Не аб шумна-разгульнай бяседзе-вясельлі,
Не аб славе забытага краю,
Не аб віхрах і бурах, што сьветы цярпелі,
Гэту песьню сягоньня складаю.
Выліць думку хачу — хай снуе у бязьмеры —
Думку-памяць, што ў сэрцы залегла,
Аб тэй зорцы, што некалі з добраю верай
Над зямелькай ясьнела і зьбегла.
Аб музыцы, што лірай сваёй чарадзейскай
Мне ў душы сьветач выклікаў новы,
Каб жыла хоць на час красай кветкаў-пралескаў,
Як жыве вечна Лірнік вясковы.
*
Над Вільлёй, дзе сталіца была Гэдыміна,
На магілках, што Росса завуцца,
Курганок там убачыш, пакрыты дзярнінай,
Над дзярнінай бярозкі трасуцца.
Сумна шэпчуць галінкі зімою і летам
Аб жыцьці, пахаваным пад імі;
Людзі ходзяць маліцца над насыпам гэтым,
Пасьвянцаці сьлязамі жывымі.
Пяцьдзесят раз у зелень вясна спавівала
Ніву нашу і насып жвіровы, —
Над курганам тым сэрцаў мільёны шаптала:
Дай бог рай табе, Лірнік вясковы.
*
На зялёным цьвітучым лагу-сенажаці,
Гэт пад лесам, за вёскай бядачай
Песьню-музыку сумную здаля чуваці:
Пастушок там на дудцы так плача.
Звоніць коскай касец, толькі водгалас льлецца,
Сам, як колас, хістаецца ў полі…
На загоне жняя над снапочкамі гнецца;
Сонца іхнай дзівуецца долі.
Пастушок і касец той, і жнейка-дзяўчына,
Пахіліўшы маркотна галовы,
Тую песьню пяюць, што мінуўшай часінай
Ім аставіў іх Лірнік вясковы:
*
Песьні гэтай знаём і палац мураваны,
Што ў хмяліных бялее павоях, —
На пачэсным кутку засядае жаданай —
Мілай госьцяй ў багатых пакоях.
І ў засьценку шляхоцкім, што з вёскаю блізкай
Тую-ж долю-нядолю гадуе,
Гэта песьня плыве над ліповай калыскай, —
Гэтак маці над дзіцем бядуе.
З маткай рэчка і вецер пасвойму запелі,
Зашумеў бор зялёны, сасновы,
Як-бы тыя напевы яны зразумелі,
Што злажыў чуйны Лірнік вясковы.
*
А калі ты, гаротнік, туляч безьзямельны,
Будзеш доляй закінут у горад, —
Ты пачуеш і там голас той непадзельны,
Што спаткаці, пачуць быў даўно рад.
Ці сіроткі, к сьцяне прытуліўшысь халоднай,
Ноч праводзяць, усходу чакаюць,
Ці няшчаснага ўбачыш, як гнецца галодны, —
Ты спытай — яны Лірніка знаюць.
Там і сіняя мгла, як настануць марозы,
На муры сее пух брыльлянтовы,
Быццам тыя праўдзівыя сьветлыя сьлёзы,
Што калісь выліў Лірнік вясковы.
*
Ўсюды Лірнік сваёй чарадзейскаю лірай
Думкі-чары, як кветкі расьсеяў, —
І ці ўмёр, ці жыве між людзьмі далей шчыра —
Адгадаці малая надзея.
Час патрапіць усё пакрышыць, адалеці,
Путы нават змарнеюць у плесьні, —
Покі-ж будзе душа хоць адна жыць на сьвеце,
Будуць жыці і лірнікаў песьні.
Будзеш жыць! Будуць векі ісьці за вякамі, —
Не забудуцца дум тваіх словы,
Як і слоў беларускіх, жывучы між намі,
Не забыўся ты, Лірнік вясковы.
|