Перайсці да зместу

Шляхам жыцьця (1913)/VI/За чаркай

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Чатыры крыжы За чаркай
Верш
Аўтар: Янка Купала
1913 год
Вісельнік
Іншыя публікацыі гэтага твора: За чаркай.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




За чаркай.

Ну, што сумен там ты, мой дзяцюк малады?..
Давай чарку на стол,—вот і ўся тут беда!
Кінь дрэмаць і ўздыхаць, уздыхні лепш тады,
Як ці жыць, ці ўміраць, будзе ўжо не наўда!
Груканём, стуканём чарка ў чарку, як сьлед,—
Бач і стане душа паланеці агнём;
Весялей і сьмялей глянуць вочы на сьвет,
Весялей і сьмялей пойдзе ўсё хадуном.
Ты бядуеш адно, што жыць кепска табе;
Плюнь на тое—што кепска, што лепей—шукай!
Як вужака калісь і я віўся ў жальбе;
Глянь, сягоньня ўсё роўна—ці пекла, ці рай.
А было, ой, было, як малінка жыцьцё:
Быў шчасьліў, песьні пеў, на ўсё птушкай глядзеў…
Калі хочэш скажу, раскажу табе ўсё…
Дай вось чарку, а то ўжо язык прымадзеў.
Як напэўна спазнаў, дагадаўся і ты,
Праз дзяўчынку пашло, а ня лёгка пашло.
Маладые былі, шмат было дурнаты;
Дваццаць першы мне йшоў, ей семнаццаць было.
Па-суседзтву жыла, звалі Еўкай яе;
Да спадобы была як і мне, так і ўсім,
Ці глядзіць на цябе, ці то песьню пяе,—
Не было ей раўні ні у гэтым, ні ў чым.
Падабалася мне лепш, як сам я сабе;
Неспакой мучыў днём, ночкай сон уцекаў;
Ці ішоў за сахой, ці пацеў у касьбе,—
Павідаці яе, як збаўлення чэкаў.
Не скажу, каб мяне адганяла яна:
Ей па сэрцы я быў, як яна для мяне.
І часіна ўцекла у дваіх не адна,
І цяпер гэты час ма́ю ў сэрцы на дне.
На кірмашы хадзіў з ею разам не раз,
І гасьцінцы купляў, і ў садочку гуляў;
Ненаглядку маю я галубіў падчас,
Абнімаў, цалаваў, думкі ей асьмеляў.
А матуля мая, (рай нябескі ўжо ей),
Так любіла яе, як-бы родну дачку:
Ўсё чэкала, калі назаву я сваей,—
Калі Еўку сваю павяду у царкву.
Дый адна злыбеда мой сушыла папар:
Прызыў мне, як петля, ўжо на шыі вісеў…
Брату вышлі гады, бацька жыў і не стар,
Я сам дуж і здароў,—значыць, льготы ня меў.
Што рабіць у такім тут жыцьці без пуцьці—
Выйці цэлым с пятлі, не палезьці на ўрад:
Ці жаніцца цяпер і ў салдаты ісьці,
Ці жаніцца тады, як вярнуся с салдат?..
Варажыў, разважаў сам адзін і з людзьмі:
Еўка кажэ, што ей можна гэтак і так;
Маці кажэ: цяпер ажаніся вазьмі;
Бацька раіць—пасьля, бо мо’ здарыцца ўсяк.
Адлажыў на пасьля, адлажыў на ўсяды…
Хутка восень прышла, і на прызыў у Шклоў
Татка з хаты павёз. Там пашло без бяды:
Папрашчацца дзядзькі атпусьцілі дамоў.
Мо’ і год не мінуў, як шынель я надзеў,—
З дому вестку дастаў, што матуля ўмерла;
Сьлёзы хлынулі мне, прост, на сьвет не глядзеў;
Жаль яшчэ і цяпер—не дакучнай была…
У паходзе былі, і прыехаць ня мог
Доўг апошні, хаўтурны, радзімай аддаць;
І пасьля, да канца маей службы, ўжо Бог,
Хоць магілкі яе, не судзіў агледаць.
Ну, аб Еўцэ чаму—ты спытаеш—маўчу?
От, пісалі, што жыва, здарова, і ўсё.
Верыў гэтаму я і снаваў ў ціхачу
Думкі, як гэта мы з ёй устроім жыцьцё.
Хоць далёка стаяў, а любіў, ўспамінаў,
І ахвоты ня меў да другіх да дзеўчат:
Ёй аднэй пісьмы слаў і спакою не знаў,—
Ўсё чэкаў таго дня, калі пусьцюць с салдат.
Так сышло колькі год, аж нарэшце і срок
Маей службы прышоў—атпусьцілі саўсім.
Я вярнуўся і што-ж? Э, мой мілы браток!—
Была замужам Еўка за бацькам маім.
Што прышло ў галаву за стараго пайці—
Над адгадкай такой думак я не ламаў:
Сіратою была, а у простым жыцьці,
Хто пасватаўся перш, той і верх атрымаў.
Сам згадаеш, што я перажыў у той час,—
Колькі ў роднай хаціне паспытываў мук.
Чаму лепш не ўзяла сьмерць каторага з нас?
Хлебам хлеб ня быў мне, ўсё валілася з рук.
А яна—ўжо пры мне—ўсё хмурней с кожным днём…
Дзе шчасьлівы той сьмех, дзе вясёлы паглёд?
Часам разам неўзнак—я, яна уздыхнём,
Ды я ў поле скарэй, а яна—ў вагарод.
Так праходзілі дні ў злыбядзе, а яна—
Наша мачыха ўжо—бачу тае ў вачах;
Бацька хмур, не глядзіць і маўчыць, як сьцена:
Ношку добрую нёс, знаць, і ён на плечах.
Год ня болей прайшло нам такога жыцьця…
Як казалі ў сяле—нехта кінуў урок…
На душы дзьве паменьшала наша семья:
Еўку Бог к сабе ўзяў, я сюды с хаты ўцёк.
Гэтак спятрэла мне доля-байка на век;
Хатай стаў мне шынок, а сьвет цэлы—турмой.
Змарнаваў за нішто сам сябе чэлавек
Праз неўлад праўды ў нас, праз паглёд мілы той.