Перайсці да зместу

Юрка Касы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Муры Замку Юрка Касы
Апавяданьне
Аўтар: Вячаслаў Вячаслававіч Адамовіч
1924 год
Крыніца: Часопіс «Грамадзкі голас», № 19, 3 верасьня 1924 году, б. 3, № 20, 5 верасьня 1924 году, б. 2-3
Затануўшая званьніца

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




XX.
Юрка Касы.

— Сярод глухога непраходнага лесу збудаваў сабе кназь замак, каб ніхто ня меў магчымасьці яму пярэчыць і перашкаджаць у яго справах. Было ў яго шмат замкаў. Пабудаваў ён гэты замак тутака, як кажуць, дзеля таго, каб у ім жыла яго красуня-жонка, якая, як думаў князь, здрадзіла яго, і вось ён засадзіў сюды жонку і чакаў, пакуль яна будзе мець дзіця.

Радзіўся хлопчык, Князь прыказаў свайму дварэцкаму занясьці дзіця ў лес і кінуць тамака на зьядзеньне ваўком, а сам, сабраўшы сваіх верных халапоў, выехаў, пакінуўшы жонку ў замку, даўшы прыказ, каб сьцераглі яе.

Але як там здарылася, толькі праз гадоў два прыехаў нейкі ваяка і выкраў княгіню. Кажуць, што жонку ўкраў нейкі заморскі цар.

Праз гадоў з пяць пасьля гэтага прыехаў князь. Даведаўшыся, што яго жонку ўкралі, ён пачаў імсьціцца на людзях.

Уся вакруга стагнала ад князя. Ня было ні праходу, ні праезду нікому.

Князь гуляў усюды і нават не шкадаваў людзей дзеля забавы. Ён цкаваў людзей сабакамі, трымаў ваўкоў, каб пасьля, моцна іх раздразьніўшы, выпускаць на людзей. Завёў для пацехі свае шмат дзяўчат, якіх пасьля пацехі, аддаваў сваім слугам, а на астатак аддаваў зьвяром на яду. Людзі ўцякалі, не аглядаючыся, ад замку. Пры адным успаміне аб князю людзі ўцякалі ў лясы і там хаваліся.

Але вось пайшла дзейка, што зьявіўся нейкі чалавек, які ідзе, каб пакараць князя за ўвесь зьдзек над людзьмі.

Гэтым чалавекам быў Юрка Касы.

Пачуў і князь аб гэтым чалавеку. Часамі яго браў страх, але кожны дзець п’яны, ён не падаваў віду, што нейкі страх браў яго.

Вось раз, калі князь наладзіў вялікі баль і гасьцей было шмат, князь асабліва выбіраў самыя найгоршыя забавы. Напрыклад, ён абмазаў смалой некалькі дзяўчат і падпаліў іх. П’яныя госьці рагаталі, а бедныя дзяўчаты кінуліся ў ваду і ўтапіліся.

Вось, калі ўсіх здалеў сон, князь сядзеў папоцемку ў сваім пакоі. Сон ня ёраў яго…

А ў той самы час, калі князь гуляў, да замку прыбліжаўся Юрка Касы з сваімі сябрамі. Людзі яго чулі, як стагналі замучаныя князём, і прыбеглі сказаць аб гэтым свайму атаману. І вось той сказаў:

— Браты! Сёньня павінен быць суд над князем. Божы суд будзе Божым, Я сам пайду даведацца, як нам будзе лягчэй дабрацца да замку.

І ён, узяўшы аднаго свайго чалавека, пайшоў у замак. Вось ён забраўся ў замкавы сад і пачаў падпаўзяць да вакна.

Сьвяціў месяц…

У гэты міг князь сядзеў у сваім пакоі, як раптам угледзеў, што нейкі цень прамільгнуў ля вакна. Ён паклікаў свайго дварэцкага і даў наказ, каб злавіць таго, хто меў права быць у парку ў гэты позьні час.

Слугі пайшлі.

Загрукацелі стрэлы. Праз момант у залю ўвялі Юрку Касога.

— Вось чалавека, — казаў стары дварэцкі, — варта злавіла, а адзін яго сябар уцёк…

Глянуў на яго князь, дый кажа:

— Хто ты такі, сьмелы чалавеча, што адважыўся нарушыць спакой майго замку?…

— Я, — адказвае Юрка, — я той, хто прыйшоў цябе запытаць, хто даў табе права зьдзекавацца бяз літасьці над людзьмі? Я прыйшоў спытаць цябе аб гэтым і судзіць!

— Як, мяне судзіць?! — зарагатаў князь.

— Ты маеш права пытаць?! Вось, я табе пакажу! Зьвязаць яго і ў склеп! — скамандаваў князь.

— А ты, дварэцкі, — крыкнуў ён да дварэцкага, які стаяў зьбялеўшы гледзячы на Юрку, — пастаў варту, каб нікога не дапускаць да гэтага склепу.

Ніхто ня прыкмеціў, як стары дварэцкі шапацеў: — Божа літасьцівы! гэта-ж яго дзіця!

Юрку павялі. А князь хадзіў, лаючыся, па пакоі. Нарэшце, выпіў мёду і сеў у крэсла, дзе і заснуў.

Тымчасам дварэцкі, які пазнаў у Юрцы князявага сына, зрабіў так, што той уцёк.

Князь спаў…

Раптам адчынілася вакно і ў пакой улез Юрка. Ён аглядзеўся і ўбачыў князя. Хацеў забіць яго, але пасьля разьмеркаваў і, забраўшы ў князя з-за пояса шаблю і пістолі, ўцёк, напісаўшы князю пісьмо.

Толькі ўцёк з пакою Юрка, як усхопіцца князь, ды закрычыць:

— Дзяржэце яго! Дзяржэце! Агню!

Прыбеглі спалоханыя людзі са сьвечкамі, глядзяць, князь трымае нейкую паперу ў руцэ.

— Чытай! — грозна сказаў князь, даючы дварэцкаму паперу.

Той прачытаў: «Выбачай, княжа, што ня будзіў. Замест сваіх пісталетаў і шаблі, якія ад мяне адабралі твае людзі, бяру твае. Да спатканьня!»,

Як толькі дачытаў тэта дварэцкі схопіць яго князь за горла:

— Дык ён уцёк, уцёк, а я хацеў над ім пажартаваць! Хацеў, каб мае госьці паглядзелі, як князь частуе тых, хто хоча яго судзіць! І я пазбавіўся гэтае прыемнасьці! Як ты, гадзе, яго замыкаў! — наваліўся князь на старога дварэцкага.

Зьбіўшы старыка, ён крыкнуў:

— Пасадзіць яго, замест таго злодзея!

Зьбітага старыка павялі, а ашалелы князь хадзіў па пакоі.

Раптам са ўсіх бакоў загрукалі стрэлы, пачуўся крык і ў пакой уляцелі нейкія азброеныя людзі.

Князь ад неспадзеўкі гэтак спалохаўся, што думаў, быццам гэта нядобры сон, але вось увайшоў Юрка і сказаў:

— Вось і я, пане князю, выбачайце што ўвайшоў тады бяз вашага ведама, але вось, як бачыце, прыйшоў за вашым адказам на маё пытаньне.

— Хто ты? — запытаў яго князь.

— Я той, хто сабраў, прытуліў тых людзей, якія ўцякалі ад твайго зьдзеку; я той, хто карае ўсіх тых, якія ўвесь свой век п’юць, ядуць, нічога ня робяць і жывуць чужой крывёю, чужою працаю і потам… Я — Юрка Касы! ’ прагрымеў на яго запытаньне Юрка…

Праз мінюту ў пакой прынясьлі зьбітага дварэцкага і палажылі яго на падлогу.

— Слухайце людзі, — ледзьве прагаманіў стары, — слухайце людзі, — пачаў ён, — гэта князяў сын, — паказаў ён рукою на Юрку, — калі ён радзіўся, дык князь, думаючы, што гэта не яго сын, сказаў мне, каб я яго кінуў ваўком, але я аддаў дзіця свайму брату, каб той выхаваў яго ў сябе. А цяпер, цяпер, выбачай, княжа, я выпусьціў яго, я не хацеў, каб ты быў сыназабойцаю. Гэта твой сын!

Сказаўшы гэтыя словы, старык упаў няжывы.

— Што я чую, — шаптаў зьбялеўшы князь, — мой сын, гэта мой сын! не, ня можа быць! Ты брэшаш, стары, — кінуўся ён да старога, але Юрка загарадзіў яму дарогу.

— Спыніся, княжа! — спакойна сказаў ён, — гэта суд Божы над табою і нада мной…

Ніхто ня прыкмеціў, як князь выбраў з-за пойса пістоль і раптам выстраліў у Юрку са словамі: — Памры, хоць ты і сын!

Кінуліся людзі да падаўшага Юркі, а рэшта да князя.

— Спынецеся! — сказаў ранены ў грудзі Юрка.

— Слухай, княжа! Я дарую табе гэты стрэл! Памятай, хоць па маёй сьмерці — зьмяні жыцьцё…

І цуда зрабілася — князь кінуў пістоль, кінуўся на калены прад Юркай, схапіў яго за ногі.

— Сыне, сыне! даруй бацьку! — плакаў ён, а Юрка ціха паміраў.

— Даруй, сынок, даруй! — плакаў бацька.

Юрка маўчаў, пасьля апошні раз падняў вочы ўгару і сказаў: — Дарую!

І ў той-жа час заснуў вечным сном…

З таго часу зьмяніўся князь. Раздаў усю зямлю сялянам, адбудаваў спаленыя вёскі, сабраў усіх хворых і бедакоў да замку і быў бацькам для ўсіх. Калі прышла яго канчына, шмат людзей плакала па ім і, па яго завету, пахавалі яго сярод магілак Юркі і старога дварэцкага, які быў другім бацькам для Юркі.

Караба скончыў. Крупень быў гатовы.

Але ніхто ня браўся за яду. Усе былі пры сваіх думках.

— Чаго зажурыліся? — весела загаманіў Караба. — Гэта прайшло ўсё, а вось крупець стыне! — казаў ён, дастаючы лыжкі.

— Бярэцеся! — скамандаваў ён і мы дружна прыняліся есьці.

Вечар ужо надходзіў, калі мы пайшлі далей.

— Абы да Базылёвага хутара дабрацца, а там заначуем, — сказаў Ганчар.

Хутка мы выйшлі на грэблю, па якой мусіць мала хто хадзіў, а мо мала хто і ведаў пра яе істнаваньне

Дзяргач.