Эй, зямелька, загон ты мой чорны!
Рые плуг, барана твае кветкі;
Ў табе сьпяць ураджайные зёрны,
А мы ў сьвет, твае родные дзеткі.
Сьвісьне коска ў тваей сенажаці,
Бразьне серп на загоне пасьпелым, —
А прад намі прасьвіту не знаці,
Непагодай спавіты сьвет цэлы.
О вы, зёрны, о сноп умалотны,
О ты, жніў залатая мінута!
Жаль, нуда з намі ўсьлед плыве слотна,
А прад намі—маркотнасьць, пакута.
Жаль, нуда заляглі, як туманы
Хмар над нашай зямелькаю-маткай,
А загон яе ў скібы з’араны,
А ў самой яе дрэмлюць зернятка.
Хто пасьмее зямельку вініці,
Нарэкаць на цябе хто пасьмее,
Што ў бадзянні нам страшна так жыці,
Што ў жалобе мы гэткай марнеем.
Жаль, нуда хай ідуць перэд намі
І маркотнасьць, і любасьць бязконца,
А ты, маці, сваймі каласкамі
Шумі, цешся і сьмейся да сонца.
Эй, зямелька, загон ты мой чорны!
І у нас ешчэ ўцеха загосьце;
Ешчэ будзем зьбіраць твае зёрны,
Ешчэ зложым свае ў табе косьці.
|