Як усьцерагчыся ад сыфілісу (1925)/Як усьцерагчыся ад сыфілісу
← Як перадаецца зараза сыфілісу ад хворага здароваму | Як усьцерагчыся ад сыфілісу Мэдыцынская праца Аўтар: Іван Цвікевіч 1925 год |
Ад бацькоў, хворых на сыфіліс, родзяцца сыфілістычныя дзеці → |
6. Як усьцерагчыся ад сыфілісу.
Пасьля таго, як мы растлумачылі, што сыфіліс заразьлівая хвароба і што ён перадаецца праз мікробаў, пасьля таго, як рассказана, дзе мікроб сыфілісу жыве і якімі спосабамі мікроб пераносіцца з хворых на здаровых, — цяпер нам лёгка даць раду, як усьцерагчыся ад сыфілісу.
Здаровы мужчына павінен высьцерагацца плоцьных зносін з жанчынай, калі няма пэўнасьці ў тым ― здарова гэтая жанчына ці не.
Таксама здаровая жанчына мусіць высьцерагацца плоцьных зносін з мужчынам, калі яна нічога ня ведае аб здароўі гэтага мужчыны.
Трэба наогул унікаць пацалункаў, бо праз цалаваньне перадаецца зараза сыфілісу.
Нельга браць у рот недакураную папіросу або люльку, бо на ёй застаецца сьліна. Калі гэтую папіросу або люльку перад тым курыў сыфілітык, дык са сьлінай сыфілітыка перадаецца сыфіліс.
Нельга есьці з чужое лыжкі, піць з чужое шклянкі, калі яны ня вымыты варам.
Нельга дазваляць дзецям браць у рот цацкі, якімі забаўляліся чужыя дзеці, бо на цацках можа быць зараза сыфілісу.
Нельга выцірацца чужым ручніком, бо праз яго можна заразіцца сыфілісам.
З гэтага ўсяго відаць, што ўсьцерагчыся ад сыфілісу даволі лёгка. Трэба толькі быць ахайным і асьцярожным, памятуючы ўвесь час, што вакол нас ёсьць шмат людзей, хворых на сыфіліс. Трэба памятаць, што хворага на сыфіліс нельга пазнаць з надворнага выгляду. Сыфілітык хоць і ня мае высыпкі і бачных балячак, але ў крыві носіць заразу і можа перадаць свой сыфіліс праз плоцьныя зносіны, пацалункі і праз рэчы, якія ён ужывае.