Перайсці да зместу

Як усьцерагчыся ад сыфілісу (1925)/Як перадаецца зараза сыфілісу ад хворага здароваму

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Як выглядае мікроб сыфілісу Што такое зараза сыфілісу
Мэдыцынская праца
Аўтар: Іван Цвікевіч
1925 год
Як усьцерагчыся ад сыфілісу

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




5. Як перадаецца зараза сыфілісу ад хворага здароваму.

Мы ўжо ведаем, што зараза сыфілісу — гэта надта дробны, нябачны простым вокам пакручасты чарвячок. Гэты чарвячок называецца мікробам сыфілісу.

Дзе-ж жыве гэты мікроб сыфілісу, дзе ён хаваецца і якім спосабам ён трапляе ў цела чалавека? Усё гэта трэба ведаць, каб захаваць сябе ад сыфілітычнай заразы.

Мікроб сыфілісу жыве толькі ў целе чалавека, хворага на сыфіліс. У вадзе, у зямлі, у паветры мікроб сыфілісу ня можа жыць.

Адгэтуль ясна, што заразіцца сыфілісам можна толькі ад хворага на сыфіліс чалавека (жывёла на сыфіліс не хварэе).

Ад хворага зараза перадаецца праз кроў, праз гной з балячкі, праз сьліну. У крыві, у сьліне хворага ёсьць мікробы сыфілісу.

І як толькі кропля крыві, гною або сьліны ад сыфілітыка трапіць на ранку або скрабінку ці на губе, ці ў роце, ці на плоцьных частках, ці на пальцы, ці на іншай частцы цела, то мікроб сыфілісу зараз-жа праз гэтую скрабінку ўваходзіць у цела здаровага чалавека.

1) Зараза сыфілісу перадаецца са сьлінай пры пацалунках.

У роце сыфілітыка ёсьць балячкі, з якіх выцякае гной. У гэтым гнаі ёсьць мікробы сыфілісу. Заразьлівы гной зьмешваецца ca сьлінай і таму сьліна становіцца таксама заразьлівай.

Па нашых вёсках ёсьць звычай цалавацца з усімі, хто праваджае ад‘яжджаючага ў далёкую дарогу або на вайсковую службу. І часта здараецца, што пры гэткім разьвітаньні сярод прысутных ёсьць сыфілітыкі. Ад пацалункаў гэтых сыфілітыкаў зараза сыфілісу са сьлінай перадаецца здаровым людзям. Праз два або тры тыдні ў тых, хто пацалаваўся з хворымі на сыфіліс, на вуснах аб‘яўляецца сыфілітычная балячка (цьвёрды шанкер). Гэтая балячка адзначаецца ад іншых балячак на вуснах тым, што на вобмацак яна цьвёрдая, бы храсток.

Заражаюцца сыфілісам праз пацалункі на вялікдзень. Дзякуючы дзікунскаму звычаю і рэлігійным забабонам, у гэты дзень кожны цалуецца са ўсімі, нават з незнаёмымі людзьмі, між якімі могуць быць і хворыя на сыфіліс.

2) Зараза сыфілісу перадаецца з гноем ад балячкі ці з кроўю пры плоцьных зносінах.

На плоцьных органах сыфілітыкаў ёсьць балячкі, з якіх цячэ заразьлівы гной. Пры плоцьных зносінах з сыфілітыкам гэты гной прыстае да плоцьных органаў здаровага чалавека і тут утвараецца праз два-тры тыдні пасьля зносін сыфілітычная балячка (цьвёрды шанкер).

А здараецца яшчэ і гэтак. У хворага на сыфіліс на плоцьных органах няма балячак, але ўсё роўна пры плоцьных зносінах ён заражае здаровага чалавека.

Адкуль-жа тут бярэцца зараза?

Справа тут вось у чым.

Амаль што пры кожных плоцьных зносінах як у мужчыны, так і ў жанчыны па скуры плоцьных органаў утвараюцца ледзь прыкметныя сказінкі (шчылінкі). З гэтых сказінак на скуры можа прасачыцца кропля крыві. Значыцца, калі гэтая кропля крыві будзе ад сыфілітыка, дык яна і перадасьць сыфіліс здароваму, бо ў крыві сыфілітыка заўсёды ёсьць зараза.

3) Сыфілісам можна заразіцца і праз рэчы, якія перад тым ужываў хворы на сыфіліс. На рэчах, якія ўжываў сыфілітык (лыжка, шклянка, піпка, цыгарка і іншыя) можа застацца сьліна, гной або кроў, а знача і зараза (мікробы). Калі здаровы будзе ўжываць гэткую рэч пасьля сыфілітыка, то зараза пяройдзе на здаровага.