Перайсці да зместу

Экслібрысы Тычыны

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Экслібрысы Тычыны
Аўтар: Аляксандр Шлюбскі
1931

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Беларускі exlibris зарадзіўся ў дарэволюцыйны час. Нам вядомы наступныя exlibris’ы гэтае пары: 1) знак беларускага бібліофіла Б. І. Эпімаха-Шыпілы канца XIX ст. з радавым гэрбам; 2) знак беларускага бібліофіла і бібліографа Р. Земкевіча — колізэй і эгіпецкія піраміды; 3) знак беларускага грамадзкага дзеяча і вучонага В. Ластоўскага 1912 г. — паліца з кніжкамі і ініцыяламі: «В. Л.»; 4) знак беларускага поэты А. Прушынскага — лацінскія ініцыялы: «А. Р.» з орнамэнтам наўкола. Але гэта былі надта рэдкія і нявыразныя спробы ўжываньня беларускага exlibris’у; уся-ж маса exlibris’аў на Беларусі была або польскай — у польскіх паноў, якія жылі на Беларусі, або расійскай — у тагачасных расійскіх установах на Беларусі. І толькі ў цяперашні час, пры шырокім узросьце і разьвіцьці нацыянальных культур, цікавасьць да exlibris’у ў БССР становіцца больш выразнай; exlibris пачынае шырока распаўсюджвацца, захапляючы ўсё большыя колы беларускага грамадзянства; праўда водзыў, які у сувязі з гэтым, выказаў вядомы расійскі поэта С. Гарадзецкі «нужно отметить повальное увлечение белорусской интеллигенции экслибрисами, иногда очень интересными» (С. Городецкий, Культура Белоруси — «Известия Ц. И.К. С. С.С. Р.», 1927, № 58) — трэба лічыць крыху перавялічаным.

Зацікаўленасьць кнігай наогул і exlibris’ам у прыватнасьці выклікала, між іншім, заснаваньне Беларускага Т-ва Бібліофілаў, а таксама зьяўленьне даволі значнага, для пачатку, ліку exlibris’аў, над якімі працуюць беларускія мастакі Тычына, Мінін, Лебедзева, Юдовін, Грубэ і Гуткоўскі.

Сучаснае адраджэньне беларускае культуры адбіваецца і на беларускім exlibris’е, якому прыдаюцца нацыянальныя формы ня толькі надпісамі, але зьместам і ідэяй малюнку; так, напр., знак этнографічнага аддзелу бібліотэкі А. Шлюбскага[1] (знак працы мастака Мініна) дае тыпы беларусаў з іх нацыянальнымі музычнымі прыладамі (знак апублікован і апісан М. Касьпяровічам у арт.: Краязнаўства ў сучаснай графіцы, «Наш Край», 1926 № 12); знак Цэнтральнага Бюро Краязнаўства (працы мастака П. Гуткоўскага) мае краязнаўчыя элемэнты — менскую вежу (гл. ibidem); знак М. Касьпяровіча[2] (знак працы Мініна) мае беларускія старадаўнія орнамэнты (гл. ibidem) і г. д.

Гэтае першае выданьне аб беларускім exlibris’е, якое датычыць прац аднаго толькі мастака Анатоля Тычыны, мае на мэце ня крытычны агляд творчасьці мастака, а выключна — мэты рэгістрацыйна-каталёгізацыйныя, каб дапамагчы будучым дасьледчыкам беларускага exlibris’у хутчэй і лягчэй падабраць матар’ял і разабрацца ў ім. Апісаньне exlibris’аў зроблена паводле наступных пунктаў: 1) весткі аб уласьніку і яго бібліотэцы; 2) апісаньне знаку ў меры, якая патрэбна для яго ўразуменьня. Даныя аб памеры, формаце, колеры друку, надпісах і падрабязговым апісаньні знакаў не даюцца, замест чаго самыя exlibris’ы зьмяшчаюцца наклейкамі ў натуральную велічыню.

Знакі №№ 1-6 надрукаваны ў Менску ў 1926 г. на белай (500 паасобнікаў), жоўтай (25 п.), блакітнай (25 п.), зялёнай (25 п.) і сьветла-чырвонай (25 п.) паперы. Знакі №№ 7-16 укл. надрукаваны так сама ў 1927 г. на белай (350 п.), жоўтай (50 п.), блакітнай (25 п.), сьветла-зялёнай (25 п.), сьветла-чырвонай (25 п.), і цёмна-чырвонай (25 п.) паперы.

Жыцьцярыс мастака наступны. Месцам нараджэньня Тычыны Анатоля Мікалаевіча зьяўляецца Шавельскі павет, б. Ковенскае губ. дзе ён радзіўся ў беларускай сям’і ў 1897 г. У свой час (1910 г.) вялікі ўплыў у сэнсе разьвіцьця мастацкай працы на А. М. зрабіў расійскі мастак Савасьцьянаў. У 1912-15 г.г. А. М. працуе ў мастацкай школе г. Пензы, якую ня скончыў з прычыны прызыву ў армію; далей ён працуе ў студыі акад. Кліменьцьева ў Омску і там сама на мастацкім аддзяленьні Працоўнага Інстытуту і ў шэрагу іншых мастакоў. Апрача графікі, якой А. М. заняўся пад уплывам мастака У. К. Куртукова (каля 40 кніжных вокладак і аздобы ў часопісах: «Наш Край», «Беларускі Піонэр» і інш.) ён шмат працаваў у галіне тэатральнага малярства ў Омску ў 1919—1920 г.г. (поўныя дэкорацыі да «Князя Игоря», «Потонувшего Колокола», «Анатэмы», «Назара Стадолі»[3] і частковыя да іншых пастановак).

У галіне exlibris’а А. М. пачаў працаваць з 1923 г., першыя спробы засталіся проектамі; у гэтай кніжцы даюцца знакі 1926-27 гадоў.

  1. Ёсць артыкул ва Украінскай Вікіпедыі