Перайсці да зместу

Чорнакудрая радасьць (1925)/Міколка

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Кастусь Каліноўскі Міколка
Верщ
Аўтар: Анатоль Вольны
1925 год
Мне і тут без Беларусі цесна
Іншыя публікацыі гэтага твора: Міколка (Вольны).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МІКОЛКА

Хіба-ж
гэта
калі
забудзецца?!
Хіба-ж зарасьце
бур‘янам
шлях там,
Дзе разнузданай
польскай
блудніцай,
Мужыка
катавала
шляхта?..


Эх, Міколка, з Гародзенскіх гоняў.
Адгрымеў час гарматаў… прашоў…
Гэткіх дзён буравая пагоня
Калі пранясецца ізноў?

Мы сустрэлісь на простых законах,
Комсамольцы дваццатага году
Ў штурмавых бальшавіцкіх колёнах
Першай роты, трэцяга ўзводу.

Мы сустрэлісь ў вясковай аколіцы
Разам нават ў разьведку ішлі.
Ты і я — мы былі комсамольцы,
З беларусаў абодва былі.

Ну і вось падружыліся раптам.
Дружбу гэту сапраўды да сьмерці
У цапі паабветрылі разам,
Закалілі ў агнёвай праверцы.

Помню вечар з цудовымі ценямі,
Паразьбітую пан вабіў раць.
Вёрстаў трыццаць зрабілі за дзень,
З боем вёску прышлось забіраць.

У той вечар замоўклі гарматы,
Сінім шлемам адзелась зямля…
Мы пашлі у вясковыя хаты
Ціха глянуць на золак жыцьця.

А у вёсцы зьвінела жалейка,
Нібы й цэп за сялом не лягла…
Ды чамусьці журба-ліхадзейка
Кучарава у сэрца цякла.

Эх, Міколка, бо мы з дыму бурыя
З смуткам, смуткам разам блукалі.
Нашы вёскі і хаты панурыя
Вызваленьня з надрывам чакалі.

— Эх, ратуйма той край, што з суглінкамі, —
Беларусь, край стрыножных палёў! —
Ты сказаў, і, здаецца, сьлязінкамі
Журба зьбегла з тваіх вачоў.

Але можа мне гэта здалося…
Ну, вядома, бываюць выпадкі,
Бо такі быў хмялёвы вечар,
І так шчыра лучынілі хаткі.

Тр-р-ры-во-га! —
Раптам ўзравелі гарматы…
Тр-р-ры-во-га!!!
Сэрцам забіў кулямёт.
Дзесьці зарою „ур-ра-а!“ занялося
І камандаваў ўзводны:
— Ўпярод!

Міколка родны з родных гоняў
Рвануўся першым наступаць, —
Байцом у шлеме з гарачым сэрцам
Ва ўдзілах сэрца ня стрымаць.

Міколка з першых — першым біўся:
Далёка з-заду цэп пакінуў.
Ў цапі пранеслась: — Бач, сказіўся,
Хлапец зарваўся — знача, згінуў.

Не зразумець было й сабрацьцям,
Пашто адзін ён ўперад лезе.
Эх, каб паведаў, каб сказаў ім,
Што Беларусь хлапец угледзіў.

Як бой замоўк, дык на праверцы…
Сярод другіх — Міколка паў:
Баец у шлеме з гарачым сэрцам
Ва ўдзілах сэрца ня стрымаў.

Схілі-ж штандары, раць комунаў,
Ён Беларусі — ня угледзіў!
Ня чуў ён мёртвы ўвесь той глум,
Што пан чыніў над ім з пабедай…

.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .

Хіба-ж
гэта
калі
забудзецца?!
Хіба-ж зарасьце
бур‘янам
шлях там,
Дзе разнузданай
польскай
блудніцай,
Мужыка
катавала
шляхта?..