Бор наш высокі над усе бары́,
Двор наш багаты над усе двары,
Шнур наш вузенькі над усе шнуры—
Коціцца, ўецца ў гару, то з гары.
Гэй, гэй, жнейкі, не дрэмаць!
Час сярпы зубіць і жаць.
Дворны палетак з канца у канец
Пройдзе схаваўшысь высок маладзец;
Шнур наш хаваецца ў гірсу, ў званец,
Злічэ калосься найменьшы хлапе́ц.
Гэй, гэй, жнейкі, не дрэмаць!
Час сярпы зубіць і жаць.
Шнур і палетак мужыцкай рукой
Выаран гладка, засеян парой,
Скроплен—каб лепей рос—жуткай расой:
Потам мужычым, крывёй і сьлязой.
Гэй, гэй, жнейкі, не дрэмаць!
Час сярпы зубіць і жаць.
Скора мы, жнейкі, шнурок свой дажнём,
Панскі палетак тады жаць пайдзём;
Гойна заплацюць там нам медзяком,
Мы на дажынкі вянок ім спляцём.
Гэй, гэй, жнейкі, не дрэмаць!
Час сярпы зубіць і жаць.
Водкі к дажынкам ня будзе не хват;
Песьню сьпяём мы ўсе пану ў падрад: Будзь нам багат, панок, будзь весел, рад,
З лета у лета будзь сыт і багат.
Гэй, гэй, жнейкі, не дрэмаць!
Час сярпы зубіць і жаць.
|