Перайсці да зместу

Шляхам жыцьця (1913)/II/Над Нёманам

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Мой край Над Нёманам
Верш
Аўтар: Янка Купала
1913 год
Над Свіслочай
Іншыя публікацыі гэтага твора: Над Нёманам (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Над Нёманам.

Ціха і плаўна ў даль коцюцца воды
Вольнаго Нёмана, ў цёмную даль,
Толькі у часе глухой непагоды
З берэгу Нёман ня выйдзе амаль.
Вербы і вольхі калышуцца глуха,
Сініе фалі шумяць і бурляць.
Чуткай душою ў такі час паслухай,—
Здасца там гэтакі голас чуваць:
«Гэй, не дзівуйся, мой дружэ недбалы,
Што я сягоньня так злосна шумлю:
Грудзі здавілі мне хмары навалай,
Пошусьць уелася ў матку-зямлю.
«Сумна мне, сумна, што ўсё тут іначэй
Некалі бераг мой бачыў і знаў;
Іншы меў выгляд—ня гэткі жэбрачы,
Іншы я плыт на плечах сваіх гнаў.
«Край, дзе жыцьцё я сваё пачынаю,
Шмат весялей прыгледаўся на сьвет,
Песьні і казкі інакшые баіў,
Шчасьце цьвіло ў ім, як макавы цьвет.
Буйным жыцьцём усё чыста кіпела,
Слава далёка за морэ ішла,
Ворога кожны за плечы браў сьмела,
Цемра чужынцаў не страшнай была.
«Панам быў дома і слаўным за домам
Мой патаптаны сягоньня народ;
Змог ён ня толькі знаць штукі з заломам,—
Роднаму слову ўмеў кніжны даць ход.
«З вольнай дружынаю князь на пасадзе
Вольнаму люду законы пісаў;
Слухалі князя, а князь што не ўладзіў—
Слухаў, што веча яму звон казаў.
Чую, ах, чую цяпер ешчэ ясна
Той неўгамонны, расходзісты звон…
Сьціх, занямеў, аглушылі напрасна;
Ці адазвецца калі болей ён?..
«Так, так, мой дружэ, іначэй бывала,—
Не называўся забытым мой край;
«Поўнач» не раз у ім схову шукала,
«Захад» знаў сілу яго не ў нарай.
«Га, а цяперака што гаварыці?..
Ўсе мае скарбы на марна ідуць:
Жыта учора вывозілі віці,
Родные хвойкі сягоньня плывуць.
«Людзі чужые змагаюць мне грудзі
З новым парадкам, з адменным жыцьцём,—
Роднаго-ж краю тутэйшые людзі
Ў скуру чужацкую лезуць жыўцом,
«Я іх не ваблю сваею ўжо красай:
Вецер інакшы ім дзьме ў галаве,—
Вісла адным усьміхаецца ласа,
Тые заплюшчыўшысь пруцца к Неве.
«Скора сын бацьку, а бацька сыночка
Не распазнаюць адзін однаго;
Дзеці чужацкіе корме ўжо дочка,
Маці працуе на злыдню свайго.
...................
...................
Прадзедаў слава лазой зарастае,
Памяць мінуўшчыны дрэме ў зямлі,
...................
...................
...................
...................
«Га! ты ня слухаеш, бачу, ўжо болей.
Ой, чэлавечэ змярцьвелы у сьне!…
Доўга йшчэ будзеш глухім ты, саколе?..
Камень і вольха перш поймуць мяне…»
...................
Гэтакі ў часе глухой непагоды
Чуецца ў Нёмнавай гутарцэ жаль.
Сьціхне, і плаўна зноў коцюцца воды
Вольнаго Нёману ў цёмную даль.