Перайсці да зместу

Шляхам жыцьця (1913)/III/Ястрэб

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Дзяўчынка і вянок Ястрэб
Верш
Аўтар: Янка Купала
1913 год
Хмарка і Маладзік
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ястраб (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ястрэб.

Дзе го́луб з галубкай варкуе, сядзіць,
С-пад неба хмурліваго ястрэб ляціць,—
І кіпці запусьце ў галубку ён сьмела,
І выгрызе сэрцэ, і кроў выссе с цела.

Дзе шчыра дзяўчынку дзяцюк палюбіў,—
Прышоў стары зводнік, дзяўчынку адбіў;
Як ястрэб з галубкай, так цешыцца ў волю,
Паганючы славу—дзявочую долю.

Нема ўжо галубкі, прыўныў галубок,
Сядзіць, не варкуе; як мёртвы, замоўк:
Па любай сваей у вялікай жалобе,
Чэкае, аж ястрэб і з ім тое зробе.

Нема ўжо дзяўчынкі; сум хлопца гняце,
У сэрцы глухі жаль, як рана, цьвіце;
Дзе пойдзе, дзе гляне, стогн рвецца напрасны:
Адзін ты, адзін, небарачэ нешчасны!

Галубкіны косьці разьвеяла бура,
К другой свае вочы стары зводнік жмурэ,
Галуб-жэ, дзяўчынка і хлопец, як дзеці,
Бядуюць, што ястрэбаў шмат так на сьвеце.