Дайце галінку, дайце павесіцца
Гэтай русалцэ, гэтай дзяўчыне!.
Вы яе гналі, вы яе мучылі,
Дайце-ж хоць сьцежку беднай к галіне!
Дайце, як сьледна, з ветрам нацешыцца
Вольна, прывольна ў тайнай мясьціне;
Стуль, каб ей болей не надакучылі,
Скочэ з галіны, скрыецца ў ціне.
Ў ціне, як бледны месяц засьвеціцца,
Будзе русалка плаваць, круціцца;
К ёй вадзянік там збліжыцца сватацца,
Выйдзе і сядзе з ёй над крыніцай.
І лесавік к ім выпаўзе братацца,
С пушчы махнатай, сам весь кудлаты,
Шлюб неразлучны дасьць ім малодзенькім;
Зграе вясельле вецер крылаты,
Пойдзе гульня ў іх мёдам салодзенькім,
Развеселяцца, чары завесюць;
Вецер, лясун, русалка з вадзяннікам,
Пушча, крыніца, ночка і месяц
Казку аставюць дзіўную згнаннікам,
Страх баязьлівым кожны з іх кіне;
Сум маўчалівы там раскудзесіцца,
Песьню аб гэтай зложыць мясьціне.
................
Дайце-ж галінку, дайце павесіцца
Гэтай русалцэ, гэтай дзяўчыне!..
|