Перайсці да зместу

Шляхам жыцьця (1913)/V/Вучыся…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Папросту Вучыся…
Верш
Аўтар: Янка Купала
1913 год
У вучылішчэ!..
Іншыя публікацыі гэтага твора: Вучыся…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Вучыся…

Вучыся, нябожэ, вучэнне паможэ
Змагацца з нядолей, з няволей…
Што мучэ сягоння, што думкі трывожэ,—
Зьбяжыць і ня прыдзе ніколі.

Жаль згіне, як мара; ня будзеш нездарай,
Нідзе і ні ў чым не заблудзіш;
Ты праўду ў непраўдзе, як сонцэ між хмараў,
Спазнаеш, раз цёмен ня будзеш.

Такая прынука, як труд і навука
Ці-ж можэ нам сіл не дадаці?
С такімі сябрамі, знай, будзе ня штука
І горэ сваё зваеваці.

Паўнейшай адрынка, сыцейшай скацінка,
Ой, будзе—а толькі вазьміся!..
І нойдзецца ў працы аддухі часінка,
І ў крыўду ўрагом не дасіся.

Крыўдзіцелеў зможэш, сьлед вечны праложыш
І к долі, і к волі, і к славе…
Адно ты прачніся, вучыся, як можэш,
Ці дома, ці на школьнай лаве.

Ўсе людзі значэнне пазналі вучэння,
Адзін толькі ты ані дбаеш!
Цямней, беларусе, як ночка асення,
І шчасьце-ж такое ты маеш…