыбае ў прасторы:
ці ў небе, як нейкі прарок, ён прыкметаў шукае,
якія стралецкае вока там толькі спазнае,
або, як вяшчун, прамаўляе з зямлёю, што глуха
маўчыць для мяшчан, паляўнічаму шэпча на вуха.

Там з лугу дзяркач вераснуў, ды шукаці дарэмне
яго: ён шыбае ў траве, як шчупак той у Немне;
там над галавой раззваніўся вясняны званочак:
то жаўрык, глыбока у небе схаваны камочак.
Арол вунь, на крыллі шырокім абшар разбіваўшы,
шуснуў, вераб’ёў, як камета цароў, напужаўшы;
а ястраб, завісшы пад ясныя неба блакіты,
трапеча крылом, як матыль, што на шпільцы прыбіты,
і, ўбачыўшы птушку ці зайца сярод сенажаці,
бы зорка падуча, спадзе, каб дабычу узяці.

Калі ж нам з вандроўкі вярнуцца ўжо суджана будзе
і дома зажыць на раллі, на радзіменькай грудзе[1],
служыць у яздзе, з шаракамі якая ваюе,
або ў пехаце, што на птушак пужлівых палюе,
а іншых, кром кос ды сярпа, каб не ведаць рыштункаў
ды іншых газетаў, акроме дамовых рахункаў!

Ўзышло над Сапліцавам сонца, на стрэхі ўжо пала
й касулькі праз шчэліны ў дворным гумне пратыкала;
па цёмна-зялёным, па свежым, запахлівым сене,
па моладзі мяккай пасцелі гуляла праменне:
сплывалі ускосным руччом залатыя мігушкі
праз чэрню дзіравай страхі, так як з косаў істужкі;
і сонейка губы у сонных касулькай дражніла,
як дзеўка хлапца, каласком пабуджаючы міла.
Зачыркалі, скакучы, ўжо вераб’і пад страхою,
і тройчы гусак закрычаў, а за ім чарадою,
як хорам, індычае й качае войска крычала
й жывёла, ішоўшая ў поле, чувацца, рычала.

Устала ўжо моладзь. Тадэвуш адно не прачнуўся,
заснуўшы з усіх найпазней, бо з вячэры вярнуўся
такі неспакойны, што нават пры пеўняў пяянні
вачэй не заплюшчыў, круціўся ўвесь час на пасланні;
ўтануўшы у сене, заснуў ужо позна уночы
ды цвёрда, — аж вецер зімны яму дмухнуў у вочы,
і разам скрыпучыя дзверы раскрыліся з трэскам,
ды ксёндз барнадын з паясом вузлаватым улез там
і, крыкнуўшы «Surge, puer!», над Тадэя плячамі
прастацка вымахіваў тым паясом з агуркамі.

Ужо на падворку чуваць паляўнічыя крыкі,
выводзяцца коні, бражджаць, заязджаючы, брыкі,
такой грамадой, што дзядзінец ледзь-ледзь памяшчае.
Азваліся трубы, адкрыліся псярні, і зграя
хартоў, сыпануўшы ў падворак, вясёла скавыча;
пабачыўшы коні, псароў, даязджаючы смычы,
сабакі, зусім як шалёныя, лётам лятаюць
і шыі свае на аброжы пасля ускладаюць:
усё гэта добрае, знаць, паляванне варожа.
Дык даў Падкаморы урэшце загад падарожы.

Нацкоўшчыкі ехалі звольна ўсе разам спачатку,
за брамай разбегліся доўгім радком у парадку.
Ў сярэдзіне ехаў Асэсар із Рэентам поруч,
а хоць пачувалі ўзаемну нянавісць і горыч,
прыязна з сабой гаварылі, як людзі ганору,
ужо ідучы на рашэнне смяротнага спору:
па словах заўзятасці іх аніхто не пазнае.
Пан Рэент вёў Курту, Саколку ж Асэсар трымае.
За імі у поездах дамы, а моладзь пры боку
трухціць пры калёсах і дам забаўляе ў прыскоку.

Чарвяк па падворку пахаджываў звольненым крокам,
канчаючы раннія пацеры й косячы вокам:
на пана Тадэвуша зморшчыўся і усміхнуўся,
урэшце кіўнуў яму пальцам. Тадэвуш звярнуўся;
Чарвяк на насе яму пальцам паказываў грозьбы,
а толькі, нягледзь на Тадэя пытанні і просьбы,
каб тое, што хоча, выразна яму растлумачыў,
то ксёндз барнадын адказаць ані глянуць не рачыў,
насунуў каптур ды у пацеры зноў углыбіўся.
Тадэвуш ад’ехаў і зараз к гасцям прылучыўся.

Якраз у той час паляўнічыя смычкі стрымалі,
і ўсе нерухомыя зразу ў мяйсцох сваіх сталі;
махнулі рукамі на знак, каб шумець не пасмелі
другія, а самі уважна на камень глядзелі,
туды, дзе Суддзя затрымаўся. Ён звера пабачыў
і зараз маханнем рукамі загады тлумачыў...
Усе зразумелі: стаяць, а па спаханым полі
Асэсар і Рэент трухтом пад’язджаюць паволі.
Тадэвуш якта перагнаў аднаго і другога
і, следзячы зырка вачмі, ўжо стаяў ля старога.
Даўно ўжо не быў ён у полі; а трэба умення,
на шэрай раллі каб пазнаць шарака між камення.
Суддзя паказаў яму звера. Сядзеў той зайчына,
наставіўшы вушы, пад камень прынік, бедачына,
і, вокам чырвоным спаткаўшыся з воражым вокам,
не мог адарваці узроку, як бы пад урокам,
і чуў ужо лёс свой страшны: дык са страху струхлеўшы,
зусім не крануўся, як камень, пад каменем сеўшы.
А тутака пыл на раллі усё бліжай і бліжай,
нясецца на смычы Куртач і Сакол за ім хіжы,
Асэсар із Рэентам разам як крыкнулі стылу:
«Выжга!» — і з сабакамі знікнулі ў склублінах пылу.

Як гэтак пагналіся за шараком, бы за бесам,
нарэшце і Граф паказаўся пад замкавым лесам.
Аб Графічу ведалі ўсе вакалічныя людзі:
нідзе аніколі ў назначаны час не прыбудзе.
І сёння заспаўся; за тое на слугаў злаваўся,
а ўбачыўшы во паляўнічых, галёпам пагнаўся:
сурдут даўгаполы і белы, ангельскага крою
развеіваў вецер, а слугі за ім чарадою
на конях, у капелюхох, як грыбочкі, маленькіх,
у куртачках чорна-бліскучых і портках бяленькіх.
Вось гэтыя слугі, адзеты, як нейкія цацы,
з ангельска джакеямі зваліся ў Графа палацы.

Ўжо Граф з чарадою усею на поле ўзагнаўся,
аж замак угледзеў — каня асадзіў, затрымаўся.
Дагэтуль не бачыў ён зрання муроў тых і вежы;
зусім як не тыя: усходзячы, дзень так асвежыў
і прыхарошыў так зарысы ўсенькай будовы,
што Граф аж здуме́ўся на від захапляючы, новы.
Здавалася двойчы вышэйшаю вежа: стырчэла
над ранняй імглой, а з бляшанага даху блішчэла,
як золата, сонца: у выбітых шыбаў паследках
між кратаў ламала касулькі ў вясёлкавых кветках.
Ніжэйшыя поверхі мглы заліла павалока,
разломкі, і шчэрбы, і шчыліны скрыла ад вока.
А крык паляўнічых, далёкі, вятрамі прыгнаны,
ад замкавых сцен адбіваўся, не раз паўтараны:
казаў бы, што крык гэта з замку, што там пад імглою
муры аднавілі ды йзноў залюднілі дварнёю.

Любіў Граф малюнак, калі незвычайны і новы,
і зваў рамансовым; казаў, што й ён сам рамансовы.
Дый, кажучы праўду, ён дужа дзіўны́́́ выдаваўся:
бывала, што за шараком або лісам пагнаўся
ды раптам стаіць, спаглядае у неба жалосна,
як кот, вераб’я на сасне аглядаючы млосна;
а часта без стрэльбы, сабакаў па гаі бадзяўся,
як некрут уцёкшы, і да ручая прысядаўся,
сядзеў, галаву пахіліўшы, вось так над патокам,
як чапля, што хоча ўсе рыбы праглынуці вокам.
Дык знача, такога дзіўнога быў Граф абычаю;
казалі усе, што чагосьці яму не хапае,
аднак шанавалі, бо кожны ў ваколіцы ведаў,
што з прадзедаў пан і багаты, людскі для суседаў,
жыдоў, мужыкоў.

Графскі конь, павярнуўшы з дарогі,
направіўся полем прасцютка пад замку парогі.
А Граф уздыхаў, спаглядаў на муроў тых зарысы,
дастаў алавік і паперу і чыркаў нары́́сы.
Аж глянуўшы збоку, шагоў так на дваццаць, пабачыў
мужчыну, які гэтаксама аб замку маячыў:
задзёршы уверх галаву і з рукамі ў кішэні,
здавалася, бытта лічыў ён вачыма каменні.
Пазнаў яго Граф, але мусіў не раз яму крыкнуць,
каб здолеў бы голас да ўвагі Гярваза пранікнуць.
Гярвазы быў шляхціц, даўнейшы замковы служака,
апошні з паследніх Гарэшкі дваран, небарака.
Высокі стары, хоць сівы, але твар меў здаровы,
маршчынамі звораны, хмурны і дужа суровы.
Даўней паміж шляхтаю слыў за вясёлыя словы,
ды после бітвы́, дзе забіт яго дзедзіч замковы,
змяніўся Гярвазы: гадоў ужо многа мінула,
як больш ні кірмаш, ні вяселле яго не цягнула;
не чулі ўжо жартаў ягоных дасціпных і смешных,
не бачылі смеху на твары, на рысах няўсцешных.
Насіў заўсягды ён Гарэшкаў ліберыю[2] даўну;
Галёнам[3] абшытую жоўтую куртачку слаўну;
галён залаты быў калісьці, цяпер пажаўцелы,
гярбы наукола ядвабны, таксама злінелы,
Паўкозічы; згэтуль ваколіца ўсенька празвала
Паўкозічам шляхту старога, й мянюшка прыстала.
А часам ад слова, ўжыванага без перастанку,
яшчэ празывалі старога таксама Мапанку;
а іншыя Шчэрбцам, што лысіну меў ён у шчэрбах,
ён сам сябе зваў жа Рубайла. Аб неякіх гербах
было невядома. А тытулам Ключніка зваўся
таму, што калісь тым урадам на замку займаўся.
Дагэтуль насіў пук ключоў, на тасемцы звязаны,
са срэбным такім кутасом, за паяс падатканы.
Не меў ён чаго расчыняць, бо замковыя дзверы
стаялі ўсе насцеж, аднак для прывычкі, з манеры,
ён двое знайшоў, сваім коштам паправіў, уставіў
і гэтых дзвярэй адмыканнем штодня сябе бавіў.
Адну з пустых ізбаў узяў для сябе на мяшканне;
хоць мог мець у Графа і хлеб жа ласкавы й старанне,
аднак не хацеў, бо тужыў і не чуўся здаровы,
як толькі не дыхаў старым тым паветрам замковым.

Як Графа угледзеў, адразу за шапку узяўся,
з раднёю паноў сваіх даўных паклонам вітаўся.
Ў паклоне нахілена лысіна зводдаль блішчэла,
а цятых ад шаблі рубцоў што насечына мела.
Пагладзіў яе, падышоў і яшчэ раз ён, нізка
скланіўшыся, сумна прамовіў: «Мапанку, Паніска,
даруй мне, што гэтак кажу, Ясне Графе, мой Пане,
такі мой звычай, а не нейкае непаважанне:
«Мапанку» казалі усенькі Гарэшкі паноўе,
і Стольнік апошні, мой пан, меў такое прыслоў’е.
Скажэце, ці праўда, Мапанку, што грошай Пан скупіш
на гэты працэс і што замак Сапліцам уступіш?
Не верыў я, але ж вось так у павеце чуваці».
І тут, спаглянуўшы на замак, давай уздыхаці.

«Не дзіўна, — Граф кажа, — і кошт завялікі, і нудна,
хацеў бы ўжо скончыць, ды шляхціц упёрся марудна;
так зможа мяне замарыці, падумаў дасужа;
балей не стрымаю, сягоння злажу я аружжа
і згоды варункі прымаю, што суд мне паложа».
«З Сапліцамі згода? — ускрыкнуў Гярвазы. — Ці можа
то быці, Мапанку?» І, кажучы гэта, скрывіўся
ён так, як бы ўласнаю мовай сваёю здзівіўся.
«Сапліцы і згода! Мапанку, а мой жа Панішча,
хіба пан жартуе? Каб замак, Гарэшкаў сялішча,
пашоў бы у рукі Сапліцаў! Няхай жа Пан рача[4]
з каня толькі ссесці і сам няхай замак пабача.
Яшчэ пан не знаеш нягодна Сапліцава племя!»
І, кажучы так, да ссядання прытрымліваў стрэмя.

Падходзяць. Гярвазы прыстаў на парозе у сені:
«Во тутака, — кажа, — калісьці паны ў акружэнні
дваран рассядаліся ў час паабедзенны; споры
сялян гадзіў пан або часта у добрым гуморы
гасцём аб цікавых аб розных гісторыях ён распраўляўся
ці жартамі й баснямі іхнымі сам забаўляўся.
А моладзь уся на падворку ў ражонкі[5] гуляла
ці панскіх турэцкіх бахматых[6] каней уязджала».

Ўвайшлі яны ў сені. Гярвазы і кажа: «У сеняў
вялізарным бруку не знойдзеш, Пан, столькі каменняў,
віна колькі бочак тут покнула ў час прамінулы,
што шляхта з піўніцаў наверх паясамі цягнула,
сабрана на сойм або сеймік які павятовы,
або на паноў імяніны, ці часам на ўловы.
У часе бяседы на хорах капэля стаяла,
ў варганы[7] і ў розныя там інструменты іграла;
А як за здароўе пілі, тады трубы грымелі,
што ў судны той дзень, і віваты парадкам гучэлі:
найперш за здароўе яго каралеўскае мосці,
за прымаса[8], после віват каралеве яймосці,
чацвёрты за шляхту, за ўсенькую Рэч Паспаліту,
а ўрэшце, трымаючы кожны шкляніцу наліту,
пілі ўжо «кахаймася», й гэты віват без прастання,
аклікнуты днём, не замоўкнуў да самага рання,
калі ўжо гатовы стаялі і цугі[9] й падводы,
каб кожнага зноў адвязці да ягонай гасподы».

Прашлі ужо колькі пакояў. Стары ў замышленні
кідаў сваім зрокам па сценах, то йзноў па скляпенні,
ўскрашаючы розны падзеі у зменлівым лёсе,
як бытта сказаць ён хацеў бы: «Усё сканчылося!»
Кіўне галавою, рукою махне, з усей міны
жалоснай відацца, што мука яму успаміны
і што адагнаці іх хоча. Хаду устрымалі
наверсе, ў люстранай калісьці, вялізарнай залі;
стаялі пустыя там люстраў павыдзертых рамы,
а вокны без шыбін з кружганкам[10] напрост проці брамы.
Ўвайшоўшы, стары галавой задумлёнай схіліўся
і твар свой рукамі закрыў; а калі адсланіўся,
на твары няўстрымлівы жаль і адчай маляваўся.
Хоць Граф аб прычыне не ведаў, а нат не пытаўся,
глянуўшы на старца, якоесь пачуў хваляванне,
руку яму сціснуў. Хвіліну трывала маўчанне;
прарваў яго старац, патросшы паднятай правіцай:
«Не можа быць згоды, Мапанку, паміжы Сапліцай
і кроўю Гарэшкаў. Бо й Пан маеш права прызнацца
да Стольніка[11] родных, а ласне па Лоўчыне, матцы,
якая радзілась з другое дачкі Кашталяна[12],
каторы, як ведама добра, быў вуй[13] майго пана.
Паслухай гістор’і фамільнай сваёй нечуванай,
што сталася тутака ласне у залі люстранай.

Нябожчык пан Стольнік быў пан над панамі ў павеце,
фамільны, багаты, адно толькі бедны на дзеці:
адну меў дачушку, прыгожу, як анел; бывала
таму у паненкі залётнікаў розных нямала.
Між шляхтаю быў там адзін ды страшны палівода
і зваднік, той Янка Сапліца, на жарт Ваявода
празваны, хоць праўда, што шмат у вайводстве ён важыў,
бо цэлай вялізнай сям’ёю Сапліцаў ватажыў
і трыста іх меў галасоў у сваім распарадку,
а сам анічога, кром крышку зямелькі і статку
ды шаблі й вялізных вусоў, што ад вуха да вуха.
Дык вось жа пан Стольнік не раз заклікаў таго зуха,
найболей у час сайміковы, гасціў «Ваяводу»
і быў папулярны паміж Сапліцоўскага роду.
Вусач так у пыху узбіўся ласкавым прыняццем,
што думаць наважыўся стацца нат Стольніка зяцем.
У замак няпрошаны ездзіць ён так налажыўся,
што ўрэшце у нас, як у хаце сваёй, загняздзіўся
і меў ужо вызнацца, але у час змеркавалі
і ў час яго чорнаю юшкаю[14] пачаставалі.
Мабыць, Стальнічанцы Сапліца й прыпаўся да вока,
адно прад бацькамі ўпадобу таіла глыбока.

Было гэта ў часе Касцюшкі. Пан Стольнік трымаўся
за трэцямаёвае права[15] і з шляхтай збіраўся
на помач да канфедэратаў, пад іхны напрамак,
аж раптам Масква уначы акружыла ўвесь замак.
Ледзь час быў стральнуць на трывогу з гарматкі няўдалай,
вароты на доле замкнуць, заваліці завалай.
А ў замку былі толькі Стольнік, ксёндз пробаршч, я, пані,
два кухцікі, кухар, ўсе тры у п’янюсенькім стане,
лякай, чатырох гайдукоў — то хлапцы не такоўскі:
за стрэльбы ды ў вокны. Аж тутака натаўп маскоўскі,
«ура!» крычачы, ўжо ад брамы к нам прэ па тэрасе,
дык мы — з дзесяці тады стрэльбаў па варожай масе!
Нічога відаць не было, а мы без перастанку
страляем: то служба на доле, а я з панам з ганку.
Усё ішло складна, хоць, праўда, ў вялікай трывозе,
аж дваццаць бо стрэльбаў ляжала у нас на падлозе:
з аднэй толькі стрэліш, адразу другую давалі,
сам ксёндз і жанчыны усе, што былі, набівалі,
і пані, й паненка, дзяўчаты, падворныя панны;
стральцоў было трох, ды агонь жа смаліў пастаянны.
Град куль на нас сыпалі здолу маскоўскія пешкі,
мы жарылі зверху цальней, хоць радзей і без спешкі.
Ужо тры разы аж пад дзверы халопства напёрла,
ды кожны раз трое з іх ногі ад куляў задзёрла.
Ўцяклі аж пад скарбец, а ўжо развіднелася, днела.
Пан Стольнік са стрэльбаю вышаў на ганак ды смела:
як толькі з-пад скарбца дзе лоб маскаля выхіляўся,
агню тады зразу даваў, ані раз не мыляўся;
ў траву кожны раз пакацілася чорна фуражка,
дык рэдка які з-за сцяны паказаўся, бо — цяжка.
Пабачыўшы Стольнік стрывожану воражу сілу,
задумаў наскок, і, схапіўшы за шаблю за мілу,
ён голасна з ганку загадываў слугам прыказы
І крыкнуў, ка мне павярнуўшысь «За мною, Гярвазы!»
Аж тут нехта стрэліў з-пад брамы: мой пан заікнуўся,
збялеў, штось казаці хацеў, ды крывёй захліснуўся;
пабачыў я, куля папала у грудзь яго саму,
сланяючысь, Стольнік паказываў пальцам на браму.
Пазнаў я нягодніка тога Сапліцу, заразу,
па зросце й вусох! Ад ягонага стрэлу адразу
зваліўся пан Стольнік; я бачыў! Шчэ стрэльба стырчэла,
паднята уверх, і ад стрэлу йшчэ дула дымела!
Я сцэліўся мігам, забойца стаяў скамянелы!
Агню раз за разам я даў, ажно хібілі стрэлы
абодва; са злосці ці жалю я блага складаўся...
Ускрыкнулі бабы, я глянуў — аж пан мой сканчаўся».

Тут змоўкнуў Гярвазы і толькі слязамі заліўся,
а после дакончыў: «Маскаль у вароты ўжо біўся,
па смерці бо Стольніка я там стаяў непрытомны
й не бачыў нічога, як бытта зрабілася цёмна.
На шчасце, прышоў нам на водсеч сусед Парфяновіч,
прывёўшы Міцкевічаў дваста з сабой з Гарбатовіч.
А ўсе, як адзін, гэта хвацкая шляхта і многа,
к таму ненавідзяць Сапліцаў ад веку якога.

І згінуў так пан мой магутны, набожны, ласкавы,
што меў ў сваім доме і крэслы, і стугі, й булавы[16],
быў бацькай сялянам ды братам для шляхты. А сыну
не мог завяшчаці ён помсты у гэту гадзіну,
бо меў толькі верных жа слугаў. Я ў кроў яго раны
узяў абмачыў свой рапір, што Цызорыкам званы
(напэўне вы чулі пра гэты Цызорычак спраўны,
на фэстах, на рынку, на сеймах і сейміках слаўны),
пашчэрбіць яго прысягнуў на Сапліцавых карках,
праследаваў я іх на сойме, заездах, ярма́рках;
дваіх зарубаў я у спрэчцы, дваіх ў паядынку;
а раз аднаго падпаліў у драўляным будынку,
тады як Карэлічы з Рымшаю мы заязджалі:
як рыбка, упёкся; а тых, па вушах што дасталі,
то шэльмаў не злічыш. Ўжо толькі адзін і гуляе,
што памяткі йшчэ ад мяне і дагэтуль не мае.
Раднюсенькі братка таго вусача, пан Сапліца,
дагэтуль жыве і багаццем вялізным пышы́цца,
да замку Гарэшкаў прыткнуўся граніцай сваёю,
ў павеце з пашанай, з урадам, зрабіўся Суддзёю.
І пан яму замак даеш? Каб нягодныя ногі
тут кроў майго пана сціралі во з гэтай падлогі?
О, не! пакуль мае Гярвазы за грош хоць сумлення
і сілаў хоць столькі, што ў пальцы малым, да скранення
Цызорыка, што на сцяне у баёвым шчэ стане,
то замку пракляты Сапліца датуль не дастане!»
«О! — ўсклікнуў тут Граф, угару жэст рукою зрабіўшы, —
чуццё меў я добрае, гэты муры палюбіўшы!
Хаця ж і не ведаў, што месцяць гістор’ю вяліку
і повесцей столькі, і сцэн драматычных без ліку!
Як замак я продкаў сваіх адбяру ад Сапліцы,
асядзеш тады у мурох, каб бурграфам[17] зрабіцца.
Аповесць, Гярвазы, твая заняла мяне дужа.
Шкада, што сюды уначы не прывёў мяне, дружа,
у плашчы драпіравым сеў бы я тут на руінах,
а ты б аб крывавых страшны́х мне расказываў чынах.
Шкада, што не маеш ты дару да апавядання!
А чуў і чытаў не адно я такое паданне.
Ў Германіі, Англіі, Шкоц’і традыцыя цвёрда:
забойства тэатр — кожны замак там графа ці лёрда[18].
У кожнай шляхэтнай, старой і магутнай радзіне
ёсць вестка аб нейкім крывавым ці здрадлівым чыне,
што помста па ім на патомкаў сплывае у спадку:
у Польшчы я першы раз чую аб гэткім прыпадку.
Пачуўшы Гарэшкаў ваяцкую кроў ў сваіх жылах,
і славу й фамільную чэсць бараніць я на сілах.
Так, мушу парваць я з Сапліцай ўсе чыста уклады,
хоць біцца прышлося бы на пісталеты ці шпады,
Бо гонар...» Сказаўшы, ішоў урачыстым ён крокам,
а стылу заўзяты Гярвазы ў маўчанні глыбокім.
У браме йшчэ Граф да сябе гаварыў, затрымаўся,
затым на каня усаскочыў, а ўсё азіраўся
на замак, самотнай гаворкай і думкай заняты:
«Вось толькі шкада, што Сапліца стары не жанаты,
або каб дачушку прыгожую меў бы Сапліца,
а я каб яе палюбіў, ды не мог ажаніцца,
то новае ў повесці гэтай было б завязанне:
тут сэрца, там доўг! тутка помста, а там — закаханне!»

Прышпорыў каня і ляцеў у такім разгаворы,
аж з боку другога стральцы выязджалі ўжо з бору.
Любіў паляванне пан Граф, паказалісь на вочы
стральцы, дык запомніў усенька і проста к ім скочыў,
мінаючы браму, гарод і платы; ў завароце
агледзеўся толькі й каня затрымаў аж пры плоце,
дзе сад.
Там фруктовыя дрэвы цянілі радамі
шырокае поле; пад сподам шлі грады шляхамі.
Капуста, схіляючы лысы галовы паважна,
казаў бы аб варыва лёсах раздумуе важна;
а боб, у касатую моркву стручкі ўчапіўшы,
глядзіць на яе, сваіх сотню вачэй уляпіўшы.
А там залату булаву падняла кукуруза:
мясцамі пабачыш гарбузава тоўстае пуза:
гарбуз ад сцябла у далёку старонку адбіўся
й гасцём між чырвоных буйных буракоў закаціўся.

Мяжою разрэзаны градкі. На кожным равочку
стаяць, як на варце ў шарэнгах, каноплі ў радочку,
кіпрысы[19] гароду: ціхія і просты й зялёны;
іх лісце і запах іх служаць для град абаронай:
праз лісце не смее пралезці змяя ніяка́я,
а запах і гусеніц, і машару забівае.
Вун мак белаватымі сцёбламі высіцца далей:
падумаеш, роем на ім матылі пасядалі,
трапечучы крыллем, з якога мігціць так праменне
багаццем вясёлкі, як бліск дарагога камення:
так макавы краскі прыцягуюць вока чароўна.
Ў сярэдзіне красак, як месяц між зорачак поўны,
вялікі падсоўнечнік, бытта пакрыты загарам,
з усходу на захад за сонцам выкругуе тварам.
Пад плотам даўгія, вузкія і выпуклы грады,
без дрэваў, без кветак, кустоў: агурковы пасады.
А выраслі добра і лісцем сваім разлажыстым
акрылі ўсе грады, як нейкім каберцам[20] фалдзістым.
Сярэдзінай шла там дзяўчына, у белі адзета,
затануўшы аж па калені у зелені лета.
Здавалася, бытта па градах яна не ступае,
а ў зелені іхняй плыве й свае ногі купае.
Брылём саламяным яна галаву асляпіла,
дзве стужкі ружовыя з шчок развяваліся міла
і ў пуклях развітыя светлыя коскі дзявочы;
ў руках мела кошычак, ўдаль узіраліся вочы,
а правай рукой запаслася як бы да хапання;
як то дзяўчанё, што гуляецца з рыбкамі зрання
ў купальні й схіляецца страшыць, так гэта дзяўчына
з рукамі й кашом нахілялась па фрукт што хвіліна,
які наступіла нагой ці заўважыла вокам.

Захоплены Графіч ціхенька стаяў недалёка
прад відам такім. Тупат конных заслухаўшы здалі,
рукою даў знак, каб стрымалі бы коней; дык сталі.
Ён выцягнуў шыю, глядзеў, як той жораў дзюбаты
здалёку ад сада, калі там пастаўлен для варты,
стаіць на аднэй на назе і чуйно спазірае,
а, каб не заснуць, у другой назе камень трымае.

Збудзіў Графа шорах ціхі́ над плячмі й галавою;
квастар гэта быў, барнадын, а трымаў ён рукою,
паднятаю ўверх, паяска вузлаваты шнурочкі:
«Гуркоў Ваша хочаш, — ускрыкнуў, — дык маеш гурочкі!
А псік, Пан, ад шкоды! А брысь! На тутэйшай бо градцы
не Пану Вашэці малінка, няма што й ціка́цца!»
Пасля пагразіў яшчэ пальцам, каптур свой паправіў,
і, кінуўшы Графа на месцы, сам ходу прыбавіў.
Тут Граф праклінаў і смяяўся, што той перашкодзіў,
ды вокам зірнуў на гарод, а ужо на гародзе
яе не было; адно толькі мігнула ад сонца
ружовая хустачка й бела сукенка ў ваконцы.
Відацца на градках, дарогай ляцела якою,
бо лісце зялёнае, ў лёце скранута нагою,
хісталася, момант дрыжэла і рух супыніла,
вось так, як вада, што крылом сваім птушка разбіла.
А там, дзе стаяла яна, толькі кошык лазовы
маленачкі, кінут верх-дном на загон агурковы,
ўвесь фрукт пагубляўшы, на зблутаным лісці застаўся
і ў хвалі зялёнай, як лодка, яшчэ калыхаўся.

Праз момант зрабілася ўсюды самотна і глуха.
Вачмі Граф упёрся у дом той, натужываў вуха;
стаяў задумёны, стральцы увесь час нерухоме
стаялі за ім. — У самотным ціхім гэным доме
пачуўся во шорах, а после і гоман вясёлы,
казаў бы, у вуллі ў пустым, як збіраюцца пчолы.
То значыла: госці вярталіся ўжо з палявання
і служба ўвіхалася бойка да снедання дання.

Там рух панаваў ва ўсім доме вялізны і жвавы:
разносілі стравы, бутэлькі, накрыцці, заставы.
Мужчыны вось так, як былі у зялёных тых строях,
з талеркамі, шклянкамі ходзячы скрозь па пакоях,
і елі і пілі ці, успёршыся пры вушаках,
вялі разгаворы аб стрэльбах, хартох ды шараках.
Суддзя й Падкаморства былі за сталом, а ў сумятку
шапталісь паненкі ў кутку; не было там парадку,
які пры абедах, вячэрах звычайна бывае;
ў дварэ старапольскім то новая мода такая;
Суддзя хоць пры снеданнях часам на гэта згаджаўся,
аднак непарадак такі яму не падабаўся.

Для дам і мужчынаў былі разнародныя стравы:
тут служба на тацах разносіла кавы заставы;
а тацы вялізныя, ў кветкі усё маляваны;
на іх дабравонна дымелі імбрыкі бляшаны,
з саксонскага фарфару, ў золата цвет, філіжанкі
пры кожнай маленькі гаршчочак яшчэ да смятанкі.
А кавы такой, як у Польшчы, няма ў іншым краю:
у Польшчы ў парадачным доме з даўнога звычаю
да роблення кавы бярэцца асобна жанчына;
кавяркай завецца і кавай займаецца чынна:
з віцінаў[21] ці з места заказуе зерне ў гатунку
найлепшым і ведае тайны гатоўлення трунку,
што чорны, як вугаль, празрысты, як смоль у бурштыне,
запа́х мае моккі[22] і густасць мядовае плыні.
А ведама, чым-то для кавы ды добра смятана;
ў дварэ на яе і не трудна, кавярка бо рана,
імбрычкі прыставіўшы, йдзе, малачарню звяджае
і лёгенька свежу набелу красу сабірае,
да кожнай як ё філіжанкі ў асобны гаршчочак,
каб кожную з іх у асобны убраць кажушочак.
Старэйшыя пані, устаўшы, раней пілі каву;
цяпер жа затое зрабілі інакшую страву
з гарачага піва з набелам сабранай смятаны,
ў каторым грудкамі плывае тварог пасяканы.

А вя́ленне розна на выбар мужчынаў чакала:
кумпяк і паўгускі й скрылькі языка — і нямала
ўсяго й смакавіта, ўсё спосабам свойскім, дамовым
увялена ў коміне моцным дымком ялаўцовым;
затым яшчэ зразы ўняслі на апошняе данне.
Такое бывала у доме Суддзі там сняданне.

Дзве розных святліцы змяшчалі дзве розныя групы:
старэйшыя разам пры століку селі да купы,
судзілі аб спосабах новых сваіх гаспадарскіх,
аб новых, што раз то стражэйшых, указах тых царскіх;
там пан Падкаморы судзіў пра ваенныя чуткі
і з чутак рабіў палітычныя вывады хуткі.
Тут Войшчынка, сінія ўздзеўшы на нос акуляры,
жанцэ яго з карт выкладала кабальныя чары.
А моладзь у іншай ізбе́ распраўляла а ўловах
у болей ціхі́х, як звычайна, й спакойнейшых словах.
Асэсар жа й Рэент, абодва аратары першы,
уловаў вялікія знайкі, стральцы як найлепшы,
супроць сябе сеўшы, сядзелі бурлівы і гнеўны.
Абодва як трэ’ нацкавалі, і кожны быў пэўны
сабакі свайго перамогі, аж тут раўніною —
мужыцкі шнурочак з нязжатай яшчэ ярыною.
Шмыгнуў туды заяц. Куртач і Сакол ужо бралі.
Суддзя ж на мяжы затрымаў даязджачых, каб далей
ні шагу. Дык мусілі слухаць, хоць надта і гнеўна.
Сабакі вярнуліся самы, й не ведама пэўна,
ці звер той уцёк, ці узяты; ніхто б не пакляўся,
ці ў Куртавы зубы, ці мо’ ў Сакаловы папаўся,
ці зразу ў абодвыя: розныя розна казалі
і вырашыць спор той сабачы па дальш адкладалі.

А Войскі стары па пакоях усё прахаджаўся,
направа й налева вачмі неяк дзіўна ўзіраўся;
гаворкі і споры яго не цікавілі надта;
відаць, нечым іншым ягона галоўка занята;
насіў скураную лапатку: хаду устрымае,
раздумуе доўга — й муху на сцяне забівае.

Тадэй з Таліменай стаялі паміж вушакамі
ў праходных дзвярах на парозе, займаліся самі.
Таму што былі ад другіх слухачоў недалёка,
шапталіся ціха. З Тальменаю вока у вока
даведаўся зразу Тадэйка, што цётка багата
і што кананічным[23] радством, дык яны не праз надта
і блізкія міжы сабою, а нат безумоўна
не ведама добра, ці цётка з Тадэвушам кроўна
звязана, хоць дзядзька сястрою яе называе,
нягледзя на розніцу веку: прывычка такая
ідзе ад бацькоў іх супольных; а после ў сталіцы
яна як жыла, прыслужылася шмат для Сапліцы;
таму шанаваў яе дужа Суддзя і сястрою
любіў называць, каб хвальнуцца такою раднёю,
чаго Талімена праз дружбу і не бараніла.
Тадэю ўсё гэта лягчэй аж на сэрцы зрабіла.
І шмат яшчэ думачак іншых сабе вызнавалі,
а толькі ж хвілінку, здаецца, з сабою стаялі.

А там у пакоі пан Рэент Асэсара дражне
і так пад’язджае: «Казаў я ўчора паважне,
што нашае во паляванне удацца не можа:
занадта йшчэ рана, на пні бо стаіць яшчэ збожжа,
і маса мужыцкіх шнуркоў ярыны непажатай.
Во й Граф не прыбы́ў, хоць запросіны, пэўне, прыняты,
таму, што ён знайка усіх паляўніцкіх умоваў,
не раз гаварыў і аб месцы і часе уловаў.
Пан Граф у чужых бо краёх гадаваўся з дзяцінства
і кажа, што гэта няйначай, як знак барбарынства,
во так, як у нас, паляваць без ніякага ўзгляду
на права артыкулы, па прадпісанні ураду,
нягледзь на капцы і на межы чужыя, бадзяцца,
па грунце чужым ды без ведама ўласніка гнацца,
вясною, што й летам, палямі і ў пушчы лятаці
і ліса тады, як ліняе якраз, забіваці;
цярпець, калі котну зайчыху у руні улучаць
харты, заганяюць, а кажучы праўду, замучаць
са шкодаю для зверыны. Таму Граф наракае,
што цывілізацыя польская у нас не такая:
ў маскоўцаў бо аб паляванні ё царскія ўказы,
дазор паліцэйскі й на вінных ё карны наказы».

Тальмена, батыставай хустачкай ветрачы плечы,
налева звярнулася й кажа на гэткія рэчы:
«А чыстую праўду Граф кажа, каб мне так здароўе!
Я ведаю добра Расію. Мне часта паноўе
не верылі, як гаварыла, што розных паглядаў
хвальбы ўсякай варта там чутнасць і строгасць уладаў.
Была ў Пецярбурку не раз я, для рознай прычыны.
Ах, мілы часы то! мінуўшчыны мілай спаміны!
Вось места дык места! Ніхто з Вас не быў ў Пецярбурку?
Мо’ хочаце план паглядзець? План я маю у бюрку,
На лета дык свет пецярбургскі на дачы з’язджае,
на вёску (бо дача вясковы палац азначае).
Жыла у палацыку над Нявою шырокай,
ад места не надта каб блізка, не надта й далёка,
наўмысна насыпаным, хоць невялічкім, узгорку.
Ах, што за дамочак! Я план яго маю у бёрку.
Дык вось, на няшчасце маё, на́няў дом у суседстве
чыноўнічак нейкі, заняты пры неякім следстве;
хартоў ён трымаў. Вось дык мука, ну, проста мучарня,
жыве калі блізка чыноўнік маленькі і псярня!
Бо колькі раз выйду я з кніжкай сабе у садочак,
на месяца бліск, на вячэрні ціхі халадочак,
адразу й сабака ўжо круце хвастом, прыляцеўшы,
стрыжэ вушыма ды якраз, бытта ён ашалеўшы.
Не раз напужалася. Сэрца маё варажыла
якоесь няшчасце ад іх; сапраўды, й не змыліла:
на раніцы раз, у садок як выходзіла з ганка,
той хорт пад нагамі маймі задавіў мне каханка
балончыка! Ах, і была ж то раскошная псіна!
Дастала яго я ад князя, ад Сукіна сына,
па памятку прэзант; разумны, жывы, як вавёрка,
я маю партрэцік, адно не хачу йсці да бёрка.
Пабачыўшы гэта, дастала з такой альтэрац’і[24]
я млосці і спазмаў і сэрца свайго пальпітац’і[25].
Яшчэ б мо’ і горшае нешта мяне там схапіла,
аж тутка, на шчасце, над’ехаў з візытай Кірыла
Гаўрылч Казадусін, што лоўчы вялікі надворны.
Пытае прычыну, чаму гэткі гумар мой чорны,
І кажа адразу за вушы цягнуць урадоўца.
Збялеў той, стаіць і дрыжыць, а не кажа ні слоўца.
«Як смееш! — Кірыл загрымеў сваім голасам барскім, —
цкаваць вясной котную ланю пад носам тут царскім?»
Той астаўпянелы чыноўнік дарма заклінаўся,
што за паляванне дагэтуль яшчэ і не браўся,
што, ўрэшце, з вялікага лоўчага тут дазвалення,
сабакі загрызлі сабаку, ніяк не аленя.
«Ах, так? — загрымеў зноў Кірыла, — ты смеў бы, смуродзе,
спазнаціся на паляванні ў звярынавым родзе
ляпей за мяне, Казадусіна, за егермайстра[26]
цара? Калі так, дык паклікаць сюды паліцмайстра!»
Завуць паліцмайстра і кажуць спісаці дазнанне.
«Я, — кажа Кірыла, — даю аб звяры паказанне,
што ланя, а ён жа пляце, што то псюк пакаёвы;
судзі ты, хто лепш мае знаць зверыну і ўловы!»
На службе сваёй паліцмайстра нязгорш разумеўся,
таму над зухвальствам чыноўніка дужа здумеўся
й, адвёўшы яго ў старану, па-братэрску парадзіў,
віну каб прызнаў бы сваю і тым грэх свой загладзіў.
Раздобрыўся лоўчы й прырок распачаці старанне
ў цара, каб злагодзіў прысуд свой за шчыра прызнанне.
Канец быў такі, што сабакі пашлі на вяроўку,
чыноўнік на месяц вастрогу засеў на муштроўку.
Забавіла нас увесь вечар такая пустота;
назаўтра зрабілася хутка з таго анекдота,
што лоўчы вялікі ў суды аб сабачку удаўся;
і ведаю, нават напэўне, што цар пасмяяўся».

Смяяліся ўсе па пакоях. Суддзя з барнадынам
гуляў у мар’яша й збіраўся ўжо козырным вінам
задаць нешта важнае, ксёндз ужо думаў: канчатак!
Аж, повесці гэнай пачуўшы пачатак,
Суддзя наш замоўк і з задзёртаю ўверх галавою,
да біцця гатовую карту занёсшы рукою,
сядзіць да і толькі ксяндза барнадына трывожа.
Калі ж той расказ ужо скончаны, памфіля ложа
і кажа з усмешкай: «Няхай сабе хвале, хто падкі
на цывілізацыю немцаў, маскоўскі парадкі;
няхай Велькапольшча навуку бярэ і ад швабаў,
за ліса як трэ прабавацца і клікаці драбаў,
сабаку узяць пад арэшт, што ўляцеў у чужыя
гаі; у Літве, дзякуй богу, звычаі старыя:
мы тут зверыны маем до для сябе і суседства,
й не будзем ніколі пра тое рабіці мы следства;
і збожжа мы маем даволі, што нас не згалодзяць
сабакі, калі ў ярыне ці па жыце паходзяць.
На полі мужыцкім зато бараню палявання».

А з боку аконам сказаў: «Не дзівота, Маспане,
бо дорага плаціш, Панок, за таку зверыну.
Мужык то і рады, калі у яго ярыну
ускоча сабака; страсе каласкоў колькі жыта,
капу яму пан аддаеш, ды яшчэ і не квіта,
бо часта й таляра мужык даставаў у прыдатку.
Павер мне, Панок, што распусціш мужыцтва, й парадку
не будзе, калі...»[27] Далей аканомавых словаў
Суддзя не пачуў, бо паміж дзвюх вялікіх прамоваў
ужо узнялося з дзесятак, не менш, разгавораў,
расказаў, смяхотных былінаў, а ўрэшце, і спораў.

Тадэвуш з Тальменай, забытыя ўсімі, ўзаемна
сабою займаліся. Пані Тальмене прыемна
было, што дасціпны расказ той Тадэвуша бавіў;
дзяцюк наўзае́м кампліменты ёй розныя правіў.
Штораз то вальней і цішэй гаварыла ўсё пані,
а ён рабіў від, што пачуць Талімену не ў стане
між толькіх гаворак, дык ціханька к ней набліжаўся,
аж тварам пачуў, як агонь ад яе адбіваўся;
запёртым дыханнем хапаў яе кожна ўздыхненне
і вокам лавіў з яе зроку усенька праменне.

Тут міжы іх вуснаў уперад муха міганула,
а следам за ёю і Войскага пляцка махнула.

А мух у Літве то хапае. Між імі вядзецца
асобны важнецкі там сорт, што шляхоцкі завецца.
Па форме і колеру мухі як простыя мухі,
ды грудзі шырэйшыя маюць, вялікшыя брухі,
гудуць, летуны, і нязноснае робяць брынчанне,
а сільныя, што прабіваюць паўчынае тканне;
калі ж пападзецца якая, без бою не здасца.
Тры дні будзе бзыкаць і ходацца, а не падасца.
Усё гэта Войскі праведаў і ў тым праканаўся,
што з мухаў шляхецкіх прасцейшы народ нараджаўся:
для мух яны тое, казаў, што пчаліныя маткі,
што, выбіўшы іх, прападуць машары ўсёй астаткі.
Што праўда, ані ахмістрыня, ні пробаршч вясковы
не верылі ў гэтыя Войскага важныя словы
й трымаліся іншае думкі аб мушым народзе.
Быў Войскі аднак са старым абычаем у згодзе;
як толькі пабача такую, дык лупе, чым меўшы.
Якраз зазваніў яму шляхціц, над вухам ляцеўшы;
махнуў тады двойчы пан Войскі, здзівіўся, што хібіў;
махнуў трэці раз, ды без малу вакна што не выбіў.
Ад гэтага стуку і груку муха аж здурэла,
праз дзверы заступлены раптам прарвацца ўсхацела
й адчайна рванула між твараў Тадэя й паніцы;
за ёй жа мігнула й лапатка старога ў правіцы.
Быў смаглы удар, што адскочылі дзвенькі галовы,
маланкаю бытта раздзёрты дзве дрэва паловы:
абедзве ударылісь моцна ў дзвярэй вушакі,
абедзвюм з таго засталіся пасля сінякі.

На шчасце, ніхто не заўважыў. Дагэтуль размова
ішла у парадку, нягледзь на грамчэйшае слова,
аж раптам выбухам шуму й галасу.
За лісам стральцы як запусцяцца ў лесную масу,
чувацца і трэсканне, й стрэлы, і голас сабачы,
аж во нечакана дзіка узагнаў даязджачы,
даў знак, і галас між стральцоў і сабак узарваўся
ды рэхам у пушчы ад кожнага дрэва аддаўся;
вось гэтак і з гутаркай: звольна сабе паступае,
пакуль на вялікшы прадмет, на дзіка, не трапляе.
Дзіком жа стралецкіх размоваў была, не іначай,
Асэсара з Рэентам слаўная спрэчка сабача.
Трывала нядоўга, ды шмат у хвіліну зрабілі,
бо словам і лаянкай столькі сабе насалілі,
што выбралі зразу звычайныя спору тры часці:
прытычкі, гнеў, вызаў — ішло да кулачнай напасці.

Таму ўсе да іх і рванулі з другога пакою,
ўкуліліся шпарка праз дзверы, як быстрай ваўною,
схапіўшы і парачку тых маладых ля парога,
падобну да Януса, Рыму двутварага бога.

Тадэй з Таліменай паправіць яшчэ не паспелі
сваіх валасоў, а ўжо грозныя крыкі нямелі.
Са смехам намешаны сколпат ішоў па пакоі;
зрабілася, знаць, замірэнне: квастар супакоіў;
стары чалавек, але моцны і дужа плячысты.
Якраз жа тады, як Асэсар падбег да юрыста,
й абодва кідаліся з жэстамі так нерахмана,
ён, з тылу схапіўшы іх за каўняры нечакана
і двойчы ударыўшы іхны галовы нязгодны
адну аб другую, казаў бы, яйкі велікодны,
так раскрыжаваў свае рукі, як стоўп шляхаўсказы,
і ў розны пакою куты шпурануў іх адразу.
Хвіліну стаяў шчэ з паднятымі гэтак рукамі
і «Рах, рах, vobiscum![28] — крычаў. — Няхай мір будзе з вамі!»
Здзвіліся тыя й смяяліся з іншымі самі.
Бо праз пашаноту, што трэ’ для духоўнай асобы,
не лаялі мніха, к таму ж после гэтакай спробы
ніхто б і ахвоты не меў пачынаці з ім звадку.
Чарвяк жа, як толькі ужо супакоіў грамадку,
відацца, трыумфу сабе не шукаў анічуткі,
бо калацьбітам не гразіў, не казаў нічагуткі,
а толькі каптур свой паправіў і, рукі заткнуўшы
за пояс, з ізбы ціха вышаў, назад не зірнуўшы.
Тады Падкаморы й Суддзя ужо пляц той займалі
паміж двух старон. Тут і Войскі, як з соннае далі
ці з думкі глыбокай збудзіўшыся, выступіў радам,
кругом на усіх азіраўся вагністым паглядам
і дзе толькі шорах пачуў, скураной сваёй пляцкай,
каб сціхлі, махаў, бытта ксёндз той крапільніцай хвацкай;
урэшце, ўверх лёску[29] падняўшы, з павагай такою
ускрыкнуў, як бы маршалоўскаю трос булавою:
«Паны, сціхамірцеся! — рэкнуў. — Крыху супакою!
Ў павеце найпершыя вы паляўнічыя людзі,
ці думалі, што з калатні непрыкладнае будзе?
Во нашая моладзь, Айчызны надзея адзіна,
што нашыя пушчы й яругі уславіць павінна,
якая і так незалішне ахвотна на ўловы,
да іх занядбання знайсці можа повад шчэ новы,
пабачыўшы вас, што заместа даваці прыклады
другім, вы з уловаў прыносіце сваркі і звады!
Ды майце увагу хоць для валасоў маіх сі́вых,
бо знаў жа вялікшых за вас я калісьці мыслівых,
аднак жа судзіў і не раз іх судом палюбоўным.
Бо хто не ў лясох у літоўскіх быў з Рэйтанам роўны?
Аблаву ж калі зацягнуць ці са зверам спаткацца?
Хто з Белапятровічам з Юрым бы здолеў зраўняцца?
Стралец як Жагота — ці сёння такі недзе майца[30],
што ў лёт патрапляў пісталетавай куляй у зайца?
Я знаў Тарасевіча, што на дзікі як збіраўся,
то пікаю толькі аднюсенькай уваружаўся!
Будрэвіча, што з вядзмядзём запускаўся у долькі.
А гэтакіх бачылі нашы лясы яшчэ колькі!
Спытаціся можаце, як яны спрэчкі гадзілі?
Суддзёў выбіралі і зараз заклады рабілі.
Агінскаму сто валок лесу праз воўка прапала,
барсук каштаваў Несялоўскаму сілаў ці мала!
І вы, дабрадзеі, ідзеце даўнейшым прыкладам
і вырашце вашую спрэчку хоць меншым закладам.
Бо слова — то вецер, і спор на славах не канчайца;
шкада сабе й губу сушыці у спрэчках за зайца.
Дык, знача, суддзёў палюбоўных найперш выбірайце
і, выбраўшы, после сумленна ва ўсім давярайце.
А я папрашу ужо пана Суддзю, каб пазволіў
бы гнаць даязджачаму нат па пшанічным па полі,
і думаю, ласку такую дастанем на гэна».
І, кажучы гэтак, усціснуў Суддзю за калена.

«Каня, — рэкнуў Рэент, — я стаўлю з прыборам, як нада,
да йшчэ апішуся на тое прад земскім урадам,
што гэта во персцень Суддзі у залог я застаўлю».
«Я, — кажа Асэсар, — аброжы із золата стаўлю,
скурой выкладаныя, яшчурам, кольцы са злота[31]
і смыч свой ядвабненькі тканы, якога работа
цудоўна не менш за каме́нь, на смычы́ тым што свеце.
Хацеў, каб у спадку дасталі бы спрат гэты дзеці,
калі б ажаніўся; а спрат гэты ўвесь дараваўшы
мне князь Дамінік[32], калі, разам з ім паляваўшы
і з князем Сангушкай маршалкам і з Меенам[33] слаўным,
я вызваў усіх на харты. Не прыпадкам забаўным,
а проста ў гістор’і мысліўства нябачанай штукай,
шасцёра зайцоў затравіў я адзінаю сукай.
А то на Купішскай тады балані[34] палявалі;
не мог Радзівіл на кані усядзець ужо далей,
саскочыў, абняў маю слаўную Каню, харціцу,
і тройчы, ў сам лоб тады пацалаваўшы ту псіцу,
ды пляснуўшы тройчы ўрачыста па міленькай пысе,
сказаў: Імяную княгіняй цябе на Кулісе.
Бо так Напальён раздае важарам сваім княствы
ад месцаў, дзе слаўны ўзялі перамогі-звыцяствы».

Тальмену занудзілі гэтыя доўгія свары,
хацела прайсціся на двор і шукала ўжо пары;
з калка ўзяла кошачык: «Бачу, ў пакоі, паночкі,
застацца збірайцеся[35], я ж іду ў лес па грыбочкі;
хто ласка, за мною». Сказала, чырвон-каралёвы
свой шаль абвіваючы ля галавы, кашміровы;
рукою ўзяла Падкаморых маленьку паненку,
другой падхіліла сабе аж да костак сукенку,
Тадэвушка моўчкі за ёй на грыбы паспяшаўся.

Замер пагулянкі адразу Суддзі спадабаўся,
знашоўся бо спосаб разняцца крыклівага спору;
дык крыкнуў: «Паноўе, хадзем па грыбы ўсе да бору!
Хто з рыжыкам найхарашэйшым к застоллю прыбудзе,
пры найкарашэйшай паненцы сядзеці ён будзе,
і сам сабе выбера. А калі знойдзе грыб дама,
то найкарашэйшага возьме хлапчыну таксама».

Зноскі

[правіць]
  1. Груда знача не толькі замерзшая зямля, але і цвёрдая зямля наогул, часта ўзгорак; параўнай: грудзі, града (Б. Т.).
  2. Ліберыя — мундзер панскіх слугаў, лякаёў (Б. Т,).
  3. Галён — абшыццё (Б. Т.).
  4. Няхай рача — няхай захоча: выражэнне пашаноты і ўніжанасці (Б. Т.).
  5. Ражонкі — гульня ў палкі, кійкі (Б. Т.).
  6. Бахмат — татарскі конь (Б. Т.).
  7. У старых замках ставілі на хорах арган (А. М.).
  8. Прымас — першая асоба, начальнік касцёла ў Польшчы, гнезненскі архібіскуп. Віват — няхай жыве (Б. Т.),
  9. Цугі — панскія упражкі (Б. Т.).
  10. Кружганак (польск.) — галерэя, ганак.
  11. Стольнік — прыдворны вяльможа, калісь служыў каралю пры стале (Б. Т.).
  12. Кашталян (лац.) — начальнік абароннага горада. (Б. Т.)
  13. Вуй — дзядзька, брат маткі (Б. Т.).
  14. Чорная юшка, пададзеная за сталом панічу, які заляцаўся да дзяўчыны, абазначала адмову ў залётах (А. М.).
  15. Канстытуцыя, прынятая польскім сеймам 3 мая 1791 г., давала пэўныя прывілегіі і правы мяшчанству і мела зарганізаваць адпор проці раздзелу Польшчы, гэтай ролі яна не споўніла, блізка зусім не змяніўшы цяжкога палажэння сялянства (Б. Т.).
  16. Крэслы — сенатарскія, стугі, стужкі — ордэнаў, булавы —гетманскія (Б. Т.).
  17. Бурграф — стражнік замка (Б. Т.).
  18. Лёрд — ангельскі арыстакратычны тытул: пан, вяльможа (Б. Т.).
  19. Кіпрыс — высокае стройнае дрэва ў цёплых краёх (Б. Т.).
  20. Каберац — дыван (Б. Т.).
  21. Віціны — гэта вялікія лайбы на Нёмане, якімі ліцвіны вядуць гандаль з Прусамі, сплаўляючы збожжа і беручы на замену каланіяльныя тавары (А. М., Б. Т.).
  22. Мокка — арабская кава, найлепшая (Б. Т.).
  23. Каноны — касцельныя законы (Б. Т.).
  24. Альтэрацыя — нервовы ўдар (Б. Т.).
  25. Пальпітацыя — біццё сэрца (Б. Т.).
  26. Егермайстар загадуе ловамі, паляваннем (Б. Т.).
  27. Матыў, каторы паўтараецца ў беларускай шляхецкай літаратуры, прыкладам у Марцінкевіча: паны добрыя, а толькі благія аканомы (Б. Т.).
  28. Рах, рах, vobiscum! (лац.) — мір з вамі! (Б. Т.).
  29. Лёска — палка, кій (Б. Т.).
  30. Майца — маецца (Б. Т.)
  31. Злота, срэбра — заместа золата, серабро — паланізмы, якія даволі часта спатыкаюцца ў народнай творчасці (Б. Т.).
  32. Кн. Дамінік Радзівіл, вялікі ахвотнік палявання, эміграваў у княства Варшаўскае і паставіў уласным коштам полк язды, каторай камандаваў. Памёр у Францыі. Па ім згасла мужчынская лінія князёў на Альты і Нясвіжы, найвялікшых князёў у Польшчы і хіба ў Еўропе (А. М., Б. Т.).
  33. Меен адзначыўся ў нацыянальнай вайне пры Касцюшцы. Дагэтуль паказуюць пад Вільняй Меенаўскія акопы (А. М., Б. Т.).
  34. Балонь — раўніна, поле (Б. Т.).
  35. Збірайцеся — збіраецеся(Б. Т.).