Ах, не!..
Сваёю простаю усьмешкай
табе ня кратаць сэрца, дум:
мяне ў жыцьці другое цешыць,
інакшай сьцежкаю іду.
Магчыма ты забудзешся на крыўду,
калі пачну я ростань цалаваць:
далёкія і блізкія ня прыдуць,
а станеш ты адна у галавах.
Адна мо‘ ты абложыш і магілу,
рассыплеш кветкі белыя на жвір…
Чамусьці ўсё-ж няведамая сіла
чаруе, горне зорны зірк
да іншых дум, да іншых лятуценьняў,
дзе мо‘ і ласкі, як твая, няма,
а ёсьць адвага у імкненьнях,
а для імкненьняў ёсьць размах.
І вось, калі прасочыцца у жылы
адвага гэтая, як сонца да ліста, —
тады не зарасьце мая магіла:
шыпшына будзе расьцьвітаць.
Дык вось чаму сваёй усьмешкай
табе ня кратаць сэрца, дум…
Мяне ў жыцьці другое цешыць,
шляхамі іншымі іду.
|