Перайсці да зместу

Шляхам жыцьця (1913)/VI/У Піліпоўку

З пляцоўкі Вікікрыніцы
У шынку У Піліпоўку
Паэма
Аўтар: Янка Купала
1913 год
Чатыры крыжы
Іншыя публікацыі гэтага твора: У Піліпаўку.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У Піліпоўку.

… Помню, ў Піліпоўку гэта было.
Ой, спаганяў сьнег ахвоту!
Долы, дарогі, як ёсць, занясло;
Гурбы, як горы, ля плоту.
Страшную людзі цярпелі зіму:
Дзіка мяцеліцы вылі,
С трэскам марозы гасілі ў сьцяну,
Птушэк у лёце глушылі…
Ночка над вёскай. Во ў хаце аднэй
Курыцца дымна лучына.
Месьціць хацінка са жменю людзей:
Бацьку, матулю і сына.
Бацька, сагнуўшысь, сядзіць за сталомъ;
Блудны, прытухлые вочы…
Печку падпёршы схудалым плячом,
Маці паціху хліпочэ,
Далей, ля сьценкі, палочэк стаіць.
Думкі бацькоў там аж млелі:
Сын іх, Сымонка, тры дні ўжо ляжыць,
Тры дні на божай пасьцелі…
С самых дзён малку Сымона свайго
Так гадавалі, пясьцілі!
Меці на старасьць падпору з яго
Думкі супольна раілі.
Малец—як лялька, крэпячы, як дуб,
Прызыў падходзіў на лета,—
Высах, як шчэпка, стаў ціхі, як слуп,—
Песьня няпетая сьпета!
Тры дні назад ешчэ з бацькам яны
Шуркі у лесе стаўлялі;
Гулка гудзелі там іх тапары,
Елкі, асіны стагналі,
Вечэрам, дзіва! ні стуль і ні ссюль
Злёг і ляжыць, як павала;
Радзілась маці ўжо многа бабуль,
Зёлак усякіх давала,
Дарма яна яму гэтак і сяк
Піць, есьць нясе адначасьне:
Дні свае лічыць збалелы бедак,
Вось-вось часіна—загасьне.
Ўжо не чэкае сямейка дабра,
Аж тут, як волею боскай,
Доктар адзін па дарозе з двара
Ехаў, заехаў і ў вёску.
Выслухаў, выстукаў хлопца кругом,
Даў карталюшку на лекі;
Ехаць да гораду кажэ бацьком,
Ехаць хутчэй да аптэкі!
— «Сын здароў будзе, як рыба ў вадзе,
«Толькі лекарства прывозьце!»
Кінуў старым так і с хаты ідзе,
Дый толькі бачылі ў вёсцэ…
Мілі-ж тры ў горад; тры мілі—ня сьмех!
Конік худы прыстаць можэ;
Тут ешчэ гэты нязьмераны сьнег,
Ды ночка пусткай трывожэ…
Трудная рада: да раніцы ждаць
Хвораму лекаў прышлося.
Бацька во сеў над сталом—ня йдзе спаць,
Маці над сынам галосе.
Ночь на аддых—адзін міг мужыку,
Годам зыходзе—ў нешчасьці.
Шмат іх, даўжэнькіх, ой, шмат на вяку,
Як-жэ тут к сьвету папасьці?..
Час бег… Апошняя стухла зара.
Неба бялее на ўсходзе.
Ну, Сьцёпка! Ехаці час і пара!
Годзе маркоціцца, годзе!
З гораду лекаў ты шмат навязеш,
Сын твой, як бачыш, устане!
Сільнай рукой пакіруе лямеш,
Свісьне касой на сьвітанні!
................
...Выехаў Сьцёпка. Чуць-чуць стала днець.
Конік малы, зацяганы.
Сыпка дарога; сьлед значэн ледзь-ледзь.
Дзень хмараваты, ветраны…
Ехаў, даехаў Сьцепан наканец,
Грош апаследні пакінуў,
Лекаў набраў і гайда, маладзец!
Валіць дамоў, бедачына.
Валіць… Піліпоўкай, ведама ўсім,
Дню лік—гадзіна, ня болей.
Выехаў з гораду—цёмна саўсім,
С конікам сам ён у полі.
С поўначы сівер наскочыў сухі,
Сьнегам стаў кідаць зласьліва;
Шум ад завеі панёсся глухі,
Пеклам і небо, і ніва…
Конік Сьцепанаў нага за нагой
Пхнецца ў сьнягу па калені;
Пройдзе і стане, трасе галавой;
Пугу што-раз чуе меней.
Пхнуўся, цягнуўся,—нарэшце, як стаў,
Далей ні кроку—трасецца.
Як яго Сьцёпка не гнаў-паганяў,
Хоць ты забі—ані з мейсца!
Шорах па целе Сьцепана пашоў.
Страшные родзяцца думы.
Шмат ешчэ вёрстаў дабрацца дамоў.
Пужаюць сьнежные шумы.
Што тут рабіць? Конь ня хочэ вязьці,
Дома сын лекаў чэкае...
Кінуць каня? Пехатою ісьці?
Жаль, дый і ночка-ж такая!
Ўсё-ж сын мілей!—Лезе с санак Сьцепан,
Крыжам дарогу зазначыў;
Цяжка на сэрцы, у вочах туман,
Боскаго сьвету не ўбачыш…
— «Будзь здароў, косю! Хоць жаль мне цябе,—
«Хворы Сымонка чэкае!»
Так шапнуў Сьцёпка і ў поле брыдзе,
Ў гурбах чуць ногі зьменяе.
Шоў ён, шоў дружна, а дзе і куды,
Зьбіўся і сам тут ня ведаў;
Сілы слабелі ад хуткай хадзьбы;
Думкі а сыне шлі сьледам.
Сьцісьне лекарства за пазухай ён,
Шэпчэ малітву да Бога,
І, хоць ня першы раз гэткі нагон,
Крадзецца ў сэрцы трывога:
Што, калі зьняў абрыдны яго блуд?
Як тады выйці у вёску?
— «Сядзь, адпачні!—штось яму шэпчэ тут,—
«Вось дзе, пад гэту бярозку!»
— «Праўда,—падумаў,—пара аддыхнуць,
«Многа прайшоў ты, нябожэ!»
Сеў і мацуецца, каб не заснуць,—
Ведаў, што стацца тут можэ…
Зьвіўся клубочкам і ціха сядзіць;
Лёгкасьць на сэрцы такая…
Толькі мяцеліца вые, шуміць,
Песьні яму напевае:
«Сьпі, мой Сьцепанка, дзіцятка маё,
«Я тут тваею ўжо паней!
«Гэткай пасьцелі ня меў за жыцьцё,
«Ў гэткай — і конь твой, і сані.
«Сына сьпяшыш ты, сьляпы, ратаваць?
«Ну, і на што-ж гэтак рвацца?!
«Лёгка-ж табе было век гараваць,
«З мачыхай-долей змагацца?
«Я ашчасліўлю, мой братка, цябе,
«Ўбачышся бытцам у небе;
«Горэ, беда не падойдзе к табе,
«Думаць ня трэба а хлебе.
«Сьпі! Знаю, крыўды не раз зазнаў ты,
«Братам ня быў меж братамі.
«Я пашкадую цябе, сіраты,
«Буду галубіць сьнегамі…
«Меў-жэ прыпынак ты зносны калі,
«Гонячы быт свой цыганскі?
«Я з гулкай песьняй: «ай, люлі, люлі!»
«Спраўлю начлег табе панскі.
«Скончу я песеньку-байку сваю,
«Зоры пачнуць усьмехацца,
«Будуць глядзець на спакойнасьць тваю,
«Будуць табой уцешацца!»
Гэтак над сонным завея пяе,
Гэтак яго калыхала
І, што-ж вы скажэце, людзі мае?
— Сьцёпку на векі прыспала…
................
Збегла па гэтым дзён нешта са тры,
Тры дні—а шмат даказалі:
Ў Сьцёпкавай хаце у двух сталяры
Дзьве дамавіны зьбівалі.
З іх адну зьбілі для костак старых,
Сына ў другую злажылі
І пахавалі па-божаму іх,
Родных, на векі ў магілі.
Сходзіўся ўдоўку пацешыць народ,
Братнім слаўцом ад’зываўся:
«Маеш адзін хоць расход і заход,
«Крыжам адным абышлася!»