Перайсці да зместу

Шляхам жыцьця (1913)/IV/Касцом

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Араты Касцом
Верш
Аўтар: Янка Купала
1913 год
На сенажаці
Іншыя публікацыі гэтага твора: Касцам (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Касцом.

Дзе вы, брацьця ўдальцы, дзе вы, хлопцы-касцы?
Гэй, дакуль на вас трэба чэкаць?
Час вам косы клепаць, час вам на сенажаць—
Час вам сілу сваю паказаць!

Пакуль згіне раса, хай засьвішчэ каса,
Нехай вале ў пракосы траву;
Нехай прыдзе канец на сівец, на званец,—
Хай пазнаюць усе грамаду!

Сонцэ паліць агнём, пот ліецца цурком…
Гэй, прывыклі да гэтаго вы!
Як вы толькі ўзраслі, к працы цяжкай ішлі,
І ніхто не жалеў вас ані!

Пот ліецца цурком,—абмахні рукавом
Дый касой замахай весялей,
І з упаўшай грудзі песьню сьлёз завядзі,
Песьню родную долі сваей!

Песьню пей і касі, пакуль ясные дні,
Пакуль хмараў на небе німа;
Земля, плуг і каса—гэта наша краса,
Гэта наша пацеха адна!..