Кепска жыці! дый што зробіш?
Цярпець мусіш, як нібудзь,
Грош заробіш, два праробіш,
Кроў, пот, сьлёзы век цякуць.
Нема ботаў — лапці носіш,
Абы толькі стала лык;
Штось украдзеш, штось заробіш,
Вось і сыт я, гад, мужык.
Ў тры пагібелі гну сьпіну
Перад тым, хто ссе мой пот;
Скажэш праўду: як скаціну,
Цябе злаюць на ўвесь род.
Цэлы век без перарыву
Гараваў, рэкой пот цёк,
І вось, дайцеся ўсе дзіву—
Я ад беднасьці ня ўцёк.
Голы, босы хадзіў дзіцем,—
Цяпер стар, і ўсё-ж ня ўскрос:
Паглядзіце, пасудзіце—
Я так сама гол і бос.
Скора с чэрвямі сам-на-сам
Сьмерць папрэ жыць бедака,
Вы-ж ці глянулі хто часам
На магілу мужыка?
Варта глянуць: крыж яловы
Пахіліўся, мхом аброс;
Насып, знаць, калісь дзярновы,
Дажджавы ручэй разнёс. Замест ружаў, георгіняў—
Крапіва, лаза, палын,
А пад імі, ў дамавіне
Ляжу я—нядолі сын.
Спачываю пазабыты
І чужымі, і сваймі…
О, цяпер адзет і сыты!
Жыў з зямлі і сьпі ў зямлі.
Над мной восенню слатлівай
Ды зімоваю парой
Гудзіць вецер жаласьліва
Песьняй гораснай такой.
Вецер сьвішчэ, вецер стогне,
Жальбы шле ў выцьці дзіком;—
Можэ сэрце чыё дрогне
І ўздыхне над мужыком.
|