Перайсці да зместу

Шляхам далей

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Хто ты? Шляхам далей
Абразок
Аўтар: Вячаслаў Вячаслававіч Адамовіч
1924 год
Крыніца: Часопіс «Грамадзкі голас», № 23, 12 верасьня 1924 г., б. 3, № 24, 14 верасьня 1924 г., б. 2
Расстаньне

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




XXVI.
Шляхам далей.

Ён скончыў.

Цяжка зрабілася на сэрцы. Сум апанаваў нас усіх…

— Цяжка табе, браце мой родны! Я бачу, ох як цяжка. Але што зробіш…

Выпала нам на долю нясьці цяжкі крыж жыцьця. Ну што-ж, дык будзем нясьці! Будзем да канца пад цяжарам яго йсьці шляхам сваім, хоць цярністы гэты шлях! Але з горда паднятай галавой пойдзем, браце, мы далей! Пойдзем! Пойдзем!

Хай сьмяюцца, хай гоняць! Але мы ня сойдзем з дарогі!

Ня сойдзем! Не, ніколі!

Хай гуляюць маланкі, грухацяць пяруны, нам усё роўна…

Крыж свой цяжкі панясём наперад…

Панясём на тую гару дзе, быць можа, на ім нас-жа раскрыжуюць, як раскрыжавалі памятаеш, браце, Яго…

Мо’ на касьцёх нашых калісь паўстане край наш родны, прачхнецца брат наш цёмны і збудуе хату, ў якой сам запануе…

Дык веры болей, моцы болей і пойдзем, браце, шляхам нашым да канца…

Хай крыж цяжкі!

Але будзе некалі хтось шляхам гэтым горда, сьмела ісьці бяз крыжа… І будзе гэта пэўна ісьці той, хто шляхам нашым за намі пойдзе!

Дык ня сумуйце, браточкі, што пытаюць вас «Хто ты?»

Хутка прыйдзе гадзіна — нас спатыкаць будуць здалёку, дзьверы ўва ўсіх хатах адчыняць, запрашаючы нас.

А ці зойдзем тады мы да іх?…

Будзем жыць жыцьцём сваім, сваім правам сьветлым як сонца, магутным, як бура!

І ня трэба будзе болей ні кіёў, ні торбы!..

Будзем вольна жыць!

Ось чуеце, браточкі: лес шумець пачынае, штось гамоне, кудысь кліча!

Чуеце??…

Кліча ён нас на шлях наш…

Моцна кліча!

Ківае зялёнымі галінамі, нібы паказаваючы дарогу…

Дык уставайце браты! Уставайце, дось сядзець! Бярэм, пакуль што, торбы, кіі і гэй на шлях!

Ужо там зьбіраецца грамада і крыж цяжкі нясуць…

Ледзьве яго паднялі на плечы худыя…

Дык гэй, брацьця!

Хутчэй на дапамогу ім!

А там хоць згінем пад крыжам, але данясём яго да канца, ня кінем сярод дарогі…

Хай хоць на нашых касьцёх, але адродзіцца край наш родны…

Дзяргач.