Перайсці да зместу

Затануўшая званьніца

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Юрка Касы Затануўшая званьніца
Апавяданьне
Аўтар: Вячаслаў Вячаслававіч Адамовіч
1924 год
Крыніца: Часопіс «Грамадзкі голас», № 20, 5 верасьня 1924 году, б. 3
Грымоты

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




XXI.
Затануўшая званьніца.

— Ведаеш што, Дзяргач — ціха пачаў гаманіць Міхась — ці ведаеш ты тую легэнду, якая ходзе тутака паміж жыхароў пра затануўшую званьніцу?

— Не, ня ведаю — адазваўся я, раптам адарваны ад сваіх думак.

— Ну, дык ось слухай… Калі нашую старонку пакрывалі глухія гушчары лесу, калі кожны гаспадар жыў асобна, ня так як цяпер, дык ось ля гэтага берагу, як раз проці нас, калі яшчэ ня было ў гэтым канцы возера, нейкі князь, кажуць Радзівіл, задумаў будаваць царкву. Раней за ўсё работнікі збудавалі званьніцу. Зацягнулі на яе вялікі звон і ось князь казаў зазваніць. Ён хацеў паслухаць, ці добры гук у гэтым звоне. Было гэта, як кажуць, сярод глухой ночы якраз у поўнач.

А трэба сказаць, што ў гэты час возера сярдзіта шумела і хвалі хадзілі па ім вялікія.

Сабралася шмат князявых знаёмых каб паслухаць гук звону.

Прагудзеў першы гук, паплыў над лесам, возерам далёка, далёка…

Ад гуку яго прачхнуліся ад сну птушкі, спужаліся зьвяры; прыслухаліся да яго нават далёкія жыхары…

Звон гудзеў… Здаволены князь узьлез на званьніцу, каб самому папрабаваць званіць і ось толькі ўзяўся ён за вяроўку, якая была прывязана да біла, і ўдарыў першы раз, як здрыганулася зямля, і ўсё што было на ёй і наўкола, правалілася няведама куды і ўсё гэта месца заліла вада.

Шмат людзей кажуць, што і цяпер па начох іншыя людзі чуюць як гудзіць звон дзесь пад вадою…

Дзеля таго і маець возера ў гэтым месцы нейкую асаблівую форму, быццам дадатак да рэшты возера.

— Мяне бярэ страх! — сказала Ганка, прытуляючыся да брата…

— Чаго там! — адказаў ён, і зноў мы змоўклі…

Дык калі ты ёсьць там вялікі звон, дык хутчэй прагудзі! Хай учуюць цябе зноў, хай зноў узбудзіш ты гукам сваім птушак уночы, мо’ да іх цяпер прыстануць і жыхары мае старонкі! Прагудзі хутчэй, таемны звон!

Плешчуць хвалі, шапоча сітняг і чую я, як быццам дзесь ужо пачаў гудзець цудоўны звон… Усё мацней і мацней, яму адазваўся лес, загудзеў і панёсься, будзячы ўсіх ад сну…

— Гэй, уставайце, браточкі! — чулася ў гэтым гуку.

Ночка прайшла… Зорка раніцы зайграла, хутка ўзойдзе сонца, разгоне мары ночы!

Дык чакайце, людзі!

Прыслухвайцеся чутка ўночы, ці не пачаў ужо звон гудзець!…

Дзяргач.