Перайсці да зместу

Шляхам Змаганьня/Наш шлях—змаганьне

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Крывіцкі дух Наш шлях—змаганьне
Верш
Аўтар: Уладзіслаў Казлоўскі
1935 год
Наш дух

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НАШ ШЛЯХ — ЗМАГАНЬНЕ.

Наш шлях — змаганьне,
Чын бяз хістаньня,
Бадзёрасьць з працай і барацьбой.
З душою гордай
І з воляй цьвёрдай
Па ім ідзём мы ў вызвольны бой.

Чужынцаў хмары,
„Сваіх“ удары
Наш шлях барозьняць із года ў год;
Маною вечнай
І недарэчнай
Стаўляюць многа нам перашкод.

Той шлях — за намі,
Што йшлі гадамі,
Абліты потам, крывёй, сьлязьмі,
А нараканьні
І плач, стагнаньні,
Журба і мляўкасьць ішлі з людзьмі.

З тае прычыны,
Прадзедаў чыны
Праз плач і енкі губілі моц.
І стогн стагодзьдзяў
І сьлёз разводзьдзе
Не асьвяцілі няволі ноч.

Ёсьць так з прадвеку,
Што чалавеку
Сьляза ня можа кКарыснай быць:
Хаця б за гора
Наплакаў мора —
Ня зможа волі сабе здабыць.

Бо гарт змаганьня,
Чын бяз хістаньня,
Бадзёрасьць з працай і барацьбой;
І духа гордасьць,
І волі цьвёрдасьць
Вядуць няўхільна ў вызвольны бой.

Дык шляхам гэтым
Пайдзём да мэты:
Да вызваленьня праз волі гарт.
А на пагрозы…
Ня капнуць сьлёзы
Дастане кожны, хто сколькі варт.