Ці помніш ты, нядбалы дружа,
Ўсё тое, дзе радзіўся, ўзрос?
Дзе напявае зімка стужай,
Ірдзіцца лета бліскам рос?
Аздобнасьць неба — сонца, зоры,
Спавіты месяц туманом;
Русалак ночкай разгаворы,
Шчасьлівых птушак песьні днём?
Ці помніш ты пагляд нясьмелы
Свайго радзімага сяла,
Адкуль паплёўся ў сьвет той белы,
Твая дзе моладасьць сплыла?
Нямое поле, сенажаці,
Лазой аквечаны дзірван;
Магілкі, сьпяць дзе твае брацьці,
На ўзьмежку прадзедаў курган?
Ці помніш прызбу, плот з прасламі,
Сваю хацінку, свой тачок,
Тваймі стаўляныя бацькамі,
Адвекам крыўлены на бок?
Паміж прысад гасьцінец біты —
Пяшчаны, ўзьвілісты пакат;
Паводкай мост стары падмыты,
Бяроз плакучых сумны рад?
Ці помніш ты сваю матулю,
Што над калыскаю тваей
Пяяла песьню-байку „люлі“,
Снуючы ў думках рой надзей?
Сьвятую песьню родных межаў,
Няхітры мовы свойскай твор,
З якой зьліваецца звон вежаў,
А рэха ловіць цёмны бор?
Ці помніш жніў, касьбы дзень шчыры,
Начлег, агонь сярод кустоў;
Палёты з выраю у вырай
Буслоў, гусей і журавоў?
Убор вясковы, нявыдумны,
Абычай сельскай прастаты…
Край Беларускі мірны, сумны,
Свой родны край ці помніш ты?..
|