Перайсці да зместу

Шляхам жыцьця (1913)/V/Брату ў чужыне

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Лірнік вясковы Брату ў чужыне
Верш
Аўтар: Янка Купала
1913 год
Песьняру-Беларусу
Іншыя публікацыі гэтага твора: Брату ў чужыне.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Брату ў чужыне.

Ці помніш ты, недбалы дружэ,
Ўсё тое, дзе радзіўся, ўзрос?
Дзе напевае зімка стужай,
Ірдзіцца лето блескам рос?
Аздобнасьць неба — сонцэ, зоры,
Спавіты месяц туманом;
Русалак ночкай разгаворы,
Шчасьлівых птушэк песьні днём?
Ці помніш ты паглёд нясьмелы
Свайго радзімаго села,
Аткуль паплёўся ў сьвет той белы,
Твая дзе моладасьць сплыла?
Нямое поле, сенажаці,
Лазой аквечэны дзірван;
Магілкі, сьпяць дзе твае брацьця,
На ўзьмежку прадзедаў курган?
Ці помніш прызбу, плот с прасламі,
Сваю хацінку, свой тачок,
Тваймі стаўляные бацькамі,
Адвекам крыўлены на бок?
Памеж прысад гасьцінец біты—
Пешчаны, ўзвілісты пакат;
Паводкай мост стары падмыты,
Бяроз плакучых сумны рад?
Ці помніш ты сваю матулю,
Што над калыскаю тваей
Пеяла песьню-байку „люлі“,
Снуючы ў думках рой надзей?
Сьвятую песьню родных межаў,
Няхітры мовы свойскай твор,
З якой зліваецца звон вежаў,
А рэха ловіць цёмны бор?
Ці помніш жніў, касьбы дзень шчыры;
Начлег, агонь сярод кустоў;
Палёты з выраю у вырай
Буслоў, гусей і журавоў?
Убор вёсковы, невыдумны,
Абычай сельскай прастаты…
Край Беларускі мірны, сумны,
Свой родны край ці помніш ты?..