Шляхам жыцьця (1913)/II/З песень аб вясьне

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Паводка З песень аб вясьне
Верш
Аўтар: Янка Купала
1913 год
Сёмуха
Іншыя публікацыі гэтага твора: Зь песень аб вясьне (І зелень, і кветкі, і песьні…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З песень аб вясьне.

І зелень, і кветкі, і песьні,
І неба вясёлая яснасьць…
Ні цьмы тэй, ні сьнегавай плесьні,—
Дзе глянешь,—адна, братка, шчаснасьць!
Сьвет цэлы зіяе каберцам,
Шум нейкі ад пушчаў нясецца,
З грудзей як ня выскачэ сэрцэ,
Душа кудысь рвецца… ўсё рвецца…
Прачнуліся нівы і хаты:
Ўся ў полі людзкая сямейка;
За сошкай шнуруе араты,
Ля статку іграе жалейка;
З сяўнёю сявец пахаджае,
На скібіны валіцца зерне;
Знаць, сіла ў сеўца не малая…
Захочэ—і сьвет пераверне!
Гэй, гэй, хлебаробе мазольны,
Пан сошкі і коскі, і поля!
Кінь выгляд сьлязлівы, нявольны:
Ў тваіх руках слава і доля!