Ці то восень была, ці зіма, ці вясна,
а ці сонца сьвяціла, ці зоры?
Пахіліўся на дол і пагорбіўся стан…
Кіпарысы наўкола і мора.
Хвалі на моры
сумуюць, гавораць:
хто і дзе?
Вецер галосіць,
чорная просінь
на вадзе.
Ня цьвілі васількі, а кізілы цьвілі,
калі жвір на труну уссыпалі.
Скаргі скрозь праляглі на пясчанай зямлі,
толькі бурна імкнуліся хвалі.
Хвалі на моры
сумуюць, гавораць:
хтосьці зьнік.
Людзі прыпалі,
на стромкія скалы
палі ніц.
Ці стаяў, а ці не над магілаю крыж,
толькі помнік стаіць на узвышшы.
Не зязюля, а чайкі узьвеялі крык,
узьняліся над морам і вышай…
Хвалі на моры
сумуюць, гавораць;
скрозь — туман:
хтось на чужыне
з песьняй загінуў
і… няма.
Спавіла яго сьмерць, але песьня жыве —
хіба песьня калі бо загіне?!
Да магілы сьляды на зялёнай траве,
быццам шлях на вазёрах на сініх…
Хвалі на моры
сумуюць, гавораць:
коцяць жвір.
Вэлюм на вочы…
Хвалі прарочаць:
ён — жывы!
|