Як пайду я, пайду…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Як пайду я, пайду…
Верш
Аўтар: Янка Купала
1905—1907
Крыніца: http://rv-blr.com/literature/2663#657



Як пайду я, пайду па загонах,
Па мазольным аратых сьляду,
Па лугах і па борах зялёных,
І па сёлах убогіх пайду.

На жалейцы сваёй, на гудлівай
Там я песьні пачну расьпяваць;
Прыслухайся, шчасьліў, нешчасьлівы,
Думкі лепшы хачу вызываць!

Я для нівы пагудку зайграю,
Каб радзіла спарней дабрыну,
Каб — баронку стаўляй к жытцу з краю —
І ўтрымала жытцо барану.

Я грудзямі прыльну к сенажатцы,
Маліць стану даваць больш сянца,
Вечна ў кветках каб ёй красавацца,
Кветкі шчасьцем цьвілі б для касца.

Пушчы гукну, каб гордай, скупою
Не была, дроў давала людзям,
Памагла ваяваць ім зь зімою;
Шумаў бору падслухаю сам.

А прыйду к свайму ў вёсачку люду,
Пачну з хаткі да хаткі хадзіць,
Жалець сэрца, душы там ня буду,
Буду пець, буду йграць і будзіць.

(1905—1907)